Знайсці
02.08.2019 / 00:5046РусŁacБел

Данчык: Ужо ў першым класе на фільме пра Адама і Еву я зразумеў, што хачу Адама

Славуты беларускі спявак Багдан Андрусішын (Данчык) у падкаст-цыкле радыё «Свабоды» «Невядомы Данчык», прысвечаным яго асобе, шчыра распавёў, як перажыў свой камінг-аўт і хто дапамог усвядоміць сябе тым, кім ён ёсць насамрэч. 

— Я пра сябе ведаю з маленства. У 65—66-м годзе выйшаў фільм «Вялікая Біблія», і мы ў першым класе — добра гэта ўсё памятаю — паехалі ў кіно глядзець гэты фільм. З чаго пачынаецца фільм? Першая сцэна — ляжыць Адам. Бачыш: голы чалавек ляжыць. Гэта былі першыя фільмы, дзе голымі паказаныя людзі. Мне было сем гадоў. Я не ведаю, як гэта сказаць… Я «хацеў» гэтага чалавека.

— І ты адчуў адразу, што цябе цягне менавіта да Адама, а не да Евы?

— Я нават не глядзеў на яе. У наступным годзе, у 67-м, мне дзевяць гадоў. «Рамэа і Джульета». Тое ж самае. Першая сцэна. І я сваёй найлепшай сяброўцы кажу: «А там Рамэа голы і Джульета голая». А яна кажа: «Але і Джульета прыгожая». Нявінна! Вось такія гутаркі былі паміж намі. Я, дзіця, абсалютна не бачыў у гэтым нічога дрэннага, што я хачу тое і тое. Але толькі з Адамам, з Рамэа. Я, можа, быў трошкі ізаляваны, але фактычна з усіх бакоў — медыя, школа, касцёл, грамадства, улады — бамбіруюць цябе, што, калі ты гомасэксуал, ты ёсць хворы, ты ёсць д’ябальскі, ты ёсць пачвара, ты ёсць нешта… Гэта застаецца на ўсё жыццё.

— Траўма.

— Траўма. Дзіця гэта інтэрналізуе, як гэта сказаць?

— Убірае гэта ў сябе.

— Як праўду. Дзякуй богу, што за гэты час майго жыцця столькі змянілася. Але я нарадзіўся якраз у той час, калі гэта было нелегальна. Гомасэксуалізм легалізавалі толькі недзе ў сямідзясятыя гады. Мне было ў 1968-м годзе 10 гадоў. І пачаўся гэты рух якраз у Нью-Ёрку. Недалёка адтуль, дзе мы жылі. І паліцыя прыйшла і пачала іх там збіваць. І яны ў першы раз пачалі адбівацца, бутэлькі кідаць у паліцэйскіх. І пачаўся прайд — супраціў за свае правы. І вось 28 чэрвеня 1968 года пачалося гэта. І кожную навіну я ведаў, што гэта пра мяне, тут мае людзі. Калі ты чорны — ты раса. Ты родзішся ўсё ж такі ў гэтую сям’ю. Калі цябе абражаюць, ты прыходзіш назад і твае бацькі разумеюць, а тут ты абсалютна адзін. І ты не маеш да каго звярнуцца. Калі ты бачыш, каго паказваюць, як гэтыя гомасэксуалы выглядаюць, як у медыя тады паказвалі, дык гэта жах быў.

— Але ў вас такія цёплыя даверлівыя адносіны былі ў сям’і. Чаму ты яшчэ ў дзяцінстве ні з кім не падзяліўся?

— Мы ўсе былі прадуктам гэтай прапаганды «прамывання мазгоў». Памятаю пазней ужо спадар Шукелойць, які прыходзіў да нас, казаў: «Гэтага ў нас не было!»

— Патрыярх беларускай эміграцыі Антон Шукелойць, два гады таму ён памёр, яму было больш як 102 гады. Ці амаль 102 гады. Дык, кажаш, геі былі ў яго не ў вялікай пашане?

