Знайсці
09.09.2019 / 20:083РусŁacБел

CNN даведаўся пра сакрэтную эвакуацыю асведамляльніка ЗША ва ўрадзе Расіі

Агента вывезлі неўзабаве пасля сустрэчы Трампа з Сяргеем Лаўровым у Белым доме. Суразмоўцы тэлеканала паведамілі, што неасцярожнае абыходжанне прэзідэнта ЗША з сакрэтнымі дадзенымі магло паставіць шпіёна пад пагрозу правалу, перадае РБК.

У 2017 годзе амерыканскія спецслужбы правялі сакрэтную аперацыю і вывезлі з Расіі каштоўнага агента, які «быў адной з найбольш высокапастаўленых крыніц у расійскім урадзе». Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на чыноўнікаў з адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

Па словах аднаго з суразмоўцаў тэлекампаніі, рашэнне было прынята ў тым ліку з-за боязі, што Трамп і яго адміністрацыя «неаднаразова няправільна абыходзіліся з сакрэтнымі выведданымі» і маглі спрыяць выкрыцьцю шпіёна.

Адзначаецца, што аперацыю вырашылі правесці неўзабаве пасля сустрэчы Трампа з кіраўніком расейскага МЗС Сяргеем Лаўровым і Сяргеем Кісляком, які тады займаў пасаду пасла Расіі ў ЗША. Падчас сустрэчы, якая прайшла ў маі 2017 года ў Белым доме, бакі абмеркавалі прадстаўленыя ізраільскай разведкай сакрэтныя дадзеныя, якія тычыцца дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» у Сірыі.

CNN указвае, што гэтая інфармацыя не мела дачынення да вывазу агента з Расіі, аднак той факт, што Трамп раскрыў яе Лаўрову і Кісляку, стаў падставай для супрацоўнікаў разведкі абмеркаваць пытанне аб патэнцыйнай небяспецы выкрыцця крыніц інфармацыі.

Праз некалькі тыдняў пасля таго, як было прынята рашэнне вывезці асведамляльніка з Расіі, Трамп на палях саміту G20 у Гамбургу правёў сустрэчу тэт-а-тэт з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, а затым забраў запісы перакладчыка. Гэта таксама выклікала асцярогі супрацоўнікаў выведкі.

Як піша CNN, пра існаванне агента ведала абмежаваная колькасць супрацоўнікаў урада ЗША і спецслужбаў. Па словах аднаго з суразмоўцаў, гэтаму агенту не было «роўнай альтэрнатывы». Той факт, што ЗША забралі з Расіі высокапастаўленага шпіёна, азначае, што Штаты засталіся без адной з ключавых крыніц інфармацыі аб унутранай працы Крамля і планах расійскага прэзідэнта ў той час, як напружанасць паміж дзвюма краінамі расла.

Па словах высокапастаўленага супрацоўніка амерыканскай выведкі, вяртанне агента мела вялікія наступствы, паколькі «аднавіць падобную магчымасць за кароткі час немагчыма», асабліва ў Расіі, дзе патрабаванні да бяспекі вельмі высокія.

Падрабязнасці і акалічнасці адклікання агента CNN не называе з боязі, што яго могуць ідэнтыфікаваць. Тэлекампанія са спасылкай на супрацоўнікаў разведкі адзначае, што вываз шпіёна з'яўляецца надзвычайнай мерай, да якой прыбягаюць толькі тады, калі падазраюць, што ён знаходзіцца ў непасрэднай небяспецы.

«Здагадка CNN пра тое, што ЦРУ прымае жыццёва важныя рашэнні на аснове чаго-небудзь, акрамя аб'ектыўнага аналізу, з'яўляецца лжывай», — заявіла дырэктар упраўлення па сувязях з грамадскасцю Брытані Брэмел. Яна таксама назвала недакладнай інфармацыю, што да аперацыі прывяло выкарыстанне прэзідэнтам сакрэтных дадзеных, да якіх ён мае штодзённы доступ.

Прадстаўнік дзяржсакратара ЗША Майк Пампеа адмовіўся ад каментароў. Прэс-сакратар Белага дома Стэфані Грышам заявіла, што матэрыял CNN «не толькі няправільны, але і можа паставіць жыццё пад пагрозу».

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера