Знайсці
10.09.2019 / 09:586РусŁacБел

«Больш чыстыя». Адкуль бярэ пачатак міф пра беларусаў як найчысцейшы тып славянскага племені

У сацыяльных сетках ці ў прыватнай размове пасля лазні, калі заходзіць гаворка пра паходжанне беларусаў, нярэдка можна пачуць, што беларусы, маўляў, самыя чыстыя славяне. Не тое што суседзі: змяшаныя з фіна-вуграмі рускія ці змяшаныя з цюркамі ўкраінцы. Адкуль у такіх поглядаў растуць ногі, разбіраецца кандыдат сацыялагічных навук Аляксей Ластоўскі.

Фота: Shutterstock, by Lazarenka Sviatlana.

Калі сёння нехта кажа, што нейкая нацыя ці раса фізіялагічна лепшая за іншыя, гэта ўспрымаецца як звычайнае цемрашальства. Гітлераўскі нацызм з яго тэорыяй вышэйшасці «арыйскай расы» прывёў у 1930—1940-я да мільёнаў ахвяр. Але пры канцы ХІХ стагоддзя ніхто не ведаў, да чаго гэта прывядзе, таму на расавыя тэмы тады разважалі шмат і ахвотна. Расавыя ідэі былі цалкам рэспектабельнымі для тагачаснага інтэлектуальнага асяроддзя Заходняй Еўропы. Як, зрэшты, і іншая ў тыя часы папулярная ідэя глабальнай перабудовы грамадства на класавых прынцыпах, далейшая спроба ўвасаблення якой на практыцы прывяла да многіх мільёнаў чалавечых ахвяр на ўсіх кантынентах.

Сотню гадоў таму паняцце «арыйскай расы» выкарыстоўвалася для апраўдання каланіялізму. Прадстаўнікам «арыйскай расы», то-бок заходнім еўрапейцам, прыпісваўся стваральны і прадпрымальны дух, любоў да вольнасці і творчыя здольнасці. Адпаведна, «ніжэйшыя» расы былі гэтага нібыта пазбаўленыя, а таму мусілі падпарадкоўвацца вышэйшым.

«Мангалоідны выраз вачэй»

Расавая праблематыка выкарыстоўвалася і ў навуковых праектах расійскай імперскай улады для апісання і класіфікацыі падпарадкаваных ёй народаў. Першыя расава-антрапалагічныя даследаванні разгарнуліся тут у другой палове ХІХ стагоддзя, і беларусы не былі імі прамінутыя. Расійскія антраполагі знаходзілі ў беларусаў «скуластасць», якую прыпісвалі змяшанню з мясцовымі татарамі, «мангалоідны выраз вачэй», прыкметы мангольскай крыві і фінскага паходжання.

Гэта патрабавала інтэлектуальнага адказу з боку маладога нацыянальнага руху. І ў Беларусі арыстакратычная і наднацыянальная канцэпцыя расавага вяршэнства набыла нацыянальную афарбоўку. Яна дазваляла стварыць штучную іерархію, дзе беларусам нарэшце можна было заняць прывілеяваную пазіцыю (у адрозненне ад іх рэальнага становішча ў Расійскай імперыі).

Расійскай канцэпцыі «зліцця ручаёў у расійскім моры» была супрацьпастаўленая ідэя, што беларусы — самы чысты славянскі тып (з ёй таксама гарманіравала ідэя пра арыйскае паходжанне беларусаў). Расавыя ідэі змешваліся з новымі тэорыямі паходжання беларусаў, якія мелі галоўную практычную задачу — выбудаваць максімальную культурную і гістарычную дыстанцыю беларусаў з рускімі.

Крыніцай натхнення для іх маглі быць погляды польскага антраполага-аматара Францішка Духінскага (1816—1893). Ён абгрунтоўваў цывілізацыйную адметнасць рускіх ад іншых еўрапейскіх народаў расавым паходжаннем. Паводле Духінскага, менавіта раса вызначае апазіцыю дзвюх цывілізацый: усходняй, створанай праз мангольскую кроў, дзе дамінавалі бяспраўе і дэспатызм, і заходняй, прадукту арыйскіх народаў, дзе паважаецца вольнасць і годнасць чалавека.

Паступова такі погляд быў адаптаваны і ў беларускім нацыянальным руху, але пачынаць трэба было з доказаў чысціні славянскага паходжання беларусаў. І дапамог тут аўтарытэт мовазнаўца Яўхіма Карскага, аўтара фундаментальнай працы «Беларусы». У яе першым томе, апублікаваным у 1903 годзе, ён пісаў, што антрапалагічна беларусы з’яўляюцца «больш чыстымі» прадстаўнікамі старажытных індаеўрапеўцаў. Праўда, сам Карскі не лічыў гэтыя адметнасці беларусаў падставай супрацьпастаўляць іх рускім.

«Народ, схаваны ў лясных пушчах»

Першым, хто выкарыстаў ідэю чысціні паходжання беларусаў, каб супрацьпаставіць іх рускім і ўкраінцам, быў заснавальнік беларускай акадэмічнай гістарыяграфіі Мітрафан Доўнар-Запольскі. У этнаграфічным нарысе, апублікаваным у 1905 годзе, ён сцвярджаў, што беларусы ўяўляюць сабою «хіба самы чысты тып славянскага племя». Нават «скуластасць», якую імперскія антраполагі адносілі да выразных мангалоідных рысаў, «зусім не псуе агульнага ўражання». Беларускае племя, на думку Доўнар-Запольскага, ніколі не злівалася з іншымі народнасцямі, у адрозненне ад рускіх, якія занялі фінскія землі і змяшаліся з мясцовымі плямёнамі, а «маларускае племя ўяўляе сабой вельмі стракатую сумесь старажытнарускіх плямёнаў з цюркскімі народнасцямі». Гэтыя погляды даследчык пашыраў і ў наступных працах.

Ідэю падхапіў Мікалай Янчук, сакратар маскоўскага антрапалагічнага таварыства. У царскія часы ён таксама знаходзіў у беларусах мангалоідныя рысы, але ўлетку 1918-га, чытаючы лекцыі ў Беларускім народным універсітэце ў Маскве, ужо бачыў у беларусах чыстае славянскае племя: «Беларускі народ, схаваны ў лясных пушчах і абаронены маладаступнымі багнамі, спакон веку захоўваў сябе чыстым ад уплыву чужой крыві». З іншага боку, Янчук яшчэ не ідэалізуе фізічныя рысы і асаблівасці характару беларусаў, гэты крок будзе зроблены пазней.

Расавая тэорыя ў БССР

У Савецкай Беларусі 1920-х тэорыя «чысціні» беларусаў была ва ўсіх асноўных падручніках па гісторыі і геаграфіі. «Беларускае племя праз увесь час свайго мінулага жыцця не злівалася з народнасцямі іншых рас», — пісаў у «Кароткім нарысе гісторыі Беларусі» Усевалад Ігнатоўскі. Гэты ж тэзіс быў ключавым і для іншага важнага падручніка часоў беларусізацыі — «Геаграфіі Беларусі» Аркадзя Смоліча. «Сярод народаў Усходняй Еўропы беларус з’яўляецца найбольш чыстым прадстаўнiком славянскага тыпу. Яго ўсходнi сусед маскоўскi, або велiкарускi народ, вырас на фiнскiм грунце, паўстаў ад змяшання славянскiх каланiстаў з манголамi — фiнамi. Беларус спрадвеку сядзiць на сваей зямлi, i гісторыя не памятае на беларускiм прасторы значнейшых неславянскiх тубыльцаў».

Пётра Сергіевіч. Беларус-жаўнер. 1933 год.

Аргументы фізічнай антрапалогіі змешваюцца з культурнымі, і ў Смоліча ўжо падсвядома выбудоўваецца расавая вышэйшасць беларусаў над рускімі: «Будова цела ў яго (беларуса) крыху далікатнейшая, чым у маскоўца. Аб’яўляецца гэта і ў агульным яго выглядзе, і асабліва ў рысах твару — тонкіх і мяккіх, як і ў праўдзівага еўрапейца і славяніна». З гэтага пасажу вынікае і адмаўленне еўрапейскасці і славянскасці рускіх.

Выкінем Беларусь, створым Крывію

Найбольш істотнай расавая аргументацыя была для асяродку, згуртаванага вакол постацяў Вацлава Ластоўскага і Янкі Станкевіча. Яны адкідалі сам тэрмін «Беларусь» як слабы і высунулі альтэрнатыўную ідэю старажытнай і магутнай Крывіі, непасрэднымі нашчадкамі якой з’яўляюцца сучасныя беларусы.

У 1923 годзе ў часопісе «Крывіч», які выдаваў у Коўне Вацлаў Ластоўскі, Янка Станкевіч друкуе артыкул «Маскальшчына і Еўропа», у якім надае беларусам («крывічам») статус самага чыстага славянскага народа, а рускіх («маскалёў») увогуле выдаляе са славянскай супольнасці. Паводле Станкевіча, славяне з цывілізацыйна-культурнага гледзішча і па роднасці крыві адносяцца да супольнасці арыйскіх народаў, якія падзяляюць культуру Захаду. «Іншая справа маскалі: у іх не толькі ўсходняя цывілізацыя з тонкім заходнім колерам, але, як шчыра прызнаюцца «еўразійцы», няма маскаля, у жылах якога не цякла б мангольская кроў». У гэтым жа нумары «Крывіча» быў надрукаваны артыкул доктара А. Чужыловіча «Мова, народ, раса», дзе велікаросы абвяшчаюцца «ніжэйшай расай». Пад псеўданімам «А. Чужыловіч» у «Крывічы» друкаваўся нямецкі разведчык Эдмунд Зуземіль, які выконваў ролю куратара беларускага руху ў акупаванай германскімі войскамі Вільні падчас Першай сусветнай вайны.

Сугучныя думкі выказвае Вацлаў Ластоўскі ў артыкуле «Аб «славянстве» маскалёў» (1926). Аўтар падае прыклады прысутнасці на тэрыторыі Расіі неславянскага насельніцтва, каб прыйсці да высновы, што «цяперашняя Велікарусія — гэта не славянскі край», а велікарусы — гэта мешаніна «фінаў і татараў». Думка пра адрознасць беларусаў і рускіх падмацоўваецца эмацыйным пасажам: «Пастаўце поплеч менчука з пензенцам і параўнайце: дзве саўсім іншыя расы людзей!».

«Гіпербарэя»

У сваім паэтычна натхнёным чытанні беларускай гісторыі («Лабірынты») Вацлаў Ластоўскі атаясамляе Крывію (прарадзіму беларусаў) з міфічнай Гіпербарэяй, прарадзімай старажытных арыяў.

Пазней, у акупаваным нацыстамі Менску, у 1943 годзе быў выдадзены падручнік па гісторыі «Беларусь учора і сяньня» Язэпа Найдзюка. Там са спасылкамі на нямецкага навукоўца Пашэ сцвярджаецца, што прарадзімай арыйцаў была Беларусь.

Янка Станкевіч, які, у адрозненне ад Вацлава Ластоўскага, здолеў пазбегнуць сталінскага тэрору, таксама мусіў адаптавацца да рэалій Трэцяга рэйху. У акупаванай нацыстамі Празе ён распрацаваў для «курсаў беларусаведы» новы курс гісторыі Беларусі. У ім паходжанне крывічоў/беларусаў наўпрост злучаецца з арыйскай расай: беларусы сталі вынікам зліцця славян і балтаў, двух «чыстых» і «найболей блізкіх» арыйскіх народаў.

Натуральна, «чыстыя арыйцы» беларусы «найбалей разняцца ад расейцаў, бо апошнія аславянізаваныя фіны і часткова аславянізаваныя турка-татары, значыцца, зусім не арыйцы».

Кароткі рэнесанс арыйскай праблематыкі ў працах беларускіх гісторыкаў перапыніўся з паразай Трэцяга рэйху. Пасля Другой сусветнай расавая тэматыка ў беларускіх асяродках практычна знікла, хоць той жа Янка Станкевіч і працягваў інтэлектуальную актыўнасць на эміграцыі.

Ідэалогія вузкага кола

Было б вялікай памылкай казаць, што беларуская палітычная думка ў першай палове ХХ стагоддзя грунтавалася на расавай ідэі. Кола яе прыхільнікаў зводзілася да лагера Вацлава Ластоўскага і Янкі Станкевіча ды часткі нацыянал-камуністаў. І яно было дастаткова вузкае.

«Расавы» светапогляд быў чужым для большасці ўплывовых прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху — братоў Луцкевічаў, Адама Станкевіча і іншых. Яны трымаліся палітычнай канцэпцыі беларускай нацыі, для якой мае значэнне свядомасць асобы, а не яе кроў і паходжанне.

Хоць на прафанным узроўні стэрэатыпы чысціні крыві і расавай вышэйшасці жывыя дагэтуль — надта ж яны простыя і зручныя ў карыстанні, — але выйсці на ўзровень школьных падручнікаў ці дзяржаўнай ідэалогіі гэты рудымент крывавага ХХ стагоддзя шанцаў у Беларусі сёння, дзякуй богу, не мае.

***

Балцкі субстрат

Моцны ўдар па ўспрыманні беларусаў як «найчысцейшых славян» нанесла так званая балцкая тэорыя этнагенезу беларусаў, якую ў 1960—1970-я гады распрацаваў і абгрунтаваў маскоўскі археолаг Валянцін Сядоў. Паводле гэтай тэорыі, узнікненне беларусаў і іх адрозненне ад рускіх і ўкраінцаў тлумачыцца тым, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі да прыходу славянскіх плямён жылі балты. Славяне каланізавалі тэрыторыі, размешчаныя на поўнач ад Прыпяці, уключаючы Верхняе Панямонне, Верхняе Падняпроўе і Падзвінне, і асімілявалі балтаў, якія жылі тут раней. Змешванне славян з балтамі прывяло да фармавання беларускага этнасу з усімі яго асаблівасцямі, і такім чынам балты нібыта адыгралі ролю субстрату (падасновы) у этнагенезе беларусаў.

Валянцін Сядоў абапіраўся перадусім на археалагічныя крыніцы, але пры гэтым сцвярджаў, што і многія элементы традыцыйнай культуры і мовы сучасных беларусаў маюць балцкія карані. Да такіх элементаў ён адносіў пакланенне вужам і камяням у традыцыйнай рэлігіі беларусаў, жаночы галаўны ўбор (намітку), нясшытае паясное адзенне (панёву), лапці прамога пляцення, слупавую тэхніку ўзвядзення пабудоў, шэраг рыс беларускай фанетыкі (цвёрды [р], аканне).

Вядома, балцкая тэорыя, як і любая іншая падобная, не з’яўляецца ісцінай у апошняй інстанцыі, у яе ёсць нямала апанентаў. Але ў сучасным беларускім грамадстве яна карыстаецца немалой папулярнасцю. Хоць некаторыя аматары гісторыі ўмудраюцца парадаксальным чынам адначасова сумяшчаць веру і ў балцкі субстрат, і ў найчысцейшую славянскасць беларусаў.

 ***

Калі б Божачка даў беларусам рогі

Уладзімір Караткевіч у аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» (1964) каротка паказаў, хоць і іншасказальна, беларускія расавыя «пошукі» ў часы Расійскай імперыі і іх магчымы вынік: «У гімназіі… называлі нас, гледзячы на мову бацькоў, «древнейшей ветвью русского племени, чистокровными, истинно русскими людьми». Вось як, нават больш рускія, ніж самі рускія. Прапаведавалі б нам гэтую тэорыю да пачатку гэтага стагоддзя — абавязкова б Беларусь перашыбла Германію, а беларусы зрабіліся б першымі гвалтаўнікамі на зямлі і пайшлі б адваёўваць у рускіх, якія не сапраўды рускія, жыццёвы абшар, асабліва яшчэ калі б добры Божачка даў нам рогі». 

Аляксей Ластоўскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930