Знайсці
03.09.2019 / 16:343РусŁacБел

Што мы слухалі ў ліпені і жніўні — ТОП-15 альбомаў другой паловы лета АЎДЫЯ

Мы пільна сачылі за рэлізамі і склалі для вас топ з 15 найбольш значных музычных навінак, што пабачылі свет у ліпені і жніўні. 

The Hatters — Forte & Piano

Гурт, які часта называюць «расійскімі Gogol Bordello», у першы дзень ліпеня выпусціў свой чацвёрты альбом, гучанне якога было шчодра аздоблена клавішнымі.

Што адначасова дадала саўнду «шляпнікаў» разынак і непаўторнасці, але аддаліла іх ад традыцыйнага джыпсі-панкаўскага драйву і энергетыкі.

Nite Nite Nite — Blindspot

Адзіны айчынны рэліз нашага топа. Мінскі гурт выпусціў дэбютную плытку, дзевяць трэкаў якой мусяць дазволіць слухачу заступіць у забароненую лінію і адчуць чужыя страхі і псіхозы, якія не хацелася б перажыць самому.

Дарэчы, відэа на песню SFMO заняло дзявяты радок у топе найлепшых беларускіх кліпаў мінулага года.

Cream Soda — Комета

Для прасоўвання маладым расійскім музыкам больш не патрэбны тэлевізар. Ёсць інтэрнэт, ёсць ютуб — гэтага дастаткова.

Напрыклад, пасля выхаду альбома Cream Soda зняла кліп на песню «Никаких больше вечеринок», які паглядзелі больш за 3 мільёны разоў. 

Sabaton — The Great War

Шведскі гурт выдае адзін за адным песні і альбомы на ваенна-гістарычную тэматыку. The Great War стаў дзявятым у дыскаграфіі Sabaton.

Рэліз прысвечаны першай сусветнай вайне, якая мусіла паказаць сапраўдны твар войнаў і іх недапушчальнасць у будучыні. Але праўда аказалася зусім іншай…

Kaiser Chiefs — Duck

Знаёмыя з творчасцю Kaiser Chiefs толькі па іх галоўных хітах, здаецца, будуць вельмі здзіўленыя пасля праслухоўвання іх новых песень. Сённяшні саўнд цяжка назваць не тое каб індзі, нават рокам.

Але такое вось развіццё. Як кажа франтмэн гурта Рыкі Уілсан, калі іх новыя песні не зменяць свет, то няхай будуць прыемным 40-хвілінным саўндтрэкам да будзённых справаў.

Of Monsters And Men — Fever Dream

Ад ісландцаў не было нічога чуваць доўгія чатыры гады, і яны вярнуліся з даволі эксперыментальнай навінкай.

Падчас стварэння новых песень Нане Хілмарсдоцір надакучыла пісаць песню пад гітару, і яна пачала выкарыстоўваць лэптоп. Густы прыхільнікаў OMAM падзяліліся, а вы на чыім баку?

Skillet — Victorious

Адзін з найбольш папулярных рок-гуртоў прадставіў дзясяты, юбілейны, рэліз.

У ім ў прынцыпе мала што змянілася: усё той жа сакавіты энергічны саўнд, матывацыйныя тэксты і барацьба з унутранымі і знешнімі дэманамі.

Стабільнасць — гэта добра, але гэта не робіць альбом выбітным.

Slipknot — We Are Not Your Kind

А вось Slipknot, у адрозненне ад калег са Skillet, стварылі калі не шэдэўр, то прынамсі вельмі блізка да яго наблізіліся.

Гурт паспрабаваў расшырыць межы традыцыйнага гуку Slipknot, дадаўшы ў яго больш інструменталу і крышачку электроннай музыкі. Прома новага альбома гурт пачаў з парачкі забойных сінглаў, якія выліліся ў станоўчыя выніковыя рэцэнзіі.

Адназначны must listen!

Bon Iver — i,i

Галоўнай тэмай альбома, які шмат хто называем рэлізам года, стала ўспрыманне свету і яго ўнутранае адлюстраванне, адсюль і люстраная лаканічная назва альбома.

У запісе альбома ўзялі ўдзел шматлікія музыкі, у іх ліку Aaron і Bryce Dessner з The National і лонданскі спявак James Blake.

Taylor Swift — Lover

Яшчэ да афіцыйнага рэлізу новы альбом Тэйлар Свіфт набылі больш за мільён разоў — фанаты чакалі яго два гады.

Тэйлар пасталела — ёй ужо амаль 30. Памянялася яна сама, змянілася і грамадства, і ўжо можно не стрымлівацца ў выказванні свайго меркавання. Таму, нягледзячы на розныя водгукі, Lover — адзназначна найважнейшы на сёння альбом спявачкі.

Brockhampton — Ginger

Калектыў, вядомы змешваннем хіп-хопу з рознымі стылямі, штогод радуе сваіх прыхільнікаў новымі альбомамі. Ginger мала падобны на леташняга Iridescence і быў натхнёны творчасцю Шаі ЛаБафа, альбомам песень баптысцкай царквы Mt. Olive з Джорджыі і трэкам «Shit I’m On» DJ Muggs ды Roc Marciano.

Lana Del Rey — Norman F*****g Rockwell

Лана Дэль Рэй — не тая артыстка, ад якой чакаюць кардынальных змен. Новы альбом — усё тыя ж павольныя летуценныя песні, сумныя і не вельмі.

Яны прыгожыя, стылёвыя, атмасферныя і пазачасавыя. Гэта не той жанр, які спадабаецца абсалютна кожнаму, затое фанаты і неабыякавыя будуць у захапленні.

Tarja — In The Raw

Вось ужо 14 год Тар'я Турунен і гурт Nightwish рухаюцца розным шляхам, і ўвесь гэты час фанаты чакалі ад спявачкі нечага па-сапраўднаму крутога. Але кожны папярэдні альбом пакідаў нейкае незразумелае пачуццё.

Не ў гэты раз! Было б лагічна, калі б менавіта з такога пачалася сольная кар'ера Турунен, але дзякуй, што хаця б праз столькі год нам нагадалі, што такое сімфонік-метал.

Tool — Fear Inoculum

Першы за 13 год альбом Tool даўно паспеў стаць інтэрнэт-мемам. Здавалася, што рэлізу ніколі ўжо не будзе, але ён адбыўся і адразу пачаў граміць рэкорды папулярнасці.

Tool — гэта ўсё тая ж «музыка для разумных», але амерыканцы пачалі рабіць крокі насустрач сучаснаму слухачу. Іх альбомы сталі даступныя на стрымінгавых платформах.

The S.L.P. — The S.L.P.

Серджыа Піцорна з Kasabian запісаў сольны альбом. Гэта не значыць, што гурт з Лестэра распадаецца — яны якраз пачалі працаваць над новым альбомам, але калі так захацелася Піцорна, то чаму і не?

Калі вам крыху надакучылі Kasabian, то сольнік S.L.P. — класная магчымасць удыхнуць свежага музычнага паветра.

Нашы папярэднія агляды:

Піліп Каваленка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера