Знайсці
10.09.2019 / 16:095РусŁacБел

«Ачуўся ў рэанімацыі — рукі ўжо няма». Пад Клімавічамі майстар рамантуе аўто і здымае пра гэта ВІДЭА на тысячы праглядаў

Алег Чарняцоў — правінцыйны майстар па рамонце аўто. Жыве пад Клімавічамі і вядзе ютуб-канал пра гаражныя работы. У яго падпісантаў больш, чым жыхароў у райцэнтры. Машыны да яго на рамонт прыганяюць з Мінска, Светлагорска, Падмаскоўя. «Я інвалід 2-й групы, у мяне цалкам няма левай рукі, і хаджу я, практычна трымаючыся за сцены», — каротка расказвае пра сябе Алег гледачам. Ён не скардзіцца на жыццё і не чакае дапамогі ад дзяржорганаў — сам зарабляе на сябе і сям'ю.

«Маці расказвала, што ток пайшоў праз галаву ў руку і там усе вены палопаліся»

У вёсцы Ціманава пад Клімавічамі Алег жыве з дзяцінства — сям’я пераехала сюды, калі яму было 10. А праз чатыры гады здарыўся няшчасны выпадак.

«Я ішоў у школу і зайшоў у трансфарматарную будку, дзе напружанне — 10 тысяч вольт. Чаго, я не ведаю. Электрыкі кажуць, я ад дажджу хаваўся, а дзверы ў будку былі адчыненыя.

Я не памятаю — пасля ўдару токам ачуўся ўжо ў рэанімацыі. Маці сядзіць, дактары, нічога не баліць — усякімі ж уколамі накалолі. Руку ўжо аднялі. Маці расказвала, што ток пайшоў праз галаву ў руку і там усе вены палопаліся.

Магчыма, цяпер бы нешта зрабілі, а тады, у 1987 годзе, вырашылі, што прасцей ампутаваць».

Маці Марыя Васільеўна пасля вазіла яго па розных лякарнях былога Саюза, спісвалася з медыцынскімі акадэміямі.

«Яна не вырасціла мяне «гароднінай». Магла падняць і адправіць што-небудзь рабіць, не давала ўвесь дзень ляжаць на канапе. І я ёй за гэта ўдзячны. У яе было яшчэ двое дзяцей, і яна справілася», — кажа Алег.

У школу ён вярнуўся толькі праз два гады. Пайшоў у клас разам з малодшым братам. Да школы даязджаў на веласіпедзе, па калідорах хадзіў, трымаючыся за братава плячо.

«Я асабліва не перажываў. Не ведаю чаму. Можа, таму, што дзіцём быў. Сябры ж усе са мной засталіся», — успамінае ён.

Пасля 11 класаў хлопец паступіў завочна ў клімавіцкі тэхнікум на заатэхніка. Пасля — у Горацкую сельгасакадэмію на эканаміста, таксама на завочку.

«Адвучыўся чатыры гады, потым нарадзілася маленькае дзіця, туды-сюды, і я падумаў: навошта мне гэта адукацыя трэба? У былым Савецкім Саюзе дыплом не дае ніякіх гарантый на будучыню. Мой дыплом у акадэміі валяецца дагэтуль. Працягваць вучобу — гэта было маё вялікае глупства. На цяперашні час я б скончыў 9 класаў і думаў лепш, як бы крамку адкрыць».

Тады ж паралельна з вучобай Алег пачаў працаваць. Адразу пасля школы ўладкаваўся кладаўшчыком на будоўлю, дзе працавала яго маці. А калі праз колькі год месца скарацілі, пайшоў у вартаўнікі. Мужчына і цяпер ездзіць ахоўваць зернясклад.

«Вартаўніком у мяне стаж гадоў 20 дакладна. Гэта вельмі дэфіцытная прафесія, на добрае месца складана ўладкавацца. Адна справа — быць вартаўніком на ферме, дзе вялікая тэрыторыя і трэба кароў глядзець, а іншая — у дзіцячым садку: сядзі сабе ў абагрэтым будынку. У мяне таксама добра: ціха, спакойна, сабака побач. Ноч на працы, ноч дома. Калі б я займаўся ў гаражы ўзімку, я б не пайшоў вартаўніком. Але гараж у мяне не ацяпляецца. А заробкі тут як паўсюль — мінімалачка».

«Кліентаў шмат: у мяне наступнае лета ўжо практычна занятае»

Рамонтам машын Алег захапіўся, як сам кажа, праз любоў да аўтамабіляў і галечу.

«Бацька ў мяне быў дальнабойшчык, дзед кіроўцам на аўтобусе працаваў — вечна гэтыя размовы пра гаечкі, болцікі, ключыкі. Купіць сабе нармальную машыну грошай не хапала — давялося браць нешта старэнькае. Набыў зварачны апарат, нешта яшчэ з інструментаў і пачаў рамантаваць. Сваю машыну зрабіў, потым брату, суседу — і пайшло-паехала. Я зразумеў, што мне гэта сапраўды падабаецца. Тым больш я працую не на дзядзьку, а дома ў гаражы, па сваім графіку».

Каб асвоіць аўтарамонт, мужчыну спатрэбілася шмат часу. Гэта сёння ўсё можна паглядзець у інтэрнэце, а тады, на пачатку 2000-х, калі Алег зацікавіўся тэмай, даводзілася вучыцца на ўласных памылках.

Брат яго тады жыў у Магілёве, і Алег прасіў: паглядзі, як там машыны фарбуюць, як пісталетам фарбавальным карыстаюцца?

Мужчына ўмее выконваць любыя работы, але для кліентаў робіць толькі кузаўны рамонт — зварку і фарбоўку.

«Калі пачну яшчэ падвескі і маторы перабіраць, у мяне проста часу не хопіць. І так шмат кліентаў, — тлумачыць майстар. — У мяне наступнае лета ўжо практычна занятае. Я раблю няшмат машын. На адну сыходзіць месяц, часам паўтара, калі гэта поўная пераварка і перафарбоўка».

У Клімавічах аўтамайстэрні — на кожнай другой вуліцы. Цікаўлюся ў Алега, чаму тады да яго такая вялікая чарга.

«Па-першае, я бяруся за машыны, за якія не хочуць брацца іншыя. Па-другое, раблю гэта танней. Вось зараз я рамантую машынку: кошт яе — 700 даляраў, і я яе раблю за 700 даляраў. А нехта б узяў тысячы паўтары — пры той жа якасці, можа, толькі крыху хутчэй з заказам справіўся б. Плюс я паказваю ў відэароліках, што раблю».

Мужчына ўсміхаецца: кліенты афігеваюць, калі бачаць, як працуе майстар з адной рукой.

«Ім здаецца, што гэта немагчыма, бо мераюць па сабе. А я рамонтам ужо 20 гадоў займаюся. А тое, што адна рука… Ну няма такіх работ, якія трэба рабіць дзвюма. Бо і шпаклюеш адной рукой, і зварачны апарат трымаеш адной».

«Чым самому правы атрымаць, лягчэй жонку за руль пасадзіць»

Ютуб-канал «PROvincial» па рамонце аўто Алег запусціў два з паловай года таму. Матыў просты: патрэбны былі грошы. Кантору, дзе ён тады працаваў вартаўніком, закрылі, а іншага месца хутка не знайшлося.

«Падумаў: чым чорт не жартуе, трэба нешта муціць у інтэрнэце. Доўга вывучаў, як там можна зарабіць. Вырашыў: трэба мне запусціць канал па рамонце аўтамабіляў. Канал пакрысе расце, зараз дзесьці 200 даляраў на месяц прыносіць. Плюс рэкламшчыкі штосьці дасылаюць — нядаўна атрымаў цэлы мех розных балончыкаў для фарбоўкі, эмаляў, лакаў».

У канала Алега 25 тысяч падпісантаў. Адкуль папулярнасць? Мужчына мяркуе: напэўна, таму, што ён не спрабуе стварыць нейкі штучны вобраз, каб спадабацца аўдыторыі, а паказвае сябе такім, як ёсць.

«Не трэба выпендрывацца. Я вылажу з-пад машыны брудны, як чорт, не адзеты ў прыгожую робу і беленькія пальчаткі».

Сам майстар пасведчанне кіроўцы так і не атрымаў.

«Я не спрабаваў. Думаю, у нас у Беларусі гэта немагчыма. Правы — гэта адно, потым жа яшчэ патрэбна машына спецыяльна пераробленая. Мне лягчэй жонку за руль пасадзіць», — адмахваецца Алег.

На працу на зернясклад ён ездзіць на веласіпедзе. Зімой, праўда, ужо не раз атрымліваў за гэта штраф — адну базавую.

«Бо нельга ездзіць па праезнай частцы. Я разумею, згодны, але мне прасцей так, чым дайсці пешшу».

«Ды кожны трэці, калі б яму далі пенсію, як у мяне, зрабіў бы гэтаксама»

З жонкай Алег пазнаёміўся, яшчэ калі быў студэнтам. Заехаў з сябрамі ў суседнюю вёску на дыскатэку і там пабачыў Ілону. Разгаварыліся, пачалі сустракацца. Як дзяўчына паставілася да яго інваліднасці?

«Не ведаю. Я не пытаўся, — Алег задумваецца. — Але мне здаецца, калі ты закахаўся, то не звяртаеш увагі».

Цяпер Ілона працуе на палову стаўкі прыбіральшчыцай у доме культуры. Іх з Алегам дачцэ Насці 22 гады. Пасля педкаледжа дзяўчына паехала з сяброўкамі жыць у Бабруйск, дзе ўладкавалася выхавальніцай дзіцячага садка.

Алег з жонкай Ілонай і дачкой Настай.

«Не шкадуе: у Клімавічах лавіць няма чаго. Але яна ў Бабруйску асабліва нікуды не ходзіць, толькі дом-работа-дом. Пытаюся: і ў чым прывабнасць вялікага горада? Яна кажа: банкамат на кожным рагу», — смяецца бацька.

І расказвае, што ў правінцыі з працай бяда: вакансій мала, заробкі мізэрныя. 

«У нас сярэдні заробак — ну рублёў 500. Не, гэта нават ужо добрым лічыцца. А не падабаецца — ідзі, на тваё месца пяць чалавек прэтэндуе». 

«Малайчына, мужык!» — часта пішуць Алегу у каментарах пад відэа, дзе ён вяртае машынам нармальны выгляд. Але сам мужчына не лічыць сябе нейкім асаблівым.

«Ды кожны трэці, калі б яму далі групу інваліднасці і пенсію, як у мяне, зрабіў бы гэтаксама. Мая пенсія — 180 з капейкамі рублёў. Вось як можна жыць на гэтыя грошы, калі квартплата, разам з інтэрнэтам, газам, гаражом, у мяне выходзіць 110 рублёў? Хочаш не хочаш, а будзеш круціцца».

Наталля Лубнеўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера