Знайсці
16.08.2019 / 11:243РусŁacБел

Выратаванае ў Шчучынскім раёне бусляня навучылася лётаць і адправілася ў вырай

У сярэдзіне чэрвеня ў вёсцы Турэйск Шчучынскага раёна выратавалі бусляня, якое выпала з гнязда. Яго прытуліла на сваім падворку сям'я Тарас: добрасардэчныя вяскоўцы выкармілі птушаня свежымі рачнымі «мідыямі» і рыбай з Нёмана, лячылі, калі ён пашкодзіў крыло і нагу, і ўсяляк пра яго клапаціліся, піша «Гродзенская праўда».

За два месяцы выратаванае бусляня, якое атрымала мянушку Федзя, падрасло, стала ўлюбёнцам і галоўнай славутасцю вёскі, героем публікацый многіх СМІ і нават тэлевізійнага сюжэта АНТ. Надзіва кемная птушка навучылася разумець чалавечую гаворку, пасябравала з гаспадарскімі катамі і сабакам нават паладзіла з дзятвой.

— Мы вельмі перажывалі, ці ўзляціць наш гадаванец, думалі-гадалі, як навучыць яго лётаць, — успамінае Яніна Уладзіміраўна Тарас — выратавальніца бусла і гаспадыня падворка. — Трымали яго пад крылы, падкідвалі ўгору. Потым з сынам збудавалі «вышку» з аўтамабільных шын. Ставілі на іх птушаня, а ўнізе прываджвалі прысмакамі. І яно, махаючы крыламі, скакала па свежую рыбку або блінец, пакуль не ўзляцела.

Уся вёска назірала, як бусел сталее: адкрыўшы для сябе радасць палёту і свабоды, ён перамясціўся на дах адрыны, пачаў сам здабываць сабе ежу. Па раніцах, як і іншыя вясковыя буслы, ляцеў у поле, а днём па-гаспадарску шпацыраваў па гародзе.

— Калі было занадта горача, падыходзіў да мяне і клікаў да калодзежа на водныя працэдуры, — смяецца Яніна Тарас. — Я аблівала яго прахалоднай вадой з каструлі, а потым ён сох на сонейку на страсе хлява. Мы размаўлялі з ім, ён усё разумеў. Семдзесят гадоў пражыла на свеце, але не ведала, што буслы —настолькі разумныя істоты.

…Днямі Хведар не вярнуўся дадому. Трое сутак Яніна Уладзіміраўна і яе сын Барыс трывожна ўзіраліся ў неба. І вось над домам з'явіліся два маладыя буслы: доўга кружлялі, нібы развітваючыся з насельнікамі двара, а потым растварыліся за гарызонтам. У гэты дзень у полі каля вёскі Валянчыцы вяскоўцы назіралі чараду белых птушак, што сабраліся разам перад адлётам у вырай.

Яніна Уладзіміраўна і Барыс шчыра вераць, што, праляцеўшы велізарныя адлегласці, іх гадаванец паспяхова перазімуе, а па вясне абавязкова ўспомніць дарогу назад у сваю родную прынёманскую вёсачку, добрасардэчныя жыхары якой жывуць «ад буслоў да буслоў» і ставяць новыя «буслянкі» для птушак, якія сталі сімвалам Беларусі.

Гродзенская праўда

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930