Знайсці
23.03.2020 / 21:582РусŁacБел

Для чаго Чэхаў паехаў на Сахалін

Ганна Севярынец піша пра тое, як расійскі класік змяніў сваё жыццё — і жыццё тых, хто апынуўся «на дне».

Фота: Wikimedia Commons.

Калі Чэхаў — паспяховы літаратар, модны белетрыст і, акрамя таго, доктар, хворы на туберкулёз, — сабраўся ехаць на Сахалін вывучаць катаргу, ніхто нічога не разумеў. Маштаб гэтага непаразумення відаць і па сёння, калі біяграфісты раптам пачынаюць вышукваць якое-небудзь драматычнае каханне, ад якога Чэхаў бег на Сахалін, ці якую-небудзь асаблівую нуду, ад якой Чэхаў шукаў збаўлення на Сахаліне, ці якіх хаця б камерцыйных разлікаў (гэта ж можна там нагледзецца такіх авантурных сюжэтаў, што крымінальная прэса адарве з рукамі!). «Нашто ты едзеш туды, Сахалін сёння нікому нецікавы!» — ушчуваў яго выдавец Аляксей Суворын, думаючы якраз, што Чэхаў дапускае камерцыйную памылку.

Чэхаў паспрабаваў быў патлумачыць: «У мясціны, падобныя Сахаліну, усе павінны ездзіць, як туркі ў Мекку. Гэта востраў невымоўных пакутаў, на якія толькі можа быць здольны чалавек, вольны ці зняволены. Мы згнаілі ў турмах мільёны людзей, згнаілі дарэмна, без развагаў, па-варварску мы гналі людзей па холадзе ў кайданах, заражалі сіфілісам, разбэшчвалі, гадавалі злачынцаў і ўсё гэта потым звалілі на турэмных наглядчыкаў. Вінаватыя не наглядчыкі, а ўсе мы». Але калі адукаваныя людзі верылі такім тлумачэнням? Суцэльны пафас! Ды ну! Пэўна, ёсць нейкая інтрыжка, ад якой хочацца прыгожа збегчы. Ці растрата казённых грошай. Ці што яшчэ такое, вытлумачальнае.

Тады Чэхаў сапраўды змяніў тон. «Напішу пра Сахалін старонак 100—200 і гэтым аддам свой доўг медыцыне, перад якой я — свіння». О, так значна лепей! Бывае: дзівак-белетрыст едзе за тысячы вёрстаў на катаргу, каб напісаць 200 старонак і аддаць доўг медыцыне. Цяпер зразумела. Дурань, хаця і белетрыст. Яшчэ і сухотнік. Ну хто з сухотамі вандруе па Сахаліне? Дурань.

Але ж былі і тыя, хто разумеў.

21 красавіка 1890 года на Яраслаўскім вакзале ў Маскве сабраліся ўсе магчымыя Чэхавы, Ісаак Левітан, муж і жонка Дзмітрый і Соф’я Куўшыннікавы, артысты Малога тэатра — праводзілі Антона на Сахалін. Доктар Куўшыннікаў прынёс пляшку каньяку з наказам выпіць на беразе Ціхага акіяна. Маладзейшыя сябры таксама заскочылі ў вагон — праехаць з вандроўнікам хоць бы да Тройца-Сергіевай лаўры. Вагон — трэці клас, танней няма куды, куламеса, цісканіна. Ніякіх афіцыйных папер, якія дазволілі б Чэхаву вывучаць Сахалін, атрымаць не ўдалося. Хіба толькі карэспандэнцкі білет газеты «Новое время». Грошы — крэдытныя. І невядомасць — наперадзе.

Востраў Сахалін

Уцячы з Сахаліна немагчыма: гэта востраў. Існуе, праўда, адзін варыянт: узімку вузкі і неглыбокі праліў Невяльскога, які аддзяляе Сахалін ад зямлі, замярзае, і тады на востраў бягуць ваўкі — паласавацца нябітай жывёлай, пашукаць якой здыхаты. Воўчымі сцежкамі мог прабрацца і чалавек. Але ахвотных няшмат.

Найстарэйшы маяк вострава знаходзіцца ў Аляксандраўску-Сахалінскім. Яго паставілі яшчэ ў 1864 годзе. Маяк бачылі і Чэхаў, і Сонька Залатая Ручка, якая адбывала тут пакаранне і пахаваная на мясцовых могілках.
Зняволеныя ўручную прасеклі да маяка 87-метровы тунэль у скалах, названы ў гонар Аляксандра ІІ. Тунэль атрымаўся крывы, бо сярод катаржан не было неабходных спецыялістаў. Кіраўніцтва Турэмнага ўпраўлення загадала пакараць вінаватых у крывізне 200 розгамі. Начальства катаргі пакарала 200 катаржан. Фота: shutterstock.com, by Аrtnat.

Ажно да сярэдзіны ХІХ стагоддзя ніводная краіна не мела юрыдычных правоў на Сахалін: жылі там малыя паўночныя народы ніўхі (гілякі) і эвенкі, мелі там свае інтарэсы Расія, Кітай і Японія, раз-пораз арганізоўваліся экспедыцыі з мэтамі высветліць: ці сапраўды Сахалін востраў? У 1855 годзе паміж Расіяй і Японіяй быў заключаны трактат аб сумесным непадзельным валоданні Сахалінам. Відавочна, гэта быў юрыдычны казус. Дваццаць год яго спрабавалі вырашыць — і вырашылі. У 1875 годзе ў Санкт-Пецярбурзе было падпісана пагадненне: Расія перадавала Японіі паўночныя Курылы, Японія Расіі — Сахалін. Атрымаўшы ў поўнае і непадзельнае валоданне велізарны востраў, поўны незлічоных багаццяў, імперыя неадкладна стварыла там катаргу — бо з Сахаліна ж немагчыма ўцячы. Гэта ж якая эканомія на ахове, кратах і будынках! Гісторыя сахалінскай катаргі адлічваецца з 23 мая 1875 года: у той момант, калі туды прыехаў Чэхаў, турме на востраве споўнілася 15 гадоў.

Сахалін у часы Чэхава. Фота: Інакенція Паўлоўскага, Wikimedia Commons.

У 1890 годзе на Сахаліне ўсё яшчэ жылі абарыгены (сёння там карэнных народаў меней за 1%), потым — пасяленцы, якіх урад перыядычна завабліваў зямлёй і рамантычнай далечынёй, і, нарэшце, вязні і высланыя, былыя і цяперашнія, а таксама іх сем’і, калі на тое была іх воля — паехаць за асуджаным на катаргу.

«Кандальныя», то-бок закутыя ў кандалы, жылі, вядома, у турме. Астатнія — як давядзецца. Нехта — альбо па ўласным выбары, альбо па рашэнні адміністрацыі — жыў у турэмным бараку. Нехта — калі дазвалялі сродкі, прысуд і тэрмін — нават на прыватнай кватэры. Галеча, нішчымніца, часам голад і эпідэміі. Мужчыны на работах, увечары п’янка. Жанчыны з 12 гадоў ужо гандлююць сабой. Зразумела, ніякай медыцынскай дапамогі, аглядаў, асветы. «Чаму вы так жудасна выглядаеце, як вы так апусціліся?» — спытаў Чэхаў у аднаго з вязняў, былога ганаровага грамадзяніна буйнога горада. «Бо маё чалавечае аблічча было б тут бессэнсоўным», — адказаў той.

Пісьменнік і катарга

Чэхаў дабіраўся да Сахаліна 81 дзень — пераважна чыгункай і коньмі. На Сахаліне ён правёў 3 месяцы. Шлях дадому заняў 8 месяцаў — з-за халерных каранцінаў ехаць праз мацярык было немагчыма, давялося плысці морам.

За тры месяцы на востраве пісьменнік — сам адзін, па ўласнай ініцыятыве, без заробку — зрабіў поўны перапіс катаржнага насельніцтва.

Сем з паловай тысяч індывідуальных картак, у якія заносіліся асабістыя звесткі асуджанага, узровень ягонай адукацыі і месца, адкуль ён прыехаў, сродкі, на якія жыве. Цяжкасці пачыналіся ўжо з імёнаў: шмат хто з катаржан трапляў на Сахалін па чужых паперах, пад чужымі імёнамі, змянялі іх, называліся як хацелі. «Што тычыцца прозвішчаў, па нейкай дзіўнай выпадковасці на Сахаліне зашмат Багданавых і Бяспалавых. Самае распаўсюджанае імя — Іван, прозвішча — Няпомняшчы, — занатуе Чэхаў. — Бывае, што праваслаўны мужычок на пытанне пра імя адказвае: «Карл». Гэта валацуга, які па дарозе памяняўся іменем з якім-небудзь немцам». Пачынаеш высвятляць імя — чалавек раптоўна раскрываецца. Плача, сумуе, ные душой. Гэта ж, мабыць, нехта шукае яго пад сапраўдным іменем. Мамка ці жонка раптам. Сем тысяч картак, сем тысяч імёнаў, сем тысяч гісторый.

Чэхаў падымаўся а пятай раніцы, клаўся апоўначы: «На Сахаліне няма ніводнага катаржнага, з якім я не быў бы знаёмы асабіста».

Некаторыя карткі — некалькі соцень — часткова альбо поўнасцю запоўненыя двума памагатымі, якія раз-пораз бралі ўдзел у перапісе: Данілам Булгарэвічам і іераманахам Іракліем.

Даніла Булгарэвіч, дарэчы, беларус, з перасяленцаў. Сын крычаўскага святара Аляксандра Булгарэвіча. На Сахаліне ён служыў пры канцылярыі, нейкі час загадваў школамі. На ягонай кватэры спыніўся Чэхаў: «Я жыву ў аднаго маладога чыноўніка, дужа добрага чалавека», — напіша ён потым. Даніла Булгарэвіч часта суправаджаў Чэхава ў паездках па востраве, потым перасылаў яму шматлікія сведчанні і дакументы, якія маглі спатрэбіцца пры працы над кнігай пра Сахалін.

Але і акрамя перапісу ў Чэхава на востраве было шмат турботаў.

Усе тры месяцы ён працаваў як доктар: аглядаў, кансультаваў, лячыў, і не толькі ў тых дамах, па якіх хадзіў з карткамі, — турэмнае кіраўніцтва ў цяжкіх выпадках пасылала па яго. І гэта калі не ўлічваць бясконцую медыцынскую асвету, бясконцыя гутаркі пра гігіену, якія даводзілася весці не толькі з гаспадарамі кватэр і камер, але і з кіраўніцтвам вострава. Толькі пытанне прыбіральняў у турмах і на ўласных падворках каштавала Чэхаву сапсаваных нерваў, а колькі ж іх было, такіх пытанняў! І адсутнасць вентыляцыі ў камерах, і нішчымная ежа, але і гэта не самае страшнае, бо яшчэ — і дзіцячая прастытуцыя, і жудасны стан жаночай медыцыны… А яшчэ ўнутраны свет сахалінца, што жыве без надзеі, без веры, без любові, у бясконцым пачуцці нянавісці і несправядлівасці…

Чэхаў з’язджаў з Сахаліна, перакананы ў тым, што сама атмасфера катаргі, грамадскага забыцця, распусты і несправядлівасці, цынізму і нянавісці разбэшчвае чалавека, нішчыць усё добрае ў ім, забівае надзею на будучае жыццё. І няма паратунку нікому: ні злачынцу, ні бязвінна асуджанаму, ні дзіцяці, народжанаму ў гэтай атруце.

Кніга

Пісаць пра Сахалін было цяжка. «Я ніяк не мог справіцца з матэрыялам, пакуль не вырашыў: нельга пісаць так, нібыта я хачу некага нечаму навучыць», — дзяліўся з сябрамі Чэхаў. І сапраўды: ніякага пафасу, ніякіх дэкларацый, прамоў і лозунгаў у кнізе няма. Гэта дарожныя нататкі, у якіх адлюстраваны дзень перапісчыка — не больш за тое. Толькі факты, толькі тое, што бачыў на свае вочы. У гэтым — моц.

Тым больш, што тут не толькі пра катаргу і катаржан. Шмат краязнаўчай і эканамічнай інфармацыі, пейзажных замалёвак, падрабязна пракладзеных маршрутаў. У трапных, важкіх дэталях дадзены партрэты сахалінскага чынавенства і кіраўніцтва — без згушчаных фарбаў, але і без прыўкрасаў, па-чэхаўску.

Цікава, што крымінальныя гісторыі, якія б гарантавалі кнізе выключны камерцыйны поспех, Чэхаў наўмысна не ўключаў. Прыкладам, яму давялося пабачыць на катарзе закаваную ў кайданы Соньку Залатую Ручку — яе толькі-толькі злавілі пасля спробы ўцёкаў. Колькі спакусы было ў тым, каб змясціць у кнізе маштабную гутарку з легендарнай зладзейкай! Але не гэта было мэтай Чэхава — таму Сонька там мільгае ў адным абзацы. Няма ў кнізе і партрэтаў іншых легендарных злачынцаў, якіх на Сахаліне хапала.

Сонька Залатая Ручка (Соф'я Блюўштэйн, у дзявоцтве Саламаніяк) была зоркай расійскага крымінальнага свету. Народжаная ў 1846 годзе ў яўрэйскай сям'і пад Варшавай, яна займалася злачыннай дзейнасцю па ўсёй імперыі і нават у іншых краінах Еўропы. Арганізоўвала буйныя крадзяжы і аферы, якія набывалі шырокі розгалас дзякуючы авантурнасці, схільнасці зладзейкі да містыфікацый і зменаў аблічча. Мела адукацыю, ведала некалькі замежных моў. На Сахалін была саслана ў 1888 годзе і заставалася тут да смерці ў 1902-м. Перад гэтым некалькі разоў паспяхова збягала з турмаў і высылак.
Чэхаў у сваім рамане прысвяціў ёй усяго некалькі радкоў: «Гэта маленькая, худзенькая, ужо з сівізной жанчына з памятым, старэчым тварам. На руках у яе кайданкі: на нарах адно толькі футэрка з шэрай аўчыны, якое служыць ёй і цёплай вопраткай, і пасцеллю. Яна ходзіць па сваёй камеры з кута ў кут, і падаецца, што яна ўвесь час нюхае паветра, як мыш у мышалоўцы, і выраз твару ў яе мышыны. Гледзячы на яе, не верыцца, што яшчэ нядаўна яна была прыгожая да такой ступені, што ачароўвала сваіх турэмшчыкаў». Фота: Wikimedia Commons.

Але і пазбаўлены «смажаных» гісторый і публіцыстычнай эмацыйнасці «Востраў Сахалін», які Чэхаў пісаў чатыры гады, выбухнуў на ўсю краіну. Адразу пасля публікацыі («Востраў» спачатку выходзіў часткамі ў часопісе «Русская мысль», у 1894-м — асобнае выданне) расійскі ўрад накіраваў на востраў спецыяльныя праверкі Міністэрства юстыцыі і Галоўнага ўпраўлення турмаў. У прэсе і афіцыйных абмеркаваннях упершыню загучалі словы «правы асуджаных». На Сахаліне пачалі адкрывацца школы і фельчарскія пункты, пры самым непасрэдным удзеле Чэхава былі адкрытыя тры прытулкі для сахалінскіх сірот і дзяцей катаржных. У турмах і казармах з’явіліся прыбіральні. Пачалася і барацьба з самаўладдзем турэмных наглядчыкаў — прынамсі, яна актыўна дэкларавалася.

«Я задаволены, што ў маёй белетрыстычнай апранальні будзе вісець і арыштанцкі халат, — пісаў Чэхаў і дадаваў: — Цяпер у мяне ўсё прасахалінена».

І сапраўды, усё цяпер у яго па-іншаму: ніякіх табе «Тоўсты і тонкі» альбо «Хамелеон», усё больш «Палата нумар шэсць». Гумар і добразычлівая ўсмешка першых апавяданняў «моднага белетрыста» мяняюцца на скепсіс і сарказм Чэхава «паслясахалінскага».

Сорак гадоў пасля

Усяго толькі праз сорак гадоў, ужо ў часы СССР, паездкі пісьменнікаў у турмы і лагеры стануць своеасаблівай традыцыяй. Працэс будзе пастаўлены на канвеер: збіраюцца дэлегацыі, замаўляецца транспарт, лагернае кіраўніцтва рыхтуе экскурсіі, забаўкі і банкет. Атрымае савецкая літаратура і свой «Востраў Сахалін» — кнігу «Беламорска-Балтыйскі канал імя Сталіна: гісторыя будаўніцтва, 1931—1934 гг.». У падмурак гэтай кнігі было пакладзена ўражанне Максіма Горкага, якое ён атрымаў, наведаўшы лагер у Салаўках: «Нечуваны, фантастычна паспяховы вопыт перавыхавання небяспечных для грамадства людзей ва ўмовах вольнай грамадска карыснай працы».

Так званы «тачачнік» — вязень-катаржнік, за нейкую правіну прыкаваны да сваёй працоўнай тачкі. Праз гэта ён мусіў цягаць з сабой тачку не толькі падчас працы, але і ўсе 24 гадзіны сутак. Гэта было вельмі цяжка, бо тачка важыла 5 пудоў (каля 80 кг). Гэты здымак зроблены на Нерчынскай катарзе ў Забайкаллі, але на Сахаліне гэты від пакарання таксама шырока практыкаваўся. Фота Аляксея Кузняцова, rus-biography.ru

Міжволі параўноўваючы тое, што ўбачыў на Сахаліне Чэхаў, і тое, што павінны былі ўбачыць на Салаўках і Беламорканале савецкія пісьменнікі, немагчыма не думаць, што чэхаўскі Сахалін выглядае курортам у параўнанні з ГУЛАГам. Прыкладам, у «Востраве Сахаліне» апісаныя карцёжнікі, што прагульваюць у карты свае пайкі і кладуцца спаць галоднымі. У ГУЛАГу карцёжнікі ставілі на кон чужыя жыцці — шмат хто са «зніклых без вестак» быў проста «прагуляны ў карты» і забіты ўначы згодна з правіламі гульні.

Але ніхто нічога не ўбачыў. Ніводнага Антона Чэхава ў гэтых дэлегацыях не было.

Бо ён, калі б жыў, даўно на той катарзе ўжо сядзеў бы сам.

 ***

«З прычыны велічэзнага попыту заняткам прастытуцыяй не перашкаджаюць ні старасць, ні пачварнасць, ні нават сіфіліс ў трацічнай форме. Не перашкаджае і ранняя маладосць. Мне даводзілася сустракаць на вуліцы ў Аляксандраўску дзяўчыну 16-ці гадоў, якая, расказваюць, стала займацца прастытуцыяй з 9 гадоў. У дзяўчыны гэтай ёсць маці, але сямейная абстаноўка на Сахаліне далёка не заўсёды ратуе дзяўчат ад гібелі. Распавядаюць пра цыгана, які прадае сваіх дачок і пры гэтым сам таргуецца. Адна жанчына вольнага стану ў Аляксандраўскай слабодцы трымае «ўстанову», у якой аперуюць толькі адныя яе родныя дочкі».

Антон Чэхаў. Востраў Сахалін

 ***

«Крыху пазней я прымаю амбулаторных хворых. Прыёмная побач з аптэкай, новая; пахне свежым дрэвам і лакам. Стол, за якім сядзіць лекар, абгароджаны драўлянымі кратамі, як у банкірскай канторы, таму падчас прыёмкі хворы не падыходзіць блізка і лекар збольшага абследуе яго на адлегласці. За сталом побач з доктарам сядзіць класны фельчар, моўчкі гуляе аловачкам, і здаецца, быццам гэта асістэнт на экзамене. Тут жа, у прыёмнай, ля дзвярэй стаіць наглядчык з рэвальверам, ходзяць нейкія мужыкі, бабы. Гэтая дзіўная абстаноўка бянтэжыць хворых, і, я думаю, ніводны з сіфілітыкаў і ніводная жанчына не наважыцца гаварыць пра сваю хваробу ў прысутнасці гэтага наглядчыка з рэвальверам і мужыкоў. Хворых няшмат. Усё гэта ці febris sachaliniensis, ці экзэмы, ці «сэрца баліць», ці сімулянты; хворыя-катаржнікі настойліва просяць, каб іх вызвалілі ад працы. Прыводзяць хлопчыка з нарывам на шыі. Трэба разрэзаць. Я прашу скальпель. Фельчар і два мужыкі зрываюцца з месца і збягаюць кудысьці, трохі пазней вяртаюцца і падаюць мне скальпель. Інструмент аказваецца тупым, але мне кажуць, што гэтага не можа быць, бо слесар нядаўна тачыў яго. Зноў фельчар і мужыкі зрываюцца з месца і пасля дзвюх-трох хвілін чакання прыносяць яшчэ адзін скальпель. Пачынаю рэзаць — і гэты таксама аказваецца тупым. Прашу карболавай кіслаты ў растворы — мне даюць, але не хутка; відаць, што гэтая вадкасць выкарыстоўваецца тут не часта. Ні таза, ні шарыкаў ваты, ні зондаў, ні прыстойных нажніц, ні нават вады ў дастатковай колькасці».

Антон Чэхаў. Востраў Сахалін

 ***

«Як ядуць арыштанты? Сталовых няма. Апоўдні да барака або прыбудовы, у якой змяшчаецца кухня, цягнуцца арыштанты гужам, як да чыгуначнай касы. У кожнага ў руках які-небудзь посуд. Да гэтага часу суп звычайна бывае ўжо гатовы і, развараны, «прэе» ў закрытых катлах. У кашавара да доўгай палкі прыладжаны «бачок», якім ён чэрпае з катла і кожнаму налівае порцыю, прычым ён можа зачэрпнуць бачком адразу дзве порцыі мяса ці ніводнага кавалачка — як захочацца. Калі нарэшце падыходзяць самыя заднія, то суп ужо не суп, а густая, ледзь цёплая маса на дне катла, якую даводзіцца разводзіць вадой. Атрымаўшы свае порцыі, арыштанты ідуць прэч; адныя ядуць на хаду, іншыя — седзячы на зямлі, трэція ў сябе на нарах. Нагляду за тым, каб усе абавязкова елі, не прадавалі і не мянялі сваіх порцый, няма. Ніхто не пытаецца, ці ўсе абедалі, ці не заснуў хто; і калі тым, хто распараджаецца на кухні, сказаць, што на катарзе, у асяроддзі прыгнечаных і маральна скурожаных людзей, нямала такіх, за якімі трэба сачыць, каб яны елі, і нават карміць іх сілком, то гэтая заўвага выкліча толькі няўцямны выраз на тварах і адказ: «Не магу знаць, ваша высокаблагароддзе!»

Антон Чэхаў. Востраў Сахалін 

Ганна Севярынец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031