Даслаць навіну
Знайсці
16.08.2019 / 11:15 6

Алена Анісім расказала, як перамагла анкалогію

Павялічыць выяву

Фота з фэйсбука Алены Анісім

За кубкам кавы са старшынёй Таварыства беларускай мовы і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім з «Народнай воляй» паспела пагаварыць не толькі пра палітыку, але і пра хатнія справы, хваробы, мужчын і каханне.

1000 еўра за арэнду офіса

— Cпадарыня Алена, ведаю, што вы зараз у адпачынку. Чаму не на моры?

— Дактары не надта рэкамендавалі ездзіць па сонечных мясцінах. Я вельмі люблю быць з унучкай — ёй хутка восем. Ну і хочацца правесці яркую кампанію ў парламент, неабходна трохі часу на тое, каб яе прадумаць…

— Літаральна днямі чытала выказванне Анатоля Лябедзькі наконт таго, што ў вас неблагія шанцы апынуцца ў новым складзе Палаты прадстаўнікоў: «Такі тып палітыка сёння даволі запатрабаваны…»

— Усё, што ад мяне залежыць, — зраблю. Я працую амаль круглыя суткі. І ўвогуле, не выпадаю з працэсу, увесь час на віду. Бывае, магу ўзяць нейкі тайм-аўт і не з’яўляцца ў публічным полі, але гэта не значыць, што я не працую. І такі тып палітыка ў большай ці меншай ступені сапраўды заўсёды будзе запатрабаваны.

Бяда наша ў тым, што зачышчанае палітычнае поле не дазваляла ў поўнай меры рэалізаваць свой патэнцыял ні таму ж Лябедзьку, ні кіраўнікам палітычных партый, ні грамадскім дзеячам. Мне асабліва прыкра назіраць за тым, што адбываецца сёння з Партыяй БНФ. Яны не могуць нават элементарна забяспечыць функцыянальнасць офіса!

— Але ж не так даўно і ТБМ перажывала не лепшыя часы і таксама прасіла фінансавай дапамогі… Дарэчы, як зараз сітуацыя? І колькі вы плаціце за арэнду офіса?

— Прыкладна 1000 долараў, калі з камунальнымі — 1000 еўра. Гэта дастаткова сур’ёзная сума для грамадскага аб’яднання, якое існуе за кошт ахвяраванняў у асноўным прыватных асоб. Канешне, мы таксама шукаем сродкі, робім нейкія праекты, каб зарабляць грошы.

Ну і я вельмі спадзяюся, што ў 2020 годзе ў нас пачне працаваць Універсітэт імя Ніла Гілевіча. Думаю, нам не адмовяць у ліцэнзіі. Мы здолеем арганізаваць сучасны працэс навучання.

— А памяшканне?

— Гэта не праблема. У нас ёсць некалькі прапаноў. Справа ў тым, што ў некаторых універсітэтаў ёсць лішнія плошчы, бо прыватныя ВНУ зараз пастаўлены ў такія межы, што не могуць набраць студэнтаў столькі, колькі хочуць. Ім проста не даюць гэтага зрабіць. А плошчы ёсць, і яны гатовы на іх пусціць наш універсітэт. Акрамя таго, ёсць і дзяржаўныя ўстановы, прыстасаваныя для навучання. Для атрымання ліцэнзіі мы прад’яўляем дамову аб намерах, якая сведчыць, што ў нас ёсць месца для навучання студэнтаў.

Спадзяюся, пытанне па ліцэнзіі будзе вырашана на працягу двух месяцаў. І тады з наступнага года распачнём набор студэнтаў. Дый мы хоць сёння гатовы! І выкладчыкі ў нас выбітныя, дактары і кандыдаты навук.

— Але ж наўрад ці яны будуць працаваць бясплатна…

— Навучанне ў нас будзе платнае. Мы бачым, як сёння растуць кошты на навучанне ў дзяржаўных ВНУ. Мы не ставім задачу звышпрыбыткаў, для нас галоўнае — забяспечыць дастойны заробак выкладчыкам і сучасны ўзровень ведаў. Хочацца, каб нашы студэнты, атрымаўшы дыплом, ясна бачылі сваю будучыню. Няхай брэшуць!.. А я буду рушыць свой караван.

Няхай брэшуць!

— Кажуць, ужо сёння ў Адміністрацыі прэзідэнта фарміруецца спіс тых, хто павінен перамагчы на выбарах…

— Прычым у першую чаргу разглядаюцца тыя дэпутаты, якія працуюць у сённяшнім складзе Палаты прадстаўнікоў. Бо касцяк жа павінен захавацца.

Думаю, было б добра, калі б у парламент трапілі прадстаўнікі грамадскага сектара, незалежных палітычных партый. Гэта людзі, якія сапраўды ўмеюць працаваць.

Усе бачаць, што сёння ёсць вялікі недахоп ініцыятывы. І адна справа, калі ў парламент прыходзяць дэпутаты, якія гатовы генерыраваць ідэі, нешта паляпшаць, прапаноўваць. І зусім іншае, калі дэпутат чакае, калі яму прынясуць тэкст, які ён з важным выглядам агучыць ля мікрафона. Такія людзі ў Палаце прадстаўнікоў таксама ёсць…

— Некаторыя вас жорстка крытыкуюць за працу ў парламенце. Маўляў, не адчуваецца наступальнасці ў адстойванні прынцыповых пазіцый.

— Па першым часе вельмі хваравіта ўспрымала такую крытыку. А цяпер проста ніяк не рэагую. Бо паглядзела, што многія з тых, хто кідае розныя папрокі на мой адрас, знаходзяцца ў варожым лагеры. Прычым не да мяне, а да Беларусі і беларушчыны.

Я ніколі не сядзела ў Палаце прадстаўнікоў ціхенька. Нават прапаноўвала Уладзіміру Андрэйчанку правесці пасяджэнне і абмеркаваць, як жывуць людзі, якія праблемы іх хвалююць, якая ў нас сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў краіне, тым больш што ўсе дэпутаты якраз толькі прыехалі са сваіх акруг. «Не, гэта не патрэбна!» Прэзідэнт гаворыць, што парламент павінен быць трыбунай, але кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў так не лічыць.

— Дарэчы, пытанне наконт прамых трансляцый з сесій так і не вырашылася?

— А яно і не будзе вырашацца. Справа ў тым, што ўся праца настолькі фармалізавана… Ніхто з дэпутатаў не будзе экспромтам палымяна выступаць, нешта адстойваць. Адзінкі, магчыма…

— Якія ў вас сёння адносіны з апазіцыяй? Пытаюся таму, што Ганна Канапацкая скардзіцца: АГП спыніла з ёй супрацоўніцтва…

— Абсалютна нармальныя! Можа, яны нават больш канкрэтызаваліся.

— Калі зоркі сыдуцца так, што вы не трапіце ў парламент, што тады? Ці маеце вы план Б?

— Нічога не зменіцца ад таго, буду я дэпутатам альбо не. Дэпутацтва дае магчымасці, але пры гэтым яно і скоўвае твае дзеянні. Без дэпутацкага статусу ты сам сабе можаш дазволіць больш. Я застаюся старшынёй ТБМ, мы будзем ствараць універсітэт і вырашаць іншыя пытанні, якія будуць у цэнтры нашай увагі. Разлічваю, што тыя знаёмствы і сувязі, якія маю сёння і як старшыня ТБМ, і як дэпутат, дазволяць мне ў любым выпадку рабіць сваю справу.

— Вы казалі, што па натуры зусім не ваяр. Але пры гэтым заявілі, што будзеце балатавацца ў прэзідэнты.

— Так. У Беларусі сёння ніхто, акрамя Лукашэнкі, прама і адкрыта не заяўляе аб неабходнасці бараніць Беларусь. Я лічу, што трэба кожны дзень адстойваць незалежнасць краіны.

— Вы шчыра верыце, што зможаце зламаць сістэму, перамагчы Лукашэнку? Ці вам патрэбны толькі факт у біяграфіі — экс- кандыдат у прэзідэнты?

— Праца павінна быць не на радок у біяграфіі, а на сваю краіну. Калі асноўная мэта — Беларусь, то не так і важна, хто пераможа. Галоўнае — курс на Беларусь як моцную краіну.

— Вас ужо сёння называюць спарынг-партнёрам Лукашэнкі, кажуць, што вы легалізуеце выбары, зробіце іх больш дэмакратычнымі…

— Ну а калі выбары адбудуцца толькі з удзелам Лукашэнкі, Гайдукевіча і некага з «Гавары праўду!»? І народ кагосьці з гэтых кандыдатаў абярэ, што далей? Для мяне спарынг-партнёр — гэта той, хто заключае дамову з уладай (вусную, пісьмовую альбо публічную), што ён гатовы ўдзельнічаць на пэўных умовах, за намаляваныя подпісы ці яшчэ нейкія бонусы ў будучыні. Я такіх дамоў ні з кім не заключала. Не хачу займацца змаганнем з ценямі ці будаваць замкі на пяску. Пакуль трэба збіраць каманду, потым — збіраць подпісы.

— А вы не баіцеся, што вас проста выкарыстаюць як статыста ў нечай гульні?

— Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць. З іншага боку, я ж таксама магу выкарыстоўваць — і свой статус кандыдата ў дэпутаты ці на пасаду прэзідэнта, і сітуацыю. Мне здаецца, гэта абсалютная аксіёма палітычнай барацьбы.

— Вы збіраецеся ўносіць у Палату прадстаўнікоў прынцыповы законапраект аб адмене смяротнага пакарання…

— Так. Накіравала яго на разгляд у Міністэрства ўнутраных спраў і Мінюст. І папрасіла Алеся Бяляцкага і незарэгістраваны праваабарончы цэнтр «Вясна» падрыхтаваць сваё абгрунтаванне гэтага законапраекта, каб я магла потым яго таксама прыкласці да праекта закона. Мая задача — дамагчыся, каб гэты законапраект быў у Палаце прадстаўнікоў. Таму і аргументы мне патрэбны жалезныя!

Марцыпанаў не трэба

— Дэпутацкая праца — даволі напружаная. І паездкі, і сустрэчы з выбаршчыкамі. а ў вас яшчэ і грамадская праца ў ТБМ. Ці паспяваеце займацца хатняй гаспадаркай? І колькі гадзін вы спіце?

— Канешне, паспяваю! І сплю нармальна. Калі б мала спала, то, відаць, была б непрацаздольная.

— Вы самі гатуеце-прыбіраеце ці маеце памочнікаў?

— Калі ў мяне вечарам няма ніякіх прыёмаў і мерапрыемстваў, значыць, я дома гатую. Не тое, каб я нейкія стравы гатавала, але ёсць тое, што любяць мае хлопцы: мяса, рыба… Гатую па тых рэцэптах, што мне падабаюцца. Але мае хлопцы — ўсёедныя.

— Вы разам з сынамі жывяце?

— З намі адзін толькі сын застаўся, сярэдні. Меншы з дзяўчынай здымаюць кватэру і, напэўна, рыхтуюцца да шлюбу. Старэйшы даўно адасобіўся. Сярэдні сын зараз працуе на будоўлі, яму трэба і ссабойку, і дома паесці прыгатаваць. Маім хлопцам марцыпанаў не трэба. А згатаваць аладкі ці перцы фаршыраваныя для мяне не праблема. Ну, і калі дзень на працы прайшоў удала, то і вечарам дома робіш усё з настроем.

— У адным інтэрв’ю вы казалі, што хацелі б памяняць машыну. Атрымалася?

— Пакуль не. Мару давялося часова адкласці. Можна, канешне, і зараз памяняць быка на індыка, але навошта? Калі мяняць, то набываць ужо новую, з салона, каб гадоў пяць увогуле ні пра што не думаць. Але планы на новае аўто можа перабіць вяселле малодшага сына. Трэба нешта будзе думаць пра жыллё, бо ўсім разам жыць — цяжкавата. А кватэру пабудаваць фінансава праблемна. Можа, домік вясковы набыць у прылеглай зоне… Карацей, думаем.

— Муж вас не раўнуе да грамадскага жыцця?

— Ёсць крыху…

— Ён працуе?

— Не, на пенсіі. І можа дазволіць сабе пасярод тыдня паехаць у вёску, займацца агуркамі-памідорамі, садам. Ён атрымлівае радасць ад звычайных рэчаў. А да грамадскага жыцця душа ў яго зусім не ляжыць.

— Але вы разумееце, што, калі пойдзеце на прэзідэнцкія выбары, вашы стасункі будуць разбіраць на малекулы! Ці гатова ваша сям’я да такой увагі?

— Я калі-нікалі гэта ўсё кажу і мужу, і дзецям. Аднак спадзяюся, што тыя часы, калі наязджалі на дзяцей, на сваякоў, мінулі. Хаця трэба, канешне, быць гатовай да ўсяго. Між іншым, я не выключаю, што Аляксандр Рыгоравіч чакае зручнай магчымасціадысці ад улады.

— А мне падаецца, што не гэтым разам.

— Усе жывыя людзі… І пытанні здароўя — яны рана ці позна хвалююць кожнага… А тое, што будуць разглядаць пад мікраскопам, — ну дык я не анёл! Жывы чалавек. Хоць і імкнешся быць ідэальнай, але я не ідэальная…

— У вас шчаслівы шлюб?

— Звычайны. Быў перыяд вельмі рамантычных адносін. Быў перыяд чыста бытавы. Былі перыяды канфліктныя…

— Ці захапляліся вы іншымі мужчынамі?

— Публічных раманаў не было, але ўсе людзі эмацыянальныя… У кожнай жанчыны, відаць, ёсць ідэал мужчыны: каб не піў, не курыў, табакі не нюхаў, чужых жонак не любіў, адну мяне слухаў…

— Ваш муж падпадае пад гэты крытэрый?

— Не курыць, табакі не нюхае. На чужых жонак асабліва не заглядаецца. А выпіць можа, калі вельмі захочацца. Мне даводзілася некаторыя рэчы іншым часам яму і даказваць, і не пагаджацца. Але вельмі ўдзячная свайму мужу за тое, што, калі пачала размаўляць па-беларуску, ён мяне падтрымаў.

— А ён хіба не па-беларуску?

— Не. І мне гэта дзіўна, бо сам ён з вёскі. Але, прайшоўшы праз войска, праз мехмат, ён не мае такога, каб за беларускасць пераконваць усіх і кожнага.

— Але ж ён, напэўна, і не за «русский мир»?

— Хай паспрабуе толькі! У нас палітычныя погляды могуць не супадаць на 100 працэнтаў, але я ад яго бяру на ўзбраенне некаторыя чыста мужчынскія падыходы да жыцця. У яго ёсць такі ўнутраны спакой… Пры гэтым, я кажу, у нас далёка не ідэальны шлюб. І хто яго ведае, можа, таму я і пайшла рэалізоўваць сябе ў грамадскую і палітычную дзейнасць. Калі жанчына адчувае, што здольная на нешта большае…

— З чаго складаецца ваша валізка шчасця?

— Усё вельмі проста. Мне хочацца быць задаволенай сабой. Гэта тычыцца і знешнасці, і настрою, і рэалізацыі сябе, і дачыненняў з іншымі людзьмі. Мне камфортна, калі я знаходжу паразуменне з людзьмі. Не люблю канфлікты. Я па гараскопе Шалі, а гэта вельмі дыпламатычны знак.

«На воку знайшлі анкалогію…»

— Апошнім часам вы часта мяняліся. Быў час, калі вы набралі вагу…

— Гэта не ад мяне залежала. Быў гарманальны збой, выкліканы новаўтварэннем на левым наднырачніку. У той час я вельмі дрэнна сябе адчувала. Мне ставілі розныя складаныя дыягназы, у рэшце рэшт я лягла ў лечкамісію. Паралельна ў Бараўлянах мне зрабілі аперацыю на воку.

— Не анкалогія хоць?

— Анкалогія. Але своечасова зрабілі, таму ўсё нармальна. Абышлося без хіміі, але з апраменьваннем. Па сённяшнім часе можна сказаць, што я яшчэ лёгка выслізгнула. А потым, на пачатку снежня, мне зрабілі аперацыю на нырках, выдалілі грыжу.

— Быў цяжкі перыяд рэабілітацыі?

— Думала, будзе лягчэй, але не абышлося без ускладненняў. Аднак з цягам часу пачала аднаўляцца.

— Зараз вы заўважна схуднелі. Нешта робіце спецыяльнае — спорт, ежа?

— Не. Проста арганізм нарэшце стаў прыходзіць у норму пасля таго, як было выдалена тое, што замінала нармальнай працы. Спадзяюся, што яшчэ кілаграмаў пяць скіну.

— Быў час, калі вы на публіцы з’яўляліся ў парыку. Выказваліся розныя версіі: хімія альбо новы імідж?

— Так было задумана! Каб людзі пагаварылі… Я якраз выйшла з адпачынку ў новым іміджы. І гэта была глеба для размоў. Дарэчы, не выключаю, што і пасля гэтага адпачынку зноў нешта памяняю ў сваёй знешнасці.

— Любіце эксперыменты?

— Вельмі. У мяне былі і зусім кароткія стрыжкі, і карэ на ножцы. Я люблю мяняцца.

— Вы карыстаецеся паслугамі стылістаў?

— На жаль, пакуль не дайшла да гэтага. Але, магчыма, паспрабую. Што тычыцца знешнасці, то я не рабіла ніякіх уколаў прыгажосці, падцяжак. Адзінае, калі ішла на аперацыю, спыталася ў хірурга: можа, адразу і ліпасакцыю зробім? Ён, канешне, пасмяяўся, але ліпасакцыя не спатрэбілася. Не магу сказаць, што на 100 працэнтаў задаволена сабой. У планах ёсць яшчэ праца ў гэтым накірунку: можа, фітнес, можа, танцы. Для душы і для сябе — гэта проста неабходна!

— У гэтым годзе вам 57…

— Мае гады — маё багацце!

Марына Коктыш, Народная воля

15
8888 / адказаць
16.08.2019 / 13:51
даведка, у дзясятку!

Яшчэ адзін цікавы момант: "Калі я пачала размаўляць па-беларуску..."   То бок выпускніца беларускага аддзялення філфака па-беларуску не размаўляла. Стала размаўляць, калі гэта спатрэбілася для кар'еры.
0
Па-коласаўску мудры / адказаць
17.08.2019 / 12:09
Непісьменна складзены загаловак.

"Перамагчы" анкалогію можна, навукова абвергнуўшы яе тэорыі. Дзеля гэтага іх трэба як след прааналізаваць, ды і ўвогуле быць спецыялістам. Якім спецыялістам? Правільна, анколагам. Але навошта анколагу змагацца з анкалогіяй? Гэта яго навука, яго пакліканне, яго хлеб.

Тое ж глупства, калі пішуць пра "дрэнную экалогію". Так разумею, у нас гэта навука ў занядбаным стане - няма спецыялістаў, пануюць памылковыя тэорыі? Тады можа і так, дрэнная экалогія.

Дрэнная экалогія, дрэнная заалогія і ўвогуле дрэнная біялогія. Які жах...
2
koti / адказаць
18.08.2019 / 00:18
 Вельмі добра, што дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім заўсёды  размаўляе на беларускай мове, паболей бы такіх дэпутатаў!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30