Знайсці
06.08.2019 / 14:2724РусŁacБел

Ярмошына пра сваю адзіноту: Сыходжу ад рэчаіснасці з дапамогай кніг

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына дала чарговае інтэрв'ю пра сваю нялёгкую долю. «Калі сышоў сын, я перастала апранаць яркія рэчы», — расказала яна «Камсамольскай праўдзе».

Лідзія Ярмошына ў рабочым кабінеце. Фота Паўла Марцінчыка, Kp.by

Пра катэдж у Драздах

— Гэта 270 квадратных метраў — два паверхі па 90 метраў, такі ж падвал. Калі прайсці па вуліцах у Драздах, можна пераканацца, што гэта адзін з самых маленькіх дамоў. Туды любяць прыязджаць мае сваякі, сябры. Калі пайду на пенсію, матэрыяльна будзе цяжка яго ўтрымліваць, зразумела, прыйдзецца змяніць яго на значна меншае жыллё.

— Дарагая камуналка?

— Іншым чынам цяжка ўтрымліваць. У любым доме пастаянна нешта ламаецца, а рамонты — гэта дорага, дамы тэхналагічныя. Гэта ж не вясковая хатка, дзе можна наняць кагосьці за 3 рублі кол прыбіць. А рабіць нешта пастаянна трэба: то брамку, то вароты. Раз на год неабходна аплаціць паслугі газаўшчыка, які павінен зрабіць прафілактыку. Калі, не дай бог, каналізацыя засмецілася, дарагія паслугі па ачыстцы. Калі адкалолася плітка на ганку, можа, і ўвесь ганак прыйдзецца перакласці.

Трэба плаціць чалавеку, які пакосіць траву, а летам гэта два разы на тыдзень. Яшчэ электроніка — ідзі разбярыся, чаму вароты сталі адкрывацца самі па сабе. Прыбіраю я сама, але каб пачысціць шторы, трэба раз на год выклікаць фірму — чыстка штор на двух паверхах разам з мэбляй, абіўкай каштуе каля тысячы еўра.

Для жыцця ў доме трэба ўкладваць шмат сродкаў. Гэта не лічачы ацяплення, газу.

У мяне нібыта і расход невялікі, але ўсё роўна: летам 250 рублёў, зімой 400 рублёў, часам больш. На пенсіі, вядома, дом ўтрымліваць вельмі дорага. Шчыра, я працую на яго ўтрыманне.

— Жывяце на пенсію?

— На пенсію не пражывеш. Цяпер я атрымліваю агульнаграмадзянскую пенсію, не як дзяржслужачы. Пенсія — каля 500 рублёў, і тое таму, што я заслужаны юрыст, так было б 400. Пенсія дзяржслужачага дзесьці 1000 рублёў. Але для гэтага трэба канчаткова сысці з працы.

Чытайце: Ад Абельскай да Ярмошынай: 113 уладальнікаў катэджаў у Драздах, поўны спіс

Пра сям'ю і сяброў

— Здаецца, пра мяне ўсё вядома. У мяне няма мужа, я двойчы разведзены чалавек. У мяне добрыя, мірныя адносіны з былымі мужамі, але гаварыць з імі няма пра што, гэта чужыя людзі. Адзіны сын памёр два гады таму, яму было 40 гадоў. Адзіная сваячка — сястра, якая жыве ў Маскве.

— Так здарылася, што ў чэрвені 2017 года і вы, і ваша сястра страцілі сыноў з розніцай у пару тыдняў…

— І мы лічым нашых дзяцей жывымі. Яны ад нас не сышлі. Я нават не ўспрымаю гэта неяк інакш. Для мяне гэта часовае расстанне. Мой сын Аляксей — светлы чалавек.

— У вас ёсць блізкія сябры?

— Тры вельмі задушэўныя сяброўкі жывуць у Бабруйску, ёсць сяброўкі ў Калінінградзе. Мы маем зносіны. Я езджу, да мяне прыязджаюць. Ёсць блізкія людзі, мне не патрэбныя псіхааналітыкі.

Ну і шчасце маё — кнігі. Кажуць, гэта сыход ад рэчаіснасці. Пацвярджаю — сыход ад рэчаіснасці зусім бяспечным спосабам. Небяспечны — гэта, напэўна, наркотыкі. Так што я жыву жыццём іншых людзей…

З апошняга вельмі спадабалася кніга «Клуб аматараў чытання і пірагоў з бульбяных ачыстак», прачытала разрэкламаваную кнігу «Вялікая маленькая хлусня». Аддушына для мяне і прырода —прагулкі, назіранні. Люблю тэатр, але, на жаль, няма з кім хадзіць. Мы з Лазавікамі хадзілі: я, Мікалай Іванавіч (сакратар ЦВК у 2000—2016, памёр восенню 2016 года. — Рэд.) з жонкай. Так склалася, што ўжо няма з кім хадзіць… Я саромеюся навязваць сваю кампанію. Зараз радзей хаджу. І адна.

Пра Віктара Ганчара (папярэдні старшыня ЦВК, які прапаў без вестак)

— У маральным сэнсе фігура Ганчара для сябраў ЦВК не ўяўляла значнасці — ён прыйшоў у ЦВК у верасні 1996 года, мы яго не ведалі. За гэты час я сустрэлася з ім два-тры разы на пасяджэннях камісіі. Ён быў нам чужы. Не хаваў, што застаўся дэпутатам, прыйшоў пакіраваць працэсам толькі на перыяд правядзення рэферэндуму. Яго адхіленне для членаў камісіі не з'яўлялася не тое што трагедыяй — нават драмай.

— А знікненне?

— Гэта адбылося ў 1999 годзе. Магу смуткаваць па-чалавечы, але казаць як аб страчаным калегу не магу. І давайце не буду казаць пра тое, да чаго ўвогуле не маю ніякага дачынення.

***

Лідзія Ярмошына

Нарадзілася 29 студзеня 1953 у Слуцку. Скончыла юрыдычны факультэт Калінінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1975). У 1975—­1987 працавала юрыскансультантам у Калінінградзе і Бабруйску. У 1987-­-1988 — памочнік пракурора Кастрычніцкага раёна Калінінграда. У 1988—­1996 — кіраўнік юрыдычнай службы Бабруйскага гарвыканкама. У 1992—1996 — сябра ЦВК, з 1996 — старшыня ЦВК.

Чытайце:

Гісторыя ўзлёту бабруйскай юрысткі Лідзіі Ярмошынай

Ярмошына: «Пасля вайны мой бацька ваяваў з «бендэраўцамі» на Львоўшчыне»

Ярмошына: Я лічу сябе рускім чалавекам

Памёр сын Лідзіі Ярмошынай

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера