Даслаць навіну
Знайсці
10.09.2019 / 15:09 14

Чым Віктар Марціновіч прапануе замяніць Еўрапейскія гульні

Павялічыць выяву

Фота Волі Афіцэравай

Віктар Марціновіч піша на budzma.by пра тое, чаму культура ў нашай краіне павінна быць у прыярытэце.

Віншую суайчыннікаў: да нас незаўважна падкралася яшчэ адно планетарнае спартовае спаборніцтва, пра якое шырокія працоўныя масы нідзе, акрамя нашага лапіка планеты, ні вухам ні рылам не чулі. Зноўку, мяркуючы па трансляцыях, не самыя запоўненыя трыбуны, зноўку людзі, да болю падобныя на саміх спартоўцаў і чальцоў іх сем’яў, якіх выпускаюць у эфір у якасці натоўпу заходніх балельшчыкаў, што запаланілі сталіцу.

Я за любы варушняк, які прыцягае ўвагу замежжа да маёй краіны. Але лёгкаатлетычны матч Еўропа — ЗША не з гэтага шэрагу.

Гэта падзея, якая мусіць паказаць беларускім выбаршчыкам напярэдадні важных палітычных падзей, што сістэма можа рабіць івэнты, здольныя прыцягваць увагу замежжа. І, паколькі той увагі насамрэч няма, асноўны ўпор робіцца на сімуляцыю. Каб унутраны глядач быў упэўнены, што глядзіць нешта, да казытання ў с***цы цікавае чалавеку з забугор’я. І паколькі беларускія тэлеканалы ў навуцы пераконвання несупастаўныя нават з Балівудам (не кажучы ўжо пра Галівуд), мітусняк пакідае адчуванне няёмкасці.

Калі хварэеш на азартныя гульні, ведаеш гэты стан: ты толькі што прайграў па-буйному, паставіўшы на Five Number Bet, і, замест таго каб пайсці дадому, пераймацца ды адсыпацца, ты з нейкіх дурных прычынаў зноўку ставіш на Five Number Bet, прычым гэтым разам сапраўды апошняе. Бо твой стомлены і расчараваны мозг чапляецца за спадзеў, што зараз чамусь спрацуе.

Відавочна, што Еўрапейскія гульні былі гучнай піяраўскай паразай. Што адбылося ў самы непрыдатны момант — акурат напярэдадні важных палітычных падзей.

Відавочна, што Беларусь — не самая багатая краіна рэгіёна. Відавочна, што калі замест таго, каб радавацца гульням, выбарцы пачынаюць падлічваць, колькі апаратаў МРТ можна было набыць за змарнаваныя на гульні грошы, гэта не той эфект, на які ты разлічваў. І вось замест таго, каб назаўжды закрыць тэму нашага гаротнага спорту, той самы паразны Five Number Bet, ты робіш яшчэ адну стаўку. Туды ж.

Асабліва цікава пры гэтым, што грошы ты ставіш не свае.

Мне падабаецца, як каралі мінуўшчыны захапляліся шахматамі.

Як Карл Вялікі, Ян Сабескі, Напалеон і іншыя карпелі над дошкамі. Як Фрыдрых Другі ліставаўся з Вальтэрам пералікам рухаў у завочнай партыі. Мне прыемна глядзець у Нацыянальным музеі ў Ваве на фігуры, уласнаручна выразаныя Тадэвушам Касцюшкам. Імператары, уладары, нацыянальныя лідары дэманстравалі свой розум. Не сваю здольнасць ціскаць апанента на дзюдошным маце. Не талент зафігачыць шайбай камусьці ў зубы. А розум. Чамусьці менавіта гэтай якасці я, наіўны, чакаю найперш ад таго, каму дэлегую права распараджацца сабранымі з мяне падаткамі.

Усе тлустыя гады замест універсітэтаў, новых тэатраў і галерэй будаваліся лядовыя палацы.

Чамусьці фінансаванне культуры нават блізка не падыходзіла да фінансавання спорту. Яны, здаецца, спрабавалі выхаваць нацыю накачаных бэтменаў, якія стануць вядомыя свету тым, што зрабіліся найлепшымі ў свеце па хакеі. Заўважных поспехаў у хакеі мы так і не дасягнулі, а вось дэфіцыт грошай на культуру прывёў да таго, што нават на спартовыя спаборніцтвы сюды ніхто не прыязджае. Бо што гэта, Беларусь?

Пра што?

Якую гісторыю раскажа пра сябе?

Я рызыкую атрымаць лавіну крытыкі ад заўзятараў, але скажу што думаю: спорт — гэта надбудова над культурай. Перад тым як заяўляць, што беларусы добра плаваюць кролем ці файна скачуць на батуце, трэба разабрацца з тым, хто такія гэтыя беларусы.

Для сябе разабрацца. Таму трэба было ў тэатр грошы ўкладаць. У пераклады беларускіх кніжак на іншыя мовы. У вытворчасць якаснага кіно, каб мы пачалі рваць топавыя еўрапейскія фестывалі, як гэта адбываецца, напрыклад, з Румыніяй, пра якую 20 гадоў таму ніхто ні халеры не ведаў.

Я хачу пабачыць кандыдатаў у дэпутаты, якія будуць ціснуць на розум. На тое, якія беларускія кніжкі ведаюць, каго з класікаў чыталі, што з беларускай гісторыі падаецца ім самым важным. Я хачу бачыць правадыроў, якія не будуць выхваляцца коснасцю свайго мыслення, каструбаватасцю маўлення ды сапернічаць у тым, хто скажа найвялікшую бздуру. Я хачу пабачыць кардынала Рышэлье, які з Атосам гуляе ў шахматы. Я хачу ганарыцца гэтымі людзьмі, бо яны разумнейшыя за мяне. Спорт давайце пакінем на другое.

Віктар Марціновіч, budzma.by

3
буду касіць / адказаць
11.09.2019 / 17:22
Скураныя крылы, якая другая частка Вам патрэбна,,,
...прамовіў Атос, гледзячы на яго са спагадай. на жаль гэты з найлепшіх...(с)

2
Скураныя крылы / адказаць
11.09.2019 / 19:27
буду касіць,  раман для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту.

 
1
Alehna / адказаць
12.09.2019 / 02:07
[Рэд. - выдалена]
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
верасень кастрычнік лістапад
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31