Знайсці
21.08.2019 / 13:32РусŁacБел

«Перасоўная гісторыя» прыехала на радзіму Шагала: адкрыццё выставы старажытных мап у Віцебску

22 жніўня а 16.00 у Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва па адрасе вул. ген. Белабародава, 5 у межах праекта «Перасоўная гісторыя» адбудзецца сімвалічнае адкрыццё выставы «Беларусь на старажытных геаграфічных мапах». Пасля вітальных слоў арганізатараў і гаспадароў гасцей чакае імпрэза па тэме «Мапы старажытнай Беларусі-ВКЛ: змена перспектывы» з выступамі і фінальнай дыскусіяй публікі і экспертаў.

У адкрыцці бяруць удзел: укладальнік і аўтар ідэі — дырэктар выдавецтва «Эканомпрэс» Эдуард Куфцерын, гісторык, спецыяліст у гісторыі ВКЛ, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН РБ — Алег Дзярновіч, доктарка сакральнай тэалогіі, рэлігіязнаўца і культуролаг — Ірына Дубянецкая і іншыя.

Госці выставы змогуць пачуць на канкрэтных прыкладах, якія цікавыя звесткі можна атрымаць, чытаючы старажытныя карты вачыма спецыялістаў у гістарычнай ведзе, біблеістыцы, культуралогіі, візуальнай антрапалогіі. Ці маюць старажытныя карты гістарычную дакладнасць? Як чытаюцца сімвалы, зашыфраваныя ў выявах на мапах, як яны сведчаць пра наша мінулае і сучаснасць? Якія гістарычныя, мастацкія, светапоглядныя адкрыцці можна зрабіць, пераглядаючы старажытныя мапы? Як змяняўся вобраз нашай краіны і як тое ўплывае на нашае самаразуменне? І шмат што іншае. Пасля выступаў спецыялістаў наведвальнікаў чакае агульнае абмеркаванне з магчымасцю задаць пытанні выступоўцам (вядучы — філосаф Павел Баркоўскі).

Геаграфічныя мапы раздрукаваны з арыгінальных копій з дапамогай лічбавага друку і з захаваннем усіх маштабаў на паперы, якая імітуе фактуру старадаўніх мап. Усе мапы маюць навуковую атрыбуцыю і экспануюцца разам. Укладальнік — Эдуард Куфцерын, навуковы кансультант — кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН РБ Алег Дзярновіч.

Выстава «Беларусь на старажытных геаграфічных мапах» упершыню выстаўлялася 5—16 красавіка 2019 г. у НЦСМ у г. Мінску ў межах фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова».

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера