Знайсці
26.08.2019 / 13:15РусŁacБел

Mgzavrebi, эстафета з дзяўчатамі ў дыване і паветраны басейн: як адгулялі «Тбілісобу-2019»

У суботу, 24 жніўня, у Верхнім горадзе прайшоў фестываль грузінскай культуры «Тбілісоба». Каля 80 000 гасцей сабралася ў сэрцы Мінска, каб паслухаць выступ характарнага гурта Mgzavrebi, падняць тост за маладых на грузінска-беларускім вяселлі і пакаштаваць найлепшыя стравы грузінскай кухні. «Тбілiсоба» 2019, або «свята з грузінска-беларускім характарам», сёлета адзначыла пяцігадовы юбілей.

24 жніўня на галоўнай сцэне «Тбілісобы» з раніцы да вечара выконвалі песні характарныя артысты з сонечнай Грузіі: шматгалоссе «Швідкаца», ансамбль Iriao, хэдлайнеры фестывалю Mgzavrebi. Былі і беларускія выканаўцы: Shuma, Бакей, Валік і Ліса, якія ў мінулым месяцы разам з «Баржомі» запісалі трэк пра сталіцу «Мінск з характарам». Гэты фэст прысвяцілі грузінска-беларускаму сяброўству: упершыню арганізатары на «Тбілісобе» адкрылі куток беларускай гасціннасці для грузінаў, якія прыехалі ў Мінск на свята. Тут іх знаёмілі з культурай нашай краіны, яе традыцыямі і рамёствамі, праводзілі майстар-класы па ферментацыі гарбаты і частавалі хатнім сочывам, блінамі, сушанымі яблыкамі ды грыбамі.

«Характар — гэта тое ўнікальнае, што ўласціва кожнаму з нас. Асаблівыя рысы характару, якія аб'ядноўваюць грузінаў і беларусаў, — гэта гасціннасць і ветлівасць, — распавядае Дзяніс Крупец, дырэктар IDS Borjomi Belarus і арганізатар фестывалю «Тбiлiсоба». — Яны задалі адпаведную атмасферу гэтага фэсту: свята атрымалася па-грузінску гасцінным і па-беларуску сардэчным. Па-асабліваму «лагодна» было падчас выступу Mgzavrebi: грузінскім артыстам падпяваў увесь натоўп».

На «Тбілісобе» арганізавалі неверагодна рамантычнае грузінска-беларускае вяселле. У дворыку па адрасе Герцэна, 2а ўвесь дзень было вельмі людна: усе хацелі паглядзець, як праходзіць каларытнае грузінска-беларускае свята. У якасці пацверджання шчырасці сваіх пачуццяў, маладыя двойчы выканалі «Картулі» — грузінскі танец кахання. Падчас свята сярод гасцей «Тбілiсобы» правялі эстафету: забегі на хуткасць ладзілі з дзяўчатамі, загорнутымі ў дыван. Паводле слоў адной з іх, дзяўчына даўно марыла, каб яе «скралі» такім чынам.

Зазірнулі павіншаваць маладых мэр Тбілісі Каха Каладзе, экс-футбаліст «Мілана» і кіеўскага «Дынама», які прыляцеў з візітам у сталіцу, і мэр Мінска Анатоль Сівак. Акрамя гэтага, на вясельнай пляцоўцы ад самага ранку працаваў Offline Tinder Borjomi. «Замэтчыцца» прыйшлі дзясяткі гасцей: хлопцы і дзяўчаты параўноўвалі свае характары і такім чынам шукалі на фестывалі для сябе пару.

На турыстычным маркеце, дзе прапаноўвалі купіць пуцёўкі ў Кутаісі, Баржомі і Батумі, для гасцей прайшоў караоке-конкурс песень Валерыя Меладзэ. Выканаць «Іншаземку», «Акіян і тры ракі» на сцэне спрабавалі дзеці, дарослыя, сольныя выканаўцы, дуэты і нават цэлыя квартэты. Пераможца атрымала бясплатную экскурсію па Грузіі.

У гастранамічным дворыку можна было адпачыць, смачна паесці і зрабіць шмат незвычайных фатаграфій: развешаная на вяроўках бялізна, дываны, шахматы на сталах, чурчхела і маркет вінілавых пласцінак — арганізатары пастараліся перадаць на пляцоўцы характар і атмасферу вулачак Тбілісі. Можна было ўзяць крыху віна і смачнай ежы, бутэлечку «Баржомі» і паслухаць жывую музыку ў выкананні артыстаў «Пешаходкі».

Для малодшых гасцей «Тбілісобы» падрыхтавалі мноства навучальных майстар-класаў, футбол, электрасамакаты, рэгбі і ўрокі па чыдаобе — традыцыйнай грузінскай барацьбе. Асабліва спадабалася дзецям фотазона «Баржомі» з ружовавалосым поні. Побач з ёй майстры салона Fedina прапаноўвалі гасцям фестывалю пафарбаваць у незвычайны яркі колер бровы і такім чынам паказаць свой непаўторны характар.

З раніцы да вечара на танцавальнай пляцоўцы ішлі батлы паміж хіп-хопам і vogue, jazz-funk і народнымі грузінскімі танцамі. Асаблівую папулярнасць у гасцей «Тбілісобы» заваяваў басейн «Баржомі» — госці з вышыні некалькіх метраў «ныралі» па бляшанкі з вадой.

Арганізатарамі фестывалю выступілі Мінгарвыканкам, Пасольства Грузіі ў Рэспубліцы Беларусь, мэрыя Тбілісі, грузінскае таварыства «Мамулі» і ТМ «Баржомі».

Фота Паўла Фралова

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера