Знайсці
10.08.2019 / 21:313РусŁacБел

Нямецкія даследчыкі: Каршэрынг — міф, які не вырашыць праблемы трафіку

Паслугі пахвіліннага пракату аўтамабіляў (так званы «каршэрынг») не дае чаканага эфекту ў большасці гарадоў Германіі, піша газета Зюддойчэ Цайтунг.

Першапачаткова, на каршэрынг ускладаліся вялікія спадзяванні. Як меркавалася, адмовіўшыся ад уласных аўто на карысць агульных аўтамабіляў, людзі тым самым вызваляць вуліцы ў сваіх гарадах ад залішняга трафіку.

Лічыцца, што адно аўто каршэрынгу здольнае замяніць дзесяць адзінак персанальнага аўтатранспарту.

Аднак, як выявілася, станоўчы эфект ад пашырэння каршэрынгу ў большасці нямецкіх гарадоў мінімальны, піша Зюддойчэ Цайтунг са спасылкай на вынікі даследавання кансалтынгавай кампаніі ATKearney.

Пахвілінны пракат аўто можа быць прыбытковым толькі ў густанаселеных раёнах краіны, пішуць даследчыкі. У правінцыі ды ў меншых гарадах каршэрынг проста не акупіцца.

Але нават калі ўсе насельнікі нямецкіх агламерацыяў — Берліна, Гамбурга, Мюнхена, Штутгарта, Франкфурта — адмовяцца ад уласных аўто і перасядуць на каршэрынгавыя аўтамабілі, усё адно гэта дазволіць прыбраць з дарог толькі вартыя жалю 5% аўтамабіляў у маштабах краіны. Такая ж сітуацыя будзе і ў іншых еўрапейскіх краінах са значнай тэрыторыяй, мяркуюць даследчыкі.

Вялікая праблема ў тым, што многія карыстальнікі каршэрынгу лічаць яго не заменай, а дадаткам да ўласнага аўто.

Напрыклад, у вялікіх гарадах Германіі бывае прасцей і танней запаркаваць уласную машыну далёка ад дому, перасесці на каршэрынгавае аўто, дабрацца на ім да самага ганка і кінуць яго на рагу вуліцы.

Пакуль што фірмы, якія даюць аўто ў пахвілінны пракат, завабліваюць кліентаў нізкімі цэнамі, а гэта не тая матывацыя, якая спрыяе экалагічным паводзінам, мяркуюць даследчыкі.

Для таго, каб заахвоціць людзей і сапраўды адмовіцца ад уласных аўто, варта ствараць каршэрынгу імідж «зялёнай альтэрнатывы», а не таннага спосабу перасоўвання па горадзе.

Берлін можна назваць сталіцай нямецкага каршэрынгу, піша газета. У сталіцы краіны больш за 5 тысяч аўто ў агульным карыстанні, прычым ажно палова з іх — электрамабілі. Усяго ў свеце колькасць каршэрынгавых аўто вырасла з 7 да 27 мільёнаў за тры гады.

Руслан Гаёк паводле Зюддойчэ Цайтунг

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера