Знайсці
01.09.2019 / 15:4023РусŁacБел

Айцец Сергій Лепін: Матрунчык рэагуе на праверку Брацтва імпульсіўна і неадэкватна

Петрапаўлаўскі сабор у Мінску. Фота: Wikipedia Commons.

У жніўні спецыяльная камісія Беларускай праваслаўнай царквы пачала праверку дзейнасці Брацтва святых віленскіх пакутнікаў, якое ўзначальвае Мікола Матрунчык. Брацтва паўстала ў пачатку 1990-х гадоў і аб’яднала пад сваім крылом тых людзей у праваслаўнай царкве, якім дарагія беларуская мова і культура. З гэтай нагоды «Наша Ніва» задала некалькі пытанняў прэс-сакратару Беларускай праваслаўнай царквы айцу Сергію Лепіну.

— Беларускамоўны сегмент Facebook узбударажаны паведамленнямі Міколы Матрунчыкааб праверцы, якая цяпер праводзіцца ў Брацтве святых віленскіх пакутнікаў.

— Ідзе праверка брацтва наконт адпаведнасці яго дзейнасці яго ж Статуту, Статуту БПЦ, працоўнаму заканадаўству, нормам дакументазвароту і так далей. Але заўважу, што камісія не займаецца вывучэннем фінансавай дзейнасці брацтва.

— Сам Матрунчык непакоіцца, што праверка задуманая для таго, каб спыніць дзейнасць брацтва і што кіраўніцтву РПЦ не падабаецца яго фінансавая незалежнасць і аператыўная самастойнасць.

Фота Наталлі Тур.

— Важная заўвага: брацтва з’яўляецца афіцыйнай структурай БПЦ, а не прыватнай грамадзянскай ініцыятывай! Фінансавая і іншыя віды дзейнасці гэтай структуры рэгламентуюцца яе Статутам. Кіраўніцтва брацтва падсправаздачнае іерархіі БПЦ і знаходзіцца ў прамым падпарадкаванні ёй. Галаўныя арганізацыі заўсёды правяраюць падначаленыя — тут у нас як паўсюль: на любым прадпрыемстве бываюць праверкі, ці не так?

У БПЦ існуе Рэвізійная камісія, якая ў адпаведнасці з Палажэннем здзяйсняе праверку дзейнасці ўсіх без выключэння прыходаў і манастыроў, сінадальных арганізацый і нават епархіяльных упраўленняў. Я так мяркую, Віленскае брацтва ніколі дагэтуль не правяралася і, магчыма, некаторыя пачалі думаць, што яго наогул ніхто правяраць не павінен і не мае права.

— Ці не з’яўляецца гэтая праверка банальнай спробай задушыць фарпост беларускасці ў БПЦ і скаваць свабодную ініцыятыву міран?

— Мітрапаліт і члены Рэвізійнай камісіі з вялікай пашанай ставяцца да ўсяго, што звязана з патрыятызмам. Наколькі я памятаю, дзейнасць брацтва неаднаразова адзначалася іерархіяй, а яго лідар нават быў узнагароджаны прэміяй імя князя Канстанціна Астрожскага. Але ні беларускасць, ні ўзнагароды не надаюць нікому ніякага дадатковага імунітэту ад праверак і не робяць сваіх уладальнікаў недатыкальнымі.

Рэвізійная камісія не з’яўляецца караючым органам. Але, канечне, яна таксама і не з’яўляецца арганізацыяй, якая ўзнагароджвае. У лік яе задач на самой справе ўваходзіць, як я ўжо адзначаў, праверка дзейнасці ўсіх без выключэння прыходаў і манастыроў, сінадальных арганізацый і нават епархіяльных упраўленняў. Камісія выяўляе парушэнні ці недахопы ў працы епархіяльных структур і прадстаўляе іх Экзарху, каб ён звярнуў увагу кіраўнікоў на ліквідацыю выяўленых парушэнняў.

Калі ў кіраўніцтва брацтва ёсць прэтэнзіі да працы Рэвізійнай камісіі, калі яе сябры запыталі інфармацыю, якую не мелі права запытваць ці яшчэ штосьці зрабілі не так, то не трэба наводзіць цень на пляцень сваімі пастамі ў ФБ, а трэба проста агучыць свае прэтэнзіі — і пажадана не ў ФБ, а ў пісьмовай форме на імя Экзарха.

Любая праверка з’яўляецца падставай для перажыванняў і непакою з боку таго, каго правяраюць — гэта зразумела кожнаму, асабліва тым, хто паводле службовага абавязку мае справу з праверкамі. Але, на маю думку, Матрунчык рэагуе неяк імпульсіўна і… неадэкватна: самі яго паводзіны ў Сеціве могуць стаць тэмай асобнага разбору, нават калі сённяшняя камісія і не знайшла б ніякіх хібаў.

— Ці пагражае брацтву закрыццё? Ці знойдзеныя нейкія недахопы ў яго працы? Ці будзе пра гэта вядома грамадскасці?

— Я не ў курсе ўсіх матэрыялаў праверкі. Але магу сказаць наступнае. Наколькі мне вядома, ніхто скасоўваць брацтва не хоча і не збіраецца. Недахопы ёсць, і іх насамрэч нямала. Тым не менш, усе яны ў сваёй сукупнасці не з’яўляюцца падставай для ініцыявання працэдуры ліквідацыі гэтай арганізацыі. Тым больш, што сёння Свяцейшы Патрыярх Кірыл і яго Экзарх у Беларусі асаблівую ўвагу імкнуцца надаваць працы з моладдзю.

Але я мяркую, што і пэўная рэакцыя на пастановы камісіі з боку кіраўніцтва брацтва ўсё ж будзе. Звычайна вынікі працы Рэвізійнай камісіі не афішуюцца — у тым ліку і ў інтарэсах тых, каго правяраюць, бо выдаванне вынікаў не лепшым чынам можа паўплываць на іх рэпутацыю не толькі як хрысціянскіх лідараў, але і як дзелавых партнёраў. 

Зважаючы на публічнасць заяў Матрунчыка, не выключаю таго, што пасля заканчэння працы камісіі мітрапаліт Павел благаславіць апублікаваць усе выяўленыя заўвагі, каб кожны, хто таго жадае, змог ацаніць сітуацыю сам.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930