Знайсці
07.09.2019 / 19:1215РусŁacБел

Мужчына з Кобрына, што атруціўся паганкамі, памёр, а яго жонцы і сыну перасадзілі печань

У Кобрыне маладыя бацькі і дзіця, якому 1 год 10 месяцаў, атруціліся грыбамі, як мяркуецца, белай паганкай. Сям'ю спачатку шпіталізавалі ў мясцовую бальніцу, потым — у абласную, затым маму і малога адправілі ў сталічны НПЦ і тут правялі трансплантацыю печані. Бацька ж па медыцынскіх паказаннях застаўся ў Брэсцкай абласной бальніцы. Некалькі дзён ён быў у коме, у ноч на суботу малады чалавек памёр, паведамілі Tut.by сваякі сям'і.

Павел і Міраслаў. Фота са старонкі Марыі ў сацыяльных сетках.

Маладых бацькоў завуць Марыя і Павел. Машы 22 гады, Паўлу было 24. Іх сыну Міраславу на днях споўніўся 1 год і 10 месяцаў.

Маладыя людзі сустракаліся каля сямі гадоў, яшчэ са школы. Два гады таму яны пажаніліся, распавядае знаёмая пары Ірына.

— У іх заўсёды былі спецыфічныя адносіны. Нядаўна Маша падала на развод. Ім далі тэрмін на прымірэнне тры месяцы. Заставалася паўтара.

— Яны заўсёды то разыходзіліся, то сыходзіліся, — апісвае адносіны брата Альбіна. — Яны жылі разам, толькі калі Машыны бацькі па працы з'язджалі з Кобрына. Ён не знайшоў разумення з яе сям'ёй.

Усё адбылося на мінулых выходных, 31 жніўня, распавядае Альбіна. У тыя дні яна паехала на вучобу ў Віцебск. Пра здарэнне дзяўчына даведалася ад бабулі.

— Бацькі Машы з'ехалі. Нягледзячы на ​​тое, што яны былі ў працэсе разводу, Маша паклікала Паўла да сябе ў госці.

Паводле інфармацыі Альбіны, у той дзень маладыя людзі гулялі па парку разам і назбіралі грыбоў. Дзяўчына кажа, Павел падумаў, што гэта «зелянушкі», Марыя ж палічыла іх сыраежкамі.

— Павел разбіраўся ў грыбах? Ён быў грыбніком?

— Раней, даўным-даўно, ён неяк ездзіў у грыбы. Пару разоў было такое.

Сястра Паўла Альбіна не ведае, ці збіралі маладыя людзі калі-небудзь раней грыбы ў гарадскім парку.

Фота са старонкі Марыі ў сацсетках.

Мама Марыі расказала Tut.by, што Павел і яго жонка пасмажылі грыбы разам з бульбай. Яе і з'ела дзіця.

— У той вечар брат і яго жонка пайшлі ў клуб, — распавядае Альбіна. — Яны там выпілі — адсюль і алкаголь у іх крыві. Дзіця, наколькі я разумею, у гэты час засталося дома з іх знаёмымі. Потым ім стала дрэнна — спачатку Машы, потым Пашы.

Мама Марыі, Людміла, расказала Tut.by, што ў тыя выходныя бацькоў сапраўды не было дома — яны з'ехалі на машыне адпачываць на мора, у Краснадарскі край. Першай, па словах яе дачкі, стала дрэнна ёй, ужо дома: млоснасць, дыярэя, ваніты, слабасць, дзяўчына не магла падняцца з канапы. Ёй выклікалі хуткую і шпіталізавалі. Пазней у прыёмны пакой прывезлі і Паўла з малым.

Кобрынскія медыкі аказалі дапамогу і адправілі сям'ю ў абласную клініку. Потым Марыі і Міраславу было вырашана рабіць трансплантацыю печані — іх перавезлі ў Мінск, Павел застаўся ў абласной бальніцы ў Брэсце.

— У яго ў арганізме аказалася больш яду, чым у Машы. Напэўна, з'еў больш. Лекары казалі нам, што яд запоўніў увесь арганізм, на кішэчніку ўтварыліся язвы, кроў была цалкам атручаная. Таму сэнсу рабіць перасадку не было. Пашы рабілі пераліванне крыві — надзея была толькі на гэта. У выніку нічога не дапамагло, — кажа сёння Альбіна.

Пасля здарэння ў інтэрнэце з'явіўся допіс пра тое, што пачаўся збор сродкаў на лячэнне Марыі і Міраслава — гэты збор неадназначна быў успрыняты ў мясцовай суполцы. Яго размясціла сястра пацярпелай дзяўчыны, Сняжана, але пазней інфармацыя была выдаленая.

— Я не ведала, што яны [сваякі Марыі] пачалі збор сродкаў. Патэлефанавала сваім даведацца, што за грошы яны збіраюць. На што мне бабуля сказала: «Якія грошы?!» Мы пастаянна тэлефанавалі дактарам, удакладнялі, ці трэба нешта. Дактары казалі, што ўсё ёсць, у рэанімацыі ўсе прэпараты выдаюцца бясплатна, і ў аптэках такіх усё роўна не купіць.

Пасля таго, як сама Альбіна напісала ў мясцовай суполцы, што ніякія грошы пакуль што не патрабуюцца, пост быў выдалены.

Людміла, маці Марыі, кажа, што частка сабраных сродкаў — усяго, па яе словах, гэта 850 рублёў — сям'я выдаткавала на яе экстранае вяртанне ў Беларусь — авіябілет з Краснадара ў Мінск, на сабраныя сродкі яна таксама купляе прадметы догляду за дачкой і ўнукам у рэанімацыі. Сям'я кажа, то гатовая даць справаздачу перад жыхарамі Кобрына за траты. Зараз збор спынілі.

Марыя і маленькі Міраслаў у цяжкім стане ў сталіцы: жанчына ў прытомнасці, малы — у штучнай коме. Лекары пакуль што не робяць прагнозаў.

Любоў Каспяровіч, Tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера