Знайсці
21.08.2019 / 12:5710РусŁacБел

«Брук занадта слізкае і няякаснае пакрыццё». Якімі аргументамі дарожнікі тлумачаць нежаданне захаваць брук перад вакзалам у Баранавічах

Днямі ў Баранавічах на прывакзальнай плошчы дарожныя рамонтнікі знялі верхні слой асфальту, аказалася, што пад ім выдатна захавалася брукаванка. Як пісала мясцовая прэса, будаўнікі яе разбіраюць і вывозяць на перапрацоўку. Краязнаўца Алесь Гізун на сваёй старонцы ў фэйсбуку праводзіць важкія контаргументы на довады чыноўнікаў, якія не лічаць, што ўскрытая брукаванка — гэта каштоўнасць. 

Фота са старонкі Алеся Гізуна ў фэйсбуку.

Баранаўцы (а таксама госці нашай сталіцы) займелі ўнікальны шанец пашпацыраваць па гістарычным бруку на пляцы перад Палескім вакзалам, які раптам раскапалі нашы дарожнікі-рамонтнікі.

Чарговы раз пацвердзілася-нагадалася, што мы не горай ад якога-небудзь Львова, Вільні ці Варшавы ўпісаныя ў агульны еўрапейскі друкаваны (брукаваны) тэкст (кантэкст).

Здаецца, вазьмі ды захавай! Нібыта й час ужо спрыяльны: ратушы адбудоўваюцца (нават з нуля), сярод суцэльнай ленініяны з'яўляюцца іншыя помнікі ды нават такая «старызна-разваліна», як колішні прыбытковы дом у Баранавічах, прызнаецца сякой-такой каштоўнасцю (няхай і не адразу, і пад ціскам упартай грамадскасці, і з неверагодным разумовым напружаньнем чыноўнікаў), але…

І вось як заўжды бывае ў такія моманты, калі пані Гісторыя прачыняе свае дзверцы — перад намі разгортваецца сцэна і на ёй з'яўляюцца дзеячы, якім даецца шанец увайсці ў сваім амплуа й застацца ў той самай гісторыі героем або антыгероем.

Каб лішні раз не ліць слёз і не трапаць нерваў (бо ясна ж, што ўсё зграбуць, вывезуць, пахаваюць), за ранішняй кавай на тым самым бруку каменьчык за каменьчыкам перабіраю ў галаве тыя аргументы, што гучалі супраць, і шукаю свае контраргументы, піша Алесь Гізун.

Фота са старонкі Алеся Гізуна ў фэйсбуку

Аргумент 1

Брук пашкоджаны, а таму пойдзе на пераапрацоўку. Выбачайце! Як можна пашкодзіць камень? Што значыць пашкоджаны? Пабіты-паколаты? Але гэта колькі: 1-2-3%? А што астатні? Трохі перапэцканы рэшткамі асфальту? Дык палова гэтага смецця абаб’ецца падчас другаснага выкладання брукоўкі, а астатняе вышмаруюць шыны і падэшвы — не міне й года.

Аргумент 2

Брук нельга пакінуць на паркоўцы, бо ён занадта слізкі. Адразу хочацца паспачуваць усёй Заходняй Еўропе і натоўпам тамтэйшых турыстаў: як жа ім, бедненькім, там слізка ды коўзка, няхай трымаюцца! А калі сур’ёзна: хто змушае выкладаць брук менавіта на аўтапаркоўцы? Кампрамісны варыянт: ёсць вялізарны пешаходны партэр перад вакзалам. Такі крок будзе адэкватны як з гістарычнага гледзішча (бо брук застаецца ляжаць ля вакзала), і з пазіцыі сучасных нормаў камфортнасці й функцыянальнасці, і (як жа гэта ім усім растлумачыць?!) эстэтыкі.

Аргумент 3

Брук недастаткова трывалай пароды. Пардон, а наш асфальт трывалы? А якой пароды гэтая паўсюдная шэрая плітка-бетонка? Зірніце на яе, дзе яна праляжала хаця б гадоў 10, да прыкладу, перад Домам дзіцячай творчасці ў Паўднёвым мікрараёне: яма на яме. Гэта прытым што па ёй толькі ходзяць пешаходы і ездзяць раварысты!

Аргумент 4

Брук не мае гістарычнай каштоўнасці, а толькі дэкаратыўную. Ахтунг! Каштоўнаснасць — катэгорыя суб’ектыўная, да таго ж зменлівая ў часе. Бо быў час (і зусім нядаўна), калі ў гістарычнай каштоўнасці адмаўлялі нават такім відочным аб’ектам, як Фара Вітаўта ў Гародні. Па той самай прычыне да нядаўняга часу ператвараліся ў руіны бальшыня беларускіх замкаў ды палацаў. Балазе ўсё цячэ, усё змяняецца, але, на жаль, не ўсё можна вярнуць. Сёння нашы помнікі з горам папалам паўстаюць з руінаў і набываюць новыя колеры жыцця. Фары Вітаўта, як і сотням нашых іншых каштоўнасцяў, не пашанцавала, бо ў свой час знайшліся «эксперты» са сваімі аргументамі і блаславілі іх на «пераапрацоўку».

Насамрэч, гэты апошні аргумэнт — самы ключавы і лёсавызначальны, але і самы падступны, бо агучаны ён сапраўды кампетэнтнай асобай і з асаблівым статусам, чый голас і заступніцтва маглі б кардынальна паўплываць на сітуацыю.

І ўдвая прыкра, калі гэта выракае чалавек, сапраўды добра знаёмы з аналагічным досведам іншых краінаў, якія вызнаюць зусім інакшыя сістэмы каштоўнасцяў і практыкуюць супрацьлеглыя падыходы.

А быў шанец застацца героем, а не антыгероем у гісторыі роднага горада. 

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера