Даслаць навіну
Знайсці
18.07.2019 / 15:20 4

Яна важыць 47 кілаграмаў — але падымае штангі па 150 кілаграмаў. Цяжкаатлетка расказвае пра сваё жыццё

Знешне цяжкаатлетку Аляксандру Атчанашку можна параўнаць з Барбі ці з Дзюймовачкай. Толькі гэтая Барбі пры сваёй вазе ў 47 кілаграмаў падымае штангі вагой 150 кілаграмаў.

Аляксандра ўваходзіць у зборную Беларусі па цяжкай атлетыцы і марыць пра тое, што аднойчы выйдзе на алімпійскі памост.

Павялічыць выяву

«Алімпіяда — гэта такая мара дзяцінства, якая дае сілы трэніравацца, дамагацца поспехаў, даказваць самой сабе, што я чагосьці вартая. Я мару трапіць у Парыж у 2024 годзе. А мне ж тады будзе ўжо 33 гады», — пачынае расказваць Саша Атчанашка. 

Пра цяжкую атлетыку

Цяжкая атлетыка — гэта дзясяты від спорту, якім я займаюся. У дзяцінстве былі і гімнастыка, і тэніс, і баскетбол, і лёгкая атлетыка. Некалькі год таму захапілася паўэрліфтынгам, пасля кросфітам. Але калі на спаборніцтвах па кросфіце выціснула з сябе максімум, а заняла толькі 17 месца, вымушаная была самой сабе прызнацца, што я вельмі лёгкая для гэтага віду спорту. Тады стала маніторыць вынікі цяжкаатлетак маёй вагавой катэгорыі. І аказалася, што з лёгкасцю заняла б у атлетыцы трэцяе месца.

Павялічыць выяву

Стала шукаць інфармацыю. І аказалася, што гэта бяда. Нідзе ў сеціве немагчыма знайсці ўцямнай інфармацыі пра тое, дзе ў Мінску трэніруюць цяжкаатлетаў. Ёсць пра ўсе віды спорту, а пра цяжкую атлетыку няма. Праз знаёмых знайшла тэлефон галоўнага трэнера жаночай зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы Валянціна Кароткіна. Патэлефанавала, думала, ён мяне да кагосьці накіруе. І я такая: «Ага, толькі хачу прызнацца, што мне 26 гадоў». Ён адразу збянтэжыўся, вагаўся, ці звязвацца са мной, але запрасіў у Стайкі. Я так хвалявалася, што паказала добры вынік на трэніроўцы. Кароткін запрасіў трэніравацца са зборнай. Пасля мяне заўважыў Леанід Мілеўскі, ён таксама дапамагаў у падрыхтоўцы, калі не мог Кароткін. Цяпер перад чэмпіянатам я трэніруюся з Мілеўскім. Кароткін два гады трэніраваў, толькі апошні час у мяне няма магчымасці ездзіць у Стайкі, таму што трэба працаваць, а потым у Мілеўскага з'явілася магчымасць — і месяц я ўжо з ім. Так і трэніруюся, самая дарослая ў зборнай. Старэйшы за мяне толькі Арамнаў. (Андрэй Арамнаў — цяжкаатлет, алімпійскі чэмпіён — «НН»). Праўда, калі верыць статыстыцы, самы пік фізічнай формы ў жанчын-цяжкаатлетак выпадае на 32 гады, таму ўсё яшчэ наперадзе.

Пра ўзрост

Калі ўсе дзяўчаты хаваюць свой узрост, прыкідваюцца, што ім менш гадоў, чым ёсць на самой справе, то ў мяне ўсё наадварот. Мне не трэба хаваць узрост, мне ўсё адно ніхто не верыць.

Пры маім росце ў 152 сантыметры і вазе ў крыху больш за 40 кілаграмаў — я заўсёды дзіця. Яшчэ і твар дзіцячы.

Быў выпадак, калі мяне адну з кампаніі не пусцілі на дыскатэку. Ахоўнік сказаў: «Ідзі, дзіця, дадому». А мае сябры стаялі і смяяліся. А яшчэ да мяне клеяцца хлопцы, маладзейшыя за мяне на гадоў 8—10. Але іх намаганні дарэмныя, я ўжо чацвёрты год у адносінах. Са сваім хлопцам таксама ў спартыўнай зале пазнаёмілася.

Пра сны і працу

Сёння прыснілася, што я на спаборніцтвах падымаю штангу, а яна гумовая. Дыскі застаюцца ляжаць на месцы, а грыф расцягваецца. 23 ліпеня пачынаецца чэмпіянат краіны, таму і хвалююся.

Павялічыць выяву

Не магу адпусціць свае амбіцыі. Хочацца схапіць усё хутчэй, болей. Думаю пра тое, што ў мяне няма часу на тое, каб дапускаць памылкі. І раблю іх на спаборніцтвах. Я дужая, але вельмі эмацыйная, магу псіхануць, расплакацца проста на трэніроўцы.

І гэта датычыцца не толькі спорту, я па жыцці такая. Зараз працую трэнерам у трэнажорнай зале, вяду індывідуальныя і групавыя заняткі. Мне і праца часта сніцца. Таму што мяне крыўдзіць, калі людзі, з якімі я працую, не выконваюць маіх рэкамендацый, калі забіваюць на трэніроўкі.

Хочацца крычаць: ааааааааа, ну рабіце хоць што-небудзь, рухайцеся, займайцеся фізкультурай. Няма часу? Гэта смешна. На здароўе не знайсці часу?! Глупства!

Пра спаборніцтвы і выступленні

У мяне быў перыяд у жыцці, калі я нават ела ў машыне, бо не было іншага часу. Але я ведала, для чаго мне гэта. Сумяшчала асабітыя трэніроўкі і працу. Цяпер цяжкай атлетыкай займаюся тры разы на тыдзень, па 2,5 гадзіны. Цяжкая атлетыка — гэта вельмі відовішчны від спорту. І вельмі складаны. Там жа ўсё вырашаюць секунды. Пачаў раней — рызыкуеш не трапіць у патрэбны рух, пачаў павольна — не хопіць хуткасці. Выставіў калена крыху наперад, штангай можа зачапіцца. Таму гляджу спаборніцтвы на адным дыханні. Стараюся сачыць за тым, што адбываецца ў свеце цяжкай атлетыкі, не прапускаць трансляцыі розных турніраў. Цікава назіраць за амерыканцамі, за кітайцамі. Я люблю, калі сябры ці сваякі прыходзяць на мае спаборніцтвы падтрымаць мяне. Тата заўсёды прысутнічае на маіх выступленнях. Аднойчы ўдалося зацягнуць маму. Яна вельмі хвалюецца за мяне, хацелася паказаць ёй, якая я спартсменка.

Павялічыць выяву

І тут, падчас спаборніцтваў, мне на горла асістэнты ўпусцілі штангу, якая важыла 80 кілаграмаў. Я не за сябе ў той момант перажывала, а што мама мая ў зале і ўсё гэта бачыць.

А яна ўбачыла — і як закрычыць. А я ўстала, усміхаюся, нельга ж паказаць, што мне баліць.

Пра дзяцінства

Я са спартыўнай сям’і. Мама з татам займаліся парашутным спортам. Мая старэйшая сястра Юля — чэмпіёнка свету па самба, малодшая сястра Аліна — дзюдаістка. Спрабавалі мяне аддаць бацькі ў гімнастыку, але я з дзяцінства такі корч. Нават цяпер папрасіце мяне паўтарыць некалькі танцавальных рухаў — не змагу.

Павялічыць выяву

У школе закрывала ўсе спартакіяды. Я магла бегаць і на 100 метраў, і на 1, 5 кіламетраў. Таму і мянушка ў мяне была Сашка-паўтарашка. Наогул, з маім прозвішчам чаго толькі не рыфмавалі: і прысядашка, і манашка, і чарапашка. А прозвішча Атчанашка, я даведвалася, украінскае. Вядома, нейкім чынам звязанае з царквой. Але ў нашым родзе я ніводнага святара не ведаю.

Пра фобіі

Павялічыць выяву

Вышыні баюся катастрафічна. Так, я дачка парашутыстаў, а вышыні баюся. Мая сястра жыве на 21 паверсе, я, калі бываю ў яе ў гасцях, да вокнаў стараюся нават не падыходзіць. Раней вельмі хацелася скокнуць з парашутам, нават ехала ўжо, але ў апошні момант перадумала.

Пра 34 памер абутку

Я шапаголік. Я рэальна адпачываю, калі хаджу па крамах. Але ў Беларусі для мяне — гэта пакута. 90% рэчаў у крамах мне вялікія. Кеды я, напрыклад, нашу дзіцячыя. Дарослы абутак пачынаецца ад 35 памеру, а ён такі вялікі, што ў мяне яшчэ два пальцы ў туфлю змяшчаюцца. Тое самае з адзеннем. Нават рэчы самага маленькага памеру мне вялікія. Затое дзіцячыя рэчы зараз вельмі прыгожыя і каштуюць удвая танней.

Пра будучыню

Павялічыць выяву

Калі я скончу займацца прафесійным спортам, першае, што я зраблю, — гэта запішуся на курсы кулінарыі і нарэшце пачну бегаць. У трэнажорную залу хадзіць не буду. Бег — гэта для мяне такая асалода! Амаль такая самая, як і смачная ежа. Я вельмі люблю смачна паесці. Але калі трэба трымаць сябе ў форме, я гэта раблю, бо разумею, да чаго можа прывесці мая нястрыманасць у ежы. Я лічу, што падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме дастаткова проста. Проста трэба больш рухацца. Ну і закрыць рот.

А яшчэ Аляксандра прызналася, што ёй вельмі падабаецца бокс. І яшчэ Атчанашка — выдатная футбалістка. Можа быць і варатаром, і нападаючым.

«Вось мне ўсё падабаецца, абы толькі рухацца!» — сказала спартсменка і збегла на трэніроўку.

Наталля Тур, фота Надзеі Бужан

2
Аляксей Аляксандравіч / адказаць
18.07.2019 / 17:47
Выдатна!
3
Максим Дизайнер / адказаць
18.07.2019 / 18:52
Какая красавица. Настоящая беларусочка. Настоящая женщина.
8
циник / адказаць
19.07.2019 / 00:44
ути какая буситька какая лапотька дай ка я тебя на рутьки возьму малышетька кнопотька такая)))
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31