Знайсці
07.02.2020 / 21:32РусŁacБел

«Халера ясная!» Чаму нас вучыць гісторыя адной страшнай эпідэміі ХІХ стагоддзя

Калі б вы апынуліся ў Беларусі часоў паходу Напалеона на Расію і сказалі каму-небудзь, што ў яго «да халеры грошай» і тады «якой халеры ён так кепска апрануты», то вас бы ніхто не зразумеў. Тады гэтай страшнай хваробы, якую пасля назвалі «чумой ХІХ стагоддзя», у нас проста не ведалі.

Суп з бактэрый у адной кроплі вады. Пад канец ХІХ стагоддзя бактэрыяльнае паходжанне халеры было канчаткова даказана.

Мутацыя ў дэльце Ганга

Халера — вострае інфекцыйнае захворванне. Выклікае яго халерны вібрыён — бактэрыя, якая звычайна выконвае вельмі важную для экасістэмы планеты функцыю — «з’ядае» дзясяткі мільёнаў тон хіцінавых покрываў рачкоў, якія жывуць у акіяне. Бактэрыя гэта доўгі час была няшкоднай для чалавека, бо з ім мала сутыкалася, але ў пачатку ХІХ стагоддзя чалавек пачаў актыўна засвойваць цёплыя мангравыя балоты дэльты Ганга, дзе халерны вібрыён жыве ў вялізнай колькасці.

Да таго ж у 1815 годзе выбухнуў інданезійскі вулкан Тамбора, які закрыў сваім попелам планету ад Сонца, і наступныя некалькі гадоў па ўсёй Зямлі былі анамальна халоднымі. Змены клімату і шчыльны кантакт з людзьмі прывялі да таго, што

халерны вібрыён перажыў мутацыю і прыстасаваўся да чалавека.

Халерны вібрыён, калі размножыцца ўнутры чалавека, выпрацоўвае магутны таксін, на які арганізм рэагуе выдзяленнем вялікай колькасці вады. У хворага пачынаецца страшны панос.

За некалькі гадзін чалавек можа страціць нават 14 літраў вадкасці і памірае ад абязводжвання.

Людзі спачатку не ведалі, адкуль бярэцца халера (вібрыён трапляе ў чалавека праз ваду), і думалі, што ўся справа ў міязмах — смярдзючым паветры. Адным словам — калі не чуеш дрэннага паху, то і не захварэеш. Бактэрыю Vibrio cholera адкрыў толькі ў 1855 годзе, пасля трэцяй хвалі пандэміі, італьянскі біёлаг Філіпа Пачыні.

Прынеслі вайскоўцы

Калі дакладна з’явілася халера на Беларусі — невядома. На суседняй Валыні яе выпадкі фіксаваліся ўжо ў канцы лета 1830 года. Лічыцца, што яе разнеслі па нашых землях расійскія войскі, якія ў пачатку 1831 года былі перакінутыя сюды з Азіі і Прычарнамор’я, каб задушыць паўстанне.

Халера касіла не толькі простых людзей, але і вышэйшых чыноў. У канцы мая 1831 года ад яе памёр пасланы душыць бунт расійскі генерал Іван Дзібіч-Забалканскі (насамрэч немец Ганс Дзібіч), а ў пачатку чэрвеня ў Віцебску халера ўсяго за 15 гадзін забіла брата самога цара Мікалая І, Канстанціна Паўлавіча.

Іван Дзібіч-Забалканскі — расійскі генерал, які душыў паўстанне 1830—1831 гадоў. Адна з першых высокапастаўленых ахвяр халеры ў Беларусі.

Другі раз халера наведала нашыя землі ў 1848 і 1854—1855 гадах. Гэта таксама, хутчэй за ўсё, было звязана з тым, што праз нашыя землі праходзіла маса расійскіх салдат, якія ў 1848 годзе душылі «вясну народаў» у Еўропе, а ў 1854-м ішлі на Крымскую вайну.

Калі халера лютуе

Гэта быў сапраўдны апакаліпсіс. Людзям страшна было бачыць, як чалавек, які толькі ранкам паеў папулярнага «бацвіння», раптам падаў на зямлю і ў страшных муках хутка паміраў. Ідзе сабе чалавек, тут у яго пачынаецца моцны боль у жываце — і літаральна праз некалькі гадзін ён ужо ляжыць на зямлі, высахлы і пасінелы.

Што маглі супрацьпаставіць халеры ўлады? Нічога такога, што сапраўды мела сэнс. Напрыклад, пры ўездах у гарады яны паставілі каранціны, дзе ўсіх вымушалі акурвацца каля спецыяльных вогнішчаў, каб забіць шкодныя міязмы. Каля гэтых акурвальных вогнішчаў часта ўзнікалі бойкі, нават з панажоўшчынай. А ратавацца ад халеры гэта памагала як хваробе кашаль.

Каб змагацца з наступствамі халеры, улады ўвялі інстытут спецыяльных служачых, якіх называлі гіцлямі (у часы Вялікага Княства Літоўскага гіцлем называлі памочніка ката). Гэта былі апранутыя ў чорнае людзі ў масках, якія ездзілі на конях і мелі «на ўзбраенні» доўгі кій з кручком. Калі гіцаль бачыў памерлага ад халеры чалавека, то гэтым кручком чапляў яго і цягнуў да спецыяльнай ямы, куды скідаў цела. Такія халерныя ўзгоркі ў некаторых месцах Беларусі людзі дасюль называюць могліцамі. У гарадах стараліся выдзеліць для пахаванняў нейкія адныя могілкі. Напрыклад, у Мінску ахвяр халеры найбольш хавалі на Залатой Горцы. А паколькі абязводжаны чалавек мог адразу і не памерці, то людзей нярэдка закопвалі яшчэ жывымі.

Забойствы па «чалавекалюбстве»

Халера ўмомант адрадзіла сярод вяскоўцаў старадаўнія паганскія звычаі і павер’і.

Людзей, якія прыходзілі ў вёску і не маглі толкам патлумачыць, хто яны такія, падазравалі ў вядзьмарстве і меркавалі, што яны разносяць халеру. З імі ашалелыя ад страху людзі распраўляліся вельмі жорстка. У некаторых губернях Расіі прайшлі магутныя халерныя бунты, калі цёмныя людзі забівалі дактароў, разбівалі бальніцы і карэты хуткай дапамогі.

Разгром халернага барака ў ваколіцах ўкраінскага Екацярынаслава (цяпер Дняпро). Фота: Wikimedia Commons.

У Беларусі халерных бунтаў не было, аднак на некаторы час нашыя землі быццам вярнуліся ў Сярэднявечча. Адрадзіўся стары звычай, што сімвалічную пошасць у асобе чалавека трэба пахаваць у зямлі разам з пеўнем ды варонаю, тады хвароба адыдзе.

Даследчыкам вядомыя некалькі спраў, калі вяскоўцы закопвалі ў зямлю сваіх знаёмых. У 1831 годзе сяляне вёскі Кавалевічы на Слонімшчыне жыўцом закапалі сялянку Праскоўю Шведаву. Пры гэтым здзейснілі гэты акт адразу адзінаццаць сялян. У 1855-м тая самая гісторыя паўтарылася ў вёсцы Акановічы пад Карэлічамі. Сем сялян, сярод якіх былі нават фельчар ды паліцэйскі сотнік, разам з некалькімі памерлымі закапалі на могілках жывую 70-гадовую сялянку Люцыю Манько.

Захавалася даволі падрабязнае апісанне гэтай гісторыі, з якога вынікае, што закапаная жыўцом жанчына ўспрымалася не як ведзьма, якой трэба было перашкодзіць, а як сімвалічная ахвяра, якая цаной свайго жыцця павінна была спыніць хваробу.

Улады каралі злачынцаў даволі мякка, найчасцей абмяжоўваючыся біццём бізунамі і царкоўным пакаяннем. У тагачасных дакументах нават сустракаецца выказванне, што сяляне закопвалі людзей у зямлю па «чалавекалюбстве», напоўненыя жаданнем перашкодзіць халеры.

Выворванне халеры падчас эпідэміі ў ваколіцах ўкраінскага Екацярынаслава (цяпер Дняпро). Фота: Wikimedia Commons.

Гэта быў не адзіны яшчэ паганскі звычай. Выкарыстоўвалася «выворванне» халеры пры дапамозе плуга. Сяляне таксама займаліся тым, што ткалі чырвоную нітку, абносілі ёй вёску і ставілі спецыяльны крыж. Такі абхрысціянены паганскі звычай таксама павінен быў абараніць паселішча ад пошасці, якая перакрочыць цераз чырвоную нітку нібыта не магла. Цікава, што на Гродзеншчыне чырвонай ніткай абносілі вёскі яшчэ ў часы апошняй вайны і нават у канцы 1940-х гадоў, у часы ўвядзення калгасаў.

Не лечаць, а калечаць

Выдадзеная ў Варшаве ў 1849 годзе газета-лістоўка з рэкамендацыямі, як лячыцца ад халеры, сёння чытаецца дзе з усмешкай, а дзе і з жахам.

Першае, што раіла газета: «Мець неабмежаваную веру і спадзяванне на Пана Бога», які, нават насылаючы хваробы, робіць гэта для дабра людзей. Далей пісалася, што найбольш хварэюць п’яніцы і тыя, хто аддаецца граху абжорства, таму трэба менш есці. Трэцяя парада — піць свежую, чыстую, халаднаватую ваду. Пра яе кіпячэнне — ні слова. А гэтая парада проста смяротна небяспечная! Бо халерны вібрыён жыве акурат у свежай вадзе.

Далей рэкамендавалася не прастываць (маўляў, халера бярэцца ад дрыжыкаў) і зрабіць запасы антыхалерычных сродкаў: каменнай солі, хрэну, чорнай рэдзькі і гарчыцы. Калі ж чалавек ужо захварэў і ў яго пачынаецца халерычны панос і абязводжванне, то лячыць яго трэба так. Спачатку даць яму мятных капляў, а калі ад абязводжвання ў хворага пачнуцца сутаргі — трэба расцерці яго цела пярцовай гарэлкай, сумессю на дэнатураце і паставіць гарчычнік на вобласць сэрца, аж пакуль у пацыента «не перастане ціснуць унізе і не пройдзе вялікі сум».

Калі гэтыя сродкі не дапамагалі, то рэкамендавалася абкласці хворага мяшкамі з гарачым пяском, гарачымі цаглінамі або зрабіць яму паравую лазню, абкруціўшы гарачымі мокрымі прасцінамі. Можна было дзейнічаць на кантрасце — абліць чалавека вельмі халоднай вадой, а пасля добра расцерці. Які эфект давала такое лячэнне, можаце здагадацца.

Дзяўчына да і праз некалькі гадзін пасля з'яўлення першых сімптомаў халеры. Літаграфія сярэдзіны ХІХ стагоддзя.

Былі і спецыяльныя парады: парашок для выклікання ванітавання (для і так абязводжанага чалавека) або стаўленне п’явак і кровапусканне.

Халернаму хвораму можна было паставіць 20 п’явак за вушы (калі дыханне халоднае), можна было 15 п’явак каля сэрца (калі цісне ў сэрцы) або на жывот. Калі ж п’явак не было, то прапаноўваўся сродак, які прыйшоў хіба што з самых сярэднявечных часоў, — чалавеку на спіне рабілі ножыкам 6—8 надрэзаў і прыкрывалі іх шклянкай, папярэдне паклаўшы туды палаючую паперку. У шклянцы згараў кісларод, і з цела выціскалася шмат крыві.

А самым эфектыўным сродкам ад халеры, як пасля выявілася, было проста ўвесь час даваць хвораму падсоленую гатаваную ваду, каб аднавіць страчаныя запасы вадкасці ў целе.

Халера як прысуд — 92% смяротнасці

Самыя вялікія страты насельніцтва ў ХІХ стагоддзі Беларусь панесла ў час вайны 1812 года. Але другое месца ўстойліва займаюць эпідэміі халеры 1831, 1848 і 1855 гадоў.

Колькі памерла жыхароў Беларусі ад халеры ў 1830—1832-м — дакладна невядома. Але несумненна, што лік ідзе на многія дзясяткі тысяч чалавек. Па наступных эпідэміях у выпадку Гродзеншчыны ўжо можна зрабіць пэўныя высновы. Даследчык гісторыі і гаспадаркі Гродзеншчыны генерал Павел Баброўскі ацэньваў колькасць памерлых ад халеры ў гэтым рэгіёне ў 1840—1850-я гады больш чым у 13 000 чалавек. Выходзіла, што ў 1848-м і 1854—1855-м смяротнасць ад халеры на Гродзеншчыне складала 11—12% ад усіх смерцяў. У 1855-м па ўсёй Гродзенскай губерні захварэлі на халеру 14 857 чалавек, з іх вылечыліся 9 500, а памерлі 5 357 чалавек.

Нашмат горш было з салдатамі царскай арміі.

Празмерная скучанасць, недахоп чыстай вады і адсутнасць нармальнай каналізацыі прыводзілі да таго, што халера проста выкошвала расійскія батальёны. Напрыклад, падчас паўстання 1830—1831 гадоў расійскія войскі панеслі страты ад хваробы ў некалькі разоў большыя, чым ад куляў і шабляў польскага войска. А калі жаўнер з падазрэннем на халеру трапляў у шпіталь, то лёс ягоны быў практычна вырашаны. Напрыклад, паміж 1848 і 1860 гадамі ў вайсковы шпіталь у Брэсце паступіла 2 988 хворых на халеру салдат, з іх памерла 2 764 чалавекі, а выжыла толькі 224! Смяротнасць склала прыкладна 92 %!

Чаму так адбывалася? Салдаты елі з аднаго посуду. Хворых салдат спецыяльна не ізалявалі, трымалі ў вельмі гарачых працепленых памяшканнях (хваробу выганялі потам), лячылі ў асноўным гарчычнікамі і толкам не забяспечвалі чыстай вадой ды мыйнымі сродкамі. Нават сеннікі і пасцельныя рэчы памерлых жаўнераў пасля самага элементарнага прання выкарыстоўвалі паўторна.

Да разумення таго, што халера лечыцца аднаўленнем водна-салявога балансу ў арганізме (чалавеку трэба піць падсоленую ваду), а найперш патрабуе вельмі строгіх санітарных мераў, медыкі прыходзілі павольна, доследным шляхам. Толькі са з’яўленнем у гарадах водаправодаў, а ў медыкаў элементарных ведаў па мікрабіялогіі і санітарыі эпідэміі страцілі аснову для развіцця. Апошні ўсплёск халеры на беларускіх землях меў месца ў 1894 годзе, калі ў неўраджайныя гады ў Беларусь пацяклі людскія патокі з цэнтральнай Расіі. Эпідэмію ўдалося хутка спыніць, але ў некаторых вёсках, напрыклад Багноўцы пад Беластокам, памерлі дзясяткі людзей.

Эпідэмія халеры ў ХІХ стагоддзі добра прадэманстравала, наколькі безабаронныя людзі перад бактэрыямі, якія муціруюць.

Сёння халера як рэальная праблема беларусамі забытая, але яна пакінула пра сябе памяць у народнай мове. А таксама шматлікіх прыдарожных каплічках і крыжах, на якіх чалавек прасіў Бога, каб той абараніў яго ад «духу смертнага»…

 ***

Эпідэміі халеры зрабілі вялікі ўплыў на беларускую народную мову.

Адна халера — тое самае, усё роўна.

Да халеры — вельмі шмат.

Халера яго ведае, халера яго знае — цяжка сказаць.

Халера недзе носіць — знаходзіцца невядома дзе.

У той жа час у многіх выпадках слова «халера» (ці яго форма «халерыя») набывае і адкрыта лаянкавы, праклённы сэнс. Варыяцый у гэтых праклёнах можа быць безліч, згадаем толькі некаторыя:

От, халерыя!

Каб цябе сплюндрыла, халера!

Вось гад паганы, трасца яму і халерыя ў бок!

Каб вас халера павыдушвала!

Каб цябе халера забрала да чорта ў дупу!

Пашыранае таксама ў народнай мове і прыслоўе «халерна», якое мае значэнне «вельмі»: «халерна шмат», «халерна цяжкі».

 ***

Юваль Ной Харары пра эпідэміі мінулага і будучыні

Многія баяцца, што які-небудзь незнаёмы нам брат Чорнай смерці ўжо падчэквае нас за наступным паваротам. Ніхто не можа гарантаваць, што пандэміі не вернуцца, але ёсць важкія падставы меркаваць, што ў гонцы паміж дактарамі і вірусамі дактары цяпер бягуць хутчэй.

Новыя інфекцыйныя хваробы з'яўляюцца ў асноўным у выніку выпадковых мутацый у геноме патагенных мікраарганізмаў. Гэтыя мутацыі дазваляюць патагенам пераскокваць з жывёл на людзей, прабіваць імунную сістэму чалавека ці станавіцца непрыступнымі для лекаў.

Але дактары год за годам пашыраюць і паглыбляюць свае веды, працуючы над стварэннем усё больш эфектыўных лекаў і метадаў лячэння. У выніку, хоць у 2050 годзе мы, безумоўна, сутыкнёмся з больш жывучымі мікробамі, медыцына да таго часу будзе, хутчэй за усё, здольная даваць ім рады больш паспяхова, чым сёння.

У 2015 годзе дактары абвясцілі аб адкрыцці найноўшага тыпу антыбіётыку — тэіксабактыну, да якога бактэрыі яшчэ не маюць устойлівасці. Шэраг навукоўцаў лічыць, што тэіксабактын можа адыграць пераломную ролю ў барацьбе з высокаўстойлівымі мікраарганізмамі. Медыкі таксама распрацоўваюць новыя, рэвалюцыйныя метады лячэння, радыкальна адрозныя ад ранейшых. Напрыклад, у некаторых эксперыментальных лабараторыях ужо асвойваюць нанаробаты, якія ў адзін цудоўны дзень змогуць падарожнічаць па сасудах, ставіць дыягназы і знішчаць мікробаў і ракавыя клеткі.

Хай у мікраарганізмаў ёсць назапашаны за чатыры мільярды гадоў вопыт барацьбы з арганічным праціўнікам, затое ў супрацьстаянні з біянічным драпежнікам яны пачаткоўцы, і таму ім будзе ўдвая цяжэй стварыць эфектыўную абарону.

Хоць у нас няма абсалютнай упэўненасці, што хваля якой-небудзь новай Эболы або невядомага грыпу не пракоціцца па свеце, несучы смерць мільёнам, усё ж мы не прымем яе як непазбежную прыродную катастрофу. Мы хутчэй палічым яе чыімсьці недаравальным пралікам і запатрабуем пакараць вінаватых. Калі пры канцы лета 2014 года цягам некалькіх страшных тыдняў здавалася, што Эбола бярэ верх над ахоўнікамі сусветнага здароўя, тэрмінова былі створаны камісіі для расследавання. [Былі выяўленыя прычыны, чалавецтва] здолела досыць аператыўна прыняць адэкватныя меры. У чалавецтва ёсць веды і інструменты для прадухілення эпідэмій, і калі яны ўсё ж здараюцца, то гэта вынік чалавечай некампетэнтнасці, а не гневу Божага.

Так што ў бітве з натуральнымі ворагамі, такімі як СНІД і Эбола, чаша вагаў схіляецца на карысць чалавецтва.

Сур'ёзныя эпідэміі будуць пагражаць чалавецтву ў будучыні, мусіць, толькі ў тым выпадку, калі чалавецтва само будзе ствараць іх ва ўгоду якой-небудзь бязлітаснай ідэалогіі. Эпоха, калі чалавецтва было практычна бездапаможным перад прыроднымі эпідэміямі, хутчэй за ўсё, у мінулым.

Юваль Ной Харары. Homo Deus. Кароткая гісторыя будучыні

«Наша гісторыя»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930