Даслаць навіну
Знайсці
07.08.2019 / 21:00 11

Мама 13 дзяцей з Пружан дала карысныя парады, як траціць грошы і час рацыянальна і што настаўнікам лепш не дазваляць

Вікторыя Онахава-Жураўлёва з Пружан разам з мужам выхоўваюць 13 дзяцей. 10 з іх — школьнікі. І кожнаму да навучальнага года патрэбны сшыткі, алоўкі, туфлі і кашулі. Тата працуе праграмістам, таму яны не бядуюць. Але стараюцца траціць грошы і, галоўнае, час рацыянальна. У сям'і з Пружан можна павучыцца многім практычным момантам — чытайце пра гэта ў нашым рэпартажы.

З Вікторыяй сустракаемся на адным са сталічных рынкаў. Закупляцца да школы яна прыехала ў кампаніі чацвярых дзяцей — Колі, Юлі, Наташы і Леры. З сабой захапіла каляску пад сшыткі і альбомы (забягаючы наперад скажам, што туды ўмесціцца толькі трэцяя частка канцтавараў).

Павялічыць выяву

Шматдзетная мама жыве ў Пружанах. Пяцёра дзяцей у яе ад першага шлюбу (двое з іх — усыноўленыя). Калі Вікторыя выйшла замуж другі раз, да сям'і далучыліся яшчэ дзеці мужа.

На школьны шопінг жанчына ездзіць у Менск ці Берасце. У раённай краме і даражэй, і няма такога выбару тавару.

Павялічыць выяву

Задача на сёння — закупіцца канцтаварамі і абуткам. Па дарозе набываем яшчэ два заплечнікі для Наты і Леры — астатнім Вікторыя ўжо замовіла на Аліэкспрэс.

Павялічыць выяву

Праблемы з незапланаванымі закупамі ў мамы няма.

— У мяне ў гэтым плане ўсё вельмі добра — я ўмею казаць дзецям «не». І калі бачу, што яны хочуць нататнік, які я не збіраюся купляць, я яго і не буду браць.

Павялічыць выяву

«А гэта для мамы. Маленькі нататнічак для вялікіх планаў», — жартуе Вікторыя.

Усе канцтавары Вікторыя набывае ў адным месцы. Пакуль дзеці выбіраюць сабе пеналы, яна агучвае прадаўцу спіс неабходнага. 300 сшыткаў у клетку, 300 ў лінейку, 30 паўагульных, 100 ручак, 50 алоўкаў, 50 сцірак, 20 вастрылак, 100 вокладак для падручнікаў, 7 набораў акварэляў… А яшчэ пластылін, альбомы для малявання, каляровая папера. Гэта базавы спіс, мінімум якога хопіць да Новага года.

Павялічыць выяву

— Вам, можа, возік даць, каб да машыны ўсё давезці? — прапануе прадавец.

Павялічыць выяву

Павялічыць выяву

Каб ашчадзіць, шматдзетная мама бярэ самыя простыя зялёныя сшыткі. Фламастары, акварэлі — сярэдняга цэнавага сегменту. Браць дарагія няма сэнсу, яны не праслужаць даўжэй: тыя ж фламастары дзеці губляюць, забываюць закрываць каўпачкамі, і яны высыхаюць.

Павялічыць выяву

За ўсе канцтавары Вікторыя аддае 400 рублёў.

— Летась было даражэй. Я купляла ўсё ў «Еўраопце» і дробных крамках, — падлічвае яна.

Павялічыць выяву

Павялічыць выяву

«Летась пяцярых хлопчыкаў апранула на 100 еўра»

Школьную форму шматдзетная мама набывае за мяжой — у Польшчы ці Літве. Кажа, там нашмат танней, чым у Беларусі.

— Летась у H&M я хлопчыкаў апранула на 100 еўра. Усіх пяцярых. Яшчэ і такс фры атрымала. Таму вырашыла, што тут з гэтым не буду замарочвацца наогул. Вось мы зараз паедзем у Палангу з хлопчыкамі, я там куплю ім адзенне. А потым яшчэ да канца жніўня дзяўчатак апрану ў Варшаве.

Па падліках Вікторыі, на форму ёй спатрэбіцца каля 250 даляраў — штосьці з рэчаў засталося з мінулага года.

— Ну з абуткам так дакладна не ўдасца: хутка растуць дзеці.

Павялічыць выяву

Адзенне школьнікі выбіраюць самі, інакш яны проста не будуць яго насіць.

— Ёсць рэчы, якія мне самой вельмі падабаюцца, і я кажу: ну давай возьмем. Але ведаю, што яно праляжыць у шафе, а потым дзеці з яго вырастаюць. Таму гэта не працуе зусім, — дзеліцца мама.

«НН»: Часта даводзіцца дзяўчат-падлеткаў адгаворваць браць кароткія спадніцы?

— Дык яны не хочуць ужо. Хочуць купіць штаны чорныя, і ўсё. Малодшыя могуць яшчэ пахадзіць у сарафанах, але гэта не будзе міні. Цяпер мода нейкая іншая, дзеці цяпер не апранаюцца так.

Да субкультурнай моды Вікторыя ставіцца спакойна і не забараняе дзецям самавыяўляцца.

Павялічыць выяву

— Арына зараз апранаецца ў анімэшным стылі. У школе з гэтым праблемы, канечне, настаўнікі не вельмі задаволены вясёлкавым поні на кофтах, але нічога страшнага — справяцца, яны ж дарослыя людзі, — іранізуе яна.

«Да канца кастрычніка ад пары абутку нічога не застаецца»

Па абутак ідзём у краму. Вікторыя расказвае пра свой абсалютны мацярынскі рэкорд — летась купіла абутак усім дзецям за паўгадзіны.

Павялічыць выяву

— Дзеці сабе выбралі, я паглядзела, як на іх сядзіць, ацаніла, каб не было шпількі, напрыклад. Ну і ўсё — я была вельмі гордая сабой.

Павялічыць выяву

Вось і цяпер мама дзейнічае па такой схеме. Дзеці самі шукаюць, што ім падабаецца (кожнаму патрэбна дзве пары — для ўрокаў і фізкультуры), а яна ўзгадняе ці прапануе паглядзець іншае.

Павялічыць выяву

— Бяры на памер большыя, пакуль мы з’ездзім на мора, ты вырасцеш, — просіць Леру.

— Не, коцік мой, на фізкультуру я не гатова табе такія купляць, — каментуе іншыя красоўкі Вікторыя і тлумачыць нам, што не так: — Яны вельмі напышлівыя. Фізрук не пусціць у гэтых бліскаўках дакладна. (Разглядае красоўкі, якія выбраў Коля.) О, вось гэта прыгожыя.

Павялічыць выяву

— А аднакласнікі яшчэ кажуць, што ў мяне няма густу! — задаволена адзначае хлопчык.

Коля — галоўны моднік у сям’і. Чорны колер не для яго — любіць усё яркае: носіць гарчычныя і бардовыя кашулі, нябесна-блакітны пінжак, гальштукі.

Павялічыць выяву

Будуць туфлі з натуральнай скуры ці са штучнай, Вікторыі не так важна — і тыя, і тыя хутка зношваюцца.

— Міша і Андрэй у мяне збіваюць аднолькава што скураны абутак, што не скураны. Прыкладна да канца кастрычніка ад пары нічога не застаецца. Якраз калі ўжо трэба пераходзіць на зімовы варыянт.

Павялічыць выяву

Усе каробкі ўжо на касе. За 8 пар з улікам зніжак мама аддае 235 рублёў. Абутковыя крамы, усміхаецца Вікторыя, яе любяць: які яшчэ купец возьме за раз столькі туфляў і кедаў?

Усяго на год школьнікам патрэбна 60 пар абутку! Туфлі, красоўкі, варыянт на зіму і дзве пары (сандалі і з закрытым наском) на вясну-лета.

Павялічыць выяву

Браць крэдыт на падрыхтоўку да школы ці адкладаць грошы некалькі месяцаў сям'і не даводзіцца. Муж Вікторыі працуе праграмістам і добра зарабляе.

«Не дазваляю дзецям заводзіць кожную чвэрць новыя сшыткі»

Просім Вікторыю даць некалькі парадаў, як патраціць на школьны шопінг мінімум часу і нерваў.

— Абавязкова трэба пакарміць дзяцей, перад тым як весці у краму, інакш закупы пачнуцца з ныцця, што яны галодныя.

Добра браць з сабой бутэльку вады, каб у гандлёвым цэнтры даць дзіцяці папіць, а не збягаць у краму. Трэба разумець, колькі часу ты можаш патраціць на пакупкі без страт. Калі гэта першая крама, куды мы заходзім, 40 хвілін яшчэ можам там прабавіць, потым ужо ўсе стамляюцца. Праз паўгадзіны ў дзяцей зніжаецца ўвага. Таму трэба дзяліць іх на групкі, каб у гэтыя часавыя межы ўпісацца, або купляць без іх.

Другі варыянт таксама нядрэнны, калі ведаеш памеры — можна памераць рукаў, спіну, выразаць кардонныя вусцілкі для абутку і хадзіць з гэтым. У мяне быў такі досвед, калі дзеці былі меншыя.

Павялічыць выяву

Калі малеча можа браць адказнасць за свой выбар, гэта вельмі спрашчае паход па крамах, дадае Вікторыя. Не даводзіцца слухаць усе гэтыя «мне не падабаецца, гэта не прыгожа». Старэйшых яна часам адпускае па закупы адных — дазваляе ўзяць падлеткам тую рэч, якую яны хочуць, але ў межах агаворанага бюджэту. Напрыклад, для туфляў ці красовак гэта 50 рублёў.

Павялічыць выяву

Пакуль дзеці прыселі паесці марозіва, гутарым з Вікторыяй пра набалелае — дзіўныя школьныя патрабаванні.

Мама расказвае, што не дазваляе дзецям заводзіць кожную чвэрць новыя сшыткі. Бо гэтыя нормы нідзе не прапісаны і не зразумела, як такі падыход паляпшае акуратнасць у пісьме.

— У школы вельмі задрана планка з-за таго, што яны ўсе баяцца праверак, хоць сшыткі — гэта не аб’ект праверкі, яны не з’яўляюцца пацверджаннем чагосьці.

Я лічу, што ў інтарэсах дзіцяці пісаць у брудным сшытку, каб бачыць эвалюцыю. Большасці настаўнікаў мая пазіцыя не падабаецца, бо яна нязручная. Настаўнікі павінны шмат змагацца з гэтай сістэмай, калі не хочуць, каб і далей іх у рулончык укатвалі, як цяпер.

А яшчэ мама не бачыць нічога страшнага ў тым, што школьнікі падкрэсліваюць сваю індывідуальнасць.

Павялічыць выяву

— Колер валасоў ніяк не ўплывае на інтэлектуальныя здольнасці. Аранжавае дзіця прыйшло ці чырвонае — гэта не робіць яго дурнейшым. Гэта робіць дзяцей цяжкімі ў кіраванні, бо калі яны зараз пачнуць усе самавыяўляюцца, то яны ж разбягуцца проста. А наша школа заснавана на страху, на дысцыпліне.

Павялічыць выяву

Наталля Лубнеўская, фота Волі Афіцэравай

18
Сержик / адказаць
08.08.2019 / 13:07
Мамаша забыла посоветовать, что одежду выгоднее в секонд-хэндах покупать, еду в Еврооптах. И не нужны нам повышения зарплат. И так "добра".
2
Максим Дизайнер / адказаць
08.08.2019 / 13:39
Дай Бог здоровья маме и деткам.
10
хамса / адказаць
08.08.2019 / 15:07
спытали б лепш у детак, ци падабаецца им жыць у шматдзетнай сям"и? каляжанка вельми любиць сваих сястрычак, але казала, што як даведалися са старэйшай сястрой, што будзе 4-я, спачатку не радавалися, бо даглядаць малодшых даводзилася им
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
верасень кастрычнік лістапад
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31