Знайсці
18.07.2019 / 17:2824РусŁacБел

Чаму так сталася, што сям'я Барадуліна пяць гадоў не плаціла за святло?

Валянціна Барадуліна нядаўна адсвяткавала 80-годдзе. Яна — удава народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Раней працавала рэдактарам у выдавецтве.

Валянціна і Рыгор Барадуліны. Фота з фэйсбука Глеба Лабадзенкі.

Як выявілася, у кватэры Валянціны Барадулінай назбіралася гіганцкая запазычанасць за электрычнасць — 917 рублёў.

«Ужо тыдзень яна сядзіць у цемры. Лядоўня размарозілася. Пліта электрычная — таксама карыстацца немагчыма. Гарбаты не пап'еш», — напісаў у фэйсбуку журналіст Глеб Лабадзенка і абвесціў збор сродкаў на аплату рахункаў.

Грамадскасць ужо сабрала грошы і, пэўна, нават зверху. Электрычнасць уключаць.

Але чаму ў выніку склалася такая сітуацыя? У Валянціны ж ёсць дачка і ўнучка. Ёсць і пенсія, урэшце. Дый як набегла такая вялізная сума? За месяц яна не збярэцца, тут патрэбныя гады нясплаты.

Журналіст «Нашай Нівы» з'ездзіў у кватэру да ўдавы Барадуліна, каб распытаць пра сямейныя абставіны і абставіны доўга ў самой спадарыні Валянціны.

Што яна кажа? Што гісторыя з доўгам празаічная. 

«Гэта ў мяне за святло доўг. Так жа ж выйшла… Я ніколі не плаціла за святло. Ніколі! Нават у галаву не прыходзіла мне. Я плаціла за кватэру, камуналку, а за святло ў галаву не прыходзіла. Яно не аплачанае з тых часоў, як Рыгор памёр (з 2014 года — «НН») — гэта ён плаціў за ўсё, ведаў, што я варона.

Ну і калі гэта выявілася — не так даўно, ну то гэта было нечакана, канечне. Не было такой сумы, каб заплаціць адразу, нешта мы там заплацілі, але каб усю суму, то не, не было грошай», — расказала спадарыня Валянціна.

У энергазбыце паведамілі «Нашай Ніве», што за святло ў кватэры Барадуліных час ад часу плацілі. Апошні раз — за 100 ват — нехта заплаціў у лютым 2019 года.

«А хто там пляткарыць у інтэрнэце… Няўжо думаюць, што ў мяне тут мяхі з золатам у кутах? Няма такога. Ну, пенсія ёсць, але якая там пенсія… Троху больш за 300 рублёў», — працягвае ўдава паэта.

Апошнім часам Валянціне Барадулінай дапамагае знаёмая, Эла Гарэцкая. У каментары «Еўрарадыё» яна расказала, што ўсе платы па камунальных паслугах выконвала ўнучка Барадуліных, Дамініка Труцько:

«Яна знаходзіцца ў дэкрэце, даглядае 2-гадовае дзіця. Фактычна маладая мама, мае турботы па доглядзе дзіцяці. Маладая, нявопытная, глядзіць дзіця і мужа. Можа, нешта ўпусціла. Мы не павінны ўдавацца ў крытыку маладой жанчыны».

Дамініка Труцько гаварыць з «Нашай Нівай» адмовілася.

Дамініка Труцько — унучка Рыгора Барадуліна. Фота Citydog.by

Валянціна Барадуліна расказала, што адносіны ў сям'і цяжкія. Сваю адзіную дачку Ілону, якая жыве ў Ізраілі, яна нават не памятае калі бачыла — яшчэ да пахавання Рыгора Барадуліна.

Днямі яна публічна бедавала аб сваіх пачуццях да мамы і аб тым, што не можа павіншаваць яе з юбілеем. Маўляў, унучка не можа прыехаць да Валянціны Барадулінай і даць ёй мабільнік з інтэрнэтам.

Ілона Барадуліна, дачка паэта

«Што Ілона ў інтэрнэце слёзы ліе, што не можа звязацца, бо ўнучка не дае… Ну, тое можа быць, я паверу. Яна ж кінула дачку чатырохгадовую, я яе гадавала да дзевяці. А цяпер… Ну прачынаецца нешта ў ёй, відаць. Мы ж нават не пасварыліся з ёй, а чаму дарогі так разышліся, я і не магу сказаць. Паступова гэта было.

Яна ж, ведаеце, з такім жа характарам, як у Рыгора: любіць сябе, сваю работу, а больш і не трэба ніхто. Абы каб не перашкаджалі. Як Рыгор вершы пісаў, так і яна — у мастацтве ўся.

Але я ўсё адно ж яе люблю, яна мая дачка. І ўнучку люблю. Але не ведаю, ці ўбачымся ўжо з дачкой, мне ўжо 80 — хваробы… Мо гэта і апошні раз, калі гавару публічна», — падсумавала Валянціна Барадуліна. 

Чытайце. Валянціна Барадуліна: 53 гады разам з геніем — непрыхарошаныя ўспаміны

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031