— Ты жывеш у гэтай шафе, гэта фактычна жывая магіла. Ты жывы, але ты мусіш шукаць нейкага дублёра сябе, каб выжыць. Маторам таго, што ў мяне адсутнічалі амбіцыі, быў страх.

— Боязь адкрыцца.

— Быў такі ў 70-я гады (усе пра гэта гаварылі, пра гэта пісалі) трансфармацыйны рух — псіхалагічныя курсы, якія называліся ЭСТ. Гэта былі два ўік-энды, ты ідзеш на іх і змяняешся. Ты стаеш тым, кім ты ёсць. Абяцанне было такое, што ты вырашыш свае праблемы. Яно было дарагое (каля 500 даляраў). Толькі больш заможныя людзі маглі ісці. 400 людзей у вялікай зале збіралі ў суботу ад шостай раніцы да поўначы і ў нядзелю тое ж самае. Не буду ўсё расказваць, вельмі страшна мне было на гэта ісці, але трэба было з гэтай галавой нешта рабіць.

— Колькі гадоў табе было?

— Мне быў дваццаць адзін год. Гэта мне парэкамендавала адна беларуска з Канады. Там трэнер адзін, ён толькі гаворыць. Увольную няможна хадзіць, толькі калі ён скажа. Людзі ўцякалі адтуль ад страху ад таго, што пачынае ўсплываць. У кожнага было нешта іншае. Казалі, маўляў, «гэта як нацысты, закрываюць дзверы». А ты падпісваеш перад гэтым: «я буду прытрымлівацца правілаў». Тады трэнер кажа: «Багдан, хочаш нешта сказаць?» — «Я хачу сказаць, што я гей». І ўсе: «Брава, брава, брава».

— Гэта першы раз у жыцці, калі ты публічна гэта сказаў?

— Так. Было цікава вельмі. Гэта такая сумесь будысцкай філасофіі, розных іншых. Трэба прымірыцца з тым, што ёсць. І жыць у гэтым моманце. БУДЗЬ ТУТ ЦЯПЕР. Пасля гэтага патрошкі-патрошкі пайшло. Я пачаў вучыцца спеву. У мяне была такая цудоўная настаўніца. Я памятаю, як пайшоў з ёй у рэстаран пасля лекцый. І памятаю, як гэта было цяжка сказаць чалавеку, які цябе доўга ведае. Яна кажа: «Проста скажы». І тады я сказаў: «Я гомасэксуаліст». — «Гэта цудоўна!»

— Яна так закрычала? Чаго ж яна так была захопленая гэтай навіной?

— Чалавек павінен быць тым, кім ён ёсць.

— А што ты адчуў, калі на гэтым семінары пачуў гэтыя апладысменты? Палёгку?

— Канечне, палёгку. Але справа не ў тым, каб цябе ўхвалялі. Ты мусіш сам сябе ўхваліць. Але, калі казаць пра грамадства, як яно глядзела на гэта, як яны трактавалі гэтых людзей, то трэба сказаць, што да сённяшняга дня найбольш самагубстваў сярод геяў. Нічога абсалютна страшнага няма ў тым, каб быць геем. Я б ніколі гэтага не змяняў. Бо ты будзеш абсалютна не ты.

— Табе было вельмі цяжка выйсці з гэтым у амерыканскае грамадства, якое куды больш талерантнае. У беларускую эміграцыйную супольнасць з камінг-аўтам ты ніколі не выйшаў.

— Гэта было ўжо тут, некалькі гадоў назад, калі мяне нешта вельмі злосціла, нейкія каментары. Я тады блог напісаў. Гадоў дзесяць таму назад.

— Як адбылося інфармаванне пра гэта ў сям’і?

— У мяне заўсёды было такое ўражанне, што яны павінны былі пра гэта ведаць, адчуваць. Але было вельмі цяжка. Жартавалі неяк у гей-супольнасці: «Калі будзеш сваім пра гэта гаварыць, то гавары так. Мама, тата, я маю добрую навіну і дрэнную навіну. Дрэнная навіна — тое, што я гей. А добрая навіна — тое, што я паміраю». Такі чорны гумар: маўляў, бацькам не прыйдзецца перажываць гэтую ганьбу.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930