Знайсці
20.07.2019 / 18:5519РусŁacБел

Памочнік Статкевіча расказаў шмат цікавага пра Плошчу-2010

Сяргей Марцалеў у 2010 годзе быў кіраўніком перадвыбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча. Амаль праз дзевяць гадоў пасля тых падзеяў Марцалеў вырашыў апавесці сваю версію падзей. У фэйсбуку ён апублікаваў ужо дзве часткі ўспамінаў (1 і 2).

Сяргей Марцалеў. Фота svaboda.org.

Марцалеў піша пра тое, што адбывалася за пару дзён да Плошчы, а таксама пра ўласна дзень 19 снежня. За дзень да Плошчы Статкевіча вырашылі схаваць у «вельмі-вельмі сакрэтным месцы». Марцалеў сам іранізуе з таго, што рабілася. Бо схавалі дзе? У кватэры кіраўніка штаба.

На шэсць вечара 19 снежня ў Статкевіча была запланаваная сустрэча з Уладзімірам Някляевым у прыватнай кватэры. Кандыдат разам з Марцалевым прыехалі своечасова, але ніякага Някляева там не было.

«Нас упусціла немаладая ўсхваляваная жанчына ў халаце. Я да гэтага часу не ведаю, хто гэта: былая жонка або сястра Някляева. «З Валодзем усё будзе добра, праўда?» — з трывогай запыталася яна. Статкевіч усміхнуўся так, як умее ўсміхацца толькі жанчынам. «Усё будзе добра», — сказаў ён. Нават я яму паверыў», — піша Марцалеў.

Час ішоў, але Някляеў так і не з’яўляўся. «Набіраю Дзмітрыева. Дарэчы, у яго быў нумар тэлефона з трыма шасцёркамі, і ён страшна ганарыўся сваёй абрэвіятурай АД. Часам такія штрыхі скажуць больш, чым кніга».

Менавіта Дзмітрыеў сказаў, што сустрэча адбудзецца ў іншым месцы. Праз нейкі час за Статкевічам і Марцалевым прыехаў «Лексус» з кіроўцам Дзмітрыева». Прывезлі на Калектарную, 42. Офіс «Гавары праўду». «Гэта была пастка», — лічыць Марцалеў.

«Някляеў, здавалася, цалкам быў падаўлены і ніякіх перамоваў не планаваў. Ён механічна апранаў чырвоны лыжны камбінезон і… маўчаў. «Гадзіна маўчання» — я так назваў гэтую дзіўную сітуацыю. Мікалай Статкевіч прыкметна злаваў, і яму дрэнна ўдавалася гэта хаваць», — піша Марцалеў.

Справа ў тым, што першапачаткова Статкевіч мусіў ісці на Плошчу з боку чыгуначнага вакзала з калонай, якую вёў Павел Севярынец, але праз гэты інцыдэнт застаўся на Калектарнай. Калона «Гавары праўду» рушыла ў бок Нямігі, калі ім дарогу перагарадзілі міліцэйскія аўто.

«Кіраўнік службы бяспекі кандыдата Някляева схапіўся за борт міліцэйскага аўто як вавёрка за шышку. Ён быў першы. Толькі потым далучыліся астатнія. Мне складана гаварыць і думаць дрэнна пра гэтага чалавека, шмат гадоў з ім знаёмы. Але гэта ён даў сігнал да атакі», — піша Марцалеў.

У каментарах Яраслаў Берніковіч, яшчэ адзін з удзельнікаў таго шэсця, патлумачыў, што гаворка пра Алега Мяцеліцу. Пасля Плошчы ён уцячэ ў Літву, але потым вернецца назад у Беларусь.

Берніковіч яшчэ звярнуў увагу на дэталь, што чырвоныя курткі апранулі Някляеў, Дзмітрыеў і Мяцеліца.

У выніку быў збіты да непрытомнага стану Уладзімір Някляеў. Статкевіч быў моцна збіты, але ўсё ж дайшоў да Плошчы.

Марцалеў піша, што было ясна: правесці акцыю на Кастрычніцкай плошчы ніхто не дазволіць, бо там быў заліты каток, мароз, а яшчэ моцна грала расійская папса, таму было прынятае рашэнне сыходзіць адтуль.

«Можна было пайсці ў Аляксандраўскі сквер да Адміністрацыі прэзідэнта. Няўдалы сцэнар. Калона не паспее расцягнуцца і набраць крытычную масу, вулачка гэтая — вузкі апендыкс, дзе пратэстоўцы стануць лёгкай здабычай мяса ў пагонах. Кіраўнік, істэрычны і баязлівы, успрыняў бы як асабісты выклік — і Служба бяспекі прэзідэнта ахвотна расстраляла б бяззбройных дэманстрантаў», — выказвае здагадку Марцалеў. Не пайшлі да БТ, бо далёка — і траціна проста б не дайшла.

Чаму было так шмат кандыдатаў? «Сваю версію «адзінага кандыдата» прапанаваў Уладзімір Пракопавіч Някляеў. Паводле яго слоў, ён стаў галоўным раздатчыкам залатога запасу. Прапаноўваў зняцца калегам за хабар. Далей інфармацыя мёртвая. Статкевіч ветліва адмовіўся. Але, як мінімум, адзін конік паэта кінуў — грошы ўзяў, але не зняўся. Пасля аказалася, што ён і па жыцці лайно. Я не пра паэта». У 2010 годзе хадзілі чуткі, што так зрабіў кандыдат ад АГП.

Цікава, што Марцалеў пралівае святло на званок Статкевічу Аляксандра Сманцара, бізнэсоўца, які жыве ва Украіне. Менавіта Сманцар тады казаў кандыдату, каб ён займаў месца Сідорскага [тагачасны прэм’ер-міністр] і націскаў на кнопкі.

«На тэлефонным запісе ГБ чуваць, што Сманцар відавочна нецвярозы і спрабуе зрабіць уражанне на сабутэльнікаў: «Коля, заходзь, сядай у крэсла Сідорскага, націскай на кнопку!». Статкевіч нічога на гэтую недарэчнасць не адказвае, спасылаючыся на дрэнную чутнасць», — адзначае Марцалеў. Ён пераконвае, што Сманцар не пераводзіў на выбарчую кампанію Статкевіча ні капейкі.

Калі ўжо адбыўся разгон, то Статкевіч тэлефанаваў Марцалеву з просьбай паклапаціцца пра герб «Касцеша», з якім кандыдат прыйшоў на Плошчу. Але герб усё ж згубілі.

«Аперупаўнаважаны вайсковай контрвыведкі ходзіць па допытнай. «Вы вінаватыя. Вы і толькі вы. «Гавары праўду» абазначыла сябе трыма чырвонымі курткамі. Статкевіч — фамільным гербам. Ваш баец яго страціў. Вы страцілі сцяг палка. Падпалкоўнік расстраляў бы вас на полі бою. Апускаю галаву. Чэкіст мае рацыю. Хоць і дамагаецца сваіх мэтаў. Мы страцілі герб Мікалая Віктаравіча», — адзначае Сяргей Марцалеў.

Ён абяцае яшчэ дзве часткі ўспамінаў пра тыя падзеі.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031