Знайсці
19.07.2019 / 14:308РусŁacБел

Ян Максімюк: «Басовішча» памірае, бо Падляшша больш не нараджае маладых беларускіх актывістаў, а Мінску начхаць

«Басовішча»-1992. Экран на сцэне, падрыхтаваны мастаком Лявонам Тарасевічам, быў размаляваны гледачамі перад пачаткам канцэртаў

На мінулым тыдні прайшло 29 гадоў, калі стартавала першае «Басовішча» — фестываль музыкі маладой Беларусі ў Гарадку на Беласточчыне. А ў суботу адбудзецца апошняе «Басовішча», 30-е па ліку, піша Радыё Свабода.

З гэтай нагоды Ян Максімюк вырашыў паставіць сабе самому сем з паловай пытанняў пра тыя аспекты фестывалю, пра якія, як ён лічыць, іншыя не пытаюцца.

«Басовішча»-1992. Прэс-канферэнцыя. На першым плане: Ян Максімюк, Яраслаў Іванюк, Мікола Ваўранюк

— Чаму ты вырашыў зрабіць інтэрв'ю пра «Басовішча» з самім сабою — настолькі зазнаўся, што думаеш, быццам іншыя ведаюць пра гэты фестываль менш за цябе ці скажуць пра яго менш цікава за цябе?

​— Зусім не. Ніхто не ведае пра «Басовішча» больш, чым яго арганізатары, а да арганізатараў фестывалю я ніколі не належаў. Калі адбылося першае «Басовішча» — 13—14 ліпеня 1990 — я ўжо ня быў студэнтам і ў падрыхтоўку фестывалю ўключыўся літаральна за дзень да яго інаўгурацыі. Малодшыя сябры з Беларускага аб’яднання студэнтаў папрасілі мяне тады пабыць адным з вядоўцаў фестывалю — такім мадэратарам (у пары з маёй пазнейшай кумой, Барбарай Кучынскай), які перад выступамі выканаўцаў скажа ў мікрафон некалькі словаў да публікі.

Справа тут у іншым. Мне хочацца сказаць не пра сам механізм «Басовішча» і яго арганізацыйныя поспехі ці праколы, у чым я арыентуюся менш за іншых, а пра значэнне фестывалю ў шырэйшым беларускім кантэксце. Хочацца выказаць некалькі думак, якіх мае падляскія землякі наагул не выказваюць публічна.

— Калі так, то давай… Толькі не кажы, што фестываль, які пратрымаўся 29 гадоў, сканчаецца сёлета якраз таму, што ўжо не мае ніякага значэння, добра?

— Гэтага я не скажу. «Басовішча», як любы музычны фестываль летняй парою, мае значэнне для маладых людзей, якім цікава пажыць два-тры дні ў намётах здалёк ад гарадскога гармідару, паслухаць музыкі, папіць піва, завязаць новыя знаёмствы. Лясок каля Гарадка — вельмі добрае месца для ўсяго гэтага.

Праблема аднак у тым, што цягам гэтых 29 гадоў, калі каля Гарадка два дні ў ліпені гучала беларуская поп- і рок-музыка, няўмольна прападаў беларускі кантэкст на Падляшшы. Наступала хуткая паланізацыя моладзі з беларускімі каранямі — моўная, культурная, светапоглядная. То бок адбывалася на першы погляд парадаксальная рэч — чым вышэйшы быў музычны ўзровень «Басовішча» і чым лепшая была яго арганізацыя, тым менш «беларускім» ён станавіўся. Менш «беларускім» у сэнсе ўплыву на светапогляд і жыццёвыя паводзіны маладых пакаленняў патэнцыйных беларусаў.

— Ці не занадта песімістычна?

— Не думаю. Хопіць усвядоміць сабе толькі адну рэч, пра якую зараз скажу, каб пабачыць гэтую карціну ў такой перспектыве, у якой бачу яе я.

Сярод сучасных студэнтаў у Польшчы няма ўжо болей людзей з дастатковай «беларускай матывацыяй», каб працягваць арганізаваць «Басовішча». Беларускае аб’яднанне студэнтаў (БАС), якое дало назву і афіцыйную шыльду фестывалю, як жыццяздольная арганізацыя, не існуе як мінімум два дзесяцігоддзі. Фестываль у нашым стагоддзі ладзіла не столькі арганізацыя, колькі невялікая сябрына самых заўзятых маладых беларусаў, апошнім часам — дзяцей першых арганізатараў з пачатку 1990-х. І БАС рэальна праіснаваў да сёння толькі як арганізацыйны камітэт «Басовішча». Таму канец «Басовішча» — гэта насамрэч канец спадзяванняў, што ў нас на Падляшшы будзе новая беларуская змена з універсітэцкімі дыпломамі…

— А ці былі часы, калі БАС быў больш шматлікім і займаўся яшчэ нечым іншым акрамя «Басовішча»?

— Маладыя не помняць гэтага часу. Але маё пакаленне помніць. Калі мы арганізавалі «першы БАС», — у 1981-м і пазней, пасьля ваеннага становішча ў Польшчы, — мы ацэньвалі патэнцыял беларускага студэнцтва ў Польшчы недзе на тысячу чалавек. Рэальная гэта была ацэнка ці не, я не ведаю, але скажу табе, што я быў на сустрэчах у Беластоку, дзе збіраліся дзве сотні маладых беларусаў са студэнцкіх інтэрнатаў — і хлопцаў, і дзяўчат. Ты таксама павінен гэта помніць…

Калі БАС урэшце афіцыйна зарэгістравалі пад канец 1980-х, актыўных удзельнікаў беларускага студэнцкага руху прыкметна паменшала, але ўсё яшчэ можна было казаць пра сотню-паўтары патэнцыйных сяброў арганізацыі.

У нашым стагоддзі можна было казаць рэальна ўсяго пра адзін-два дзясяткі чалавек, якіх можна было мабілізаваць для беларускай дзейнасці, і гэтая дзейнасць абмяжоўвалася ўсяго «Басовішчам».

— Чаму ўсё так здрабнела, можаш патлумачыць?

Фестываль узнік у «зорны час» для Беласточчыны, якая тады на два-тры гады стала, калі можна так сказаць, «пупам» беларускага сусвету, «акном у Еўропу» для савецкіх беларусаў і «акном у Беларусь» для беларускіх эмігрантаў з-за акіяну. І мы тады паверылі, што для нас магчыма ўключыцца ў агульнабеларускі кантэкст. «Басовішча» было якраз задуманае як адзін з такіх захадаў, які ўключае нашу рэгіянальную беларускасць у агульнабеларускі кантэкст. Ну бо на «Басовішчы» выступалі, побач з нашымі, выканаўцы з Беларусі, а багацейшыя за нас заакіянскія суродзічы давалі нам грошы, каб бяднейшыя за нас выканаўцы зь Беларусі мелі што есьці ў Гарадку.

Але гэты «зорны час» скончыўся яшчэ да прыходу Аляксандра Лукашэнкі, а пасля 1994 году дык усе ўвогуле начхалі на нас, і мы засталіся сам-насам са сваім правінцыйным кантэкстам, хоць стараліся не падаваць выгляду і ўсё яшчэ лічылі, што мы важныя для «большай Беларусі» і што яна ўсё яшчэ можа служыць нам апірышчам, калі не матэрыяльным, дык маральным.

Усё гэта ў доўгатэрміновай перспектыве аказалася памылковым і безвыніковым. На «Басовішчы» выступалі штораз іншыя і штораз лепшыя гурты з Менска, але тое, што яны спявалі, было ўжо па-за нашым падляскім кантэкстам. Ну, прынамсі па-за кантэкстам маладых, якія танчылі перад сцэнай і пілі піва ў кустах, але ніякага беларускага мэсэджу на «Басовішчы» ўжо не лавілі…

— Цябе паслухаеш, дык і ў пятлю палезеш. Дык што, сёлета «Басовішча» адгрыміць апошні раз і ўсё для нас скончыцца?

— Cкончыцца не ўсё. Будзе выходзіць газета, часопіс, будуць радыё- і тэлеперадачы па-беларуску, але перспектыва абнаўлення беларускага руху ў сэнсе чалавечых рэсурсаў і ідэй — абнаўлення падобнага да таго студэнцкага, якое адбылося пад канец 1980-х і на пачатку 1990-х — становіцца вельмі цьмянай…

— Досыць. Скажы нешта аптымістычнае нарэшце…

— Сёлета наш падляскі празаік Міша Андрасюк апублікаваў прыстойны раман, а наша падляская паэтка Зоя Сачко — харошы паэтычны зборнік. Так што рана яшчэ гаварыць пра канец. Старая гвардыя памірае, але не здаецца. Ну, а мая (то бок, твая) жонка ні з таго ні з сяго ўзяла і апублікавала кнігу ўспамінаў на пачатку гэтага года і пагражае апублікаваць другую пад яго канец. Ты гэтага чакаў, га? Вось я еду на Падляшша, каб праслязіцца на апошнім «Басовішчы» ў Гарадку, але літаральна праз дзень у Гайнаўцы адбудзецца прэм’ера тэатральнага спэктакля паводле Грабала па-падляску. Так што чакай нечаканага, як той казаў…

— Хто так казаў? Ды ладна, няважна… Калі ты не супраць, то і я загляну ў тую Гайнаўку.

Ян Максімюк, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031