Даслаць навіну
Знайсці
03.08.2019 / 12:02 7

У Беларусі з'явіліся зоапсіхолагі. Чым яны займаюцца?

З дзяцінства Вера Ількевіч марыла дапамагаць жывёлам. Цяпер яна — кваліфікаваны зоапсіхолаг. Да Веры звяртаюцца гаспадары, якім чамусьці не ўдаецца знайсці паразуменне з гадаванцамі. І кожны раз Вера пераконваецца ў тым, што няма праблемных жывёл, а ёсць праблемы ў гаспадароў.

Зоапсіхолам Вера стала не адразу. Спачатку вучылася ў БДУ на заолага, пасля скончыла курсы кінолагаў, і толькі пасля зразумела, што ёй цікава не столькі дрэсіраваць жывёл, колькі дапамагаць ім адчуваць сябе побач сваім чалавекам камфортна.

Павялічыць выяву

Вера Ількевіч.

Калі іншыя дзеці прыносілі дамоў коцікаў, я прыцягнула лісіцу

Вера нарадзілася ў сям’і дактароў. Бацькі былі пастаянна занятыя на працы, таму маленькую Веру адправілі на выхаванне да бабулі з дзядулем у Польшчу.

«Дзядуля быў дырэктарам фірмы, у яго ў Варшаве быў офіс. Дзядуля расказваў, што я з ранняга дзяцінства абяцала, калі вырасту, падарыць яму стайню. Мне так здавалася, што ў кожнага чалавека павінен быць свой конь, кот і сабака», — расказвае Вера.

А калі стаў выбар, якую прафесію выбраць, Вера разумела, што чалавечым доктарам быць у яе не выйдзе.

«Я шкадую людзей. Я перажываю за хворага чалавека, ведаю, што з ім робіцца, а яшчэ пры гэтым засяродзіцца і лячыць яго я б не змагла. Мне проста хочацца абняць чалавека, каб яму стала крыху лепей. Ветэрынарная акадэмія ў Віцебску таксама не тое. Не хацелася займацца толькі свойскімі жывёламі. Таму выбрала спецыялізацыю заолага. І не пашкадавала пра гэта ні разу. Я займалася драпежнымі млекакормячымі. Вывучала паводзіны ваўкоў і куніц. Ва ўніверсітэце мяне вучылі на следапыта. Гэта вельмі цікава, назіраць у прыродзе за паводзінамі драпежнай жывёлы. Напэўна, з тых часоў у мяне любоў да няпростых жывёл. А не! Усё пачалося з лісіцы», — распавядае Вера.

Павялічыць выяву

Чорную лісіцу Юкі Веры аддалі. Людзі не справіліся з выхаваннем драпежніка.

«Лісіца — вельмі складаная істота. Яе не пакараеш як сабаку. З лісіцай можна толькі дамовіцца. Пры гэтым яна вельмі экспрэсіўная.

Павялічыць выяву

«Гаспадары ліс ведаюць, што ні ў якім разе нельга падносіць гадаванца да твару. Ад празмернасці эмоцый жывёла можа выпадкова параніць вострымі кіпцюрамі ці клыкамі».

Павялічыць выяву

«У мяне доўга былі пракусаныя рукі, пакуль я не навучылася дамаўляцца з Юкі. Аднак з-за сваіх пераездаў я вымушаная была аддаць Юкі сябрам у вальер. Раз на два дні я прыязджала да яе, займалася з ёй. Але аднойчы я ехала і трапіла ў аварыю.

Юкі чакала мяне тры дні, а пасля перакусіла металічны пруцік у вальеры і збегла ў лес.

Мы шукалі яе тыдзень. Але так і не знайшлі, я да сёння шкадую, што так атрымалася, і вельмі сумую па Юкі», — кажа Вера.

Павялічыць выяву

Прыязджала да праблемнага сабакі ў матацыклетных накаленніках

Вера Ількевіч расказвае, што ў яе бліжэйшых планах арганізаваць кансультацыі для людзей, якія наважыліся гадаваць незвычайных жывёл: ліс, янотаў. Аднак, прызнаецца дзяўчына, не ўсе гаспадары катоў і сабак усведамляюць, што ім таксама патрэбна кансультацыя зоапсіхолага.

«Асабліва дзіўна чуць, калі на сваю агрэсіўную або істэрычную жывёлу чалавек кажа: «Ну ён у нас такі». Ды не такі!

Сабака не павінен брахаць на ўсіх. І гэта не нармальна, калі кот у кватэры меціць усё без разбору. На такія паводзіны ў жывёлы павінны быць свае прычыны,

і мая задача, як кансультанта па паводзінах, даведацца пра іх», — расказвае Вера.

На паводзінах жывёлы адбіваецца настрой чалавека, або нейкія падзеі, якія адбываюцца ў жыцці. Цяжарнасць гаспадыні жывёлы пераносяць вельмі складана, пераезды або з'яўленне новага чалавека ў сям'і для іх стрэс.

Пры гэтым, зоапсіхолаг упэўненая, што ў паводзінах жывёл амаль заўсёды вінаваты чалавек.

Павялічыць выяву

«У мяне быў аднойчы складаны выпадак, калі давялося карэктаваць паводзіны англійскага бульдога, які быў агрэсіўным і кідаўся на ўсіх. Я да яго прыходзіла ў спецыяльным абутку і накаленніках для матацыкла, бо сабака спадцішка кусаў за ногі.

Калі размаўляла з гаспадарамі, аказалася, што яны сабаку проста разбэсцілі, сабаку дазвалялася ўсё. Да таго ж, гаспадар быў сам нервовым.

Яны працавалі з кінолагамі, тыя параілі ўсыпіць. Але гаспадары, за гэта ім дзякуй вялікі, усё ж шукалі выйсце. І знайшлі яго.

Мы разам з імі падабралі для бульдога іншую сям’ю. У другой сям’і былі свае правілы, строгая дысцыпліна. І я ў адзін дзень літаральна ўбачыла, як сабака выдыхнуў з палёгкай, маўляў: «Нарэшце я жыву з адэкватнымі людзьмі, з імі я ведаю, як паводзіць сябе». І сабака супакоіўся.

Я заўсёды супраць усыплення, але заўсёды за кастрацыю», — кажа Вера.

Павялічыць выяву

«Калі вы мне зараз жа не дапаможаце, я выкіну ката»

Вера Ількевіч расказвае, што па яе паслугі звяртаюцца абсалютна розныя людзі: і пенсіянеры, і маладыя пары, якія завялі сабе першую жывёлу, і падлеткі, якія просяць навучыць іх разумець свайго гадаванца.

Кансультацыя ў Веры каштуе ад 20 рублёў.

Павялічыць выяву

Жывёл, упэўненая Вера, трэба не толькі дрэсіраваць выконваць каманды, але і навучыць думаць. 

«Але было і такое, калі тэлефанавала жанчына і патрабавала, каб я ў гэту секунду прыехала і дапамагла ёй з кацянём. «Яно ў латок ходзіць праз раз. Калі вы мне не дапаможаце, я яго выкіну», — крычала яна мне ў слухаўку.

У сэнсе, патрабавала бясплатна і за адзін дзень пазбавіць яе ад праблем з кацянём. І я разумею, што такому чалавеку не дакажаш нічога. Я проста дала ёй нумар валанцёраў, каб яна прыстроіла тое няшчаснае кацяня ў добрыя рукі», — расказвае зоапсіхолаг.

Часта даводзіцца Веры па сваёй працы сутыкацца і з тым, што людзі выбіраюць сабаку, якая ім зусім не падыходзіць.

Павялічыць выяву

«Вось для гэтага і існуюць зоапсіхолагі. Раз вы ўжо наважыліся завесці сабаку ці ката, пракансультуйцеся, ці падыйдзе вам тая ці іншая парода», — расказвае Вера. 

І прыводзіць у прыклад пароду джэк-расел-тэр’ер. Гэтая парода стала папулярнай пасля фільма «Маска», дзе ў героя Джыма Керы быў расел Майла.

«Вось і сталі людзі заводзіць сабе такіх сабак. А ў іх шыла ў адным месцы, з такім сабакам трэба трэба шмат часу гуляць, шмат забаўляць яго.

А флегматыкі падоўгу гуляць не хочуць. Вось і атрымлівацца, што робяць няшчаснымі і сябе, і жывёлу.

Ці, напрыклад, сіямскія каты. Ёсць стэрэатып, што гэта агрэсіўная парода. А гэта не так. Проста сіямскія каты да двух лічыць не будуць.

Калі ты з першага разу не зразумеў, што лепш не чапаць, то на другі раз сіямскі кот падрапае, калі іншая парода папярэдзіць пра свае асабістыя межы яшчэ і яшчэ раз», — дзеліцца доведам зоапсіхолаг.

«Не бывае агрэсіўных парод, бываюць неадэкватныя людзі»

Вера Ількевіч расказвае, што вельмі часта кансультацыі пачынае з таго, што даводзіцца развейваць міфы і стэрэатыпы.

«Самы пашыраны міф тычыцца таго, што, калі кастрыраваць ката, ён перастане меціць тэрыторыю. Гэта не так. Жывёла меціць тэрыторыю, таму што не ўпэўненая ў сваіх межах. З кастрацыяй жывёла супакоіцца, але меціць тэрыторыю не перастане. Але я ўсё адно за стэрылізацыю хатніх жывёл. Вы пазбавіце жывёлу ад шматлікіх праблем і са здароўем, і з псіхікай», — кажа Вера.

Яшчэ адзін міф тычыцца таго, што людзі думаюць, што ад пароды сабакі залежыць яе агрэсіўнасць.

«Гэта абсалютна не так. І пітбулі могуць быць самымі пяшчотнымі сабакамі ў свеце».

«Колькі разоў даводзілася бачыць, як сядзіць гэтая махіна над калыскай дзіцяці і пускае сліны замілавання. А ў вачах толькі адно: «Я так люблю цябе, чалавек».

«Гэта людзі робяць гэтых сабак такімі. Паназірайце, хто часцей за ўсё заводзіць такіх сабак. Няўпэўненыя ў сабе мужчыны. Маўляў: «Вось мой сабака, ён — забойца, ён парве любога». І сабака пачынае сябе паводзіць роўна так, як таго хоча гаспадар.

Сабака ж адчувае, што яе хваляць за агрэсіўныя паводзіны, ухваляюць, калі ён кідаецца на людзей ці іншых жывёл. Таму так сябе і паводзіць», — упэўненая Вера Ількевіч.

Яшчэ Вера прызнаецца, што яе боль — гэта сабакі, якіх прыводзяць да яе пасля сабачых баёў.

«У Беларусі сабачыя баі забароненыя. Але, бывае, што прыводзяць сабаку, а я на 100% упэўненая, што ў яе праблемы з псіхікай менавіта з гэтай прычыны. Але як даказаць гэта, я не ведаю», — кажа Вера. 

«Я за тое, каб сабакі каштавалі вельмі дорага»

Высокі кошт на сабак — гэта правільна, лічыць зоапсіхолаг.

Павялічыць выяву

«Магчыма, хаця б высокія цэны на жывёл прымусілі б людзей задумацца, што завесці гадаванца — гэта не забава. На мяне часта сварацца некаторыя, калі я параўноўваю хатняю жывёлу з дзіцем. А для мяне гэта так і ёсць. Яны таксама бездапаможныя як дзеці, яны не могуць самі паклапаціцца пра сябе. А яшчэ я за тое, каб людзі не баяліся браць сабак і катоў з прытулкаў», — кажа Вера.

З дарослымі жывёламі, сцвярджае зоапсіхолаг, дамовіцца прасцей. І раз вы ўжо прымаеце ў сваю сям'ю яшчэ аднаго паўнавартаснага члена, то будзьце гатовыя прыслухоўвацца да яго, і жывёла аддзячыць абавязкова. 

Наталля Тур, фота з архіва гераіні

0
maha / адказаць
04.08.2019 / 12:08
Добрая прафесія.
4
Максим Дизайнер / адказаць
13.08.2019 / 12:18
Еще одна будущая свободная и независимая кошатница-путешественница, инстаграмщица по совместительству. За чей счет только. Абы счастлива была. Главное только, чтобы не с чужой шеи.
0
Cepro / адказаць
31.08.2019 / 05:04
Наталля Тур, сабака ў беларускай мове - ВЫКЛЮЧНА мужчынскага роду, таму, сабака - ЁН.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30