Знайсці
18.07.2019 / 12:074РусŁacБел

З бібліятэкі рэпрэсаванага паэта Алеся Дудара рабочыя скралі 75 рарытэтных кніг — следчыя знайшлі толькі тры

Сваю бібліятэку паэт Алесь Дудар пачаў збіраць больш за сотню гадоў таму. Кнігазбор пацярпеў ад вобшукаў НКВД, перажыў самога Дудара, яго ратавала маці паэта ў Другую сусветную вайну… А сёння бібліятэка пацярпела ад беларускіх будаўнікоў.

Алесь Дудар (сапраўднае імя Аляксандр Дайлідовіч) быў рэпрэсаваны ў 1937 годзе.

Падрабязнасці распавяла «Нашай Ніве» пісьменніца і літаратуразнаўца Ганна Севярынец.

«Асабістая бібліятэка Алеся Дудара, як і любая пісьменніцкая бібліятэка, — унікальны артэфакт. Дудар збіраў кнігі ўсё жыццё, пачаўшы яшчэ з вучобы ў гімназіі: там ёсць кнігі, датаваныя і падпісаныя яшчэ 1915 годам.

Цікавасць яе шчэ ў тым, што гэта выключна гуманітарная бібліятэка, сабраная чалавекам, які глыбока цікавіўся гуманітарнымі праблемамі: мастацкая літаратура, руская і беларуская, кнігі па тэорыі літаратуры, па агульнай гісторыі. Шмат кніжак на нямецкай і французскай, бо Дудар свабодна чытаў на гэтых мовах, — расказвае Ганна Севярынец. —

Сярод кніг сустракаюцца зусім рэдкія асобнікі з аўтографамі Хадасевіча, Гарадзецкага, Салагуба. У тыя часы ў мінскі букініст траплялі і такія кнігі, Дудар іх пільнаваў. Дарэчы, букініст тады знаходзіўся у доме насупраць легендарнай «Чэбурэчнай» на Валадарскага. Вось там і «харчаваліся» рэдкімі кніжкамі беларускія літаратары».

Шмат кніг у бібліятэцы — з уладальніцкімі подпісамі самога Дудара. Канечне, шмат асобнікаў, падпісаных беларускімі літаратармі: Коласам, Купалам, Хадыкам, Галавачом…

Бібліятэка была надзвычай вялікай: нават сення, праз сто гадоў, у ей больш за 1000 адзінак. Але гэтая кніжная калекцыя моцна пацярпела ў 1930-х падчас вобшукаў. Па словах сваякоў, вывезлі 6 машын кніг, бо Дудар меў вельмі рэдкія выданні: гэта і Ясенін, і Блок, і Пушкін…

«Дакладна невядома, ці сапраўды там вывезлі 6 машын і што там былі за машыны. Але бачна, што адсутнічае шмат кніжак, якія па логіцы мусяць быць у бібліятэцы.

«Бібліятэка гэтая захоўвалася ўвесь час у сям’і Дайлідовічаў: спачатку яе, як апошняе, што засталося пасля сына, зберагала маці, потым — сястра, потым — пляменніца, — кажа Ганна Севярынец.

Маці яго была непісьменная. Але вельмі любіла сына. Яна спрабавала яго адшукаць, калі ён знік, пісала нават Берыі.

І кніжкі сына для маці паэта было святое. Калі ў вайну Мінск бамбілі, маці нічога не выносіла з хаты — акрамя тых кніжак. Бегала туды-сюды, выносіла іх пад яблыню ў двары — каб не згарэла бібліятэка, калі раптам дом згарыць. А ў часы вайны сям’я жыла вельмі цяжка, есці не было чаго. І распрадалі калекцыю мастацкіх рэпрадукцый, якую таксама збіраў Дудар, але кніжкі не краналі.

І таму гэтая бібліятэка захавалася ў стане незвычайным, як для бібліятэкі рэпрэсаванага пісьменніка. Бо бібліятэкі іншых пазнікалі. Пісьменнікі ж мелі вялікія бібліятэкі — гэта нам ужо сёння здаецца, што яны былі «хлопцы ад сахі».

Цяпер бібліятэка Дудара захоўвалася ў мінскай кватэры яго пляменніцы Лідзіі Маркаўны. Стаялі яны звычайна, на паліцах, праўда, асобна ад іншых кніг, бо з дзяцінства Лідзія Маркаўна прывыкла, што гэта бібліятэка — сямейная рэліквія.

«Упершыню я пабачыла гэтую бібліятэку, калі працавала над выбранымі творамі Алеся Дудара. Я была моцна ўражаная, канешне. Цяпер агулам у бібліятэцы больш за 800 найменняў, прычым гэта я лічу шматтомныя выданні як адно найменне, — узгадвае Ганна Севярынец. —

А летась Лідзія Маркаўна задумала зрабіць у кватэры рамонт. Перад ім я прасіла Лідзію Маркаўну зрабіць вопіс усіх кніжак, і яна перапісала іх усе, з усімі дадзенымі, адзначыла ўсе пазнакі алоўкам…

Менавіта дзякуючы гэтаму вопісу мы заўважылі на адным з нашых аўкцыёнаў кнігі з гэтай бібліятэкі — мне ў прыват даслалі скрыны. Проста як даследчыцы — людзі часцяком скідваюць нейкія цікавосткі, вельмі люблю гэтую нашу звычку. Маўляў, паглядзіце, кнігі з аўтографам».

Севярынец кажа, што праверыла вопіс. Высветлілася, што на аўкцыёнах прадаваліся тры кнігі з той самай бібліятэкі Алеся Дудара.

«Тады я падняла імгненную паніку і шум: тэлефанавала і прадаўцу, і адміністратарам аўкцыёна, і пакупнікам, якія рабілі стаўкі. Папярэджвала ўсіх, што кніжкі скрадзеныя, трэба штосьці рабіць, — узгадвае яна. —

Мне ўсе казалі, што без міліцыі тут нічога не атрымаецца. Але Лідзія Маркаўна панічна баіцца міліцыі. Гэта можна зразумець: яна з сям’і рэпрэсаваных, і ўсё жыццё гэтая ўстанова была для іх жахлівай.

Карацей кажучы, своечасова ў міліцыю заяву так і не падалі. Перакупіць кнігі таксама не атрымалася. Той, хто набыў іх, заплаціў штосьці каля 50 рублёў за адну. Калі я спрабавала перакупіць іх, каб вярнуць у бібліятэку — усе тыя ж добрыя людзі дапамаглі знайсці кантакты пакупніка, — ён называў ужо 200 даляраў за кнігу. Я б знайшла нават і такія грошы, але ў выніку прадавец проста перастаў выходзіць са мною на сувязь», — распавядае Ганна Севярынец.

Па яе словах, пасля, калі пачалася ўсё ж крымінальная справа, той пакупнік сам прынёс кнігі ў Следчы камітэт.

«Мы пагаварылі з рабочымі, з прарабам, але безвынікова — «гэта не мы», — і ўсе тут. Тады мы сабралі кнігі ў скрыні, заклеілі скотчам. Але пакінулі ў той жа кватэры, бо Лідзія Маркаўна катэгарычна не дазваляла вывезці кнігі, да таго ж яна яшчэ і не верыла, што тыя, хто рабіў рамонт, тут вінаватыя.

Гэта ўсё было летась у маі. Пасля ўвосені я прыйшла да Лідзіі Маркаўны, і мы склалі новы вопіс усіх кніг. Прычым скрыні, у якія мы складвалі кнігі, былі перакапаныя. То-бок яшчэ хтосьці там шарыўся, і гэта ўжо быў чалавек дасведчаны, які разумеў, што ён шукае. Менавіта на гэтым этапе зніклі аўтарскія асобнікі зборнікаў вершаў Дудара — усе да аднаго. Гэтую страту немагчыма нават ацаніць. Не магу сабе дараваць, што не настояла, каб хаця б іх мы вывезлі з хаты.

І высветлілася, што агулам прапала 75 кніг.

Увосень заява ў міліцыю ўсе ж была пададзена, прайшло следства, зараз справа ў пракуратуры, будзе суд. Пакуль ён не адбыўся, мы не маем права разгалошваць вынікаў. Але тое-сёе ясна ўжо сёння.

З 75 зніклых кніг вярнулася толькі тры. Цяпер энтузіясты дапамагаюць сачыць за аўкцыёнамі і ў Беларусі, і за мяжой… Але я думаю, што ў найбліжэйшы час мы тыя астатнія кнігі не знойдзем. Бо кола калекцыянераў — вузкае. І цяпер, калі ўсе ведаюць, што гэтыя кнігі скрадзеныя, наўрад ці тыя кнігі хтосьці выставіць на продаж. Яны будуць трымаць іх нейкі час ці ціха прадаваць у прыватныя калекцыі.

Прычым я бачыла, што следчыя вельмі рупліва працавалі над справай. У мяне засталося добрае ўражанне ад працы і на папярэднім следстве, і потым. Гэта было сапраўды глыбокае і сур’езнае стаўленне да праблемы. І тое, што яны змаглі вярнуць толькі тры кнігі з 75, сведчыць пра тое, што астатнія кнігі «надзейна зніклі».

Цяпер мы вядзём з Лідзія Маркаўнай новыя перамовы, каб усё ж перадаць бібліятэку Алеся Дудара куды-небудзь на захоўванне. Гэта ўжо не проста прыватная бібліятэка, гэта наша агульная гісторыя, як і Алесь Дудар — паэт, у творчасці і лёсе якога адлюстраваўся вельмі няпросты перыяд жыцця краіны».

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031