Знайсці
16.07.2019 / 19:1114РусŁacБел

Украінай кіруюць праз смартфон адваката Каламойскага

Адвакат алігарха Ігара Каламойскага, які стаў кіраўніком адміністрацыі новага ўкраінскага прэзідэнта, мае непрапарцыйна вялікі ўплыў на кіраванне краінай — гэта вынікае з расследавання журналіста Украінскай праўды Рамана Раманюка. Прапануем галоўныя высновы і назіранні з гэтага тэксту:

Фота: прэс-служба прэзідэнта Украіны

Журналіст прыводзіць сцэну з візіту Уладзіміра Зяленскага на адзін з буйных украінскіх заводаў. Супрацоўнікі скардзяцца новаму прэзідэнту на тое, што сталічная ўлада замовіла ў прадпрыемства трамвай, але так і не разлічылася.

Зяленскі вырашае патэлефаванаць мэру Кіева Віталю Клічко для «мужчынскай размовы».

«Ало, Віталь Уладзіміравіч?, — пытаецца ён са знаёмай хрыпінкай у голасе. — Вітаю. Гэта Зяленскі Уладзімір, вы на гучнай сувязі».

Іронія сітуацыі ў тым, што тэлефон, праз які ідзе гутарка, належыць не Зяленскаму, а Богдану. І трымае яго не Зяленскі, а Богдан.

Фота: прэс-служба прэзідэнта Украіны

«Да мяне звяртаюцца, як да прэзідэнта, — працягвае Зяленскі. — А што я магу? Я тэлефаную вам… Але галоўнае нават не запазычанасць. Галоўнае — яны хацелі ўзяць удзел у тэндары. А ў тэндары цяпер… у фармаце тэндара ўнеслі…» — прэзідэнт пачынае губляцца і шукае патрэбныя словы.

Богдан не вытрымлівае, падносіць тэлефон да сваіх вуснаў ды пачынае тлумачыць: «Кваліфікацыйныя ўмовы тэндара прапісаныя такім чынам, што ўкраінскі вытворца не можа браць удзел».

«…браць удзел», — паўтарае словы Богдана прэзідэнт, вяртаючыся на хвалю свайго фірмовага напору.

Гэтая карціна з натуры магла б зрабіцца ідэальнай ілюстрацыяй таго, як жыве новая ўкраінская ўлада, піша журналіст.

Амбіцыі Уладзіміра Зяленскага аблямаваныя апаратніцкай вынаходлівасцю Андрэя Богдана — вось галоўная сіла, якая кіруе краінай.

Гэтыя складовыя часткі цяжка аддзяліць адну ад іншай, і не менш складана вызначыцца: якая ж з іх галоўная?

Парашэнка быў схільны да «мікраменеджменту».

Яму былі патрэбныя эфектыўныя выканаўцы ягоных уласных ідэй. Усе працэсы ў былой адміністрацыі былі «парашэнкацэнтрычнымі» — прэзідэнт сам спускаў каманды і сам кантраляваў іх выкананне.

У адміністрацыі — ці, як яе цяпер называюць, Офісе — Зяленскага усё інакш. Журналіст называе яго «богданацэнтрычным».

Прычынаў некалькі:

Па-першае, сваім прэзідэнцтвам Зяленскі абавязаны менавіта Богдану. Фактычна, Богдан быў першым, хто паверыў у магчымасць яго перамогі і патраціў шмат часу на тое, каб пераканаць коміка пайсці ва ўладу.

Па-другое, Богдан — лічы, адзіны чалавек у камандзе Зяленскага, які мае досвед палітычных кампаній і працы ва ўрадзе.

Усе члены каманды літаральна зазіраюць Богдану ў рот і раяцца з ім на кожным кроку.

Пра тое, наколькі важны Богдан для Зяленскага, сведчыць тое, што прэзідэнт парушыў нормы закону пра люстрацыю, каб прызначыць яго. Зяленскага не спыніла нават тое, што прызначэнне Богдана прывяло да непублічнага канфлікту з амерыканскай адміністрацыяй, якая настойліва раіла дыстанцыявацца ад «юрыста Каламойскага». Суразмоўцы Украінскай праўды ў амерыканскіх дыпламатычных колах кажуць, што візіт Зяленскага ў ЗША пераносіцца ў тым ліку і з-за сітуацыі з Богданам.

«Гэта такі тонкі намёк, што Зяленскі пайшоў супраць жаданняў амерыканскага боку», — сцвярджае крыніца выдання.

Зяленскі мае імідж «простага хлопца», «не спецыяліста», «такога, як усе». Гэта падабаецца выбарцу. Але, калі гаворка ідзе пра кіраванне дзяржавай, то яму, каб не выглядаць прафанам, дужа патрэбны той, хто здольны хутка і проста патлумачыць, чаго жадаюць ад прэзідэнта, і маланкава падказаць на вуха, што прэзідэнту трэба сказаць.

Фота: «Відкритий ТВ»

Богдан з яго імгненнай рэакцыяй і адвакацкай вынаходлівасцю як ніхто іншы падыходзіць на гэтую ролю.

Фактычна, Богдан — гэта суфлёр, схаваны ў прэзідэнцкае вуха.

Праўда, гэта вельмі заўважны суфлёр, які часам настолькі захапляецца сваім уплывам, што Зяленскі мусіць яго асаджваць проста на вачах усіх: «Ды пачакай… дай даслухаць».

Уплыў Богдана сапраўды каласальны.

На правах «першага сярод роўных» у камандзе Зяленскага кіраўнік Офіса прэзідэнта займаецца літаральна ўсім: фармаваннем парадку дзённага, складаннем спісаў, даборам мажарытарнікаў, напісаннем законапраектаў, камунікацыяй з рознымі групамі ўплыву ва ўладзе, «навядзеннем мастоў» з сілавікамі і «камунікацыяй» з Канстытуцыйным судом.

Часам здаецца, што няма аніводнай сферы, дзе не было б «рукі Богдана».

Журналіст паразмаўляў з адным з міністраў (яго імя не называецца), які мяркуе, што Зяленскага трымаюць у пэўнай ізаляцыі.

«Калі вобразна, то Богдан-Шэфір-іншыя — яны намагаюцца трымаць Зяленскага ў зручным для яго футаралы, паміж сваімі», — кажа чыноўнік, які намагаўся прабіцца праз сценкі гэтага «футарала» да кіраўніка дзяржавы.

Крыніцы газеты ў камандзе прэзідэнта кажуць, што асаблівай любові да Богдана няма, бо ён бывае грубым з людзьмі. Але ўсе разумеюць, што ён адзіны ў атачэнні Зяленскага, хто здольны ўтрымаць гэты бюракратычны карабель на плыву.

Пакуль што такая канфігурацыя ўлады задавальняе і Зяленскага, і рэшту яго каманды, робіць выснову аўтар расследавання.

Богдан іграе ролю дасведчанага інструктара, які ў гарах дапамагае групе альпіністаў дасягнуць вяршыні.

 Але з цягам часу, асабліва пасля парламенцкіх выбараў, сітуацыя можа змяніцца. Гісторыя Украіны ўжо ведала такія прыклады. Для «чырвонага дырэктара» Леаніда Кучмы правадніком у свет вялікай палітыкі на першых этапах пасля прэзідэнцкіх выбараў 1994 г. быў кіраўнік яго выбарчай кампаніі Дзмітрый Табачнік. Але потым той загуляўся ў апаратныя гульні і быў выгнаны з адміністрацыі прэзідэнта, каб ніколі туды не вярнуцца. 

Паводле Украінскай праўды

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930