Даслаць навіну
Знайсці
14.08.2019 / 14:21 88

Член-карэспандэнт Каваленя: Калі б Сувораў не разбіў Касцюшку, не было б ніякай Беларусі

Напярэдадні ў інтэрнэце з'явіўся адказ Акадэміі навук на зварот аб наданні адной з вуліц Мінска імя Тадэвуша Касцюшкі.

Першы намеснік старшыні прэзідыума Акадэміі навук Сяргей Чыжык падпісаўся пад адказам, у якім гаворыцца, што Тадэвуш Касцюшка не вёў барацьбу за інтарэсы беларускага народа, а адстойваў інтарэсы Польшчы і ЗША.

Карэспандэнт «НН» запісаўся на прыём да Сяргея Чыжыка, але на сустрэчу прыйшоў таксама член-карэспандэнт Аляксандр Каваленя. Цяпер ён сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтва Акадэміі навук, а раней узначальваў Інстытут гісторыі.

Менавіта Аляксандр Каваленя быў аўтарам таго ліста, які падпісаў Чыжык. І менавіта Каваленя лічыць, што Касцюшка не з’яўляецца нацыянальным героем Беларусі.

Павялічыць выяву

Аляксандр Каваленя. Фота Rg.ru

Зміцер Панкавец: Вы лічыце, што Касцюшка не герой Беларусі. Але ў Мінску, напрыклад, ёсць вуліца Баляслава Берута, прэзідэнта Польшчы, ён быў героем Беларусі?

Аляксандр Каваленя: У нас размова ідзе пра Касцюшку, давайце ставіць кропкі над «і» па Касцюшку. Што ў гэтым адказе вас не задавальняе? І што б хацелі, каб мы напісалі ад імя акадэмічнага асяроддзя? Вы ставіце пытанне аб наданні Касцюшку звання героя Беларусі.

ЗП: Не, я стаўлю перад вамі пытанне аб наданні адной з вуліц Мінска імя Тадэвуша Касцюшкі.

АК: Зміцер, глядзі. Вы ж пішаце ў сваім артыкуле: «нацыянальны герой Беларусі». Вы дазволілі зняважыць сабе ўсю Нацыянальную акадэмію навук Беларусі. Толькі мажаце чорнай фарбай. Нічога не сказалі затое пра 37-томны гістарычны атлас. Што значыць нацыяльны герой, адкажыце? Вы слоўнік Ожэгава [тлумачальны слоўнік рускай мовы — «НН»] чыталі?

ЗП: Не чытаў. Для мяне герой — гэта чалавек, які зрабіў гераічны ўчынак і памяць пра якога жыве сярод людзей.

АК: Дык што вы ад нас хочаце? Вуліца Берута? У свой час была ідэя, таму і зрабілі вуліцы Троцкага, Леніна. Вы хочаце, каб мы зноў нарабілі тых самых памылак?

ЗП: Нават у Санкт-Пецярбургу ёсць вуліца Касцюшкі, а ў нас няма.

АК: Што вы мяне пытаеце, каб я адказваў за Санкт-Пецярбург? Я буду адказваць за Мінск. Зміцер, дарагі ты мой, я ўжо больш забыўся, чым ты ведаеш. Я абараніў дзве дысертацыі па Другой сусветнай вайне. А ты мне называеш Каліноўскага, Касцюшку — усё гэта я забыўся яшчэ ў першым класе.

ЗП: Хочаце пра Другую сусветную? Іосіф Сталін надаў імя Касцюшкі пяхотнай дывізіі.

АК: Нашто вам той Сталін?

ЗП: Бо нават Сталін не баяўся імя Касцюшкі, а вы баіцеся.

АК: Прычым мы баімся?! Па табе стралялі?

ЗП: Не стралялі.

АК: А па мне стралялі. А ён мне кажа, што мы баімся.

ЗП: Я вас прашу адказаць па вуліцы, калі ласка.

АК: Гэта не наша прэрагатыва, мы гэтым не займаемся. Мы ж нават пішам: можаце прымаць, а можаце не прымаць.

ЗП: Чаму ў краіне столькі вуліц і калгасаў імя Суворава?

АК: Зміцер, дарагі! Каб вашу «Нашу Ніву» пачыталі тыя, хто стаяў ля яе вытокаў, яны б перавярнуліся. Вы разбураеце сёння беларускую мову і культуру. Вы ўносіце ў мову паланізмы. У «Родным слове» кажуць, што палову словаў не разумеюць, калі вас чытаюць.

Мы ўпершыню ў гісторыі навучылі машыну размаўляць па-беларуску, чаму пра гэта не пішаце? У нас у акадэміі — востраў па адраджэнні нацыянальнай мовы, гісторыі і культуры. Мы выдалі ўсіх класікаў нацыянальных. І працягваем, цяпер выдаём Янку Брыля. Вы ведаеце такога Мушынскага [Міхась Мушынскі — член-карэспандэнт Акадэміі навук, кіраваў выданнем 13 збораў твораў беларускіх пісьменнікаў. Памёр у 2018 годзе — «НН»]?

ЗП: Натуральна, гэта дзед нашага галоўнага рэдактара [Ягора Марціновіча].

АК: Каб ён пачытаў сёння тое, што вы напісалі, то ён бы перавярнуўся. Мы з ім сябравалі. Ён расказваў пра сваіх унукаў. Памяць дзеда абняславілі ўнукі. Раздзьмулі праблему.

ЗП: Хто раздзьмуў? Гэта ваш адказ, якім абураюцца людзі.

АК: Вы адказваеце за газету, за «Нашу Ніву». Мы будзем гаварыць з Плашчынскім [аўтар зварота ў Акадэмію навук — «НН»]. Вы нас прымушаеце рабіць няпраўду.

ЗП: Якую няпраўду?

АК: Каб мы напісалі, што Касцюшка — нацыянальны герой.

ЗП: Касцюшка часта называў сябе «ліцвінам», а не палякам.

АК: Для таго, каб атрымаць выгаду, каб займець хаўруснікаў, ён бы чым заўгодна займаўся. Гэта была прапаганда. Тое, чым вы цяпер займаецеся. Такі ён герой, чаму не разбіў Суворава тады?

ЗП: Вы не памятаеце, як МЗС Беларусі бараніў Касцюшку, калі яму помнік у Швейцарыі адкрывалі?

АК: Мы памятаем.

ЗП: У МЗС непісьменныя людзі, што яны заступаліся за Касцюшку?

АК: Гэта не наша справа. Мы нават не напісалі ў сваім адказе словы Напалеона, які назваў Касцюшку дурнем, нарцысам.

ЗП: Вы спасылаецеся на Канстытуцыю 3 мая, але нават яна пакідала федэратыўны характар Рэчы Паспалітай.

АК: Калі б не Сувораў, то не было б «Нашай Нівы», не было б Беларусі.

ЗП: Ну што вы такое кажаце?!

АК: Так, а ты што не ведаеш, што па стане на 1939 год у Польшчы не было ніводнай беларускай школы. Было вымыта ўсё нацыянальнае, палову людзей пасадзілі ў турму. І калі б Сувораў не разбіў Касцюшку, то не было б ніякай Беларусі.

ЗП: Не было ніводнай славацкай школы таксама, але гэта не значыць, што нацыя б знікла.

АК: Колькі сёння беларусаў пішацца ў Польшчы? Калі ты назавешся беларусам у Польшчы, але не пішаш кепскага пра Расію, то табе няма дарогі нікуды.

ЗП: Вернемся да вуліцы імя Касцюшкі. Чалавек нарадзіўся ў Беларусі, называў сябе ліцвінам.

АК: Але выступаў за польскую мову.

ЗП: У вас тут у акадэміі вісіць партрэт Ігната Дамейкі, ён таксама гаварыў па-польску. І што?

АК: І Дамейка! У нас размова не пра Дамейку, не пра Берута, а пра Касцюшку. У нас у другім томе «Гісторыі» ёсць партрэт Касцюшкі, і Каліноўскага ёсць. Дзе тут у нашым адказе ёсць памылкі? Газета нанесла вялізны ўрон Акадэміі навук. Ягор, светлай памяці яго дзеда, [мусіў] сказаць бы: «Не чапайце Акадэмію навук!» А вы палошчаце Акадэмію навук, якая займаецца нацыянальным адраджэннем.

ЗП: Ну няўжо вы не ведаеце, што вялізная колькасць людзей у нас у краіне лічыць Касцюшку героем.

АК: Мяне гэта не цікавіць.

ЗП: Нават дзяржава выпускала маркі з яго выявай.

АК: І правільна рабіла. Быў свой час — і выпускалі маркі. Мы Нацыянальная акадэмія, мы павінны выпраўляць тыя памылкі, якія былі зробленыя.

ЗП: Ёсць сувораўскія вучылішчы. Не лічыце, што гэтую памылку трэба выправіць?

АК: Сувораў разбіў Касцюшку — і гэта дазволіла спыніць паланізацыю беларускага народа. Ясна табе?

ЗП: Колькі беларускіх школаў было ў Расійскай імперыі?

АК: Пачытайце старую «Нашу Ніву»! А хто рабіў выдавецтва «Загляне сонца ў наша ваконца».

ЗП: Так, напрыканцы існавання Расійскай імперыі друк на беларускай мове быў дазволены, але не адукацыя.

АК: Пачытайце, колькі школ было ў «Нашай Ніве»!

ЗП: Што наконт вуліцы Касцюшкі?

АК: Паўтараю, гэта не наша прэрагатыва. Мы не займаемся гэтым.

ЗП: Нават рэкамендацый не даяце?

АК: Не.

ЗП: Ніколі не давалі?

АК: (цішыня).

***

Аляксандр Каваленя

Нарадзіўся ў 1946 годзе ў Капылі. Скончыў Мінскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №23, гісторыка-геаграфічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага.

Працаваў на кафедры гісторыі КПСС Мінскага педінстытута, загадчыкам кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі.

З 2004 — в.а. дырэктара, у 2005—2010 — дырэктар Інстытута гісторыі. З 2009 — акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук.

Член-карэспандэнт Акадэміі навук (2014). У 2017 годзе не быў абраны акадэмікам.

Гутарыў Зміцер Панкавец

0
zzzzz / адказаць
20.08.2019 / 10:31
Колькі ж дэбілаў сталі акадэмікамі пры саўке...
0
Трактарыст-максімаліст / адказаць
21.08.2019 / 15:17
АК: Але выступаў за польскую мову.
І што? Гэта злачынства? А выступаць за рускую мову стало быць патрыятызм? У БНР было ажно чатыры дзяржаўныя мовы. І што, тыя хто быў за польскую і габрэйскую выходзіць злачынцы?
АК: Сувораў разбіў Касцюшку — і гэта дазволіла спыніць паланізацыю беларускага народа. Ясна табе?
Ага, і запусціў русіфікацію. Супраць якой гэты таварышч не супраць. Ні Сувораў, ні Кацярына Другая не збіраліся адраджаць беларускую нацыю. Наадварот, ставілася мэтай поўная русіфікацыя і асіміляцыя беларусаў.
АК: Для таго, каб атрымаць выгаду, каб займець хаўруснікаў, ён бы чым заўгодна займаўся. Гэта была прапаганда. Тое, чым вы цяпер займаецеся. Такі ён герой, чаму не разбіў Суворава тады?

Сам прыдумаў? Ці можа са свечкай каля ложка Касцюшкі стаяў і ведаеш пр ягоныя думкі? Ці мо дзённік Касцюшкі ёсць? Дзе доказы? Вось уж не думаў, што нашыя акадэмікі такія брахуны і выкарыстоўваюць сваю брахню ў якасці аргументаў.
АК: Калі б не Сувораў, то не было б «Нашай Нівы», не было б Беларусі.

Беларусь адбылася як дзяржава толькі дзякуючы Першай Сусветная вайне, у выніку якой разваліліся тры імперыі. У тым ліку і Польшча з Фінляндыяй атрымалі незалежнасць. Калі б Расейская Імперыя працягвала сваё існаванне, то не было б ніякай Беларусі.
АК: Так, а ты што не ведаеш, што па стане на 1939 год у Польшчы не было ніводнай беларускай школы. Было вымыта ўсё нацыянальнае, палову людзей пасадзілі ў турму. І калі б Сувораў не разбіў Касцюшку, то не было б ніякай Беларусі.

А колькі беларускіх школаў у сучасная Беларусі? Я адкажу -12%. І нвіоднага беларускага ВНУ.  І гэта за 25 гадоў інтэграцыі з Расеяй. Яшчэ 25 гадоў такой інтэграцыі і не будзе ніводнай беларускай школы. Гэтага дабіваецце спадар акадэмік, калі робіць героем Суворава?
0
AliesF / адказаць
22.08.2019 / 08:47
Ганебны тып, аж жах! Колькі ж іх у Акадэміі, думаю - не шмат, але здольныя атруціць усё вакол сябе. Зьміцеру - дзякуй вялікі!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31