Знайсці
15.08.2019 / 21:0212РусŁacБел

Старую брукаванку знайшлі на прывакзальнай плошчы ў Баранавічах. Будаўнікі яе разбіраюць і вывозяць на перапрацоўку

Пра знаходку каля чыгуначнага вакзала «Баранавічы-Палескія» Intex-press паведаміў жыхар горада Віктар Мезяк. Мужчына абураны тым, як абыходзяцца з гістарычнай спадчынай Баранавіч.

Віктар Мезяк распавядае, што падчас рэканструкцыі прывакзальнай плошчы пад асфальтам будаўнікі выявілі старую брукаванку. Цяпер яе дэмантуюць і вывозяць.

— Як можна так рабіць з гістарычнай спадчынай горада? У Баранавічах і так бруку амаль не засталося. Няўжо яго проста выкінуць? — разважае мужчына.

Баляслаў Тумашчык, былы галоўны архітэктар Баранавіч, распавёў Intex-press, што брукаванка, якая ляжала на прывакзальнай плошчы, як мяркуецца, з граніту. Яе выклалі ў пачатку ХХ стагоддзя.

Калі брук закаталі ў асфальт, дакладна невядома. Віктар Мезяк кажа, што гэта адбылося ў 90-я гады.

— Тады, пасля развалу СССР, мы спадзяваліся, што пад асфальтам яна захаваецца. І потым, калі прыйдуць лепшыя часы, ёй знойдуць годнае прымяненне, — распавядае Віктар. — А цяпер яе проста разбіраюць і вязуць незразумела куды.

Баляслаў Тумашчык лічыць, што брук можна хаця б часткова захаваць, выбрукаваць, напрыклад, тэрыторыю каля фантана побач з вакзалам.

— Для паркоўкі яна не вельмі падыходзіць, бо слізкая зімой. А месца каля фантана — цалкам удалае, — разважае былы галоўны архітэктар.

Ва ўпраўленні архітэктуры і горадабудаўніцтва Баранавіцкага гарвыканкама растлумачылі, што ўпершыню чуюць пра такую знаходку.

У СМП-760, дзе займаюцца рэканструкцыяй прывакзальнай плошчы, паведамілі, што брук перадаюць «Баранавічырамстрою».

У «Баранавічырамстроі» Intex-press сказалі, што брук знаходзіцца ў дрэнным стане і яго адпраўляюць на перапрацоўку.

Віктар Мезяк мае намер звярнуцца ў Баранавіцкі гарвыканкам, ва ўпраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва Баранавіцкага гарвыканкама з просьбай захаваць гістарычную спадчыну горада.

— Нідзе ў радыусе 200 кіламетраў ад горада такой брукаванкі няма. Будзе крыўдна, калі ёй не знойдуць годнага прымянення і проста адправяць на перапрацоўку, — абураецца мужчына.

Алена Зелянко, Аляксандр Чорны, Intex-press

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера