Знайсці
05.09.2019 / 13:3513РусŁacБел

Эдуард Пальчыс: Чаму я не буду балатавацца ў гэты парламент

Блогер Эдуард Пальчыс на старонцы ў фэйсбуку абгрунтаваў, чаму адмовіўся ад удзелу ў парламенцкіх выбарах — 2019. 

Фота Надзеі Бужан.

Пасля таго, як «Наша Ніва» паведаміла, што Антон Матолька і Павел Белавус адмовіліся ісці на парламенцкія выбары, стала прылятаць шмат пытанняў: «Чаму вы адмовіліся?». Некаторыя працягваюць настойліва пытацца ў іх, таму я адкажу тут публічна.

Па праўдзе кажучы, я чалавек абсалютна не ідэальны, люблю троліць, часам накідваць (калі сумна), адчуваю сябе камфортна ў канфлікце і г.д. Але чаго я імкнуся пазбягаць як мага больш, дык гэта адкрытай, свядомай хлусні і зорнай хваробы. У 2006 годзе я раздаў дзясяткі тысяч лістовак сваім сябрам і шчыра зрабіў гэта. У 2010-м ледзь не атрымаў дубінкай па галаве, бо шчыра верыў у прамовы палітыкаў, якія стаялі за імі. У 2011-м на нас з Вікторыяй Пальчыс закончыліся месцы ў аўтазаку, нас не затрымалі, пасля чаго я сумленна насіў перадачкі тым, каму пашанцавала менш.

Але я не ўяўляю, як можна шчыра пісаць вам 5 гадоў пра фальсіфікацыі і адсутнасць сумленных выбараў у краіне, а затым у адзін дзень запіліць пост з пафаснымі фразамі або пачаць трансляваць лозунгі ў стылі: «Перамога будзе за мной!».

Я не ўяўляю, як можна шчыра казаць пра магчымасць быць абраным кудысьці там, калі сам ведаю, што нават убогія празрыстыя скрыні ўлада не хацела ставіць 15 гадоў. Што ўжо казаць пра нармальны падлік галасоў, вэб-камеры і датэрміновае галасаванне.

Я не ўяўляю, як можна шчыра казаць: «Выбары фальсіфікуюць, але я хачу данесці альтэрнатыўнае бачанне!», — калі ведаю, што цяпер лепш за ўсё даносіць альтэрнатыўнае меркаванне добрым вірусным якасным кантэнтам. А не пікетам з расьцяжкай або 2000 улётак па паштовых скрынях.

Я не ведаю, як можна шчыра гаварыць, што я адстойваю чыесьці інтарэсы, калі я не студэнт, маці-328, брэсцкі актывіст супраць завода АКБ і г.д. Іх выбарчыя кампаніі яшчэ можна зразумець, прыняць і дзесьці нават падтрымаць.

Ну і дакладна ніколі не шукаў піяру ці лішняй увагі, каб адчуць сябе боль шчаслівым і крутым. Таму вось чым планую заняцца гэтай восенню:

— З'ездзіць у суботу ў родную Ліду на адкрыццё помніка Гедыміну. Гэты помнік прабіваўся гадоў 20, напэўна. Гістарычная крутая падзея, на якую клічу і вас.

— Мяне шчыра цікавіць вынік перапісу-2019, які пройдзе ў кастрычніку. За апошнія гады ў мяне ў каментарах атабарылася столькі змагароў за беларускую мову, якія рвалі на сабе кашулю за родную мову. Але надышоў час, і ніхто нармальнай маштабнай кампаніі ў яе падтрымку падчас перапісу так і не падрыхтаваў.

— Не хачу забываць пра Курапаты, а «Ноч расстраляных паэтаў» найлепшы для гэтага спосаб.

— Я буду займацца тым, каб беларусы былі годна прадстаўленыя ў Вільні на перапахаванні Каліноўскага.

— Мне цікава, што будзе са студэнтамі, і не хочацца, каб яны з'язджалі з Беларусі назаўсёды з-за дурных дзеянняў уладаў і Міністэрства абароны.

— Цікава ствараць цікавы кантэнт у суровую асенне-зімовую пару, пакуль вы сумуеце дома.Так што прабачце тыя, каго расчараваў, прамяняўшы гарантаванае месца ў парламенце на ўсякае глупства. Людзі недасканалыя, што зробіш.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера