Знайсці
11.08.2019 / 16:1311РусŁacБел

Украінскі серыял «Прыгонная» называюць новай «Рабыняй Ізаўрай». У чым сакрэт поспеху? 

Украінскі серыял «Прыгонная» стаў хітом па колькасці праглядаў у Польшчы. Яго аўдыторыя ў суседняй краіне расце нябачанымі тэмпамі.

У сацсетках пра яго пішуць шараговыя гледачы і польскія топ-чыноўнікі, а вядучыя СМІ спрабуюць разгадаць сакрэт шалёнай папулярнасці «мыльнай оперы» ўкраінскай вытворчасці, якую ўжо ставяць у адзін шэраг з бразільскай «Рабыняй Ізаўрай» і турэцкім «Цудоўным векам», піша bbc.com.

Дык чаму ж палякам так прыйшоўся даспадобы менавіта гэты ўкраінскі серыял?

Пра што ён?

«Прыгонная» — гэта касцюмаваная меладрама, знятая кампаніямі StarLight Films і Film.UA. Падзеі адносяць гледачоў у Нежын ХІХ стагоддзя. У гэтым гарадку на Чарнігаўшчыне жыве заможны памешчык Чарвінскі, ва ўласнасці якога — маладая, вытанчаная і чароўная прыгонная Кацярына Вярбіцкая.

Хросніца жонкі Чарвінскага, Кацярына мае бездакорныя манеры, ведае некалькі замежных моў, грае на фартэпіяна і прыгожа малюе.

Круцячыся ў колах мясцовых багацеяў, Кацярына закахалася ў прывабнага двараніна Аляксея Касачова. Але на шляху да шчасця маладых становіцца Чарвінскі. Каб здабыць свабоду і атрымаць права любіць, Кацярына пераадольвае нямала перашкод.

Ёй давядзецца перажыць смерць блізкіх, выстаяць ў полымі народнага паўстання і не страціць гонар у брудзе кіеўскіх бардэляў.

Дзе здымалі, хто паказваў

Каб лепш перадаць атмасферу, стваральнікі серыяла адмовіліся ад штучных павільённых дэкарацый. У спісе лакацый, дзе праходзілі здымкі — Кіева-Пячэрская Лаўра і кіеўскі «Шакаладны дамок», Нацыянальны музей народнай архітэктуры і побыту Пірагова, Нацыянальны гісторыка-культурны запаведнік «Качаноўка», а таксама «Тэрнопальскі Версаль» — Палац Вішнявецкіх.

Першы сезон «Прыгоннай» у лютым 2019 паказаў украінскі тэлеканал СТБ. За першы тыдзень паказу серыял узначаліў рэйтынгі трансляцый усіх каналаў Украіны ў будні.

Пасля правы на паказ украінскай меладрамы набылі Літва, Чарнагорыя, Сербія, Боснія і Герцагавіна, Македонія, Славенія і Харватыя.

Але першым замежным каналам, які паказаў «Прыгонную», стаў польскі грамадскі вяшчальнік TVP1, для якога нават стварылі шматгалосае агучванне на польскай мове.

«Хіт», «феномен» і «з'ява»

Менавіта так называюць «Прыгонную» польскія СМІ, калі пішуць пра аглушальны поспех працы ўкраінскіх кінематаграфістаў.

Падставай для гэтага з'яўляецца рэйтынгі меладрамы. Па дадзеных спецыялізаванага польскага рэсурсу Wirtualne Media, за першы тыдзень паказу аўдыторыя «Прыгоннай» склала 1,23 мільёна гледачоў. І гэта пры тым, што эпізоды паказвалі ў вячэрні прайм-тайм толькі з панядзелка па сераду.

За другі тыдзень пракату «Прыгоннай» колькасць прыхільнікаў серыяла вырасла да 1,79 мільёна. Таму кіраўніцтва TVP1 вырашыла паказваць яго і ў выходныя.

«Аўдыторыя серыяла расце ад эпізоду да эпізоду, — піша Wirtualne Media. — Першы з іх перагледзелі 1,01 мільёна гледачоў, апошні — 2,28 мільёна ».

Як адзначыла польскае Radio Zet, гэта настолькі ўзрадавала кіраўніка польскага грамадскага гіганта TVP Яцэка Курскага, што ён напісаў у Twitter: «Дасягнулі 3 мільёнаў! Гэта рэкордная аўдыторыя 27 эпізоду. І яна расце. Гэта ўжо з'ява. Дзякуй!».

У чым сакрэт поспеху?

Сярод прычын поспеху ўкраінскага серыяла ў Польшчы выданне Dziennik Zachodni называе геаграфічны фактар. Выданне адзначае, што да нядаўняга часу палякам прапаноўваліся касцюмаваныя меладрамы пераважна турэцкай вытворчасці.

«Упершыню на нашых экранах з'явіўся серыял, дзеянне якога адбываецца ў нашых геаграфічных шыротах, - піша Dziennik Zachodni. — сярэдзіна XIX стагоддзя, калі разгортваюцца падзеі «Прыгоннай» — гэта час, калі Чарнігаў і Варшава, Люблін і Саснавец былі часткай адной краіны і функцыянавалі ў аднолькавых грамадска-палітычных умовах».

На думку польскага выдання, яшчэ адной перавагай працы ўкраінскіх кінематаграфістаў з'яўляецца тое, што ў серыяле не абмінаюць пытанне класавага супрацьстаяння.

«У шмат якіх сёлах сітуацыя была такой, як паказана ў «Прыгоннай». Акрамя гісторыі кахання, у серыяле хапае сцэн продажу сялян адным уладальнікам іншаму. Можна ўбачыць і велізарныя бізуны, якім пан адлупцаваў каваля, калі той адважыўся пайсці супраць яго», - дадае Dziennik Zachodni.

Яшчэ адной перавагай украінскага серыяла, калі параўнаць з лацінаамерыканскімі ці турэцкімі, часопіс называе тое, што паказаана «жыццё 170 гадоў таму … не толькі з пункту гледжання шляхты, але і з пункту гледжання прыгнечаных сялян, якія нягледзячы ні на што спадзяюцца на лепшую будучыню».

Украінская «Рабыня Ізаўра»?

Не абмінула ўвагай вялікі поспех украінскага серыяла і адна з вядучых польскіх газет Gazeta Wyborcza.

У артыкуле «Бразільскае каханне, украінскія бізуны: Ці ёсць «Прыгонная» феноменам маштабу «Рабыні Ізаўры»?» Выданне адзначае, што гісторыя ўкраінскай прыгоннай шмат у чым паўтарае перыпетыі жыцця чароўнай і несвабоднай бразільянкі.

Зрэшты, Gazeta Wyborcza адзначае «ўражваючыя» касцюмы і «маляўнічыя лакацыі», гледзячы на ​​якія, «многія гледачы захочуць наведаць Украіну», а таксама «выдатны» акцёрскі склад — у стужцы задзейнічаны як вядомыя выканаўцы, так і таленавітыя пачаткоўцы.

Акрамя таго, працягвае Gazeta Wyborcza, перавагай «Прыгоннай» ёсць і тое, што «стваральнікі звяртаюць увагу на непрыемныя старонкі ўкраінскай гісторыі, з якой палякі мелі шмат агульнага».

На думку газеты, поспех украінскага серыяла ў Польшчы абумоўлены тым, што «ўпершыню мы назіраем сінтэз мыльнай оперы з касцюмаваным жанрам, убудаваным у нашу культуру».

 

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930