Знайсці
16.08.2019 / 11:088РусŁacБел

Сяргей Доўгушаў ажаніўся: вяселле-фэст у народных традыцыях гулялі ў Пружанскім раёне ФОТЫ

Музыка і этнограф Сяргей Доўгушаў і Віялета Нікіцік зладзілі вяселле-фэст у народных традыцыях. На свята ў вёску Стойлы Пружанскага раёна маладыя запрасілі не толькі сваякоў і сяброў, але і ўсіх, хто цікавіцца беларускай культурай.

«Калі я вучылася ва Універсітэце культуры на тэатральнага рэжысёра, у нас на першым курсе выкладаў этнаграфію Янка Крук. І ён вельмі цікава распавядаў пра абрады, традыцыі. Я тады яшчэ думала, што хачу сабе вяселле па ўсіх традыцыйных канонах, бо гэта мае сапраўды сакральны сэнс, — расказвае Віялета. — А мой муж Сяржук ужо прыйшоў да гэтага, калі пачаў займацца фальклорам. Быў на розных вяселлях і на Падляшшы, і ў Беларусі. І калі мы вырашылі ажаніцца, то спачатку толькі распісаліся, а потым ужо за год планавалі вяселле-фэст».

За аснову пара ўзяла абрады, характэрныя для Драгічынскага, Пружанскага і Пінскага раёнаў. У адзін дзень пастараліся ўмясціць сцэнарый традыцыйнага двухдзённага вяселля.

«З унікальных момантаў быў паказаны абрад савы, які ёсць на Пружаншчыне. Калі выносяць печаную саву, усе нежанатыя і незамужнія павінны кугакаць. А потым хуценька выскачыць да пірага і адламаць кавалак. Хто больш адламае — той хутчэй выйдзе замуж ці жэніцца», — расказвае Сяргей.

А ў канцы свята госці танчылі на лаве — яе трэба зламаць. Гэта будзе сімвалам таго, што больш у гэтым месцы маладыя не правядуць вяселле.

Касцюмы пара спецыяльна замаўляла ў Сцепаніды Сцепанюк з Маларыцкага раёна — гэта ўнікальная майстрыца, якая робіць народны строй на кроснах.

«Мы хацелі зрабіць максімум па-сапраўднаму, бо праводзіліся ўжо рэканструкцыі вяселляў, але яны былі як тэатральныя. Падстаўныя маладыя — гэта нецікава. Тут маладыя сапраўдныя, і мы самі перажывалі», — дзеліцца Сяргей.

Усяго на вяселле-фэсце сабралася больш за 120 чалавек. Каля 50 з іх прыйшлі па квітках.

«Галоўнае дасягненне — удалося стварыць атмасферу. Усе з зацікаўленасцю рэагавалі, удзельнічалі. Было ўражанне, што людзі невыпадковыя сабраліся. І мы на будучыню задумаліся, што, можа, і трэба такі невялічкі фармат падтрымліваць. Калі 500 чалавек збярэцца, не будзе той камернасці і душэўнасці».

Доўгушавы спадзяюцца, што вяселле-фэсты стануць у нас штогадовай традыцыяй. Наступны, напрыклад, мог бы прайсці на Віцебшчыне.

НЛ, фота Андрэя Землякова

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930