Знайсці
22.10.2019 / 23:14РусŁacБел

«Расстралялі іх. Усё роўна толку не будзе з гэтых малых»

Калі ідзе гаворка пра выкарыстанне дзяцей у разведвальна-дыверсійнай вайне супраць Чырвонай арміі і савецкіх партызан у гады Другой сусветнай вайны, то часцей за ўсё ваенныя гісторыкі расказваюць пра дзіцячую школу ў мястэчку Гемфурт у Заходняй Германіі, арганізаваную абверам у ліпені 1943 года. Але ў Беларусі былі і свае ўласныя Гемфурты, дзе праходзілі шпіёнскую падрыхтоўку падлеткі абодвух палоў. Піша кандыдат гістарычных навук Святаслаў Кулінок.

Хлопчыкі кідаюць камяні ў помнік Леніну. 1941 год. Фота зроблена нямецкім фатографам. Найхутчэй, што яно было пастановачным.

Пачалі рыхтаваць адразу пасля акупацыі

У фондах Нацыянальнага архіва Беларусі захоўваецца праект дакладной запіскі першага сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнкі на імя Сталіна, датаваны 18 жніўня 1941 года. У запісцы, акрамя пытанняў, звязаных з эвакуацыяй, Панамарэнка адзначае, што ў вёсцы Крэмнае пад Туравам немцы «арганізавалі трохдзённыя курсы для падлеткаў 13—14 гадоў з дзяцей рэпрэсаваных і іншых контррэвалюцыйных элементаў і рыхтуюць з іх тэрарыстаў для камандзіраў РККА [Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі]. Тых, хто прайшоў курсы, узбройваюць наганамі і закідаюць у наш тыл. Гэты ж кантынгент выкарыстоўваецца ў якасці разведчыкаў». З вялікай доляй верагоднасці можна казаць пра тое, што гэта быў першы навучальны цэнтр па падрыхтоўцы немцамі дзяцей-дыверсантаў на тэрыторыі СССР.

Чаму дзеці?

Чаму нацысты выкарыстоўвалі непаўналетніх дзяцей? Прычыны празаічныя.

Нямецкія спецслужбы былі нацэленыя на дасягненне выніку любымі сродкамі. Ніякіх сумленных правіл, ці, як цяпер кажуць, fair play, для іх не існавала.

Хлопчыкі каля знішчанага помніка Леніну ў Менску. 1941 год.

Мужчыны з акупаваных тэрыторый або пайшлі ў армію, або хаваліся. А дзеці з жанчынамі пазаставаліся. Хто ж жанчын і дзяцей будзе чапаць? Так думалі людзі напачатку. У Мінску, напрыклад, дзеці ва ўзросце да 18 гадоў складалі ў часы акупацыі 44% ад агульнай колькасці насельніцтва.

Для агента-падлетка лёгка было прыдумаць легенду. Дзіця выклікае шкадаванне, асабліва калі яно сірата. Агенты траплялі ў партызанскія злучэнні пад выглядам тых, хто шукае выратавання ад адпраўкі ў Германію, бежанцаў з прымусовых работ, пацярпелых ад карных аперацый. Самай распаўсюджанай легендай для агента быў расказ пра тое, што карнікі расстралялі ягоных бацькоў і падлетак прыйшоў у партызанскі атрад, каб за іх адпомсціць.

Як вербавалі

Дзеці наіўныя і ўражлівыя. Важную ролю адыгрываў і псіхалагічны фактар: падлетка цягне на прыгоды, вандроўкі, яму хочацца быць падобным да вайскоўцаў, а гэта значыць — мець зброю… Ужываліся і грубыя спосабы вярбоўкі: запалохванне, сямейнае закладніцтва, подкуп, пагроза знішчэння членаў сям’і.

І гэта давала вынік. З другой паловы 1942 года ў партызанскіх дакументах пачынае сістэматычна з’яўляцца інфармацыя пра выкарыстанне падлеткаў у якасці разведчыкаў і дыверсантаў. Вось толькі некалькі прыкладаў.

У загадзе № 32 ад 1 лiпеня 1942 года па партызанскім атрадзе Райцава звярталася ўвага: «Глыбокай разведкай выяўлена, што праціўнік за апошні час вярбуе шпіёнаў з цывільнага насельніцтва абодвух палоў ва ўзросце ад 12 да 18 гадоў і засылае іх у тыл Чырвонай арміі і партызанскія атрады з мэтай падрыўной дыверсійнай працы, агентуры і разведкі».

У аператыўнай зводцы № 16 Паўночна-заходняй групы ЦК КП(б)Б ад 4 верасня 1942-га адзначалася, што «за апошні час немцы ўзмоцнена засылаюць у партызанскія атрады дзяцей ва ўзросце ад 8 да 16 гадоў з заданнямі шпіёнскага характару».

У справаздачах асобых аддзелаў партызанскіх брыгад і атрадаў адзначалася: «Немцы не грэбавалі для адпраўкі ў разведку і падлеткамі ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў, беручы ў закладнікі бацькоў», «стваралі для шпіёнскай мэты спецыяльныя школы, асабліва для ўкамплектавання школ дзецьмі-падлеткамі і жанчынамі, нечым пакрыўджанымі партызанамі ці рэпрэсаванымі органамі НКВД».

Дзе і чаму вучылі

Да канца 1942 года (яшчэ да стварэння школы ў Гемфурце) на акупаванай тэрыторыі Беларусі ўжо дзейнічалі сем школ і курсаў, дзе рыхтавалі агентаў-падлеткаў.

12 лістапада 1942-га камбрыг Сяргей Мазур паведаміў, што «для шпіёнаў ёсць школы… у Мінску, дзе адмыслова рыхтуюць малых».

28 лістапада таго ж года камандзір спецатрада Георгій Архіпец паведаміў, што «ў Барысаве і Магілёве ёсць спецшколы, дзе навучаюць падлеткаў шпіёнскай працы і з гэтай мэтай рассылаюць па атрадах, каб яны маглі даведацца і перадаць, колькі ў атрадзе чалавек, хто камандзір і інш. У атрадзе Дзяругі была шпіёнка — дзяўчынка гадоў 14-ці, — якая да яе расстрэлу распавяла, што была ў Барысаўскай разведшколе. Яна павінна была даведацца пра колькасць людзей у атрадзе».

У палітданясенні па Сіроцінскай партызанскай брыгадзе Сямёна Кароткіна і Васіля Фралова за першую палову снежня 1942 года паведамлялася: «Агентурнай разведкай устаноўлена, што ў горадзе Гарадку спецыяльна з ліку малалетніх створана школа шпіёнаў колькасцю 25 чалавек… Прычым гэтая школа другая. Першая была арганізавана ў Шуміліне, у 40 чалавек, з якой 2 хлопчыкі былі злоўленыя ў размяшчэнні штаба брыгады».

Чым цяжэй робіцца немцам на вайне, тым больш яны пачынаюць вербаваць мясцовую агентуру. Прыярытэтным кірункам стала не разведка, а дыверсія, асабліва супраць каманднага складу.

У лютым 1943 года быў затрыманы 10-гадовы хлопчык Чарашнёў, які атрымаў ад немцаў заданне кінуць таблеткі ў калодзежы з пітной вадой у месцах раскватаравання чырвонаармейцаў. Чарашнёў, не ведаючы, у чым справа, паспрабаваў гэта зрабіць, але быў затрыманы. Пры экспертызе ў таблетках былі выяўленыя бацылы сапу — хваробы, смяротна небяспечнай для коней.

У лістападзе 1943-га ў партызанскай брыгадзе «Разгром» былі выкрытыя дзве дзяўчынкі 10-ці і 6-ці гадоў. У іх былі знойдзены атрутныя рэчывы пад выглядам лекаў.

Для выканання заданняў сталі больш актыўна прыцягвацца сіроты, беспрытульнікі і дзетдомаўцы. У адным з дакументаў абвера за 1942 год, у якім даваліся інструкцыі па вярбоўцы агентуры, адзначалася: «Варта наведваць дзіцячыя дамы, там утрымліваюцца 15—16-гадовыя падлеткі, якіх можна выкарыстоўваць для высылання на заданні». Напрыклад, у красавіку 1943-га з «Магілёва было накіравана 25 выхаванцаў дзіцячых дамоў з задачай разведкі партызан. Такая агентура легендуецца невыноснымі ўмовамі жыцця ў дзіцячых дамах».

Выкрыты агент Канстанцін Мандрык (13 гадоў), які навучаўся ў Слуцку, падчас допыту паведаміў, што «набор быў у гэтую школу з дзіцячых прытулкаў і бежанцаў, дасланых з-за фронту… Асноўнае пытанне было пастаўлена як разведка ў лясах — гэта значыць, знаходжанне размяшчэння партызанскіх атрадаў, распазнаванне ўзбраення рознага тыпу».

У 1944 годзе навучанне дзяцей было фактычна пастаўлена на канвеер. Да лета 1944-га на тэрыторыі Беларусі сталі дадаткова дзейнічаць школы (курсы) па падрыхтоўцы агентаў-падлеткаў у Брэсце і Баранавічах. Напрыклад, у Брэсце на цяперашняй вуліцы 17 Верасня «размяшчалася шпіёнская школа для непаўналетніх 1927—1929 гадоў нараджэння. Тэрмін навучання ў ёй складаў 3 месяцы. Курсантам выплачваўся аклад за час навучання ў 1600 марак».

Усяго на тэрыторыі Беларусі ў гады вайны дзейнічалі паўтара дзясятка школ і курсаў, на якіх навучаліся будучыя разведчыкі і дыверсанты непаўналетняга ўзросту. Яны размяшчаліся ў Баранавічах, Бабруйску, Барысаве, Брэсце, Вілейцы, Гарадку, Крэмным, Куранцы, Мінску, Магілёве, Оршы, Сянне, Слуцку, Халопенічах і Шуміліне. Праз гэтыя ўстановы прайшло ад тысячы да некалькіх тысяч дзяцей.

Пасля выкрыцця

Лёс выкрытых партызанамі нямецкіх агентаў, у тым ліку непаўналетніх, быў незайздросны. У дачыненні да іх у абсалютнай большасці выпадкаў ужывалася найвышэйшая мера — расстрэл. У лесе проста не было неабходных умоў (памяшканняў, канвойных, лішняга харчавання і г. д.) для доўгага ўтрымання выкрытых пад вартай. Знаходжанне патэнцыйнага дыверсанта ў атрадзе ўзмацняла і без таго вялікія рызыкі таксама для мірных людзей, жанчын і дзяцей, што хаваліся ў партызанаў у лясах.

Вось што казаў пра непаўналетніх шпіёнаў камбрыг Сяргей Мазур:

«Мы дваіх з іх ужо расстралялі. Прыйшлі прасіцца. Пытаемся: з якой вёскі? Яны: з такой. Мы паслалі туды даведацца, ці ёсць такія людзі. Няма, прыйшлося іх па ўсіх правілах, усё роўна толку не будзе з гэтых малых».

8 лістапада 1943 года вартавым атрада «Бальшавік» быў затрыманы хлапчук 15-ці гадоў, непрыкметны на выгляд, у падранай вопратцы, з бруднымі тварам і рукамі. Ён назваўся Міхаілам Шарэйкам, а падчас допыту прызнаўся ў выкананні шпіёнскага задання на немцаў. «Па заключэнні ўпаўнаважанага асобага аддзела Шарэйка расстраляны…»

Праўда, у вельмі рэдкіх выпадках непаўналетніх дзяцей-агентаў, якія здаваліся «бяскрыўднымі», маглі і адпусціць. Адзін з партызанскіх камандзіраў згадваў: «Мы амаль палову гэтых малых пералавілі. Ім немцы абяцалі махоркі, гарэлкі, хлеба, адзення. Як пачынаеш гаварыць з гэтымі малымі, яны ва ўсім прызнаюцца. Мы частку расстралялі, частку разагналі дадому».

Таксама выкрытыя агенты маглі выжыць, калі іх перавярбоўвалі і накіроўвалі назад з ужо процілеглымі заданнямі. У пастанове начальніка асобага аддзела 1-й Мінскай брыгады ад 11 жніўня 1943 года адзначалася: «Хмяльніцкую В. В. 1927 г. н. за шпіянаж на карысць нямецкай дзяржавы расстраляць. Астатніх 6 дзетак вызваліць і накіраваць у дзіцячы дом з асаблівай задачай». Такія дзеці апыналіся паміж двух агнёў, шанцы ў выніку ацалець таксама былі не вельмі высокія.

Святаслаў Кулінок

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера