Даслаць навіну
Знайсці
21.09.2019 / 10:15 7

У дзяцінстве яна была вядучай «Калыханкі», а цяпер дапамагае багатым людзям змяняць гардэроб

Наташа Фурсава пачала працаваць на БТ, калі ёй было крыху менш за чатыры гады. Разам са сваёй мамай — Аленай Фурсавай, або, як яе ведалі ўсе дзеці, цёцяй Ленай, Наташа вяла «Калыханку», пасля стала весці «Мульціклуб», той, што з Пацам-Вацам, удзельнічала ў тэлевізійных спектаклях, вяла гульню «Уся справа ў капелюшы», а пасля проста ўзяла — і знікла з экранаў.

Рысы той Наташы з тэлевізара дзяцінства сёння лёгка ўгадваюцца ў 35-гадовай Наталлі Фурсавай, якая сёння шчасліва існуе ў прафесіі стыліста-іміджмэйкера і супрацоўніцы IT-кампаніі.

Павялічыць выяву

«Калі я заканчвала школу, усе сваякі і сябры казалі: «У сэнсе ты не паступаеш на журфак? А куды тады?» — расказвае Наталля.

У Дзеда Мароза перастала верыць, таму што сама жыла ў казцы

А яна напрацавалася ў дзяцінстве, менавіта напрацавалася, бо да ролі тэлевядучай заўсёды ставілася вельмі адказна. Але надышоў час, калі яна вырасла з вобразу дзяўчынкі Наташы, а іншыя праекты мала цікавілі дзяўчынку на той момант. 

Павялічыць выяву

Наташа Фурсава справа падчас здымак «Калыханкі».

«Я ніколі не хадзіла ў дзіцячы садок. Таму праца на тэлебачанні была для мяне своеасаблівай сацыялізацыяй. Напэўна, я ў вельмі раннім узросце прыйшла на тэлебачанне, каб цяпер асэнсавана пра гэта ўзгадваць. Але тое, што я расла на БТ, гэта так», — расказвае Наташа.

Павялічыць выяву

Наташу рыхтуюць да эфіру.

Яе мама, Алена Фурсава, працуе ў «Калыханцы» больш за 30 гадоў.

«Гэта было яе дзіця, яна яго выпеставала ад самага пачатку і працягвае ім займацца. А тады прыйшла ідэя паставіць вядучай маленькую дзяўчынку. Сталі шукаць сярод супрацоўнікаў, у каго ёсць патрэбнае. Мама прывяла мяне. Мне тады казалі, памятаю, «што за дзіва-дзіця, камеры не баіцца, у кадры глядзіцца арганічна». А для мяне не было гэта кадрам, камерай і гэтак далей. Я проста абсалютна па-даросламу падышла да сваёй работы. Я і ў Дзеда Мароза верыць рана перастала, таму што расла там, дзе казка стваралася», — распавядае Наталля.

Наташа прыгадвае, што «Калыханку» запісвалі цэлы дзень, па некалькі выпускаў запар.

«Былі капрызы, але дома, пасля здымак. На працы я сабе такога не дазваляла, хаця я стамлялася, але разумела: чым даўжэй я буду капрызіць, тым даўжэй будзе цягнуцца мой працоўны дзень. Ладна я, а вось што было казаць тым акцёрам-лялькаводам, якія ўсе здымкі сядзелі пад сталом? Мне патлумачылі, што я павінна размаўляць не з акцёрамі, а з лялькамі. Таму я на поўным сур’ёзе размаўляла і з буслікам, і з сабачкам», — успамінае Наташа.

Павялічыць выяву

Давялося папрацаваць і з самім Пацам-Вацам.

Вядоўцай «Калыханкі» Наташа заставалася цягам шасці гадоў. Пасля яе пазвалі ў гульню «Уся справа ў капелюшы».

Павялічыць выяву

Сувядоўцам Наташы ў перадачы «Уся справа ў капелюшы» быў не менш вядомы за Пацу-Вацу Пузя-Карапузя. 

«Калі мне было гадоў 14, мяне звалі ў перадачу «5Х5», якая тады станавілася папулярнай. Але я так ні адной перадачы і не запісала. Па-першае, я была малодшая на пару гадоў за Шэпелева і Кур’яна, а па-другое, я ўжо тады сказала маме, што завязваю з тэлебачаннем», — расказвае Наташа.

Ад «Калыханкі» ў Наташы засталіся толькі добрыя ўспаміны.

«Дзякуючы «Калыханцы» я дасканала вывучыла беларускую мову. Дома са мной гаварылі па-руску, а на БТ тады іншай мовы, акрамя беларускай, цяжка было ўявіць. Я вучыла тэксты, шмат размаўляла па-беларуску, дарэчы, дзякуючы БТ, я выпускны экзамен у школе па беларускай мове здала на выдатна. Што яшчэ памятаю: прыхільнікі ў мяне былі, лісты пісалі, а неяк на навагодняй ёлцы да мяне падышоў хлопчык і папрасіў аўтограф. Я тады не разумела, што, для чаго аўтографы, чаму ў мяне, дзяўчынкі, яго просяць. А ў хлопчыка не было на чым распісацца. Тады ён павярнуўся да мяне спінай і сказаў: «Пішы на куртцы». А, і заробку, здаецца, не плацілі. Прынамсі, першы свой заробак я памятаю, што атрымала за ролю прынцэсы ў спектаклі «Прыгоды Драўлянага Рыцара», — расказвае Наташа.

Павялічыць выяву

Праз 10 гадоў будзе сорамна, што ў цябе няма іміджмэйкера

Насуперак чаканням, што Наташа звяжа свой лёс з тэлебачаннем, пасля заканчэння школы яна паступіла ў педагагічны ўніверсітэт на факультэт сацыяльнай псіхалогіі.

«Ведаеце, ёсць такі выраз: закрыты гештальт. Вось тое самае адбылося ў мяне з тэлебачаннем. Я не мару пра Макаёнка 9, але камера і сцэна так ці інакш прысутнічаюць у маім жыцці, у якім таксама адбываецца шмат розных цікавых падзей. І калі я зрэдку бываю на БТ, то таму, што мяне запрашаюць туды ў якасці стыліста», — прызнаецца Наталля.

Павялічыць выяву

Стылістам-іміджмэйкерам Наталля Фурсава стала таму, што абставіны жыцця склаліся так, што нарэшце даўняе жаданне супала з магчымасцямі. Да таго ж, прызнаецца Наташа, яна эмацыйна выгарала на працы ў IT, захацелася змены віду дзейнасці.

«Калі я сыходзіла з працы, была ўпэўненая, што ў прафесію больш не вярнуся. Таму стала шукаць тое, што мяне цікавіць. Скончыла школу стылістаў у Мінску, затым у Маскве. Ведаеце, каб працаваць з іміджам чалавека, трэба таксама быць псіхолагам. І гэта вельмі цікава назіраць, як, дзякуючы таму, што чалавек цалкам змяняе свой гардэроб, да лепшага мяняецца і яго жыццё», — упэўненая Наталля.

Сёння кліенты ў Наташы — гэта мужчыны і жанчыны, гэта забяспечаныя людзі і людзі сярэдняга дастатку.

«Дзесяць гадоў таму было сорамна сказаць услых, што ты ходзіш да псіхолага, а цяпер: «Ты не ходзіш? Нават на групавыя заняткі? У сэнсе? Што з табой не так?» Вось, з іміджмэйкерамі, думаю, будзе тая ж самая гісторыя праз пару год», — упэўненая Наталля.

Павялічыць выяву

Праца Наталлі заключаецца ў тым, каб прааналізаваць гардэроб кліента, далікатна патлумачыць яму, ад якіх рэчаў трэба адмовіцца, дапамагчы выбраць новыя рэчы, сыходзячы не толькі з таго, куды чалавек будзе іх апранаць, але і як чалавек сябе будзе адчуваць у іх.

«Мае сябры смяюцца, што я расказваю пра тое, што ў гардэробе павінны быць толькі тыя рэчы, каторыя ты носіш, а ў мяне самой у кватэры бясконцыя шафы. Але ў мяне ўсё прадумана. Ёсць капсулы на пэўны настрой, падзеі, надвор’е. Апошнім часам я падсела на красоўкі. Калекцыяную іх. Калі казаць пра астатні летні абутак, то яго ў мяне пар 25, не больш», — расказвае Наташа Фурсава.

Калі пытаешся ў беларуса, як справы, мы пачынаем скардзіцца, а італьянцы дзеляцца радасцю

«Я спрабавала сысці ад творчасці, але яна мяне ўсё адно пераследуе», — працягвае Наталля.

Наташа спявае, займаецца танцамі, малюе і шмат падарожнічае.

«Мне неабходна перыядычна з’язджаць у іншыя краіны, вельмі карысна заставацца перыядычна сам-насам. Не так даўно адкрыла для сябе Індыю. Калі вам трэба перазагрузіцца, то магу параіць вам толькі Індыю. Два тыдні без інтэрнэту, без тэлефона, без тэлебачання. Пачынаеш слухаць сябе, і дні праз два не ведаеш, што з сабой рабіць. Прычым убачыла я пост пра Індыю выпадкова ў блогера ў інстраграме. Напісала абсалютна незнаёмай дзяўчыне — і ў мяне быў самы дакладны гайд па Індыі. Вось яна сіла інтэрнэту. Вельмі люблю Францыю, Італію. Заўважыла, што, калі пытаешся ў Беларусі, як ты, табе адразу пачынаюць скардзіцца на жыццё. Італьянцы ж дзеляцца радасцю. Не так даўно я заблукала ў Палерма, дык мясцовая жыхарка, не ведаючы мовы, адвяла мяне, куды трэба, бо хвалявалася, што я згублюся. Беларусы ў гэтым сэнсе менш спагадныя», — расказвае Наташа.

Павялічыць выяву

Што здзіўляе Наташу, дык тое, што яе перыядычна пазнаюць на вуліцах.

«Гэта так незвычайна, калі да мяне падыходзяць людзі і пытаюцца: «Вы тая самая дзяўчынка з «Калыханкі»? — прыемна, што і праз 20 гадоў зрэдку пазнаюць», — смяецца Наташа Фурсава.

Наталля Тур, фота з архіва Наталлі Фурсавай

0
Фурсава Наталля / адказаць
22.09.2019 / 17:43
Сергей Бобруйск, спасибо) очень приятно
0
Фурсава Наталля / адказаць
22.09.2019 / 17:46
Сергей Бобруйск, спасибо) очень приятно)
0
алесь менски / адказаць
26.09.2019 / 09:49
А дзе Дзед Барадзед?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
верасень кастрычнік лістапад
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31