Знайсці
23.08.2019 / 11:167РусŁacБел

Ганна Севярынец. Змова маўчання ў беларускай школе

Мы ніколі не даведаемся, што насамрэч адбылося паміж настаўніцай расійскай мовы Валянцінай Губарэвіч і Данатам Скакуном. Гэтаксама мы наўрад ці даведаемся, чаму насамрэч Вадзім Мілашэўскі забіў Марыну Пархімовіч і Сашу Раманава. Нават потым, калі, можа быць, адкрыюць гэтыя архівы, можа выявіцца, што там не хапае аркушаў, не супадае нумарацыя ў справах, адсутнічаюць неабходныя экспэртызы, не апытаныя ўсе магчымыя сьведкі альбо апытаныя невядома хто. Гэта калі пра страшнае. Але тое самае і ў нашым школьным паўсядзённым, піша Ганна Севярынец у блогу на сайце Радыё Свабода.

Мы ня ведаем прозьвішчаў тых, хто складае школьныя праграмы — іх ня пішуць у друкаваных выданьнях. Мы ня ведаем прозьвішчы тых, хто выдае інструктыўна-мэтадычныя лісты, па якіх школа працуе ўвесь год — гэтыя прозьвішчы ня пішуць таксама. Мы не ведаем, хто канкрэтна стаіць за зьменамі ў адукацыйным працэсе, за бясконцымі рэформамі туды-сюды, за зьнішчэньнем гімназій, за парушанай лёгікай выкладаньня прадметаў, за зьяўленьнем і зьнікненьнем новых курсаў — мы нічога гэтага ня ведаем.

Рэйтынг беларускіх школаў паводле апошняга тэставаньня, які трапіў у інтэрнэт дзякуючы нястомным барацьбітам за сумленную адукацыю, зьяўляецца дакумэнтам, які чамусьці пазыцыянуецца як дакумэнт унутранага карыстаньня, прычым не для настаўнікаў нават, а толькі для кіраўніцтва. Усе свае прэтэнзіі да адукацыі грамадзтва адрасуе міністру, бо яго мы якраз ведаем, але такая адказнасьць аднаго за ўсіх — гэта не адказнасьць, гэта з гусі вада.

Я калісьці працавала ў той школе, дзе вучыўся Данат Скакун. Я ведаю дырэктарку, ведаю настаўнікаў. Мы сустракаліся зь імі потым — выпадкова ці з нагоды. Ніхто зь іх, добра знаёмых мне каляжанак, не сказаў ніводнага слова пра Даната. Каменнае маўчаньне, нечакана празрыстыя вочы. Нават «ну ты ж сама разумееш» — нічога. Проста — маўчаньне. Я была ў Стоўбцах празь некалькі тыдняў пасьля трагедыі па настаўніцкіх справах, размаўляла з калегамі. Маўчаньне.

Я пыталася ў шматлікіх знаёмых, якіх маю ў высокіх адукацыйных установах: зь кім мне паразмаўляць наконт праграм? Спакойна, па-чалавечы, як калега з калегам? Не для друку, проста, каб зразумець, каб хаця б паспрабаваць асядлаць тую самую хвалю, на якой над акіянам ведаў лятуць яны? Гэта немагчыма.

Калі існуе змова маўчаньня, заўсёды будуць плёткі і тэорыі, самыя неверагодныя. Разблытаць іх, аддзяліць зерне ад шалупіньня немагчыма, бо няма на што спаслацца. Грамадзкае абмеркаваньне ў такіх варунках заўсёды і непазьбежна будзе сапраўды «уціскам на суд» — бо будзе грунтавацца абы на чым. Прыняць такое меркаваньне да ведама ня зможа ніхто, ніводны чыноўнік, нават самы прыстойны.

Здаецца, відавочна: каб спыніць чуткі і плёткі, каб перавесьці дыялёг у нармальную плоскасьць, каб абодва бакі — і дзяржава, і грамадзтва — маглі весьці гутарку на роўных, трэба праўда і галоснасьць. Не падабаюцца чуткі? Дайце праўды. Не падабаецца гістэрыя ў сацсетках? Спыніце змову маўчаньня. Калі яна не спыняецца — значыцца, так трэба.

«Праўда нам «не паложана». Любая»

Гэта ня звычка з савецкіх часоў, не калектыўнае неўсьвядомленае чыноўнікаў, не цямнота міністэрства — гэта цалкам усьвядомленая пазыцыя, гэта сапраўдная змова супраць грамадзянаў краіны. Пасыл яе зразумелы: а хто вы такія, каб вам нешта ведаць. Будзеце шмат ведаць — будзеце роўныя нам. А вы нам ня роўныя.

Веданьне праўды — магутны рэсурс. Няведаньне праўды — адарваныя рукі і вырваныя языкі. Ты ня можаш нічога патрабаваць, калі ты не маеш грунту пад сваімі патрабаваньнямі. Ты нават зразумець нічога ня можаш. Ты вымушаны слухаць тых, хто ведае праўду.

Ніхто не прыйшоў да нас, настаўнікаў, пасьля трагедыі ў Стоўбцах і не распавёў, як нам паводзіць сябе, калі ў клясу прыходзіць вучань з нажом. Ніхто не навучыў нас, як бараніць сябе і дзяцей, калі пачынаецца разьня. Замест гэтага нам на ўваходзе паставілі мэталяшукальнікі. Яны пішчаць амаль на кожным наведвальніку, вахцёры ўжо нават ня моршчацца, а дзеці, ідучы ў школу, весела гуляюцца — запішчыць ці не. Гэта ўсё, што мы атрымалі для сваёй і вучнёўскай бясьпекі пасьля Стоўбцаў. Праўды — не атрымалі. І не таму, што гэтая канкрэтная праўда можа нешта там пахіснуць ці некага там абрынуць з верхатуры ўлады. Проста таму, што праўда нам «не паложана». Любая.

Ані ў мэдыцыне, ані ў атамнай энэргетыцы, ані ў будаўніцтве жылых дамоў, ані ў разьмеркаваньні дзяржаўнага бюджэту. Нідзе.

«Ну навошта вам гэта ведаць?» — пытаюцца ў мяне нават у адным са сталічных архіваў. То бок яны, тыя, хто вырашае, выдаваць справы ці не, ведаюць, канешне. А мне — нінавошта.

Ганна Севярынец, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера