Знайсці
26.10.2019 / 19:351РусŁacБел

«Гэта маглі быць дзясяткі Чарнобыляў». Дзе ў Беларусі стаяла ядзерная зброя і што ад яе засталося

Ядзернай зброяй, што стаяла на беларускай зямлі, можна было знішчыць паўсвету. Але сама Беларусь утрымаць яе б не здолела. Піша кандыдат фізіка-матэматычных навук Ягор Лебядок.

Размяшчэнне ядзерных аб'ектаў у Беларусі ў 1980—1991 гадах.

Першая савецкая плутоніевая бомба РДС-1 была выпрабаваная 70 гадоў таму — 29 жніўня 1949 года пад Сяміпалацінскам у Казахстане. Да стварэння савецкай ядзернай зброі прыклалі руку і выхадцы з Беларусі.

У палескіх Целяханах — карані разведчыка Георга Коваля, якому ўдалося трапіць на сакрэтны амерыканскі атамны аб’ект і выкрасці чарцяжы.

У Мінску нарадзіліся фізік Якаў Зяльдовіч, што распрацаваў першыя савецкія тэрмаядзерныя боезарады, і галоўны канструктар ядзерных боепрыпасаў Аркадзь Брыш.

Працэсы, што адбываюцца пры ядзерным выбуху, вывучаў у сакрэтнай лабараторыі Інстытута фізікі АН БССР Міхаіл Ельяшэвіч.

Адну з першых бомбаў на беларусах і выпрабоўвалі. Гаворка пра вучэнні 14 верасня 1954 года на Тоцкім палігоне (Арэнбургская вобласць). Адпрацоўвалася наступленне войскаў з прымяненнем ядзернай бомбы магутнасцю ў 40 кілатон (удвая большай, чым у Хірасіме). Касцяк «наступаючых» войскаў склаў 128-ы корпус Брэсцкага гарнізона ў поўным складзе, з бібліятэкай уключна.

Мінск, Быхаў, Орша, Баранавічы — у першай чарзе на знішчэнне

Ад пачатку 1950-х пры аэрадромах далёкай авіяцыі пачалі будаваць склады для захоўвання і падрыхтоўкі атамных бомбаў — «рамонтна-тэхнічныя базы» (РТБ). Зарады туды дастаўлялі з цэнтральных баз захоўвання, адна з якіх была ў Беларусі — «Гомель-30» недалёка ад Рэчыцы.

Беларусь была заходнім плацдармам СССР і не магла пазбегнуць размяшчэння ядзернай зброі. Ужо ў 1951-м Саўмін СССР пастанавіў збудаваць РТБ пры аэрадромах у Балбасаве пад Оршай і Мачулішчах пад Мінскам. У Мачулішчах быў размешчаны цяжкі бамбардзіровачны авіяполк, у Балбасаве сфармавалі бамбардзіровачны авіяполк далёкай авіяцыі.

У 1960-м у Беларусі размясцілі чатыры ракетныя дывізіі стратэгічнага прызначэння. Яны ўваходзілі ў 50-ю ракетную армію са штабам у Смаленску. Першымі на баявое дзяжурства заступілі Пінскі і Слонімскі ракетныя палкі.

Ракеты маглі базавацца на колавых шасі або ў шахтах. У Беларусі былі шахтавыя пускавыя комплексы ў Пастаўскім і ў Смаргонскім раёнах.

Савецкія антываенныя плакаты, скіраваныя супраць ядзернай зброі. Выступаючы за ядзернае раззбраенне, савецкія кіраўнікі няспынна нарошчвалі ядзерны арсенал. Злева — плакат Юрыя Лягічава. Справа — плакат Яўгена Бусла. Фота: plakat.unid.by.

Пасля размяшчэння бамбардзіроўшчыкаў у Беларусі яе гарады трапілі ў спіс прыярытэтных цэляў для нанясення ядзернага ўдару з боку ЗША. Аэрадромы ў Быхаве, Оршы (Балбасава), Баранавічах, Бабруйску, Мачулішчах пад Мінскам і Забраўцы пад Мінскам уваходзілі ў дваццатку аб’ектаў, прыярытэтных для знішчэння ва ўсім СССР, краінах Арганізацыі Варшаўскай дамовы і Кітаі.

Раззбраенне пачаў Чарнобыль

З першых дзён прымянення ядзернай зброі ў свеце пайшла гаворка пра раззбраенне. Сур’ёзным крокам стала Дамова аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі 1968 года. Але асноўны штуршок дала аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Яна на доўгі час сфарміравала ў Беларусі негатыўнае стаўленне да ўсіх ядзерных тэхналогій.

Першы этап знішчэння ядзернай зброі адбыўся пасля падпісання дамовы паміж СССР і ЗША аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці (1000—5500 км і 500—1000 км) у канцы 1987 года.

Апошняя пускавая ўстаноўка тактычнага ракетнага комплексу «Ака», ліквідаваная ў Станькаве Дзяржынскага раёна ў кастрычніку 1989 года. На ёй — подпісы вайскоўцаў, якія дэмантавалі абсталяванне. Фота: stankovo.by.

Апошняя беларуская ракета Р-12 была знішчаная 23 мая 1990 года. Сёння корпус такой ракеты можна пабачыць на «Лініі Сталіна» ці ў Пружанах. 27 кастрычніка 1989 года ў Станькаве парэзалі апошнюю пускавую ўстаноўку ОТР-23.

Тым не менш на момант распаду СССР Беларусь была восьмай у свеце краінай па запасах ядзернай зброі.

Тактычных ядзерных боезарадаў на нашай тэрыторыі знаходзілася тады каля 1 120: 270 — у Сухапутных войсках, 125 — у супрацьпаветранай абароне (для знішчэння паветраных цэляў з дапамогай ядзернага выбуху), 575 — у Ваенна-паветраных сілах і 150 — у авіяцыі ВМФ.

Ракеты ў Беларусі, кнопка ў Маскве

Пункт аб тым, што Беларусь ставіць мэтай зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, быў у Дэкларацыі аб незалежнасці ад 27 ліпеня 1990 года. А рубам пытанне стала пасля таго, як СССР распаўся і незалежнасць Беларусі стала здзейсненым фактам.

Амерыканцы баяліся, што на ядзернай кнопцы можа апынуцца шмат пальцаў. Таму прызнанне незалежнасці Беларусі з боку ЗША і іншых заходніх краін увязвалася з забеспячэннем бяз’ядзернага статусу.

У тактычнай ядзернай зброі (далёкасцю да 300 км), якая засталася ад СССР, тагачасныя беларускія генералы сэнсу не бачылі, бо ў рамках абарончай дактрыны такую зброю давялося б з вялікай верагоднасцю ўжываць на сваёй тэрыторыі. «Гэта не проста дзясяткі Чарнобыляў, але і падрыў або разбурэнне генафонду нацыі да цяжка ўзнаўляльнага ўзроўню, і ніякія мэты вайны не вартыя такой задачы», — казаў камандуючы Беларускай вайсковай акругай Анатоль Кастэнка.

Стратэгічныя ракеты таксама стваралі больш небяспек, чым магчымасцей. Такая зброя павінна знаходзіцца ў глыбіні абароны, каб не быць знішчанай у першыя хвіліны вайны. Да таго ж, кіраванне пускам было ў Маскве.

Тэхнічна Расія магла запусціць ракеты без ведама Мінска, а ўдар у адказ атрымала б Беларусь.

У снежні 1991-га Беларусь, Казахстан і Украіна пагадзіліся вывезці тактычную ядзерную зброю ў Расію для разукамплектавання пад сумесным кантролем.

Пазняк прапаноўваў пачакаць

Цягам 1992-га краіны СНД разбіраліся з правамі на ядзерную спадчыну. Спачатку меркавалі, што ядзерная зброя СССР застанецца непадзельнай, пад сумесным кантролем. Але потым Беларусь дэлегавала камандаванне Стратэгічнымі сіламі Расіі. Расія ў адказ абавязалася не ўжываць ядзерную зброю, часова размешчаную на беларускай тэрыторыі, без згоды Беларусі.

Пытанні далучэння Беларусі да ядзерных дамоў СССР і ЗША і вызначэнне статусу ядзернай зброі разглядаліся 4 лютага 1993 года на закрытым пасяджэнні сесіі Вярхоўнага Савета.

Міністр замежных спраў Пятро Краўчанка заклікаў ратыфікаваць дамовы, якія б гарантавалі Беларусі бяз’ядзерны статус пад апекай ААН і «пэўную фінансавую кампенсацыю з боку Расіі» за ядзерныя рэчывы. Дэпутаты ад Апазіцыі БНФ Галіна Сямдзянава і Зянон Пазняк у адказ прапаноўвалі адкласці ратыфікацыю, мяркуючы, што дамовы не адпавядаюць нацыянальным інтарэсам.

З пратакола таго пасяджэння відаць, што Беларусь не настойвала на гарантыях бяспекі з боку ЗША, Расіі і іншых дзяржаў «ядзернага клуба». Затое пытанні пра такія гарантыі ставіла Украіна — яе дэлегацыя ездзіла ў Вашынгтон і дабілася адпаведнага абяцання ад амерыканцаў.

Пятро Краўчанка называў дзеянні ўкраінцаў «палітычнай гульнёй і пасмешышчам», бо, маўляў, гарантыі бяз’ядзерным дзяржавам закладзеныя ў самой дамове 1968 года. З’яўленне Будапешцкага мемарандума такім чынам, было абумоўлена працай украінскай, а не беларускай дыпламатыі.

На тым пасяджэнні Вярхоўны Савет пастанавіў ратыфікаваць дамову аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў. 9 лютага 1993 года ў тэлефоннай размове з Шушкевічам амерыканскі прэзідэнт Біл Клінтан запэўніў, што ЗША дадуць гарантыі бяспекі краіне, а таксама дадатковую падтрымку з практычным выкананнем прынятых абавязкаў.

Маёмасць, ад якой мала толку

Як вынікала са слоў міністра абароны Паўла Казлоўскага, на той час у Беларусі знаходзіліся 32—33 тысячы вайскоўцаў «стратэгічных сіл». Расійскі бок мусіў вывесці ракетныя войскі да 1996 года, кампенсаваць шкоду навакольнаму асяроддзю і забяспечыць ядзерную бяспеку падчас вываду. Нерухомая маёмасць вайсковых частак (казармы, вучэбныя карпусы, лячэбныя ўстановы, 189 жылых дамоў) перадавалася Беларусі.

Але бонус аказаўся так сабе. На ўтрыманне гэтай спадчыны за паўгода было выдаткавана каля 2 млн даляраў. Толку ад будынкаў у цяжкадаступнай мясцовасці было мала, былыя вайсковыя аб’екты раскрадаліся і разбураліся.

Амерыканскія датацыі

На знішчэнне інфраструктуры, звязанай з ядзернымі ўзбраеннямі, Беларусь атрымлівала немалыя датацыі ад ЗША па праграме сенатараў Сэмюэла Нана і Рычарда Лугара. У 1992—1995 гадах Міністэрствы абароны Беларусі і ЗША заключылі восем пагадненняў на 120 мільёнаў даляраў, у 1995-м — яшчэ адно на $16 млн. Сродкі выкарыстоўваліся для закупкі сучаснага абсталявання, вываду з эксплуатацыі шахтаў і пускавых установак балістычных ракет.

Таксама за сродкі праграмы збудавалі 170 кватэр у Гродне для былых ракетчыкаў. Амерыканцаў палохала бытавая неўладкаванасць персаналу з такой кваліфікацыяй.

У сакавіку 1997-га амерыканцы спынілі дапамогу Беларусі з-за кепскага становішча з правамі чалавека.

Пачалі першыя — скончылі апошнія

Апошні эшалон з тактычнай ядзернай зброяй выехаў з Беларусі 27 красавіка 1992 года. А вось вывад стратэгічнай зброі расцягнуўся. Першы полк з 9-цю ракетамі «Топаль» пакінуў Беларусь улетку 1993-га, да канца года былі выведзеныя тры палкі. Аднак у наступным годзе ў Беларусі памянялася ўлада, і з вывадам ядзернай зброі пачаліся затрымкі, ініцыятарам якіх стаў беларускі бок. У выніку апошняя ядзерная боегалоўка пакінула тэрыторыю Беларусі 23 лістапада 1996 года, за дзень да рэферэндуму аб змене Канстытуцыі. 27 лістапада 1996 года адбыўся сімвалічны вывад у Расію апошняй ракеты СС-25. Апошняе ж падраздзяленне забеспячэння расійскіх ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння было выведзена з Беларусі 30 чэрвеня 1997 года.

Затрымкі прывялі да таго, што Беларусь, хоць у свой час заявіла пра вывад ядзернай зброі першай, фактычна вывела яе апошняй. Першай, у красавіку 1995 года, усю ядзерную зброю вывез Казахстан, а 1 чэрвеня 1996 года — Украіна.

Ці варта было выводзіць?

Пасля скарачэння колькасці савецкай ядзернай зброі было шмат гучных заяў пра нібыта страчаную выгаду — ваенную і фінансавую. Вайскоўцы лаялі Міхаіла Гарбачова, які ўсё «здаў амерыканцам», але насамрэч і пасля скарачэння ў Расіі засталося дастаткова ўзбраенняў, каб магчы дашчэнту знішчыць ЗША і Заходнюю Еўропу. Патэнцыял ядзернага ўдару не знізіўся, а вось выдаткі на яго ўтрыманне зменшыліся, плюс з’явілася дадатковая працоўная сіла ў выглядзе звольненых вайскоўцаў.

У Беларусі дагэтуль гучаць папулісцкія выказванні, што ядзерную зброю лепш было б пакінуць сабе. Гэта, маўляў, узмацніла б абараназдольнасць і павысіла значэнне краіны ў свеце. Але варта ўлічваць, што ў Беларусі не было сваёй інфраструктуры вытворчасці і абслугоўвання ядзерных зарадаў (а купіць іх у Расіі перашкаджалі абмежаванні, закладзеныя дамовай 1968 года), не было ўласнай сістэмы кіравання ядзернымі сіламі. Ды і ўвогуле, гэта страшна дарагое задавальненне: небагатая краіна проста не пацягнула б.

У рэальнасці зброя магла застацца на нашай тэрыторыі, але была б расійскай. Што стварыла б дадатковую пагрозу, робячы Беларусь пешкай у чужой гульні.

А можа, хаця б на вывадзе, патаргаваўшыся, можна было нешта зарабіць? Магчыма. Але варта ўсведамляць, што ў пачатку 1990-х наша краіна рабіла першыя крокі на міжнароднай арэне, імкнулася здабыць сабе добрую рэпутацыю, а незгаворлівасць у справе бяз’ядзернасці не спрыяла б гэтаму. А рэпутацыя часта каштуе больш за грошы.

* * *

Ракеты Р-12 маглі знішчыць Лондан ці Рым, а Р-14 — дасягнуць любога, нават самага далёкага ад нас горада Заходняй Еўропы. Пускавых установак Р-12 у Беларусі было 144, Р-14 — 14. Калі б такая ракета з ядзерным боезарадам выбухнула, напрыклад, у Парыжы, там загінуў бы мільён чалавек.

* * *

«Піянер». Так называўся ракетны комплекс, які ў 1976 годзе паступіў пад Петрыкаў. «Піянер» стаў асноўным стратэгічным ракетным комплексам у Беларусі. У 1986-м у Полацку размясцілі іншую ракету на базе «Піянера», «Горн» — комплекс аўтаматычнага кіравання масіраваным ядзерным ударам у адказ. Ён гарантаваў пуск ракет, нават калі ўсё камандаванне будзе знішчана.

* * *

Мінскі аўтамабільны завод спецыяльна для ядзерных ракет распрацаваў і ствараў колавыя шасі. Акрамя стратэгічнага «Піянера», у Беларусі стаялі сотні тактычных ракетных комплексаў з ядзернымі боезарадамі: «Эльбрус» (больш вядомы як «Скад») і «Тэмп-С» (ОТР-22). Максімальная далёкасць — 300 км і 900 км, магутнасць ядзернага зараду — ад 10 кт да 500 кт.

* * *

10500 км магла праляцець ракета рухомага грунтавога ракетнага комплекса «Топаль», якая прыйшла на змену «Піянеру» ў канцы 1980-х. Гэта першыя на нашай тэрыторыі комплексы з міжкантынентальнымі балістычнымі ракетамі. Яны маглі дастаць да любога горада ЗША, забіць на Манхэтане 900 тысяч чалавек. У 1991 годзе ў Беларусі размяшчаўся 81 «Топаль» у складзе 33-й і 49-й ракетных дывізій.

* * *

Вілейка — горад, дзе з 1964 года знаходзіцца радыёстанцыя «Антэй» для сувязі з ракетнымі падводнымі лодкамі. Яна дзейнічае і цяпер як 43-ці вузел сувязі ВМФ Расіі. У Слонімскім раёне размясцілася станцыя для вызначэння каардынат самалётаў і караблёў (цяпер 354-я радыёнавігацыйная частка УС Беларусі). Радыёлакацыйная станцыя сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе з’явілася ў канцы СССР пад Ганцавічамі, у Азярэччы Клецкага раёна (цяпер РЛС «Волга» — аб’ект Узброеных cілаў Расіі).

* * *

«Гіяцынт», «Півоня», «Акацыя», «Цюльпан».

Так называліся гарматы, гаўбіцы і мінамёты, для якіх былі створаныя атамныя снарады. Гарматы «Гіяцынт» і «Акацыя» знаходзяцца на ўзбраенні і сёння, але без атамных снарадаў.

152-міліметровы атамны снарад для самаходнай артылерыйскай устаноўкі «Акацыя». Адзін такі снарад мог знішчыць тысячы людзей. Фота: topwar.ru.

* * *

Будапешцкі мемарандум

5 снежня 1994 года дзяржавы «ядзернага клуба» гарантавалі Беларусі, якая аддавала ядзерную зброю, што будуць паважаць яе незалежнасць, суверэнітэт і межы, устрымлівацца ад пагрозы сілай ці яе прымянення супраць тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Беларусі, што ніякія іх узбраенні не будуць ужытыя супраць Беларусі. Таксама падпісанты абавязаліся ўстрымлівацца ад эканамічнага прымусу.

Праўда, практыка паказала, што такі дакумент сам па сабе не ёсць гарантыяй ні суверэнітэту, ні тэрытарыяльнай цэласнасці. У той жа самы дзень аналагічныя мемарандумы былі падпісаныя таксама з Казахстанам і Украінай, але гэта не ўратавала апошнюю ў сакавіку 2014 года ад анексіі часткі яе законнай тэрыторыі — Крыма. Прытым анексію здзейсніў не нейкі трэці бок, а адзін з падпісантаў і гарантаў Будапешцкага мемарандума — Расійская Федэрацыя. У іншых падпісантаў і гарантаў сур’ёзных механізмаў, каб паставіць агрэсара на месца, не знайшлося.

* * *

Яшчэ ў спрадвечныя часы чалавек навучыўся перабудоўваць малекулы з дапамогай звычайных хімічных рэакцый, хоць і не разумеў іх механізму. А калі стала відавочна, што атам складаецца з больш дробных часціц, наступны крок быў перадвызначаны, пісаў пісьменнік-фантаст і папулярызатар навуковых ведаў Айзек Азімаў у кнізе «Кароткая гісторыя хіміі».

Навукоўцы задумаліся, чаму б не паспрабаваць перабудоўваць ядры атамаў, выкарыстоўваючы ядзерныя рэакцыі. Да гэтага часу ўжо было вядома, што ядры атамаў складаюцца з пратонаў і нейтронаў.

Спачатку бамбардзіроўку атамных ядраў вялі станоўча зараджанымі часціцамі, што прывяло да атрымання новых хімічных элементаў.

Расшчапленне ядра ўрану на ядры іншых элементаў з выдзяленнем новых нейтронаў. Гэта адзін з відаў рэакцыі, якія ляжаць у аснове дзеяння ўранавай ядзернай бомбы.

Але ў 1934 годзе італьянскі фізік Энрыка Фермі заняўся бамбардзіроўкай урану нейтронамі, мяркуючы атрымаць атамы з яшчэ большай масай, чым уран. У той час уран меў найбольшы парадкавы нумар у перыядычнай табліцы Мендзялеева.

Сярод навукоўцаў, якія займаліся вывучэннем вынікаў такой бамбардзіроўкі, былі Ота Ган і Ліза Мэйтнер, якія працавалі ў Германіі. Прыкладна ў 1938 годзе Ган, вывучаючы вынікі эксперыменту, выказаў здагадку, што атам урану пасля яго абстрэлу нейтронамі падзяляецца прыкладна напалову (адбываецца расшчапленне ядра). Растлумачыць гэта ён не мог і не адважваўся — прынамсі публічна — нават абмяркоўваць магчымасць такога расшчаплення.

У 1938 годзе нацысцкая Германія ўварвалася ў Аўстрыю і анексавала яе. Аўстрыйская грамадзянка Ліза Мэйтнер пазбавілася грамадзянства. Гану і Мэйтнер прыйшлося расстацца з-за яе яўрэйскага паходжання. Ліза Мэйтнер з дапамогай Гана нелегальна эмігравала ў Швецыю і апублікавала тэорыю Гана пра тое, што атамныя ядры ўрану пры бамбардзіроўцы нейтронамі падвяргаюцца расшчапленню.

Гэты артыкул выклікаў вялікі перапалох, бо навукоўцы зразумелі, да якіх жахлівых наступстваў можа прывесці гэтая з'ява. Калі атам урану пасля паглынання нейтрона распадаецца на два меншыя атамы, у ядрах якіх менш нейтронаў, чым у ядры атама ўрану, то будуць выдзяляцца лішнія нейтроны, і калі іх паглынуць іншыя атамы ўрану, то яны ў сваю чаргу таксама падзеляцца, што прывядзе да выдзялення яшчэ большай колькасці нейтронаў.

А паколькі ядзерныя рэакцыі звязаны з вялікімі энергіямі, то вынік ланцуговай ядзернай рэакцыі будзе небывала магутным. Устаноўлена было, што ланцуговая ядзерная рэакцыя магчымая толькі пры наяўнасці даволі вялікай масы ўрану — так званай крытычнай масы.

Свет стаяў на парозе Другой сусветнай вайны. Урад ЗША, разумеючы, што смертаносная энергія атамных ядраў можа быць выкарыстана нацыстамі, пачаў стварэнне ланцуговай ядзернай рэакцыі і атрыманне ядзернай зброі.

Узначальваў гэтую працу Роберт Опенгеймер.

Да 1945 года былі вырабленыя прылады, у якіх пры падрыве невялікага зараду выбуховага рэчыва адбывалася збліжэнне дзвюх порцый урану. Дзякуючы ўздзеянню касмічных прамянёў у атмасферы заўсёды маюцца выпадковыя нейтроны, так што ў крытычнай масе ўрану адразу ж пачыналася ланцуговая ядзерная рэакцыя, якая суправаджалася выбухам невядомай датуль сілы.

Першая такая «А-бомба», ці «атамная бомба» (або правільней бомба расшчаплення), асноўным рэчывам якой быў плутоній, была падарваная ў ліпені 1945 года ў штаце Нью-Мехіка. Да наступнага месяца былі вырабленыя яшчэ дзве бомбы, якія ў канцы Другой сусветнай вайны былі скінутыя на японскія гарады Хірасіма і Нагасакі.

Пры выбуху ядзернай бомбы ўзнікае ўдарная хваля, светлавое выпрамяненне, радыяцыя, радыеактыўнае заражэнне і электрамагнітны імпульс. Ударная хваля знішчае ўсё на сваім шляху. Напрыклад, пры выбуху ядзернага боепрыпасу з трацілавым эквівалентам 100 кт ударная хваля прыводзіць да імгненнай гібелі людзей, якія знаходзяцца на адлегласці 1,6 км ад эпіцэнтра выбуху і цалкам разбурае шматпавярховыя каменныя будынкі ў радыусе 4,5 км. Пасля ўдару ЗША па Нагасакі (бомба «Таўстун», 21 кт) ад светлавога выпрамянення і ўдарнай хвалі адразу загінулі 73 тысячы чалавек, ад радыяцыі памерлі 35 тысяч.

Ліза Мэйтнер і Ота Ган (на фота) страшна перажывалі, што іх даследаванні прывялі да стварэння і выкарыстання ядзернай зброі. Ган быў на мяжы адчаю: з-за свайго адкрыцця расшчаплення ядра ён адчуваў сябе адказным за смерць і пакуты сотняў тысяч японцаў.

У 1945 годзе Шведская каралеўская акадэмія навук прысудзіла Ота Гану Нобелеўскую прэмію па хіміі за 1944 год «за адкрыццё расшчаплення цяжкіх атамных ядраў». Ота Ган, які разам з іншымі нямецкімі фізікамі знаходзіўся ў гэты час пад брытанскім арыштам, атрымаў саму прэмію толькі ў 1946 годзе, пасля таго як навукоўцам дазволілі вярнуцца ў Германію.

Ліза Мэйтнер так і не дачакалася Нобелеўскай прэміі, затое ў яе гонар быў названы 109-ы элемент табліцы Мендзялеева. 

Ягор Лебядок

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930