Знайсці
18.08.2019 / 11:0828РусŁacБел

Паніхіды оптам? Цэрквы прапануюць зніжкі за замовы на паўгода і год. Айцец Лепін: Калі святар адмовіцца адпець бясплатна, у яго будуць вялізныя праблемы

«У нас у Маладзечне ў Свята-Успенскай царкве паніхіду аб спачыне можна замовіць на год наперад. Пры гэтым за аптовую замову, як у найлепшых крамах, прадугледжаная зніжка. Так, аднаразовая ліція абыдзецца прыкладна ў 10 рублёў, ліція на паўгода — каля 45, на год — 90 рублёў. Ад чаго залежаць расцэнкі на паніхіду?» — з такім пытаннем звярнуўся да нас чытач з Маладзечанскага раёна, які пабачыў таблічку ў царкве з «сумамі рэкамендаваных ахвяраванняў».

Спачатку разбярэмся, што такое паніхіда і што будзе адбывацца ў царкве пасля таго, як вы заплаціце адпаведную суму.

Паніхіда — гэта асаблівая служба, якая служыцца пасля смерці чалавека. У праваслаўнай традыцыі паніхіда служыцца ў першы дзень пасля смерці, на трэці дзень, на дзявяты, саракавы. Падчас службы святар прамаўляе імёны памерлых, якія перадаюць яму ў запісках.

Калі чалавек замаўляе паніхіду на паўгода ці на год, імёны, якія ён указаў у запісцы, перапісваюцца ў асобны сшытак. І штодзень, цягам году, святар падчас ліціі (ліція — гэта скарочаная версія паніхіды) абавязкова прамаўляе імёны людзей, якія ўказаныя на запісках, расказаў «Нашай Ніве» айцец Мікалай, які служыць у Свята-Успенскай царкве ў Маладзечне.

«Такія запіскі можна пералічыць на пальцах, вельмі мала людзей, якія гатовыя адразу заплаціць 90 рублёў. І гэта няпраўда, што, як вы выказаліся, «оптам» замовіць малітву можна толькі па памерлых. Калі ласка, можаце напісаць запіску і аб здароўі», — патлумачыў айцец Мікалай.

Цэны ў цэрквах адрозніваюцца, але калі святар адмовіцца адпець бясплатна, у яго будуць вялізныя праблемы

Прэс-сакратар Беларускага экзархата РПЦ Сергій Лепін патлумачыў, што правільна гаварыць не пра «цэны», а пра «рэкамендаваныя памеры ахвяраванняў».

«Іх вызначае Епархіяльная рада, — кажа айцец Сергій Лепін, які і сам служыць у царкве ў Ракаве Валожынскага раёна. — І залежаць памеры ахвяраванняў ад мясцовасці, дзе размешчаная царква. Разлічваюцца ахвяраванні пры планаванні парафіяльнай эканомікі. Настаяцель царквы прагназуе, што вось у мяне ў гэтым годзе павінна адбыцца 20 хрэсьбін, 2 вянчанні і 25 пахаванняў. Сыходзячы з гэтага, вызначаецца прыкладны памер ахвяраванняў. Чым далейшая царква ад горада, чым меншы прыход, тым кошты там будуць таннейшыя. Уплывае на кошты ахвяраванняў і эканамічная сітуацыя краіны ў цэлым. Але памеры ахвяраванняў залежаць не толькі ад эканомікі, але і ад культуры людзей. У людзей розныя ўяўленні пра ахвяраванні, але чалавек нашай культуры такі: пакуль сам не папросіш, ніхто табе грошай не дасць», — расказвае святар.

Сергій Лепін удакладняе, што плаціць за тыя ж паніхіды зусім неабавязкова.

«Зразумела, што ў людей бывае розная фінансавая сітуацыя. І патрабаваць ахвяраванні царква не мае права. Больш за тое, калі вам вядомыя факты, што святар адмаўляецца ехаць на адпяванне праз тое, што ў чалавека няма магчымасці заплаціць, гэта сур'ёзная падстава для таго, каб у дачыненні да гэтага святара прыняліся самыя суровыя меры.

І пра такія паводзіны святара абавязкова трэба расказваць», — падсумаваў Сяргей Лепін.

У мінскіх цэрквах такога «прайсу», як правіла, не вывешваюць. У цэрквах проста вісяць дапаможнікі, як правільна падаваць запіскі.

У царкве ў Вілейцы таксама спіса цэн на паслугі вы не ўбачыце. 

Як расказала «Нашай Ніве» работніца царквы, яна вусна заўсёды расказвае, што Саракавуст, напрыклад, будзе каштаваць 5 рублёў.

«На паперцы я пазначаю, на колькі чалавек замаўляе малітву: на раз, ці на паўгода, ці на год. За той час, пакуль я працую ў царкве, да мяне тройчы прыходзілі людзі і казалі, што за здароўе больш маліцца не трэба, бо чалавек паміраў. А бацюшка пра гэта ж павінен ведаць, бо ўсе імёны ў яго запісаныя ў адмысловым сшытку. Калі замаўляюць на год паніхіду, кажам, што будзе каштаваць 50 рублёў, але калі чалавек заплаціць не можа, то ўсё адно прымаем такія запіскі», — распавялі ў царкве. 

Наталля Тур

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930