Знайсці
15.08.2019 / 13:411РусŁacБел

Як у Беларусі ўзнікла мода на імя Напалеон

15 жніўня 2019 года спаўняецца 250 гадоў з дня нараджэння Напалеона Банапарта — чалавека, які пакінуў велізарны след у сусветнай гісторыі. Нашы продкі з дапамогай Напалеона спадзяваліся адрадзіць сваю нядаўна захопленую суседзямі дзяржаву, таму ў ХІХ стагоддзі асоба французскага імператара была надзвычай папулярнай на землях былой Рэчы Паспалітай. Пра незвычайныя наступствы тагачаснай напалеонаманіі піша кандыдат гістарычных навук Дзяніс Лісейчыкаў.

«Банапарт на перавале Сен-Бернар» пэндзля Жака-Луі Давіда, 1801 год. Адна з першых карцін у стылі рамантызму. Менавіта гэтым вобразам Напалеона натхняліся тысячы яго прыхільнікаў па ўсім свеце.

Раўненне на Францыю

Шляхта былой Рэчы Паспалітай на працягу ўсяго ХІХ стагоддзя не траціла надзеі на адраджэнне сваёй былой дзяржавы, спадзеючыся і на дапамогу замежных саюзнікаў. Найбольш перспектыўнай у гэтым плане лічылася Францыя, якая і сама нямала рабіла, каб заваяваць сэрцы польска-літоўскай шляхты. Стварэнне ў складзе італьянскай арміі пад французскім камандаваннем польскіх легіёнаў у канцы 1790-х гадоў, разгром Прусіі і з’яўленне ў 1807-м на палітычнай карце Еўропы Вялікага Герцагства Варшаўскага заклалі аснову для нечуванай папулярнасці сярод жыхароў былой Рэчы Паспалітай, не выключаючы і ВКЛ, асобы французскага імператара Напалеона Банапарта.

Моцныя прафранцузскія настроі захоўваліся ўсё ХІХ стагоддзе, абвастраючыся падчас буйных узрушэнняў, якія падточвалі магутнасць Расійскай імперыі. Вялікія надзеі ўскладала наша шляхта на поспехі французаў у Крымскай вайне 1853—1856 гадоў, а падчас паўстання 1863—1864 гадоў быў спадзеў на французскую дыпламатычную і нават вайсковую дапамогу.

Сярод іншага франкаманія на нашых землях праявілася і ў распаўсюджаным называнні дзяцей іменем Напалеон. Тым больш што з 1848 па 1870 год Францыяй кіраваў Напалеон ІІІ — пляменнік славутага палкаводца.

Першыя ластаўкі

19 лютага 1806 года Напалеон выдаў дэкрэт, у якім абвяшчалася аб штогадовым святкаванні 15 жніўня дня святога Напалеона. Свята стала тады дзяржаўным не толькі ў Францыі, але і ў Вялікім Герцагстве Варшаўскім, а ў 1812-м і на землях былога ВКЛ.

Але першыя Напалеоны на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай пачалі з’яўляцца яшчэ раней.

Самы ранні з выяўленых намі выпадкаў хрышчэння немаўляці з такім іменем на землях былога ВКЛ быў зафіксаваны 26 сакавіка 1805 года ў Навагрудскім фарным касцёле.

Бацькамі хлопчыка былі гарадскі галава Навагрудка Станіслаў Камінскі і яго жонка Анеля Сідарэвіч. Сімвалічна, што ў тым жа самым касцёле ў 1798 годзе быў ахрышчаны і Адам Міцкевіч, які пазней актыўна папулярызаваў гераічны «напалеонаўскі міф».

Надмагілле першага чалавека на землях былога ВКЛ, які назваў дзіця ў гонар Напалеона, — гарадскога галавы Станіслава Камінскага на могілках горада Навагрудка. «Тут ляжыць Станіслаў Камінскі. Памёр у 1838 годзе жніўня 3 дня, ва ўзросце 67 гадоў. Які просіць аб трох малітвах «Анёльскае прывітанне»». Фота Дзяніса Лісейчыкава.

У тыя ж гады ў метрычных кнігах фіксуюцца і іншыя выпадкі хрышчэння ў гонар французскага імператара. Сярод тых Напалеонаў першага «прызыву» нельга не ўзгадаць знакамітага мастака і музыканта Напалеона Орду, які нарадзіўся 11 лютага 1807 года ў родавым маёнтку Варацэвічы пад Янавам. Пасля Банапарта гэта самы вядомы Напалеон у нашай гісторыі.

Наданне імя Напалеон у першыя дзесяцігоддзі яго распаўсюджання было свядомым ідэйным выбарам бацькоў дзіцяці, а таксама святароў, якія здзяйснялі хрышчэнне. Выбар імя тут не меў прывязкі да царкоўнага календара, як гэта найчасцей было з іншымі імёнамі. Затое відавочнай была сувязь з антырасійскімі настроямі, што добра бачна на прыкладзе кафедральнага касцёла ў Мінску. Тут у перыяд да 1815 года гэтае імя зафіксавана ў метрычных кнігах тройчы, і ўсе тры выпадкі прыпадаюць на 1812 год. Падобна і ў францішканскім касцёле Пінска — тут быў зафіксаваны адзіны хрост падвойным іменем Напалеон-Францішак 10 лістапада 1812 года.

Называлі сваіх дзяцей у гонар французскага імператара перадусім рыма-каталікі, але былі з гэтага правіла і выключэнні. Так, за больш чым трыццацігадовы перыяд з 1800 па 1839 год 4 разы імя Напалеон далі сваім сынам святары Уніяцкай (Грэка-каталіцкай) царквы. Самы ранні факт хрышчэння хлопчыка іменем Напалеон уніятамі зафіксаваны ў царкве вёскі Свяда Барысаўскага павета (сёння вёска Слабада Лепельскага раёна) 20 красавіка 1806 года. Дзіця нарадзілася ў сям’і будучага святара гэтай жа царквы Юстына Хруцкага, а хрышчэнне правёў ягоны бацька, Ян Хруцкі.

Назвы беларускіх гарадоў на Трыумфальнай арцы ў Парыжы, пабудаванай паводле загаду Напалеона ў гонар перамог яго Вялікай Арміі. Фота Дзяніса Лісейчыкава.

Некаторыя з тых, хто быў народжаны ў 1805—1812 гады і ў сталым веку ўжо быў вядомы пад іменем Напалеон, бралі яго сабе ў якасці другога імя пастфактум. Гэта магло адбывацца, напрыклад, пры пазнейшым мірапамазанні (канфірмацыі). Так, удзельнік паўстання 1830—1831 гадоў Міхал-Напалеон Хадаровіч, ахрышчаны ў Навагрудскім фарным касцёле 5 лістапада 1805 года, у метрычнай кнізе быў запісаны толькі як Міхал.

Дзеці Тыльзіцкага міру

Для жыхароў былой Рэчы Паспалітай называнне сыноў Напалеонамі было вельмі эфектным спосабам дэманстрацыі сваіх палітычных перакананняў, выказвання патрыятычных пачуццяў і антырасійскіх настрояў.

А для тых, хто дзеля гэтага яшчэ і не надта хацеў лезці на ражон, быў зусім бяспечны варыянт — выкарыстанне падвойнага ці патройнага імя ў гонар адразу двух імператараў: і французскага, і расійскага. Пасля таго ж, як 13 (25) ліпеня 1807-га ў прускім горадзе Тыльзіце была заключана мірная дамова, якая юрыдычна зрабіла Расію саюзніцай Францыі, такая форма імені стала зусім «трэндавай» і рэспектабельнай. Прынамсі, так было да пачатку кампаніі 1812 года.

Медальён з выявай абдымкаў Напалеона з расійскім імператарам Аляксандрам І, 1810 год. Фота: Wikimedia Commons.

