Знайсці
14.08.2019 / 08:3453РусŁacБел

«Бедныя самі вінаватыя, што яны бедныя!» — гродзенскі мільянер Сямашка пра бізнэс, рэкет і Бэнтлі за $300 тысяч

Станіслаў Сямашка — вядомая ў Гродне асоба. Уласнік сеткі гатэляў, аматар называць бізнэсы сваім прозвішчам, мільянер і, як ён сам сябе называе, «беларускі прадпрымальнік №1». Ён валодае некалькімі гатэлямі пад назвай «Сямашка», мае турфірму, названую яго ж прозвішчам, апарт-гатэль «Сямашка» ў Чарнагорыі… І акрамя таго, займаецца будаўнічымі праектамі.

У пакручастай біяграфіі бізнэсмена не абышлося і без скандалаў: то ён знянацку ўзначаліў праўладны Саюз палякаў, то пачынаў узводзіць па ўсёй Гродзеншчыне мемарыялы нямецкім салдатам, загінулым у Другую сусветную вайну…

Сёння 66-гадовы Сямашка спазняецца на інтэрв’ю, бо яго «тэрмінова выклікаў губернатар». А пасля расказвае «Нашай Ніве» і пра бізнэс, і пра «Бэнтлі», і пра свае погляды на жыццё.

Бізнэсмен упэўнены: бедныя людзі самі вінаватыя, што яны бедныя. Сам жа ён прызнаецца, што з дзяцінства марыў стаць багатым. А сёння галоўны яго сябар і паплечнік — жонка Наталля.

«А сябры? Нафіг мне тыя сябры, я ім патрэбны, толькі каб грошы пазычаць», — адфыркваецца Сямашка.

«Наша Ніва»: Вы вядомыя ў першую чаргу як уласнік гатэляў «Сямашка». Гэта галоўны ваш бізнэс?

Станіслаў Сямашка: Так, бізнэсы ў мяне: гатэльны, праектны, будаўнічы. У мяне вялікая кампанія па праектаванні. Напрыклад, самы вялікі аб’ект за апошні час — гэта Смалявічы, горад-спадарожнік Мінска. Цэлы горад: школы, дамы, інжынерныя сеткі…

Гатэль «Сямашка» ў Гродне. Фота Booking.com

Далей у Мінску: «Дрымлэнд», гадзіннікавы завод на Талбухіна, транспартна-лагістычны цэнтр у Шчомысліцах, шматпавярховікі ў мікрараёне Каменная Горка, дамоў восем насупраць «Мінск-арэны»… Гэта я спраектаваў, мая кампанія.

«НН»: Выйграяце тэндары на такія буйныя праекты? Ці вас запрашаюць ужо наўпрост?

СС: Тэндары. І некаторыя ўжо разумеюць, што я і маю рэпутацыю, і трымаю слова. Гэта важна — трымаць слова, усё рабіць своечасова, не падманваць. І тады будзеш пры справе.

Цяпер я праектую і будую гістарычны цэнтр Гродна. Пабудаваў там апарт-гатэль яшчэ адзін.

Апарт-гатэль у цэнтры Гродна

Гістарычны цэнтр горада абараняецца ЮНЕСКА. І гэтая будоўля ўжо падпарадкоўваецца Міністэрству культуры. Мінск кіруе. Складанае праектаванне, вельмі складаная будоўля. Асобныя ўмовы, патрабаванні… ў разы больш валакіты, шмат узгадненняў. Вельмі складаная праца.

«НН»: Патрабаванняў больш. А грошай на гэтым зарабляеце таксама больш?

СС: Амаль тое ж самае [што і на шараговых праектах].

(Сямашка паказвае праект наступнага будынка ў цэнтры Гродна, побач са сваім новым гатэлем).

Вось што буду будаваць наступным. Гэта элітны бізнэс-цэнтр!

«НН»: Вы толькі будуеце, а належыць ён гораду? Ці ваш?

СС: Толькі мне. Толькі мне, я так раблю тут. За свае ж грошы, правільна? (Смяецца.)

«НН»: А агулам як вы ацэньваеце свае актывы? Ці гадавы абарот?

СС: Маё багацце ўсё ў працы, я на гэтую тэму рэдка думаю. Нічога не падлічваю, бо сёння нерухомасць вось так ці вось так можа быць (малюе пальцам у паветры крывую лінію). І калі ты на вышыні сінусоіднай, то ты і нармальна ацэньваеш нерухомасць. У асноўным мне цікавы сам працэс. Я ўжо на тым узроўні, на якім мне сам працэс цікавы.

Я люблю элітную нерухомасць. Вось як мы любім дзяўчат маладых: глядзім ім услед… А я так нерухомасць люблю!

Я ж побач купіў «гатэль Мураўёва», які 16 гадоў ніхто не мог купіць. Ён стаяў тупа. А чаму? Бо быў праектны клубок: тут не той дуб, там не тая планка, гэта ўзгаднілі, тое не ўзгаднілі… Мора валакіты было і ўсе баяліся купляць. А я яго купіў у мінскай страхавой кампаніі, яна ім валодала.

«НН»: І колькі вы заплацілі?

СС: Пра лічбы не будзем гаварыць. Мне важна будынак зрабіць, а тады можна будзе пагаварыць пра грошы. Праца мяне чакае складаная, сур’ёзная, але яго запушчу.

Бо ідзе да нас турыст. Дзякуем нашай уладзе, ураду за тое, што такая абстаноўка ў Гродне і ў краіне.

«НН»: Супрацоўнікі вашага гатэля паведамілі, што сёння амаль усе 40 нумароў гатэля занятыя. А турысты адкуль? Большасць з Расіі?

СС: Еўрасаюз. Замежнікі! Я трымаю першае месца па засяленні! Я ж калісьці адзін з першых гатэляў адкрываў, яшчэ ў Шчучыне, «Элен». Назваў у гонар дачкі. Я яго ўжо прадаў, калі пераязджаў у Гродна.

Але я стаў развіваць гэты бізнэс. Бо я чалавек энергічны і адказны. Я малады душою! Вось сёння я на 9 паверх — ужык! — і заляцеў! А трыццацігадовыя яшчэ на трэцім паверсе — пфф, пфф, сапяць.

Прыкладна так. Мне цікава працаваць.

«НН»: Але вы пачыналі сваю працу на Шчучынскім аэрадроме, так?

СС: Так. Электрыкам. Пасля я скончыў тэхнікум у Жыровічах…

«НН»: Але ж аэрадром быў сакрэтным аб’ектам?

СС: Канечне, і я «сакрэтчык», хе-хе!

«НН»: А пасля, у канцы 1970-х вы працавалі ў Германіі. Як вас выпусцілі туды?

СС: Мяне так ацаніла дзяржава. Вось так я трапіў, адзін з тысячы фактычна.

Я, па-першае, быў грамадзянскі там, у джынсавым касцюме хадзіў і з патламі моднымі да плячэй!

Адпрацаваў у Германіі 6 гадоў. А больш нічога не скажу.

«НН»: Дык а як вы ў тую Германію трапілі ўсё ж?

СС: Адправілі мяне. Цераз Маскву, там сумоўе было, 9 месяцаў рыхтавалі дакументы і пасля я ў Германіі працаваў. Але не скажу кім.

«НН»: Вядома ж, што вы працавалі на нейкай будоўлі ў Кёльне.

СС: О, правільна!

«НН»: А што будавалі?

СС: Сакрэт! Пасля я вярнуўся ў Саюз, на Алімпіяду-80, папрацаваў у Маскве.

«НН»: А ў Маскве што рабілі?

СС: Працаваў як прыватнік, можна сказаць. У мяне бацька прыватнік па перакананнях, у яго працоўнай кніжкі ніколі не было. І я пайшоў па яго слядах.

«НН»: Але што рабілі ў Маскве? Фарцавалі, можа быць?

СС: Нічога я не фарцаваў! Проста працаваў у Маскве (смяецца). Працаваў ад Масквы і ўсё. Далей.

«НН»: А колькі грошай вы прывезлі з вашых таямнічых прац у Германіі і Маскве?

СС: Мы ж пра сумы не гаворым. Навошта гэта патрэбна?

«НН»: Але за заробленыя вамі грошы можна было кватэру набыць, так?

СС: Канечне, я першы набыў кааператыўную кватэру ў Шчучыне. Тады гэта яшчэ не было модна.

«НН»: А чаму не засталіся ў Маскве?

СС: Ой, можа, і дарма не застаўся, сёння трохі шкадую. Хаця ў мяне і тут склалася, любімая праца ў мяне тут…

Я ўпэўнены, што ў Маскве я б мацней разгарнуўся, мацнейшую імперыю б стварыў, чым тут. Там цікавей… І ў тыя гады розумам можна было спрацаваць. Цяжкі быў час, але цікавы.

«НН»: Засталіся б у Маскве, то сёння сталі б ужо алігархам?

СС: А я і так алігарх! (Смяецца.) Неабавязкова палову краіны мець, каб адчуваць сябе алігархам. Я і тут нармальна працую. Вунь, пад вакном «Бэнтлі» мая стаіць.

«НН»: Вы ў нейкім інтэрв’ю казалі, што такая «Бэнтлі» адзіная ў Гродзенскай вобласці.

СС: Так!

«НН»: А як і дзе набыць «Бэнтлі» беларусу?

СС: У Мінску салон ёсць. Прыехаў, замовіў. Яе паўгода вырабляюць.

«НН»: І колькі каштавала?

СС: Ізноў вас лічбы цікавяць. Але я скажу, хай людзі ведаюць. Новая такая «Бэнтлі» каштуе 300 тысяч даляраў. У Маскве такіх шмат. Я ўвайшоў у сотню пакупнікоў такіх аўтамабіляў.

«НН»: То-бок падобных машын у свеце 100 і адна з іх ваша?

СС: Так.

Мне некаторыя казалі: схавай тую машыну, навошта ты яе паказваеш?

Але ж я яе стаўлю каля свайго гатэля, турыст ідзе і думае: ого, у Беларусі людзі няблага жывуць! І нашыя ўлады задаволеныя, што турыст так лічыць!

Далей што вас цікавіць?

«НН»: Вернемся ў мінулае. Чым вы займаліся пасля Масквы?

СС: Вярнуўся ў Беларусь, прыгнаў з Масквы сабе «Волгу». Тады блат быў паўсюль, у гатэль без блата не трапіш. СТА — няма. Электрарухавік адрамантаваць — немагчыма, праблемы з меддзю.

Гэтым я і пачаў займацца. Спачатку адкрыў СТА і цэх па рамонце электрарухавікоў. Гэтым займаўся 12 гадоў.

«НН»: Дарэчы, вы казалі, што ў Германіі хадзілі «з патламі». Як у СССР вярнуліся, то змянілі імідж?

СС: Не, тады ж мода была!

«НН»: Хіпавалі?

СС: А тады ўсе хіпавалі, пагалоўна. Вось сёння я гляджу: усе абрэслі! Усе бароды паадпускалі! І добрая, і кепская — але абавязкова барада! Ну ладна, нейкая няголенасць: прыгожая, сівая, італьянская… Я ж у душы рэжысёр, магу кіно здымаць, я ж бачу, пасуе чалавеку ці не тая барада. Але ж ходзяць усе аброслыя. Усё Гродна аброслае, уся Беларусь! Учора быў у Друскінінкаі — і там аброслыя ўсе! Куды ні пойдзеш, усе аброслыя: у Чарнагорыі аброслыя, у Турцыі аброслыя! Пагалоўна!

Вось так тады ўсе адпускалі доўгія валасы, таксама пагалоўна.

«НН»: А да знешняга выгляду пытанняў ніколі не было? Не білі «за патлы»? Пытанняў не задавалі?

СС: Ніхто мяне не біў! Гэта я мог кагосьці біць (смяецца).

