Знайсці
19.10.2019 / 15:499РусŁacБел

Кісель. І сон па раскладзе. Як апошні кароль Рэчы Паспалітай жыў пасля фінальнага этапу «інтэграцыі» з Расіяй

Перад апошнім падзелам Рэчы Паспалітай і паўтара года пасля яго Станіслаў Аўгуст Панятоўскі жыў у Гродне. Кацярына ІІ не магла дачакаць, калі ён адрачэцца ад трону. Імператрыца прыставіла да Панятоўскага агентаў, якія мусілі дакладаць у Пецярбург пра кожны крок караля. Іх паведамленні — каштоўная крыніца для сённяшніх гісторыкаў, піша Наталля Васілюк. З іх мы бачым, што кароль, нягледзячы на нягоды, не пакідаў каралеўскіх звычак і вёў здаровы лад жыцця.

Новы замак у Гродне. Фота: Wikimedia Commons.

Вядома, што прагулкі на свежым паветры станоўча ўплываюць на стан чалавека. Мабыць, таму ад цяжкіх думак кароль ратаваўся штодзённымі шпацырамі. Адразу пасля прыезду ў Гродна ў пачатку 1795 года Станіслаў Аўгуст гуляў па двары Новага замка і па беразе Нёмана. Далей не хадзіў і не ездзіў. Магчыма, проста баяўся паказвацца перад людзьмі, якія вінавацілі яго ў страце краіны.

Але 15 сакавіка Панятоўскі ўсё-такі выправіўся за горад, першы раз. Ехаў ён у адкрытай карэце ў суправаджэнні расійскіх «сяброў». Карэту акружалі некалькі прыдворных і канвой з 24 чалавек. Вялікая колькасць аховы можа сведчыць, што апошні манарх сапраўды баяўся выязджаць за горад, і гэты выезд стаў для яго сур’ёзным выпрабаваннем. Картэж адправіўся да вёскі Грандзічы за 4 км ад Гродна. Вяртаючыся дахаты, кароль заехаў у госці да галоўнакамандуючага расійскімі войскамі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай Мікалая Рапніна, а з чатырох гадзін вечара да захаду сонца гуляў па тэрасе над Нёманам. Праўда, пасля гэтай прагулкі кароль прастудзіўся і некалькі дзён не выходзіў са спальні, але ўжо з 26 сакавіка аднавіў шпацыры.

Ян Чэслаў Манюшка (1853—1908). «Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў Пецярбурзе». Аўтар карціны — сын кампазітара Станіслава Манюшкі. Асноўны матыў яго жывапісу — пастаральныя, настальгічныя сцэнкі з апошняга перыяду Рэчы Паспалітай. Фота: Нацыянальны музей у Варшаве.

Летам Станіслаў Аўгуст праводзіў на паветры цэлыя гадзіны. Ён бываў у недалёкіх ад Гродна Панямуні, Ласосне, Аўгустове, Караліне, Путрышках, Адамовічах, а таксама на лясной дачы князя Любецкага ў Пышках. Панятоўскі займаўся верхавой яздой, таму часам ездзіў на прагулкі конна. Апошні манарх Рэчы Паспалітай не раз праязджаў прыгараднымі дарогамі — віленскім і скідзельскім трактам, а таксама па азёрскай дарозе (мястэчка Азёры знаходзіцца за 30 км на ўсход ад Гродна). Акрамя таго, Панятоўскі нярэдка наведваў сядзібу ў Станіславове (цяпер яна ў межах Гродна, па вул. Церашковай, 29).

Асабліва любіў Станіслаў Аўгуст вёску Ласосна. Тут ён падоўгу заставаўся адзін. Але часта гуляў і ў кампаніі. Напрыклад, 9 мая кароль разам з Рапніным гулялі ў Панямуні, дзе назіралі за яўрэйскім вяселлем.

Нягледзячы на тое, што Станіслаў Аўгуст любіў балі, у яго быў дакладны распарадак дня: адпраўляўся спаць а 23-й гадзіне, прачынаўся а 6-й. Да распарадку дня ставіўся сур’ёзна. Ідучы адпачываць, Панятоўскі патрабаваў, каб у замку была цішыня.

Таксама Станіслаў Аўгуст трымаўся правільнага харчавання. На сняданак, а 6-й, піў кісель з арабін. У палацы быў спецыяльны кухар, які ўначы гатаваў каралю ежу для сняданку. Перыядычна кароль абедаў на свежым паветры — на балконе над Нёманам. Спажываў і віно, аддаючы перавагу французскаму. На адным прыёме пакаштаваў венгерскае — не спадабалася, папрасіў замяніць.

У апошнія гады жыцця кароль страціў нюх, таму жадаў, каб яго талеркі заўсёды праціралі асафецідамі.

Станіслаў Аўгуст не вельмі любіў бываць на чужых абедах. Да каго б ён ні хадзіў, разам з ім быў ягоны кухар, які ў чужым доме гатаваў каралю некалькі страў на каралеўскі густ.

У лютым 1795 года каралю прывезлі з Варшавы більярд ды іншыя гульні. З гэтага дня Станіслаў Аўгуст гуляў часта, амаль кожны дзень.

У більярд Станіслаў Аўгуст гуляў часта, амаль кожны дзень. Фота: daelmans.be.

Вясной 1797-га на запрашэнне новага імператара Паўла І Панятоўскі выехаў у Пецярбург. Жыў ён там у Мармуровым палацы, які Кацярына будавала для графа Аляксея Арлова, — шыкоўным звонку, але сырым і брудным знутры. Нягледзячы на нібыта неблагое здароўе, праз год апошні кароль Рэчы Паспалітай памёр ад інсульту ва ўзросце 66 гадоў.

* * *

Асафеціда — гэта расліна, якая мае вельмі востры пах, падобны да часночнага. Калі дадаць асафеціду ў ежу, смак і пах расліны будзе вельмі добра адчувацца. Яго адчуе нават той, у каго не вельмі добры нюх. Для таго і дадавалі ў ежу Панятоўскаму гэтую прыправу — каб ён хоць штосьці адчуваў.

Наталля Васілюк

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031