Даслаць навіну
Знайсці
06.09.2019 / 18:02 5

Антон Астаповіч расказаў, якія часткі гістарычнага цэнтра Мінска можна адбудаваць наступнымі

Чаму гістарычны цэнтр Мінска аднаўляецца з парушэннямі? Дзе яшчэ не позна зрабіць годную рэгенерацыю? Што не так з Кодэксам аб культуры? Праблемы сучаснай рэстаўрацыі агучыў гісторык-этнолаг, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

«Горадабудаўнічы дакумент ігнаруюць, каб дагадзіць інвестыцыйнаму інтарэсу»

Праект дэталёвага планавання гістарычнага цэнтра Мінска быў зацверджаны ў 2006 годзе. Але ў выніку многія работы пайшлі ўразрэз з ім.

— У праекце гістарычны цэнтр быў разбіты на кварталы, кожны з якіх меў жорсткія рэгламенты, — кажа Антон Астаповіч. — Шырыня вуліц павінна была адпавядаць гістарычнай, усе новыя пабудовы — не парушаць аб’ёмна-планіровачную структуру цэнтра. Напрыклад, зараз вуліца Зыбіцкая мае шырыню 25 метраў. Згодна з першым варыянтам дэталёвага плана яна мусіла быць 11-12 метраў. На пляцоўцы, дзе стаіць гэты «саркафаг» (размова пра дом 25а на завулку Музычны. — NN.by), забудова не павінна была перавышаць два паверхі.

Павялічыць выяву

Антон Астаповіч.

Праект рэканструкцыі той жа Зыбіцкай, распрацаваны Мінскпраектам, меў і іншыя праблемы — планіроўка кварталаў не адпавядала гістарычнай, дамы былі стылізаваныя пад старыну, але нічога агульнага са страчанай забудовай не мелі. Таварыства ў 2010 годзе прапаноўвала свой праект рэгенерацыі. Ён разглядаўся на навукова-метадычнай нарадзе нароўні з афіцыйным праектам, атрымаў станоўчую ацэнку, а пазней — першае месца ў намінацыі «Рэстаўрацыя-праект» на міжнародным конкурсе маладых архітэктараў «Леанарда».

— Але восенню 2011 года пляцоўку, якая павінна была быць засвоена гарадскім бюджэтам, «распілавалі» паміж трыма інвестпрадпрыемствамі. У выніку з’явіўся поўны неадэкват.

Тут пытанне да гарадскіх уладаў: чаму, калі сюды прыходзяць інвестары, усё робіцца з парушэннем дэталёвага плану? Калі горадабудаўнічы дакумент ігнаруюць, каб дагадзіць інвестыцыйнаму інтарэсу, і ўсе наглядныя і кантрольныя органы не бачаць у гэтым ніякіх парушэнняў, я тут нічога не ўглядаю, акрамя карупцыйнага складніка.

Дзе ў цэнтры Мінска яшчэ можна зрабіць рэстаўрацыю

На думку эксперта, у гістарычным цэнтры сталіцы засталіся толькі дзве пляцоўкі, дзе можна зрабіць годную рэстаўрацыю.

Адна з іх — тэрыторыя Замчышча.

Калісьці праект па гэтай тэрыторыі распрацоўваў архітэктар Сяргей Багласаў. Па яго задуме, там планавалася зрабіць археалагічны музей і стылізаваную частку Замчышча ў форме паўкруга, што не адпавядала ранейшым абрысам валоў. Але ў дзяржавы тады не знайшлося грошай на рэалізацыю гэтага праекта.

Павялічыць выяву

Фота yandex.by.

Антон Астаповіч лічыць, што было б добра рэканструяваць будынак спартыўнага таварыства «Працоўныя рэзервы» і змясціць там філіял музея гісторыі Мінска. Што да забудовы старажытнага Нізкага рынку, то з яе аднаўленнем ёсць пэўная тэхнічная цяжкасць — на той тэрыторыі знаходзіцца шэсць падземных насосных станцый, якія адкачваюць ваду са станцыі метро «Няміга». Але можна планіроўку колішняй забудовы пазначыць візуальнымі сродкамі — напрыклад, машчэннем іншага колеру, ландшафтным дызайнам.

— У перспектыве гэта можна было б навесіць на інвестара, тым больш там работа не надта дарагая, — кажа гісторык.

Другая пляцоўка знаходзіцца ў дварах амаль адразу за Беларускім цэнтрам моды, што на праспекце Пераможцаў. Там варта аднавіць фрагмент вуліц Мясніцкай і Новамясніцкай.

Павялічыць выяву

Фота yandex.by.

— Так, гэта тэрыторыя будзе закрыта фронтам савецкай забудовы, але рана ці позна ён будзе дэмантоўвацца, бо дамы аджывуць не толькі свой маральны, але і фізічны тэрмін. Я б прапанаваў рабіць усё згодна з праектамі забудовы канца XIX-пачатку ХХ стагоддзя, тым больш матэрыялы цалкам захаваліся ў Нацыянальным гістарычным архіве. Там мусіць узнікнуць адна-двухпавярховая мураваная забудова так званага галерэйнага тыпу.

Гатэль «Кемпінскі» і «дома Чыжа» як своеасаблівыя помнік эпохі аграгламуру

Чаму да рэстаўрацыі ўзнікае столькі пытанняў? Асноўная праблема ў тым, што фактычна няма механізмаў уплыву на інвестараў і ўзгадняючыя органы.

— Справа не ў тым, што дзесьці ўставілі пластыкавыя вокны ці прарубілі новы дзвярны праём. У нас няма сістэмы.

Кодэкс аб культуры «дзіравы», як сіта. У нас фактычна можна зрабіць, што заўгодна, і пры граматным юрысце сысці ад адказнасці.

Каб захаваць гістарычны будынак, трэба старацца, каб ён атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, таму што, калі ён пад аховай дзяржавы, ёсць юрыдычныя падставы хоць нешта рабіць у яго абарону. А калі статусу няма — знясуць, і ўсё будзе ў межах закону, — заўважае суразмоўца.

Павялічыць выяву

Фота Сяргея Гудзіліна.

Ёсць меркаванне, што юрыдычная абарона адпужвае інвестараў і соцыум сам павінен сябе рэгуляваць у пытаннях аховы спадчыны. Але, упэўнены Антон Астаповіч, гэта справа экспертаў. Таварыства частку сваіх прапаноў па ўдасканаленні Кодэкса аб культуры ўжо падала ў Мінкульт, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў і парламент.

Іншая праблема — у Беларусі адсутнічае рэстаўрацыя як такая. Няма тэхнічных нарматываў і ліцэнзавання па гэтай дзейнасці, а таму рэстаўрацыя па сутнасці лічыцца звычайным будаўніцтвам.

— У нас няма нармальнай інспекцыі па ахове спадчыны. Згодна з кодэксам, уся адказнасць ускладзена на мясцовыя органы ўлады. Так, там ёсць добрыя спецыялісты, але яны залежныя — як што, яны маўчаць, бо могуць пазбавіцца працы.

Калісьці сістэму спрабавалі стварыць. У 1992 годзе быў прыняты Закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, і згодна з ім стварылі адпаведныя Дзяржаўную інспекцыю па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і Дзяржаўны камітэт па рэстаўрацыі. Рэстаўрацыйная дзейнасць была ліцэнзаваная.

— У 1999-м ліцэнзаванне рэстаўрацыйнай дзейнасці скасавалі. Але ж яшчэ некалькі гадоў існаваў дадатак да ліцэнзіі, які выдавала Міністэрства культуры. Потым і гэта знікла.

Я лічу, віна ляжыць цалкам на міністэрстве, як на зусім «бяззубым органе», які не займаў прынцыповай пазіцыі, — кажа эксперт.

У Еўропе станоўчых прыкладаў рэгенерацыі гістарычных цэнтраў хапае. Тыя ж Дрэздэн, Варшава, Гданьск, Будапешт.

— Там далёка не ідэальная сітуацыя, але такіх вялікіх праблем няма. Бо ўсё ўпіраецца ў прававую сістэму, — мяркуе Антон Астаповіч. — Канечне, паралельна трэба і народ адукоўваць.

Напрыклад, сітуацыя з залатымі купаламі на цэрквах. Вельмі часта кажуць: вось, гэта інтэрвенцыя, Масква сваю ідэалогію навязвае. Але гэта нізкі густ у прыхаджан, ім так падабаецца.

Залатыя купалы ўзнікаюць не столькі па ініцыятыве бацюшак — самі прыхаджане знаходзяць спонсарскія грошы і кажуць: хочам. Я не першы раз з гэтым сустыкаюся.

Што да сталічных «монстраў» — гатэля «Кемпінскі», «дома Чыжа», бізнэс-цэнтра на Кастрычніцкай плошчы, — то Антон Астаповіч ацэньвае іх як своеасаблівыя помнік эпохі аграгламуру.

Павялічыць выяву

Фота Надзеі Бужан.

— Я чытаю архітэктуру і з пункту гледжання грамадска-палітычных стасункаў у пэўны час. Мы з калегамі жартуем: калі праз 200 год сюды прыляцяць марсіяне, ім і без вывучэння нашай мовы і гісторыі будзе зразумела, што ў якую эпоху з’явілася.

Наталля Лубнеўская

0
Раман / адказаць
06.09.2019 / 22:19
У нулявых пачалi, а зараз працягваюць руйнаваць гiстарычную забудову Брэста.
0
maha / адказаць
07.09.2019 / 12:57
залатыя купалы не толькі ні к сялу ні к гораду, але пад імі, напрыклад,  прасядаюць муры такой найкаштоўнейшай царквы, як полацкай. як можна знішчаць тысячагоднюю спадчыну - загадка для ўсяго свету, але беларусы могуць. карацей, дзяржава не мае праграмы па захаванню спадчыны, трэба неяк людзям старацца хаця б увесці ў спіс помнікаў тое, што яшчэ захавалася, каб не даруйнавалі да канца
0
алесь менски / адказаць
15.09.2019 / 11:08
maha,достали оцибуливанием, всего и вся. Когда восстановят костел святого Томаша?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
верасень кастрычнік лістапад
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31