А пытанні задавалі іншыя і ў іншы час, калі ў 90-я рэкет пачаўся. Я ж займаўся меддзю. А ў той час здавалі ўсё: правады зразалі, люкаў на дарогах не было. А ў мяне медзь! Я ў Літве набыў, закрыў у сейф у Панявежысе і вазіў сюды патроху: для рамонту рухавікоў, генератараў.

Пасля адкрыў СТА, фарбаваў машыны, рамантаваў, з Германіі гналі аўтамабілі праз мяне: прыводзіць у парадак на маім СТА.

У 1980-х нармальна працавалася. А пасля, калі СССР разваліўся, я аж крычаў, енчыў ад радасці. Бо капец Саюзу! Свабода! Мазгі маеш — ідзі адкрывай што хочаш! Пайшла свабода! І я ўсё жыццё буду ўдзячны Гарбачову, што б ні лілі на яго! Малайчына, што даў свабоды!

А сёння некаторыя ходзяць, стогнуць… Што вы стогнеце? Пашыце! Канечне, калі ўжо мазгоў зусім няма… Бо ўсё ж сёння мазгі патрэбныя, прызналі даўно. І прадпрымальнікі — гэта ў асноўным людзі з дзвюма вышэйшымі адукацыямі. Сёння прызналі, што прадпрымальнікі — гэта найразумнейшы слой грамадства, чаго хаваць!? Ідзі, чыноўніку скажы, хай ён зробіць тое, што прадпрымальнік. Чыноўнік адкажа: я не зраблю гэтага. Так адкрыта прызнаюць нават высокія чыны!

Таму я і радаваўся, калі Саюз разваліўся. Шмат хто перажываў, што гэта не надоўга, але я верыў, што ўсё, пракруцілася кола.

«НН»: Настальгіі няма па СССР?

СС: Зусім няма. Але… часам аналізуеш, халера, напэўна, таму што малады быў: здаецца ўсё ж, што і добра было. Я хаяць не хачу. Свабода была: едзь куды хочаш, у Прыбалтыку, напрыклад… Вось каб не развальвалі межы, а дазволілі б пры гэтым прыватныя прадпрыемствы… Вось тое добра было, выдатна.

«НН»: А ў камсамоле былі? Шчыра верылі ў ідэі Леніна?

СС: Канечне, я быў камсамольцам. Больш за тое, я быў камсаргам, камандаваў прафсаюзам.

У ідэі Леніна я не верыў асабліва, але…

Вось раскажу вам выпадак. Я сёння маю дом на вуліцы Пагранічнікаў. Прыгожае месца, на беразе Нёмана. Лес побач.

Я катаўся на ровары, убачыў кампанію: чалавек 6—8 хлопцаў, стаяць піва п’юць. Гадоў па 25 прыкладна ім. Я еду на ровары, чую: пра войска гаворка ў іх ідзе.

Я кажу ім: я кожны дзень сваёй вайсковай службы памятаю. Я служыў у школе сяржантаў у Печах. І настолькі быў ідэалагізаваны, што за СССР гатовы быў легчы на дзот. Ні секунды б не разважаў. Я ў Германіі ганарыўся, што я з СССР!

Гэтыя хлопцы з мяне пасмяяліся. Я спытаў: а вы б ляглі на дзот за Беларусь? Яны ізноў пасмяяліся з мяне. Пра войска кажуць: ды ну яго, толькі дэбілы служаць!

Вось такое параўнанне мяне маладога з сённяшняй моладдзю. Зразумелы гэты момант?

«НН»: Але ж ці мусіць малады чалавек вось так, як вы, быць гатовым да ахвяравання? Іх пазіцыя кепская? Ці можа яно так больш правільна: глядзець на рэчы больш цынічна і больш цвяроза?

СС: Канечне, іх пазіцыя кепская! Што гэта такое!? У нас краіна цудоўная! Тут можна нармальна жыць! Такая мая пазіцыя. А іншае — гэта ізноў стогны.

Увогуле, бедныя вінаватыя самі, што яны бедныя, я так лічу. Ты, ты сам заўсёды вінаваты, што ты бедны. Працуй, не лянуйся, трохі мазгоў і разумнае планаванне! І тады любую будоўлю паднімеш, любы бізнэс паднімеш — калі будзе ЖА-ДА-ННЕ!

Я заўсёды хацеў быць багатым, мне не сорамна за гэта. З дзяцінства хацеў. І сёння я багаты, я не бедны.

«НН»: А дзяцінства вашае ў вёсцы прайшло?

СС: Так. Бацька мой, Людвіг Міхайлавіч, скурамі займаўся ўсё жыццё. Адвучыўся ў Вільні на гэта. Тады яшчэ была мода на шапкі: андатры, яноты, алені — усё на свеце. Да яго на верталёце прылятаў Машэраў, Кісялёў — ён, такім чынам, вырабляў шапкі!

«НН»: Да вашага бацькі ў вёску пад Шчучынам прылятаў на верталёце Машэраў па шапку?

СС: Так! Садзіць верталёт на загон — і ўсё.

«НН»: А чаму вы аказаліся работнікам аэрадрома, а не засталіся ў калгасе?

СС: Што я, дурны? Я бачыў, што такое калгас, у мяне маці там працавала.

Калгас — гіблая справа. І па сёння, я ведаю, што калі не сваё, а калгаснае — гэта вельмі кепска. Калгасная сеялка згніе, а рабочы яе не змажа. Свой ровар — будзе даглядаць, калгаснае штосьці — міма пройдзе.

Толькі прыватнае, прыватнае, прыватнае! Сваё мусіць быць! Сваё чалавек сядзіць і анучкай чысціць, а дзяржаўнае — цяп, ляп! — і пад плот!

«НН»: Але чаму ўлада і па сёння чапляецца за дзяржаўныя калгасы? Можа, варта іх і раздаць ці распрадаць?

СС: Я кажу пра гэта і думаю, прыйдзе і для гэтага час. Я ж гадоў 15 таму хацеў калгас узяць, прасіў. Але тады іншая палітыка была, дзяржава мне не дала. А сёння даюць — бяры колькі хочаш. Але я ўжо перахацеў.

«НН»: Вернемся да вас і СССР. Кажаце, што ў маладосці ў Леніна не верылі, але за Савецкі Саюз гатовыя былі жыццё аддаць…

СС: Канечне! Я і сёння скокну ў танк і на дыбы яго пастаўлю! Я ж танкіст! Печы!

«НН»: А дзядуха была жорсткая, калі вы служылі ў Печах?

СС: Якая дзядуха? Ну спачатку сяржант табой кіраваў, дасць па галаве — аж дым ідзе! Вучылі, каб лепш запамінаў!

«НН»: Білі?

СС: Не, ну як білі, а то вы зараз надрукуеце там… Гэта я так кажу, утрыруючы.

«НН»: А Сталін — як ставіцеся да яго?

СС: Кіраваць заўсёды можна шэптам. Не шкодзіць, а разумна планаваць. Які Сталін, пра што вы кажаце!? Ён жа гробіў, рэзаў, душыў, саджаў… Нафіг ён патрэбны, той Сталін.

«НН»: Тады ад СССР да 1990-х. Вы ўзгадваеце іх як цяжкія «рэкетныя» часы. У вас шнар на шыі — таксама адтуль?

СС: Так. Я вёз медзь, мяне ў Лідзе спынілі. Я палез у бойку, мяне шарпанулі па шыі, адвезлі ў лес, паставілі на калені пад пісталет. Жонка мая і маці вымалілі, каб мяне адпусцілі. Медзь забралі, я заплаціў 25 тысяч даляраў.

Мяне адпусцілі. Я шыю заматаў, еду на пустой машыне. Мяне злавіў там адзін падпалкоўнік крымінальнага вышуку і прасіў: напішы заяву, напішы! Але я пісаць не стаў, бо была «дамоўленасць». Калі б я напісаў, маю б усю нерухомасць спалілі, і СТА, і астатняе.

«НН»: За «дах» плацілі?

СС: «Дах» быў і не адзін. Але дзякуючы прыходу Лукашэнкі гэтыя пачвары сышлі з краіны. Мне тады пазванілі з Мінска і сказалі: перастаньце ім плаціць. І рэкет знік тады.

Сёння я не баюся, хаджу спакойна. Гэта каштуе шмат, паверце.

У 1990-х і ў пад’ездах бывала чакалі, і пасля рэстарана сустракаюць цябе ноччу…

«НН»: І што далей? Бойка?

СС: Ці размаўляеш з імі, ці яны ставяць нейкую ўмову… Тады на рэкет фактычна таксама мода была. Усе лысыя, усе на «спартыўках», усе быкі… Бывала рознае. І біў, і плаціў, і страляў… У мяне быў баявы пісталет: я ж хадзіў у банк па грошы на зарплату, пасля ідзеш фактычна з мехам грошай.

«НН»: Пісталет выкарыстоўвалі?

СС: Пра гэта я калі-небудзь кнігу напішу, у ёй і раскажу.

Аднойчы да мяне па медзь рэкет з Расіі ехаў, з Ніжняга Тагіла. Але мы з прадпрымальнікамі аб'ядналіся і вырашылі пытанне. Мы ім далі ў шыю, адправілі дадому к*** [расіян — «НН»].

Сёння мне былыя аднакласнікі шчыра кажуць: я ў прадпрымальнікі не пайшоў, бо баяўся, што заб’юць. А я пайшоў — і пратрымаўся. Нас такіх не шмат.

«НН»: Добра. Праз 90-я да сёння. У вас цяпер апарт-гатэль і ў Чарнагорыі.

СС: Так. Мне падабаецца Чарнагорыя. І прырода не дабітая, і краіна не перанасычаная гатэлямі, як Турцыя. У Іспаніі я быў — не, не тое.

А гатэль я арандую.

«НН»: А дзе прасцей весці бізнэс: у Чарнагорыі ці ў Беларусі?

СС: Тут, канечне. Усё ж там чужая краіна. Усё такое ж, а то і горшае.

Ды і я яшчэ калі ў Германіі працаваў, то зразумеў: эміграваць ніколі не змагу. Мне там нават паветра інакш пахне.

«НН»: Хабар прыходзілася даваць?

СС: Фігу ім! Я і ў Беларусі ніколі не даваў. І ў мяне ніколі і не прасілі. Увогуле, бяруць хабар толькі дурні. Бо так працуе сістэма, што, калі возьмеш, усё роўна цябе пасадзяць — раней ці пазней.

«НН»: А калі было прасцей пачынаць бізнэс на ваш погляд: у 1990-х ці сёння?

СС: Сёння, безумоўна. Мы ж у 90-х былі як трусы, на якіх доследы ставяць. І бандыты на нас, і законы то такія, то іншыя. А цяпер сістэма працуе ўжо, адладзілася, працуюць людзі.

«НН»: Вы казалі, што вас калісьці клікалі ў ЛДПР. Жырыноўскі?

СС: Не ён, намеснік яго.

У пачатку 90-х. Але я адмовіўся. Асабліва не шкадую, але, можа, і цікавей было б…

«НН»: Але ж паглядзіце сёння на Жырыноўскага. Гэта цыркавы акцёр, а не палітык.

СС: І добра. І такое хай будзе. Але ж колькі ён разумнага кажа!

«НН»: Напрыклад?

СС: Што паводзіць сябе трэба больш рызыкоўна, а не класціся пад Амерыку. Правільна!

Бо ўсё ж гэта б’е па нас: Крым, іншае. Колькі каштаваў даляр, 30 расійскіх рублёў? А пасля хоп — і 60!

«НН»: Дык Расія ж Крым забрала, а не Амерыка.

СС: Вось трэба было больш рызыкоўнымі быць, даць здачы, але Крым не забіраць. Яны ж адпомсцілі такім чынам. Зацягнулі з той Украінай, маглі б раней усё апрацоўваць, каб да гэтага не прыйсці. А цяпер Украіну хочуць забраць.

«НН»: Хто?

СС: Расія.

«НН»: Хоча забраць?

СС: Ці не?

«НН»: Не ведаю.

СС: І я не ведаю. Але мне здаецца, што хоча… Хоча, каб іншая палітыка там была.

«НН»: Вы самі пра палітычную кар’еру думалі?

СС: Раней хацелася пайсці ў парламент… Але пазней… Я ж бачу, што такое, калі чырвоны дырэктар кіруе заводам. Мне чырвоны дырэктар не падыходзіць.

«НН»: А на першых прэзідэнцкіх выбарах вы за каго галасавалі?

СС: Толькі за Лукашэнку!

«НН»: Дык ён жа і ёсць той самы чырвоны дырэктар, хіба не?

СС: А хто іншы? Лукашэнка — добры арганізатар.

Кебіч — слабы арганізатар. Шушкевіч — добры вучоны, але слабы чалавек, слабы палітык. Пазняк гэтай мовай спалохаў усіх. «Расіян — вон!» — што гэта такое? Розум патрэбны.

«НН»: Але ж вы былі членам Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, якой сёння кіруе Задняпраны.

СС: Я яе фактычна ствараў, стаяў ля вытокаў.

«НН»: Навошта гэта было вам патрэбна?

СС: Каб мець нейкую сілу. Каб улада пачула нас, каб можна было размаўляць.

«НН»: Дапамагло?

СС: Так, тое-сёе.

«НН»: Атрымліваецца, гэта быў не палітычны праект, а такая дапамога самому сабе весці справы з уладамі?

СС: Я асабліва там інтарэсу і не меў. Я ведаю, што калі стаўлю мэту, то да яе і так прыйду.

Цяпер я да партыі той практычна і не лезу. Задняпранага ведаю. З ім у добрых адносінах.

«НН»: Цытата з вашага старога інтэрв’ю: «У Беларусі патрэбен закон аб люстрацыі. Чыноўнікі, якія будавалі камунізм, мусяць пакінуць пасады. У дзяржапарат мусяць прыйсці новыя людзі з сучаснай адукацыяй». Сёння так працягваеце лічыць?

СС: Іх трэба было замяніць 25 гадоў таму на ўсіх новых.

«НН»: А Лукашэнку таксама? Ён жа таксама будаваў камунізм?

СС: Усіх новых паставіць. А Лукашэнка хай быў бы. Ён бы з новымі добра б працаваў. Бо гэтыя сёння шмат хаваюць ад яго. З маладымі сёння б і прыгажэй было б, і эканоміка мацнейшая.

«НН»: Дык а чаму ж тады ўсё застаюцца на пасадах старыя чыноўнікі столькі гадоў?

СС: А халера яго ведае! (Смяецца.)

«НН»: Нельга не спытаць у вас яшчэ пра дзве старыя гісторыі. Першая — вашае нечаканае вылучэнне на пасаду старшыні Саюза палякаў у 2009 годзе. Ёсць версія, што вам зрабілі прапанову з Адміністрацыі прэзідэнта, каб вы занялі гэтую пасаду.

СС: Не. Гэта плёткі. Я сам пайшоў. І мяне народ выбраў.

Мне цікава было. Я падумаў, што і бізнэс буду развіваць, і інвестыцыі пойдуць. Гэта паважаная пасада, старшыня Саюза палякаў, калі ставіць яе правільна.

«НН»: Але ж гэта быў дэкаратыўны Саюз палякаў, асноўны занятак якога быў — падтрымка дзейнай беларускай улады.

СС: Не, я шмат дыскутаваў з уладай у той час!

«НН»: А вы паляк? Католік?

СС: Так! Я католік, я паляк!

«НН»: Па-польску размаўляеце?

СС: Так, (адказвае на польскай) я гавару на польскай мове.

«НН»: За сённяшняй Польшчай сочыце?

СС: Не вельмі. Але яна эканамічна моцная дзяржава сёння, мне так здаецца.

«НН»: А як вам сённяшні кансерватыўны курс Польшчы, забарона абортаў і гэтак далей?

СС: Я не асабліва валодаю сітуацыяй, калі шчыра.

«НН»: А вас не палохае Еўропа, з яе талерантнасцю да сэкс-меншасцяў? Гей-шлюбы, усё такое?

СС: Геі мяне не цікавяць. Я ведаю адно: Еўропа — гэта паказчык. Мне здаецца, што ў іх усё правільна, мне хацелася б, каб і мы так развіваліся.

«НН»: А якая краіна ўзорная для вас?

СС: Германія. Апошнім часам, праўда, у іх нейкая лухта з бежанцамі… Наваліліся туды… Меркель даўно сысці трэба.

«НН»: А што з бежанцамі? Не прымаць?

СС: А навошта іх прымаць? Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся.

«НН»: А калі вайна там, дзе ты нарадзіўся?

СС: Дык тады трэба спытаць у свайго прэзідэнта, у сваёй краіны, чаму ён давёў яе да вайны. Народ выпісвае свайму прэзідэнту працоўную кніжку: «Пакіруй намі, мілы прэзідэнт!» І калі ён давёў да вайны — то к чорту таго прэзідэнта.

«НН»: Дык а што рабіць бежанцам? Не з’язджаць? Ці проста іх не прымаць?

СС: Не прымаць! Хай едуць сваю краіну адбудоўваюць! Хай едуць і намагаюцца, каб не было вайны!

 «НН»: Яшчэ адна гісторыя. У пачатку 2000-х вы нечакана пачалі будаваць на Гарадзеншчыне мемарыяльныя могілкі загінулым нямецкім салдатам.

Тады вы казалі, што ганарыцеся гэтым учынкам.

СС: Так. І па сёння ганаруся.

А было ўсё як: быў мэр Пашкевіч. Паклікаў мяне як арганізатара. «Рэмбудмантаж» было ў мяне прадпрыемства. Ён даў мне дакумент з дазволам, з пячаткай! І сказаў зрабіць могілкі, як вы іх называеце. Але — не па Адольфе Гітлеру! Па шараговых салдатах Еўропы!

І я, як энергічны чалавек, ужжык — і пабудаваў!

Сядзелі тады немцы за сталом, іншыя замежнікі, казалі: мы Гродна зробім як Франкфурт! Аэрапорт новы, авіялініі, увесь горад будзе новы…

Але знайшоўся пісака, разбамбіў (супраць сямашкаўскіх мемарыялаў рэзка выказвалася «Советская Белоруссія» — НН). І ўсё, не падтрымалі, тыя мемарыялы знеслі.

Сёння мэр Пашкевіч кажа, што каб нас тады паслухалі, то якая б Гародня была сёння!

«НН»: То-бок гэта быў абмен? Вы будуеце мемарыялы — у горад капаюць інвестыцыі?

СС: Не ў абмен, ва ўзнагароду! Мемарыялы ж па шараговых салдатах: па нямецкіх, па галандскіх, італьянскіх!

«НН»: Казалі, што вы атрымлівалі грошы за будаўніцтва тых мемарыялаў. Якія?

СС: Я нічога не атрымліваў, так і напішы. Я хацеў, каб Гродна быў новым, але да гэтага не дайшло. Знеслі ўсё — і на тым перамовы скончыліся.

«НН»: Але ж я чытаў публікацыі супраць вас, краязнаўцы казалі, што ў месцах мемарыялаў не было ваеннапалонных.

СС: Былі палонныя! Аэрадром у Шчучыне будавалі, мой дзед вазіў трупы возам!

«НН»: Нямецкіх салдат?

СС: Нямецкіх, рускіх — усіх!

«НН»: А куды ён іх вазіў?

СС: А чорт яго ведае. У роў, напэўна. Вайна была.

***

«НН»: Апошняе пытанне банальнае: што сёння ў планах?

СС: У цэнтры Гродна стаіць вялікая турма. У ідэале, я б хацеў пабудаваць новую турму, сучасную. А ў гэтай знесці сцены і зрабіць музей. Там жа Сталыпін сядзеў [насамрэч не — «НН»], Дзяржынскі сядзеў. Турыст туды адразу пойдзе. Можа быць, гатэль таксама адкрыць: там не нумар будзе, а «хата»! (Смяецца.)

Вось я гістарычны цэнтр адбудую і буду намагацца заняцца той турмою!

Улад Швядовіч, фоты Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера