Знайсці
26.08.2019 / 19:2620РусŁacБел

Мітрапаліт Павел ініцыяваў маштабную праверку Брацтва святых віленскіх пакутнікаў — астраўка беларускасці ў БПЦ

У жніўні спецыяльная камісія пачала праверку дзейнасці Брацтва святых віленскіх пакутнікаў, якое ўзначальвае Мікола Матрунчык. Брацтва паўстала ў пачатку 1990-х гадоў і аб’яднала пад сваім крылом тых людзей у праваслаўнай царкве, якім дарагая беларуская мова і слова. 

Мікола Матрунчык. Фота Волі Афіцэравай.

Дзейнасць брацтва ўсяляк падтрымліваў мітрапаліт Філарэт.

«Філарэт добра ставіўся да беларускай справы. Мы ўзгаднялі з ім свае планы, ён даваў нам шмат парадаў па міжнароднай лініі, калі нам не хапала свайго досведу», — расказвае спадар Матрунчык.

Брацтва віленскіх пакутнікаў было прымацаванае да Петрапаўлаўскага сабора ў Мінску. Менавіта там у свой час з’явіліся першыя літургіі на беларускай мове, якія праводзіў айцец Георгій Латушка. Шмат намаганняў брацтва ўкладвала ў пераклады праваслаўнай літаратуры, літургіі, Новага запавета на беларускую мову. Гэта быў такі астравок беларускасці ў БПЦ.

Мікола Матрунчык кажа, што сітуацыя моцна змянілася пасля прыходу мітрапаліта Паўла, які на працягу ўсяго свайго тэрміну знаходжання ў Беларусі ніяк не звяртаў увагу на дзейнасць брацтва. «Калі святкавалі 25-годдзе брацтва, то думалі, што мітрапаліт неяк паглядзіць у наш бок, але не, ён быў заняты іншымі справамі», — кажа спадар Матрунчык.

Ва ўласнасці брацтва маецца і нерухомасць, у іхнім распараджэнні ёсць дом «Кінанія» ў Калодзішчах.

Менавіта там праходзяць беларускамоўныя праваслаўныя імпрэзы, розныя трэнінгі, сустрэчы. Існуе версія, кіраўніцтва царквы палічыла, што ў брацтва існуе зашмат самастойнасці, таму і была ініцыяваная праверка.

«Наша брацтва як нейкае бяльмо ў воку для кагосьці, пастаянна чагосьці патрабуюць беларускага, якога нават у грамадстве няма, а што казаць пра царкву. А мы то адзін зварот напішам, то іншы. Прасілі ўшаноўваць больш годна беларускіх святых, каб яны сталі нацыятворчым чыннікам», — расказвае Матрунчык.

Як растлумачыў сам мітрапаліт Павел, ідзе праверка тых структураў, якія знаходзяцца ў межах мітраполіі. Спадар Матрунчык кажа, што да гэтай праверкі рыхтаваліся доўга. Усяго ў спісе на праверку каля 40 пунктаў. Праверка была завершана яшчэ 15 жніўня, а яе вынікі павінны былі быць агучаныя яшчэ 20 жніўня, але іх усё яшчэ няма.

Брацтва віленскіх пакутнікаў мае шматлікія міжнародныя сувязі і фінансава заўсёды было незалежным ад мітраполіі.

Прэс-сакратар БПЦ Сергій Лепін сказаў «Нашай Ніве», што праверкі бываюць у кожнай структуры, у тым ліку ўнутры БПЦ, ён не раіць шукаць у гэтай сітуацыі нешта надзвычайнае. Калі будуць вынікі праверкі, айцец Сергій пакуль не можа сказаць.

Мікола Матрунчык — магістр філасофіі, гісторык, публіцыст, грамадскі і царкоўны дзеяч.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930