Адным з першых «дзяцей Тыльзіцкага міру» на нашых землях стаў сын віленскага шляхціча Напалеон-Аляксандр Смольскі, які нарадзіўся 28 лістапада 1807 года. Пра дэманстратыўнасць абрання «былым капітанам польскіх войскаў» Янам Смольскім і яго жонкай Тэкляй Пачобут для свайго сына імя французскага і расійскага імператараў выразна сведчыць дата хрышчэння. Бацькі адкладалі яго амаль паўгода і нарэшце здзейснілі ў віленскім касцёле Святых Янаў 3 мая 1808 года. Па сутнасці, для віленчукоў Смольскіх гэта была прыхаваная і вельмі дасціпная форма палітычнай маніфестацыі. Сапраўды, нельга ж забараніць бацькам, хросным і сябрам сям’і з размахам адсвяткаваць менавіта 3 мая радасную падзею — хрышчэнне сына, Напалеона-Аляксандра, які сімвалізуе сабой сяброўства Францыі і Расіі. А пад гэтую марку можна заадно добра адзначыць і гадавіну Канстытуцыі 3 мая 1791-га.

«Дзяцей Тыльзіцкага міру» ў 1807—1812 гадах было на нашых землях нямала. Праўда, многія з іх пазней у афіцыйных дакументах прыбіралі са свайго імя дадатак, які стаў небяспечным, і рабіліся толькі Аляксандрамі, як гэта ў 1834-м зрабіў Напалеон-Аляксандр Заліўскі. Здараліся, аднак, і адваротныя выпадкі. Будучы маршалак шляхты Мазырскага павета Аляксандр-Напалеон Замайскі, ахрышчаны пад падвоеным іменем у касцёле мястэчка Лахва Мазырскага павета ў 1811 годзе, у афіцыйным дакуменце аб дваранскім паходжанні 1817-га быў запісаны сваім бацькам ужо толькі як Напалеон. Гэта яўна было дэманстрацыяй палітычных перакананняў.

Цікава, што згаданы Аляксандр-Напалеон Замайскі ў 1849 годзе іменем Францішак-Напалеон ахрысціў ужо ўласнага сына. І гэта таксама было часткай агульнай тэндэнцыі: імя Напалеон рабілася родавым. У сем’ях, якія аднойчы абіралі яго для сваіх дзяцей, нярэдка з’яўляліся маленькія Напалеоны і ў іншых пакаленнях.

Як падлічыць Напалеонаў

Новая хваля папулярнасці імя Напалеон пачалася пасля задушэння паўстання 1830—1831 гадоў.

Не выпадкова менавіта на гэты перыяд прыпадае і росквіт літаратуры рамантызму з вялікай колькасцю твораў, прысвечаных гераізацыі гістарычных падзей, звязаных з іменем Напалеона. Самы вядомы яго прыклад — «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча, напісаны паэтам у эміграцыі ў Парыжы ў 1832—1834 гадах.

І аж да самага канца Расійскай імперыі імя Напалеон на нашых землях хоць не было вельмі частым, але сустракалася рэгулярна. Нядаўна ж мы атрымалі цудоўную магчымасць скласці пра гэта больш шырокае ўяўленне ў колькасным, рэгіянальным і іншых вымярэннях.

Памешчыкі Мінскай губерні Напалеон Яленскі і Геранім Кяневіч. Яленскі (злева) быў сынам удзельніка паўстання 1830—1831 гадоў. Фота: Gieysztor Jakub. Pamiętniki z lat 1857—1865.

У мінулым годзе да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны ў інтэрнэце была выстаўлена прадстаўнічая база звестак салдат і афіцэраў расійскай арміі, якія ў ёй удзельнічалі. У базе — звесткі пра дзясяткі тысяч людзей з усіх рэгіёнаў імперыі ад Варшавы да Сахаліна. Яе з’яўленне дало нам магчымасць паспрабаваць хоць бы прыблізна прыкінуць, у якіх менавіта рэгіёнах Расійскай імперыі ў другой палове ХІХ стагоддзя атрымала распаўсюджанне імя Напалеон і як яно размяркоўвалася ў адпаведнасці з веравызнаннем, саслоўным паходжаннем і ўмоўнай «народнасцю» яго носьбітаў.

У базе быў зададзены пошук усіх носьбітаў імя Напалеон і імя па бацьку Напалеонавіч. Гады нараджэння ва ўсіх носьбітаў імя Напалеон атрымаліся ад 1870-х да 1890-х, а бацькі Напалеонавічаў нарадзіліся, верагодна, ад 1830-х да 1860-х.

Усяго сярод удзельнікаў Першай сусветнай вайны ў расійскай арміі выяўлена 235 Напалеонаў альбо Напалеонавічаў. Не ва ўсіх, праўда, дакладна пазначаныя ўсе патрэбныя звесткі, але і тых, у каго з гэтым усё ў парадку, дастаткова, каб рабіць пэўныя абагульненні.

Самыя напалеоністыя — Літва і Беларусь

Атрыманыя вынікі даюць нам магчымасць вылучыць тры буйныя рэгіёны Расійскай імперыі, дзе імя Напалеон атрымала найбольшае распаўсюджанне:

1) тэрыторыя былога ВКЛ, вядомая ў другой палове ХІХ стагоддзя ў Расійскай імперыі як так званы «Паўночна-Заходні край» — 137 носьбітаў (Ковенская губерня — 61 чалавек, Віленская — 38, Мінская — 19, Віцебская — 13, Гродзенская і Магілёўская — па 3);

2) так званае Царства Польскае — 23 носьбіты (Варшаўская губерня — 8, Ломжынская — 5, Пётркаўская — 4, Калішская і Сувалкаўская — па 2, Келецкая і Люблінская — па 1);

3) Каўказскае намесніцтва — 11 носьбітаў (Кутаіская і Эрыванская губерні — па 3 чалавекі, Елізаветпольская і Тыфліская — па 2, Церская вобласць — 1).

На першы погляд, дзіўнай выглядае папулярнасць імя Напалеон на Каўказе, тым больш што, мяркуючы па прозвішчах, гэта збольшага мясцовыя ўраджэнцы, грузіны і армяне. Але тлумачэнне гэтаму — простае. Грузіны былі выхадцамі з Кутаіскай губерні — земляў, якія з’яўляліся вотчынай знакамітага мегрэльскага княскага роду Дадзіяні. Гэты род з 1860-х гадоў быў у сваяцтве з Банапартамі, і менавіта таму ў Мегрэліі было папулярна ўсё звязанае з імі. У традыцыі ж армянскай антрапаніміі ўвогуле распаўсюджана нават і сёння даваць нованароджаным імёны знакамітых людзей, запазычаныя з іншых культур. Таму ў сітуацыі з папулярнасцю імя Напалеон на Каўказе, хутчэй за ўсё, няма прыхаванай антырасійскай скіраванасці, безумоўна ўласцівай землям былой Рэчы Паспалітай.

Што да сітуацыі на заходніх тэрыторыях Расійскай імперыі, то тут лагічна было б меркаваць, што на тэрыторыі Царства Польскага і «Паўночна-Заходняга края» папулярнасць імені мусіла б быць прынамсі падобнай, а на землях Царства Польскага, якія раней уваходзілі ў склад Вялікага Герцагства Варшаўскага, нават вышэйшай. Але ў рэальнасці ўсё якраз наадварот: статыстыка сведчыць, што ў другой палове ХІХ стагоддзя ў «Паўночна-Заходнім краі» імя Напалеон было амаль у 6 (!) разоў папулярнейшае пры супастаўнай агульнай колькасці насельніцтва. І гэта яшчэ прытым, што Царства Польскае было населена пераважна рымска-каталіцкім насельніцтвам, а ў «Паўночна-Заходнім краі» яно складала менш за палову. Падобна, што на побытавым узроўні гераічны «напалеонаўскі міф» пусціў найглыбейшыя карані менавіта на землях былога ВКЛ.

Магчыма, гэта было неяк звязана з тым, дзе адбываліся асноўныя баявыя дзеянні падчас кампаніі 1812 года. Характэрна, што 131 носьбіт імя Напалеон са 186-ці прыпадае на Ковенскую, Віленскую, Мінскую і Віцебскую губерні. Прытым найбольшая іх колькасць сканцэнтравана на тэрыторыі трох паветаў: Вількамірскага і Новааляксандраўскага Ковенскай губерні і Віленскага Віленскай губерні (агулам 50 чалавек). Побач з гэтымі паветамі — тэрыторыі з нашмат меншай, але таксама значнай папулярнасцю: Ковенскі павет Ковенскай, Ашмянскі, Свянцянскі і Дзісенскі паветы Віленскай і Дрысенскі павет Віцебскай губерняў (агулам 23 чалавекі).

Менавіта на вышэйпералічаных тэрыторыях адбыліся самыя значныя падзеі вайны 1812-га, непасрэдна звязаныя з асобай французскага імператара. Адпаведна, тут была і найбольшая колькасць памятных месцаў, звязаных з падзеямі той вайны, і легендаў пра «напалеонаўскія скарбы». А ўсё гэта разам жывіла «напалеонаўскі міф» і натхняла мясцовых людзей часцей называць сваіх нашчадкаў іменем праслаўленага імператара.

 ***

Аўтар выказвае шчырую падзяку Вадзіму Ададураву, Яўгену Глінскаму, Кшыштафу Касажэцкаму, Дзмітрыю Матвейчыку, Марыне Скіданавай, Юрыю Снапкоўскаму і Анатолю Сцебураку за дапамогу ў рабоце над артыкулам. Поўную яго версію чытайце ў №7 «Беларускага гістарычнага часопіса» за 2019 год.

 ***

Напалеон І Банапарт (1769—1821) — імператар Францыі ў 1804—1814 і ў 1815 гадах, выключна таленавіты палкаводзец і дзяржаўны дзеяч. Ён быў чалавекам, узнесеным на самую вяршыню ўлады Вялікай Французскай рэвалюцыяй канца XVIII стагоддзя.

Выхадзец са сціплай сям’і карсіканскага двараніна, Напалеон у 1789 годзе быў толькі лейтэнантам, але рэвалюцыі і звязаныя з імі ўзброеныя канфлікты заўсёды адкрываюць кар’ерныя шляхі людзям з вайсковымі талентамі. Банапарт свой шанц выкарыстаў напоўніцу. Ведзеныя ім паспяховыя войны і паралельна здзейсненыя ў Францыі і за яе межамі пераўтварэнні знішчылі старую Еўропу, якая пасля таго ўжо не мела шанцаў заставацца ранейшай. Таму Напалеон з поўным правам лічыцца адным з людзей, якія аказалі найбольшы ўплыў на ход усёй сусветнай гісторыі. І ўплыў гэты з гістарычнай адлегласці аказаўся пазітыўным. Нездарма сёння гэтага чалавека калі не шануюць, то, прынамсі, аддаюць яму належнае нават у тых краінах, якія сталі ахвярамі ягонай заваёўніцкай палітыкі.

Крыпта Напалеона ў парыжскім Доме інвалідаў. Сучасны выгляд.

 ***

Закладзеная ў ХІХ стагоддзі традыцыя іменавання ў гонар Напалеона пакручастымі шляхамі дажыла ў Беларусі нават да нашых дзён.

У кнізе Уладзіміра Лякіна «Ліцвіны ў гвардыі Напалеона», якая выйшла ў выдавецтве «Тэхналогія» ў 2017 годзе, распавядаецца цікавы выпадак. Адзін з удзельнікаў напалеонаўскіх вайсковых фармаванняў Міхал Вішнеўскі, вярнуўшыся з Францыі на радзіму ў Літвінавічы на Мазыршчыне (цяпер Калінкавіцкі раён), служыў аканомам у мясцовага пана. У канцы 1870-х, калі ён быў ужо вельмі стары, да яго прыйшлі сваякі ягонага сябра Мацвея Вішнеўскага, які таксама служыў у Напалеона і загінуў у Францыі, і папрасілі быць хросным бацькам толькі народжанага немаўляці. Міхал пагадзіўся з умовай, што дзіця назавуць Напалеонам.

Пасля Напалеон Вішнеўскі меў сына Мацвея, які ўжо ў савецкі час, у 1929 годзе, вырашыў назваць свайго сына ў гонар бацькі. Але гэта аказалася цяжэй, чым пры царызме:

«Сакратар, асоба важная, адукаваная, партыец з расейцаў, запісаць хлопчыка Напалеонам катэгарычна адмовіўся.

— Што гэта за імя? Няма чаго ўспамінаць усялякіх імператараў-эксплуататараў, скончыўся іхні час! Назаві лепей Уладзімірам — як правадыра сусветнай рэвалюцыі!

— Ну тады пішыце Банапартам…

— А гэта што за імя? Я такога не чуў.

— Мясцовае, накшталт Дармідонта. Пішыце смела, таварыш сакратар, быў такі слаўны чалавек. А тут у торбачцы гаспадыня вам за клопат гасцінец сабрала…

І даведка аб нараджэнні новага грамадзяніна савецкай краіны Банапарта Мацвеевіча Вішнеўскага была належным чынам аформлена і засведчана сельсавецкай пячаткай».

Банапарт Мацвеевіч Вішнеўскі пражыў усё жыццё на радзіме, працуючы ў мясцовым калгасе, які па іроніі лёсу насіў імя пераможцы Напалеона Міхаіла Кутузава.

Памёр у 2011 годзе. А ягонага ўнука, народжанага ўжо ў незалежнай Беларусі, бацькі па ўжо больш чым стагадовай сямейнай традыцыі назвалі Напалеонам.

 ***

Беларускія Напалеоны ХІХ стагоддзя

Напалеон Орда (1807—1883) — мастак, кампазітар, піяніст і педагог. Выхадзец з палескай шляхты, нарадзіўся ў вёсцы Варацэвічы Кобрынскага павета (цяпер Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці). Бацька ягоны быў інжынерам-фартыфікатарам. Падчас навучання ў Віленскім універсітэце Напалеон Орда быў сябрам нелегальнага студэнцкага таварыства, браў удзел у паўстанні 1830—1831 гадоў. Больш за 20 гадоў жыў на эміграцыі ў Францыі, у 1856 годзе вярнуўся на радзіму. Замалёўваў пейзажы і будынкі, звязаныя з жыццём вядомых людзей.

Напалеон Орда. Фота: Wikimedia Commons.

 ***

Напалеон Юльян Абуховіч — дваранін, нарадзіўся ў 1840 годзе. Вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, валодаў маёнткамі Круговічы і Навадворкі ў Слуцкім павеце. Удзельнічаў у паўстанні 1863—1864 гадоў. Уваходзіў у склад паўстанцкага атрада Уладзіслава Машэўскага. У красавіку 1863-га паранены ў баі ля вёскі Азярцы Ігуменскага павета, узяты ў палон са зброяй у руках. Утрымліваўся ў Слуцкай турме. На судзе не адступіўся ад сваіх перакананняў, прысуджаны да пазбаўлення ўсіх дваранскіх правоў, канфіскацыі маёмасці і ссылкі на катаргу ў рудніках на 12 гадоў. Да 1875 года атрымаў частковую амністыю і вярнуўся на радзіму.

У час яго знаходжання ў высылцы старэйшы брат Вацлаў-Багуслаў назваў двух сваіх нованароджаных сыноў у гонар брата — у 1868-м Аляксандрам-Напалеонам-Мар’янам і ў 1870-м Напалеонам-Тэадорам-Геранімам. 

Дзяніс Лісейчыкаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера