Знайсці
25.07.2019 / 14:183РусŁacБел

Кандыдат у «жалезныя людзі»: як мінскі юрыст захапіўся трыятлонам, удзельнічае ў гонках на 226 км і забыў пра мігрэнь

Каб стаць «жалезным чалавекам», трэба 3,8 км праплыць, 180 км праехаць на ровары і 42 км прабегчы. Такія дыстанцыі ўключае вядомая гонка Ironman. Думаеце, пад сілу толькі прафесійным атлетам? У Максіма Знака ад першай прабежкі да старта на 226 км прайшоў усяго год. Займацца спортам ён пачаў, каб схуднець, а зараз рэгулярна ўдзельнічае ў марафонах і трыятлонных спаборніцтвах. Юрыст расказаў, як выходзіў на старт у навальніцу, колькі часу на тыдзень у яго займаюць трэніроўкі, ці сапраўды трыятлон — адзін з самых дарагіх відаў спорту і як бег уратаваў ад галаўных боляў.

Дыеты і маса

У дзяцінстве Максім пераспрабаваў розныя секцыі — значных поспехаў у спорце не было, таму мяняў іх штогод. У першым класе хадзіў на дзюдо: запомніўся выпадак, калі замест трэніроўкі хлопчыкі цягалі цэглу для будаўніцтва лазні. Потым было плаванне, таэквандо, ізноў плаванне (толькі падводнае), веласпорт.

— Але класа з восьмага я спыніў сваю «спартовую кар’еру» і займаўся выключна навучаннем і гітарай. І гэта прывяло мяне да значных поспехаў у наборы вагі. Пасля ўніверсітэта, калі пачаў працаваць юрыстам, у мяне была вага 107 кг, — расказвае Максім.

Так Максім (справа) выглядаў некалькі гадоў таму.

Худзець ён спрабаваў на дыетах. Скінуў вагу да 80 кг. Але як толькі дыета спынялася, маса зноў расла.

— Калі заўважыў 92 кг на вагах, зразумеў, што трэба штосьці іншае рабіць. На сваю бяду, я даведаўся, што ёсць Мінскі паўмарафон, — гэта быў 2015 год. 11 чэрвеня я пайшоў на сваю першую прабежку. Для мяне гэта быў гераічны подзвіг: я пераадолеў 5 кіламетраў, — успамінае мужчына. — Але справа пайшла. Калі ёсць мэта, то значна лягчэй займацца спортам, чым калі гэта проста працэс. Ты ведаеш, што калі не будзеш выконваць план падрыхтоўкі, то, хутчэй за ўсё, паўмарафон не прабяжыш.

Сёння юрыст важыць 77 кг.

Максім на дробязь не разменьваўся — на мінскім старце адразу ўзяў дыстанцыю ў 21 км. І ў тым жа верасні прабег 42 км на марафоне ў Кіеве.

Наступнай мэтай стаў Ironman. На падрыхтоўку ў Максіма было 9 месяцаў. Яго трэнер такім тэмпам здзівіўся: звычайна да дыстанцыі 226 км рыхтуюцца два гады.

Самыя класныя трэніроўкі пачынаюцца а 5-й раніцы

Колькі раз на тыдзень трэніруюцца кандыдаты ў «жалезныя людзі»?

— Залежыць ад таго, колькі чалавек мае часу на гэта і чаго ён хоча дасягнуць на наступным старце. Мне здаецца, калі я пачынаў, у мяне было не больш за чатыры трэніроўкі на тыдзень і ў асноўным я канцэнтраваўся на бегу і плаванні. Цяпер складаны перыяд, бо хутка будзе Ironman. І я паставіў сабе амбітную мэту — прайсці гонку менш чым за 10 гадзін. Таму трэба рабіць шмат трэніровак. У аўтара «Бібліі трыятлета» Джо Фрыла ёсць тэрмін TSS (паказчык інтэнсіўнасці трэніроўкі). 100 TSS — гэта калі ты гадзіну круціш педалі ровара на парогавай магутнасці. Фрыл кажа, каб паспяхова выступіць на Ironman, трэба на тыдзень рабіць 1000 TSS. Каб наблізіцца да гэтай лічбы, у мяне чатыры трэніроўкі на ровары, адна па плаванні, тры бегавыя і дзве ў трэнажорнай зале — на вельмі абмежаваную колькасць мускулаў (іншыя практыкаванні нельга, бо нарастуць мускулы і табе трэба будзем потым іх з сабой вазіць).

Максім прызнаецца: напачатку думаў, што часу на ўсё будзе бракаваць.

Каб паспяваць займацца, нават практыкаваў паліфазны сон — спаў па дзве гадзіны. Але зразумеў, што гэта не выйсце.

— Насамрэч, не бывае такога, што няма калі, — справа толькі ў няправільна расстаўленых прыярытэтах. Але трэба ведаць, дзе праходзіць мяжа, бо гэта можа быць страшна, калі трыятлон становіцца галоўным у жыцці. Трэба неяк трымаць баланс паміж спортам, працай і сям’ёй. У мяне такі варыянт — звычайна першую трэніроўку я раблю зранку. Калі ў нядзелю трэба праехаць 150 км на ровары (гэта 4,5 гадзіны), я стартую а 5-й раніцы — і ў 9.30 ужо дома. А людзі яшчэ спяць у гэты час. Можна сумяшчаць — бегчы на працу ці з працы. Галоўнае — трэба змяніць парадак на рабоце, калі магчыма. Я стаў больш даручаць усяго сваім малодшым калегам. І лепей стала ўсім. І мне, таму што ў мяне ёсць час, і ім, таму што з’явілася дадатковая праца, і нават кліентам, бо яны плацяць у выніку менш, бо мой час каштуе даражэй.

Колькі гонак у Максіма выпадае на год, складана падлічыць. Напрыклад, спаборніцтва, якое праходзіла на гэтыя выходныя ў Мінску, з дыстанцыяй 56 км для мужчыны, па сутнасці, звычайная трэніроўка. А вось старты на 113 і 226 км у юрыста бываюць не больш за два-тры разы на год. Паміж імі павінен быць адпачынак тыдняў шэсць, каб гэта было эфектыўна. Хоць прафесійныя спартоўцы могуць стартаваць кожныя два тыдні.

— У трыятлетаў звычайна пытаюцца: а што самае складанае на гонцы? Мне здаецца, для ўсіх гэта бег. Проста таму, што ты ўбіваешся на ровары і, пакуль даходзіш да бегу, ужо ніякіх сіл на яго не застаецца. Менавіта таму ўсю зіму і зараз я зрабіў акцэнт на ровар — ён займае 70% маіх трэніровак.

Максіму не раз даводзілася спаборнічаць у экстрэмальных умовах. Напрыклад, у 32-градусную спёку ці навальніцу. Калі едзеш на ровары з гары з хуткасцю 50—60 км у гадзіну і гэта Нарвегія, дзе вельмі рэзкія павароты і не бачна, што за імі, мокрая дарога робіць гонку небяспечнай. На тым жа старце ў Нарвегіі давялося плыць у возеры, дзе тэмпература была ўсяго 16 градусаў. Але Максім гэта нават не ўспрымае як перашкоду:

па-першае, гідракасцюм сагравае, а па-другое, 3,8 км па вадзе для яго — самы просты этап гонкі.

«Першы рыштунак каштаваў $1500»

Трыятлон называюць адным з самых дарагіх відаў спорту. Насамрэч, кажа Максім, магчымасць набыць рыштунак знаходзяць людзі з розным фінансавым узроўнем.

— Нават калі мы займаемся толькі плаваннем, можна купіць сабе плаўкі карбонавыя за $600 і з пагардай глядзець на тых, у каго за 10. Тое ж самае з іншым рыштункам для спаборніцтваў. Самае дарагое — гэта, канечне, ровар. Можна знайсці патрыманы за $500, а можна за 25 тысяч еўра.

Калі я рабіў свой першы Ironman, увесь рыштунак — разам з гідракасцюмам, роварам, туфлямі, «цацкамі» для плавання — цалкам каштаваў недзе $1500. Але цяпер гэта іншая лічба. Калі мне раней здавалася, што ровар за $2000 — гэта кашмар, то цяпер думаю: нармальна, танна.

За гонкі таксама трэба плаціць. Удзел у фірмовым Ironman каштуе каля 500 еўра. Менш раскручаныя старты таннейшыя. Напрыклад, дыстанцыя 113 км (палова стандартнай) на Ironman — гэта 300 еўра, на якім-небудзь еўрапейскім спаборніцтве — 150 еўра, а ў нас — каля 50 рублёў. Можна знайсці варыянт, які задаволіць цябе і па лагістыцы, і па кошце. Напрыклад, паехаць у Польшчу ці Расію.

Сябры і сям’я да Максімавага хобі ўжо прызвычаіліся.

Максім з сям'ёй.

— Калі блізкія не змаглі б з гэтым змірыцца, напэўна, я застаўся б сам-насам з трыятлонам яшчэ з 2015 года, — смяецца юрыст. — Але мая сям’я мяне падтрымлівае. Яны прыходзяць на спаборніцтвы, дапамагаюць як тэхнічная каманда па забеспячэнні сілкавання, па лагістыцы і іншым. У трыятлетаў ёсць такі від адпачынку, як спартовы турызм. Калі мы едзем кудысьці на спаборніцтва, то застаёмся яшчэ на некалькі дзён, каб паглядзець краіну. Усё цалкам менш за тыдзень займае. У гэтым годзе мы ўжо былі так у Іспаніі, Нарвегіі, паедзем у Аўстрыю.

Жонка Максіма Надзея за званне «жалезнага чалавека» не змагаецца — займаецца фігурным катаннем і конным спортам. А вось 11-гадоваму сыну Алесю падабаецца ўдзельнічаць у забегах і атрымліваць медалі. Ён як сапраўдны прафесіянал, жартуе тата: выступае на спаборніцтвах, не трэніруючыся.

«За апошнія гады з’явіліся і новыя сябры — хлопцы і дзяўчаты з трыятлоннага клуба».

«Раней ад галаўнога болю толькі таблеткі ратавалі»

Навошта паспяховаму юрысту ўсе гэтыя гонкі?

— Чалавек — такая істота, якой вельмі важна рабіць міні-дасягненні, каб былі моманты, якія варта ўспамінаць.

Кожны раз, калі завяршаеш гонку, няважна з якім вынікам — гэта яркая падзея, і як бы цяжка табе ні было, на фінішы ўжо думаеш: а дзе мой наступны старт? Заняткі спортам робяць чалавека лепшым — атрымліваеш упэўненасць, што можаш дасягнуць любой мэты. Цыклічныя віды спорту вельмі матывацыйныя — бачыш, што сёння даеш рады лепш, чым учора. І разам з тым бегам, роварам ці плаваннем пачынаюцца нейкія іншыя змены. Калі ты можаш прачнуцца а 5-й раніцы, каб праехаць на ровары 150 км, то нейкія хатнія ці працоўныя рэчы падаюцца значна прасцейшымі. Воля ў трыятлоне трэніруецца раней за мускулы.

Максім расказвае, што, пакуль не пачаў бегаць, галава балела рэгулярна: праца, дакументы, камп’ютары, тэлефоны. Мужчына заўсёды насіў з сабой «баявы кактэйль» — кетаноф і спазмалгон. Па дзве таблеткі прымаў — і толькі гэта ратавала. А як стаў бегаць, болі зніклі.

— Калі нешта дрэннае здарылася, прабяжыце хаця б кіламетраў 15—16 да Мінскага мора, падыхайце фітанцыдамі — і праблемы кудысьці падзенуцца. Тым, хто кажа, што спорт — гэта марнаванне часу, у мяне ёсць адказ.

Наталля Лубнеўская, фота з архіва героя

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930