Знайсці
19.08.2019 / 21:0315РусŁacБел

У Мінску прайшоў пікет супраць закону аб адтэрміноўках

Чатыры чалавекі правялі пікет супраць закону аб адтэрміноўках ў Тучынскім сквэры на Харкаўскай вуліцы ў Менску, піша «Радыё Свабода».

Пікетоўцы трымалі плякаты, а таксама распавядалі мінакам пра сутнасьць закону і яго наступствы. Яны выгуквалі лёзунг «Вучоба — важней!».

Першымі на месца правядзеньня пікету прыйшлі тры міліцыянты ў цывільным, а таксама прыехала брыгада хуткай дапамогі. Перад пачаткам акцыі міліцыянты праверылі, што было напісана на плякатах. А пасьля яе нагадалі, што пікетоўцы цягам дзесяці дзён павінны заплаціць 76,5 рубля за «паслугі міліцыі». Рахункі таксама выставіла «хуткая» і «Зелянбуд».

«Мы палічылі, што агулам выйшла больш за 150 рублёў, то бок адна хвіліна каштавала прыкладна 2,5 рубля. — сказаў карэспандэнту Свабоды адзін зь пікетоўцаў Радыён, які вучыцца ў магістратуры БДУІР. — Афіцыйна заяўленая намі мэта акцыі — праінфармаваць людзей пра закон аб адтэрміноўках. Але мы хацелі яшчэ паказаць, наколькі абсурдныя патрабаваньні закону адносна правядзеньня вулічных акцый. Нас чацьвёра, а ў два разы больш аховы, «хуткая дапамога», павінны прыехаць прыбіральшчыкі. І таксама мы хочам паказаць, што акцыю можна правесьці і ніхто не атрымае штрафу і ня трапіць у аўтазак».

Паводле Радыёна, у рамках кампаніі «Вучоба важней!» у Менску пададзена яшчэ 13 заявак на правядзеньне пікетаў супраць закону аб адтэрміноўках. Акцыі плянуюць на канец жніўня — пачатак верасьня. Таксама дзьве заяўкі пададзеныя ў Воршы і адна ў Магілёве.

«Мы патрабуем адмяніць закон аб адтэрміноўках, як мінімум, зьмяніць яго, каб прадстаўлялася адтэрміноўка на кожную ступень адукацыі. Хочам такім чынам захаваць бесьперапыннасьць адукацыі. Калі мы даможамся выкананьня гэтых нашых патрабаваньняў, будзем выступаць за рэформу войска, паляпшэньне ўмоваў праходжаньня службы, каб людзі былі ў гэтай справе матываваныя. Бо калі заганяць людзей у войска з-пад палкі, калі не лічыцца зь іх інтарэсамі, перакручваць іх пляны, то пра якую якасьць абароны радзімы можа ісьці гаворка?» — сказаў Радыён.

Аляксей, які вучыцца ў БДУІР, сказаў, што бярэ ўдзел у пікеце, бо закон аб адтэрміноўках парушае яго правы.

«Трэба нешта мяняць. Магчыма, няшмат карысьці ад нашых дзеяньняў, але мы хочам паказаць астатнім, што можна прыйсьці і выказацца. Гэта мэта дасягнутая, і мяне гэта радуе».

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера