Знайсці
14.08.2019 / 10:0824РусŁacБел

Псеўдапамочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў: ЛГБТ-супольнасць робіць з нашых дзяцей маральных вырадкаў

На сайце «Вячэрні Магілёў» з’явіўся ліст ад імя «сяброў Грамадскай палаты саюзнай дзяржавы», у ім яны выказваюць падтрымку выданню. Газета «Вячэрні Магілёў» атрымала вядомасць дзякуючы шматлікім выпадам у адрас ЛГБТ-супольнасці. Гэтыя выпады былі настолькі зневажальнымі, што рэагаваць давялося нават Міністэрству інфармацыі, прымяняючы карныя меры.

Па словах прадстаўнікоў Грамадскай палаты, у іх складваецца ўражанне, што з дапамогай Ленінскага РАУС Магілёва, Міністэрства інфармацыі і іншых дзяржорганаў Беларусі «адбываецца неасцярожная падмена паняццяў і скажэнне сэнсаў». А менавіта «напампоўванне іміджу прадстаўнікоў ЛГБТ супольнасці як асаблівых прадстаўнікоў прывілеяванай супольнасці, пачуццё непрымання да якіх з'яўляецца апрыёры неправамерным».

Андрэй Лапацкі. Фота facebook.com.

Ліст падпісаў Андрэй Лапацкі ад «ад імя і па даручэнні сяброў Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы». Складваецца ўражанне, што ўся палата даручыла Лапіцкаму зрабіць такі зварот.

А ў склад Грамадскай палаты ўваходзяць самыя розныя людзі: пісьменнік Чаргінец, спявак Ярмоленка, муфцій Шабановіч, барэц Мядзведзь, касманаўт Клімук.

На справе ж высветлілася, што зварот падпісала ўсяго шэсць чалавек.

Апроч Лапацкага, ліст падпісаў, напрыклад, прадстаўнік «Інстытута краін СНД» Мікалай Сяргееў (блізкі да «Рассупрацоўніцтва»). Гэта ўжо не першы выпадак, калі ад імя ўсёй палаты распаўсюджваюцца тыя ці іншыя палітычныя заявы. Напрыклад, была сітуацыя, што прадстаўнікі гэтай структуры выказаліся супраць украінскай аўтакефаліі, насамрэч жа аказалася, што большасць сяброў былі ні сном ні духам пра гэтую заяву.

Мы звязаліся з аўтарам ліста Андрэем Лапацкім, каб ён нам патлумачыў сваю пазіцыю.

«Нас пабудзіла неабыякавая пазіцыя. Бо мы да канца не можам зразумець, якая пазіцыя дзяржавы, якая пазіцыя ў людзей. Ідзе падмена паняццяў, і гэтая падмена паняццяў нас хвалюе», — пачынае аповед спадар Лапацкі.

«Кожны чалавек мае права на такі лад жыцця, які ён лічыць для сябе мэтазгодным, калі гэты лад жыцця не замінае тым людзям, якія яго акаляюць.

Ёсць вялізная колькасць людзей, якая вядзе асаблівы лад жыцця. Нехта ходзіць на байдарках, хтосьці збірае маркі, хтосьці — пчалярыць. Яны аб’ядноўваюцца ў суполкі, але не пераконваюць іншых, што іх суполкі асаблівыя ў параўнанні з іншымі.

Ёсць большасць і меншасць па любых пытаннях. Выраз «здаровая большасць» я ўзяў у двукоссі. Здаровая з пункту гледжання маралі. Большасць людзей, якія пражываюць у Беларусі, маральна ўстойлівыя з гледжання біблейскіх і не толькі каштоўнасцяў, разумеюць, што такое грэх (і з рэлігійнага, і агульнага гледжання), што такое «добра» і што такое «кепска».

З нашага гледзішча, тое, чым займаецца ЛГБТ-супольнасць — гэта кепска. З гледзішча большасці людзей — гэта не адпавядае нормам маралі, якіх мы прытрымліваемся. Мы лічым, што іх дзеянні размываюць тую мараль, якая існуе ў нашым грамадстве спакон вякоў.

З такімі людзьмі трэба працаваць, трэба тлумачыць: калі ты паступаеш амаральна, то грамадства не прымае такія ўчынкі і дзеянні. Гэта хрысціянская пазіцыя.

Я ж не хаджу і не расказваю, што я сёння спаў з жанчынай, а заўтра буду спаць з мужчынам, а пазаўчора ў мяне прышч ускачыў на назе. Я ж не расказваю падрабязнасці свайго інтымнага, ці фізіялагічнага жыцця. І мяне абсалютна не цікавіць, ці спаў ён з мужчынам, ці яна з жанчынай. Мне не падабаецца, што гэта выносіцца на грамадскае абмеркаванне, каб усе пра гэта ведалі. Рабі, што хочаш, у нас вольная краіна, але калі ты гэта выпячваеш, то я маю права сказаць, што гэта кепска.

Апошнім часам мне такая прапаганда часта трапляецца, нейкі час я на гэта не звяртаў увагі. Калі расказваць з дзяцінства, што гэта мае месца быць, гучна казаць, што гэта добра, то нашы дзеці вырастуць маральнымі вырадкамі.

«НН»: Вы называеце прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці «маральнымі вырадкамі»?

АЛ: Выходзіць, што так. Я прапаную дзецям дакладна казаць, што такое «добра», што такое «кепска», што такое «грэх». І я маю права гэта казаць. Існуе мараль грамадства, у якім ты жывеш. Я кажу ад большасці грамадства, якое статыстычна пацверджанае.

Хто такі гэты Андрэй Лапацкі? На сайце Грамадскай палаты напісана, што ён з’яўляецца памочнікам дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Мы ўдакладнілі ў спадара Лапацкага, у каго менавіта. «На грамадскіх пачатках я памочнік у дэпутата Міхаіла Мілаванава», — адказаў Лапацкі.

Мы патэлефанавалі дэпутату Мілаванаву, каб высветліць, ці дапамагае яму Лапацкі.

«НН»: Міхаіл Вячаслававіч, Андрэй Лапацкі з’яўляецца вашым памочнікам?

Міхаіл Мілаванаў: Не.

«НН»: І ніколі не быў?

ММ: Не.

«НН»: Ён прадставіўся вашым памочнікам.

ММ: Не-не-не, няма ў мяне такога памочніка.

«НН»: І нават на грамадскіх пачатках?

ММ: Не, я добра помню сваіх памочнікаў.

Таксама на сайце палаты пазначана, што Лапацкі ўзначальвае прыватнае прадпрыемства «Практычныя сістэмы». Гэта інжынірынгавая кантора. Інфармацыі пра дзейнасць установы мінімум. У пачатку 2019 года «Практычныя сістэмы» значыліся ў ліку плацельшчыкаў, якія маюць пазыкі па сплаце падаткаў.

«Грамадская палата Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі» ўтвораная ў 2017 годзе Мінску, у яе склад увайшлі вядомыя ў Беларусі і Расіі асобы: рэлігійныя дзеячы, палітыкі, спартсмены, касманаўты. Усяго больш за 200 чалавек. Офіс арганізацыі знаходзіцца ў Маскве.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера