Знайсці
08.09.2019 / 11:1116РусŁacБел

Падчас вывазу Цэмаха з Данецка загінуў украінскі разведчык, яшчэ адзін страціў нагу

Разведчык Аляксандр Калодзежны, які загінуў падчас вывазу Цэмаха.

У аперацыі па вывазе фігуранта справы аб збіцці МН17 Уладзіміра Цэмаха з акупаванага Данецка, акрамя спецслужбаў, удзельнічалі байцы 74-га асобнага разведбата ВСУ. У выніку адзін з разведчыкаў загінуў, другі — страціў нагу, піша ўкраінская служба радыё «Свабода».

Па словах удзельніка аперацыі, які казаў на ўмовах ананімнасці, падчас вывазу Цэмаха 27 чэрвеня быў смяротна паранены сяржант 74 АРБ Аляксандр Калодзежны. Ён памёр 11 ліпеня ў ваенным шпіталі ў Кіеве, не прыходзячы ў прытомнасць.

Афіцыйна з аперацыі па вывазе Цэмаха да гэтага часу не знялі грыф сакрэтнасці.

«З нашага боку падрыхтоўка да аперацыі заняла літаральна суткі. Іншыя службы, вядома, рыхтаваліся да яе даўжэй, але дэталі мы, як заўсёды, наўмысна не распытвалі. Калі нешта пойдзе не так — лепш ведаць менш, — распавёў удзельнік аперацыі. —

Нашай задачай была, уласна, перавозка Цэмаха цераз лінію размежавання. Складанасць тут, у прыватнасці, была ў тым, што на пэўным участку пад Данецкам вораг стаяў даволі кучна: яго агнявыя пазіцыі маглі знаходзіцца літаральна за 100 метраў адна ад адной. У так званай «ДНР» да гэтага часу не ведаюць, у які менавіта прабел мы залезлі, каб вывезці Уладзіміра Цэмаха.

… Участак, на якім рухаліся хлопцы з майго падраздзялення, з таго боку кантралявала так званая сотыя брыгада «гвардыі» «ДНР». З пачатку вайны мы працавалі ў многіх месцах Данбаса, і таму я ўпэўнена магу сказаць: толькі яны, гэтая «сотая брыгада», выставілі вакол сябе так шмат забароненых Жэнеўскай канвенцыяй супрацьпяхотных мін (ПМН). Іншыя падраздзяленні баевікоў таксама выкарыстоўваюць ПМН, але «сотка» — больш за ўсё.

Каб вывезці Цэмаха, сяржанту Аляксандру Калодзежнаму і яшчэ аднаму нашаму байцу фактычна давялося ісці па мінным полі. Хлопцы спускаліся праз пагорак, Саша з'язджаў на сцягне і «сарваў» ПМН. Другі баец падбег, каб аказаць яму дапамогу, і сам таксама падарваўся.

Міна спрацавала адначасова каля Сашавай галавы і нагі другога байца.

Урэшце Сашу вывозілі непрытомным, а другі баец страціў нагу», — распавёў удзельнік аперацыі.

Да гібелі Калодзежны меў яшчэ тры раненні. Сваю першую кантузію ён атрымаў увосень 2014 пры абароне Данецкага аэрапорта.

Другое раненне было ў 2015 годзе ў раёне Крутой Балкі, калі група разведчыкаў падарвалася на расцяжцы. Двое з іх тады загінулі, яшчэ трое, у тым ліку Аляксандр, атрымалі раненні.

Сваё трэцяе, самае сур'ёзнае раненне Калодзежны атрымаў падчас абароны Аўдзееўскай прамзоны ў 2016 годзе. Тады ён трапіў у засаду і быў паранены з кулямёта ў сцягно. Пасля гэтага амаль год правёў у шпіталях, хадзіў з кульбай, але пасля аднавіўся.

Былы баявік «ДНР» Уладзімір Цэмах лічыцца каштоўным сведкам па справе аб гібелі на Данбасе малайзійскага «Боінга» рэйса MH17.

Следчыя пракуратуры Нідэрландаў дапыталі яго ва Украіне, перш чым ён з'ехаў у Маскву ў рамках абмену вязнямі з Расіяй.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера