Знайсці
15.08.2019 / 18:484РусŁacБел

У Клецку загінуў хлопец, які праходзіў альтэрнатыўную службу

Некалькі гадзін таму ў Клецку загінуў Аляксей Шклянік, які праходзіў альтэрнатыўную службу ў мясцовай ЖКГ, паведамляе блогер Nexta. Гэтую інфармацыю пацвердзілі «Нашай Ніве» у мясцовым райвыканкаме і МУС.

Магчымасць альтэрнатыўнай службы заканадаўча прадугледжана для хлопцаў, якія па рэлігійных перакананнях не могуць прымаць вайсковую прысягу і насіць зброю

— Яны служылі там разам з братам-блізнюком, — расказала знаёмая з сітуацыяй крыніца блогера. — У той дзень іх прымусілі прыбіраць пясок на дарозе. У гэты час па ёй праязджаў смеццявоз той жа арганізацыі. Кіроўца адцягнуўся на тое, каб памахаць рукой нейкаму знаёмаму, і наехаў на Аляксея заднімі коламі. Усё гэта адбылося на вачах у яго брата.

З кіроўцам смеццявоза праводзяцца следчыя дзеянні, прызначаны шэраг экспертыз. Устаноўлена, што загінулы і яго брат прыйшлі на альтэрнатыўную службу з горада Ляхавічы Брэсцкай вобласці.

Размяркоўвае для праходжання альтэрнатыўнай службы міністэрства працы. Так ураджэнец Ляхавіч і трапіў у Клецкую ЖКГ.

Начальніца ўпраўлення працы і сацабароны Клецкага райвыканкама Алла Мялюк пацвердзіла «Нашай Ніве» факт здарэння.

Хлопца звалі Аляксей Шклянік, ён сапраўды праходзіў альтэрнатыўную вайсковую службу разам з братам-блізнюком.

Загінуламу было 22 гады. Па факце здарэння вядзецца следства.

Пазней падрабязнасці ДТЗ паведаміла і міліцыя. За рулём смеццявоза МАЗ знаходзіўся 43-гадовы кіроўца. Пры павароце направа з вуліцы Піянерскай на вуліцу Першамайскую ён здзейсніў наезд заднім правым колам на хлопца, які займаўся ўборкай часткі дарогі каля тратуара.

Малады чалавек ад атрыманых траўмаў памёр на месцы ДТЗ.

Завялі крымінальную справу па ч.2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правіл дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў). Максімальнае пакаранне па гэтай частцы артыкула прадугледжана ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 5 гадоў.

Мінабароны не нясе адказнасці за тых, хто праходзіць альтэрнатыўную службу, бо яны не вайскоўцы. Працаўладкаваннем і іншымі пытаннямі «альтэрнатыўшчыкаў» займаюцца куратары ўпраўленняў працы і сацыяльнай абароны мясцовых гарвыканкамаў.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера