Знайсці
23.07.2019 / 11:1620РусŁacБел

Як склаўся лёс беларусаў, якія выйгралі ў латарэю мільёны і мільярды?

Час ад часу ў СМІ з’яўляецца інфармацыя пра чарговага беларуса, які выйграў буйную суму ў латарэю. Нядаўна рабочы з Магілёва стаў уласнікам амаль 2 мільёнаў даляраў.

«Наша Ніва» ўзгадала некалькіх шчасліўчыкаў, якія раней таксама сталі ўлюбёнцамі фартуны і выйгралі буйныя сумы грошай. Як склаўся іх лёс?

Першы джэк-пот: вінаграднікі, таямніцы і суд

У 2009 годзе ў Беларусі быў разыграны джэк-пот памерам 766 мільёнаў рублёў. Па тагачасным курсе гэта каля $275 тысяч.

На той момант гэта быў рэкордны выйгрыш. Пашанцавала студэнту з Брэста Міхаілу.

Вакол гэтых грошай адразу закруцілася цікавая гісторыя. Пераможца знайшоўся толькі праз тры тыдні. Маўляў, у яго памёр хтосьці са сваякоў, было не да праверкі латарэйных білетаў.

Міхаіл К. у 2009 годзе

«Як толькі мне былі пераведзеныя грошы, я пералічыў некаторую суму ў два дзіцячыя дамы, каб такім чынам падзяліцца сваім выйгрышам з тымі, хто ў гэтым сапраўды мае патрэбу.

А далей я збіраюся рэалізаваць сваю самую запаветную мару — стаць вінаробам. На свой выйгрыш я ўжо купіў вінаграднікі ва Украіне. Традыцыі вінаробства ў маёй сям'і маюць старажытныя карані. Мой дзед быў вінаробам і заўсёды рабіў самае смачнае віно. З дзяцінства мне хацелася пайсці па яго слядах. Мне здавалася, што ў працы вінароба ёсць чараўніцтва. Бо зрабіць выдатнае віно, ад выпітага глытка якога жыццё набывае больш яркія фарбы, — гэта тое ж самае, што здзейсніць цуд!

А на астатнюю суму я ўжо набыў кватэру ў Мінску і аўтамабіль сваёй мары — новенькі БМВ. Як аказалася, вялікія грошы вельмі лёгка выдаткаваць, і цяпер у мяне не засталося нічога», — распавядаў пераможца Міхаіл К. у сваім каментары арганізатарам латарэі.

Брэсцкія журналісты паспрабавалі адшукаць Міхаіла. Было вядома, што ён пералічыў па 10 мільёнаў рублёў у Пінскі дзіцячы дом і ў сталічны дзіцячы хоспіс. Журналісты звязаліся з дзіцячым домам, але там паведамілі няправільнае прозвішча хлопца.

Тады журналісты насцярожыліся: чалавека з такім прозвішчам немагчыма знайсці ва ўніверсітэце і тэлефоннай кнізе горада, выйгрыш ён патраціў імгненна… Журналістка Наталля Чухно з «Брэсцкага кур’ера» ў сваім артыкуле апісала безвыніковыя пошукі і паставіла пад сумнеў праўдзівасць гісторыі.

Тады арганізатар латарэі, кампанія «Спорт-пары», падала на журналістку ў суд. Спачатку кампанія хацела спагнаць з журналісткі гіганцкія 700 мільёнаў рублёў і падала пазоў на абарону дзелавой годнасці і рэпутацыі. Суд палічыў такую суму неабгрунтаванай, і ў выніку прадстаўнікі «Спорт-пары» зменшылі суму да 150 тысяч рублёў.

Атрымаць каментар Наталлі Чухно не атрымалася, сёння яна жыве ў ЗША. А кампанія «Спорт-пары» каментаваць суды не захацела.

Галоўны рэдактар «Брэсцкага кур’ера» Мікалай Аляксандраў паведаміў, што скончылася ўсё «не кепска для газеты».

Але што ж сам герой публікацый і расследаванняў, вінароб і студэнт Міхаіл?

«Наша Ніва» адшукала Міхаіла К., каб спытаць, чым ён жыве праз 10 гадоў пасля выйгрышу. У Беларусі ён ці ва Украіне? Ці прыносяць прыбытак вінаграднікі? Як называецца гатунак віна?

«Наша Ніва» звязалася з Міхаілам, але ён катэгарычна адмовіўся размаўляць з журналістамі і забараніў сваім сваякам і знаёмым даваць каментары. Вядома, што ён сёння жыве ў Брэсце, працуе наёмным работнікам у адной з кампаній. Міхаіл перыядычна рэпосціць ва «Укантакце» старонкі, дзе можна бясплатна выйграць банку спартовага харчавання… Паводзіны не надта падобныя да паводзінаў паспяховага вінароба.

Ды і ягоныя сваякі пра вінаграднікі Міхаіла нічога не чулі, нават цешча. Па яе словах, зяць працуе на фірме, якая займаецца чымсьці, звязаным з камп’ютарамі.

Лесаруб-мільярдэр: Траціна грошай проста знікла

У 2011 годзе 2 мільярды рублёў выйграў 50-гадовы Мікалай Церавяйнен. Мужчына ўсё жыццё правёў у Карэліі, дзе працаваў лесарубам, але за год да перамогі пераехаў у адну з вёсачак Міёрскага раёна, на радзіму сваёй маці.

2 мільярды ў лютым 2011 года былі вельмі добрымі грашыма — больш за 600 тысяч даляраў.

Частку грошай Церавяйнены перадалі на дабрачыннасць: па 10 мільёнаў атрымалі дзіцячы дом у Дзісне і царква ў суседняй вёсцы (на той момант гэта было каля 3300 даляраў). 20 мільёнаў пералічылі вясковай школе-садку.

Астатнія грошы вырашылі пакласці ў банк пад працэнты. Прычым спачатку Мікалай Церавяйнен хацеў падзяліць выйгрыш на тры часткі і зрабіць тры ўклады: у рублях, далярах і еўра. Але ж яго ў банку пераканалі — пакідайце ўсё ў рублях, працэнты будуць большыя, распавядаў Церавяйнен парталу «Анлайнер».

Мікалай пагадзіўся. А пазней у тым жа 2011 годзе беларускі рубель абваліўся, і большасць выйграных грошай проста згарэла. У выніку засталася толькі траціна ад былой сумы.

На астатнія 200 тысяч даляраў Церавяйнены купілі дзве вялікія машыны: уседарожнік «Таёту Лэнд Крузер» і пікап «Таёта Хайлюкс», кватэру ў Браславе.

Таксама ўклаліся ў гаспадарку — Церавяйнены жывуць на невялікай ферме, трымаюць жывёлу. Частку грошай усё ж адклалі.

Да таго, што праз змены курса частка грошай проста знікла, Мікалай Церавяйнен ставіцца спакойна, нават па-філасофску.

«Гэта фартуна», — казаў Церавяйнен тэлеканалу «Белсат».

5 мільярдаў і нечаканыя сваякі

Васіль і Алена Пятрэнкі са Слуцка ў 2016 годзе набылі латарэйны білет на рынку, калі шукалі Васілю падарунак на 23 Лютага. Розыгрыш прынёс Пятрэнкам 5 мільярдаў рублёў (прыкладна 260 тысяч даляраў).

Пятрэнкі ахвяравалі 15 мільёнаў рублёў на лячэнне хлопчыку, яшчэ 15 мільёнаў — у РНПЦ дзіцячай анкалогіі.

Васіль і Алена — звычайная правінцыйная сям’я. Васіль працаваў кіроўцам у ЖКГ, Алена — маляром.

«Яны набылі сабе жыллё, дапамаглі дзецям з жыллём, набылі дзецям машыны», — распавялі сваякі Пятрэнкаў.

Але раней у слуцкім выданні «Інфа-Кур’ер» з’яўляўся каментар Пятрэнкаў.

«Я сабе купіў дом і раздаў дзецям грошы», — сказаў Васіль Пятрэнка. Алена Пятрэнка, жонка Васіля, распавяла, што пасля выйгрышу пра іх успомнілі шматлікія сваякі, пра якіх яны ніколі раней і не чулі. На сям'ю вылілася столькі негатыву, што непрыемна ўспамінаць.

Пятрэнкі паведамілі, што нават не змаглі з’ездзіць у адпачынак, у які так хацелі. Самі Васіль і Алена не захацелі гаварыць з «Нашай Нівай».

УШ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930