«Наша Ніва» здзьмухвае пыл з газетнага архіву і пачынае даследаваць суперсучасную гісторыю Беларусі.Мы згадаем з'явы і падзеі,
што сталі сімваламі 2000-х. Адшукаем у архівах фотаздымкі, матэрыялы, якія найбольш поўна, жыва апісваюць стыль гэтага забытага дзесяцігоддзя.
Эпоха, калі спажыванне стала магчымым
Першыя гіпермаркеты і канец эпохі кіёскаў. Гандлёвы цэнтр «Сталіца» пад зямлёй. Першая беларускамоўная рэклама сусветных брэндаў. Культавыя праграмы беларускага тэлебачання і засілле сацыяльнай рэкламы. Разбудова метро. Новы грамадскі транспарт і бум на іншамаркі. Латарэі як вобраз «беларускай мары». Казіно і Лас-Вегас у рынкавым сацыялізме. «Краіна замкаў» і надзеі на агратурызм.
2001
2002
2003
2000  2001 2002  2003 2004  2005 2006  2007 2008  2009
Якой была эпоха 2000-х? Як яна паўплывала на сучасную Беларусь? Чым мы жылі і як выглядалі? Мода, спажыванне, культура, тэхналогіі, героі і зоркі тых часоў - у нашым праекце з Samsung Galaxy A50.
Частка 2
Спажыванне, рэклама, тэлебачанне
Нулявыя прывялі да нас першыя вядомыя брэнды і далі надзею на танныя шмоткі і камфортны шопінг – без назойлівага «што вас інцерэсует» і «а падайце ву-у-унь той сок злева ад вас». Не ўсё, вядома, прыйшло адразу, але тым не менш гэта быў час, калі беларусы адчулі ўсе выгоды спажывецкага грамадства.
Дажынкі ў Смалявічах, 2004 г.
Фота: Архіў «Нашай Нівы»
Тэлезорка Люся Лушчык у начным клубе «Ізюм», 2006 г.
Фота: Андрэй Лянкевіч
Першыя гіпермаркеты
У 2005 годзе ў Мінску адкрываецца першы гіпермаркет. Лакацыяй для яго быў абраны мінскі «Экспабел». Па плошчы крама пераўзыходзіла футбольнае поле і магла абслугоўваць да 10 тысяч пакупнікоў кожны дзень. Пад адным дахам прадавалі прадукты, бытавую хімію, тэхніку, посуд, адзенне – у той час гэта быў нонсэнс.

Праз пару месяцаў на адкрыццё другога гіпермаркета ў Беларусі прыехаў сам кіраўнік краіны. «Магутны, функцыянальны і прыгожы» – даў ацэнку Лукашэнка краме новай эпохі. Менавіта ў тыя часы сталі разрастацца ўсе вядомыя нам сёння «імперыі» сеткавых прадуктовых крам.
Цяпер гіпермаркеты – не навінка нават для райцэнтраў. Але адкрыццё кожнай буйной прадуктовай крамы для народу – па-ранейшаму свята. З чэргамі, паветранымі шарамі і зніжкамі на кансерваваны гарошак. Каго цяпер такім здзівіш?

Адкрыццё першага гіпермаркета, 2005 г.
Фота: Андрэй Лянкевіч
Адкрыццё «Еўраопта» ў Астраўцы, 2018 г.
Фота: прэс-служба «Еўраопта»
Чытай яшчэ

Беларускія нулявыя
Частка 1
Канец эпохі кіёскаў
Відэа: Мінск 1998 / Віктар Аранін
Шапік у Мінску, 2010 г.
Фота: Сяргей Гудзілін
Кіёскі, якія навучылі беларусаў прадпрымальнасці ў 1990-я, у нулявыя дажывалі апошнія гады. Сталічныя ўлады палічылі, што гэтыя «шпакоўні» псуюць знешні выгляд горада, даводзяць да галечы стацыянарныя крамы, прапануюць шмат падробак і проста нізкаякаснага тавару. Уладальнікам шапікаў прапанавалі перамясціцца ў першыя паверхі дамоў. Іпэшнікі пратэставалі, але 10 тысяч подпісаў змаглі толькі адтэрмінаваць рашэнне Мінгарвыканкама. Калі ў 2000-м кіёскаў у Мінску было каля 3000, то ў 2004-м – толькі 730. Большасць мінчан такім пераменам была не рада: ісці па жуйку ў краму, сур'ёзна? Дый гарадскому бюджэту прыйшлося не соладка: праз знос кіёскаў з вуліц ён не далічыўся трох мільярдаў рублёў (не хвалюйцеся, старымі грашыма) адзінага падатку. А што да страт прадпрымальнікаў? Кампенсаваць іх ніхто не збіраўся.
Міні-кафэ «Хутка-Смачна», 2006 г.
Фота: Юля Дарашкевіч
Да 2009 года шапікі са сталічных вуліц практычна зніклі. Выстаялі толькі «Белсаюздрук» і легендарныя міні-кафэ «Хутка-Смачна». Што цікава, сёння дзякуючы модзе на вулічную ежу кіёскі атрымалі другое жыццё – у хіпстарскім фармаце. Бургерная на колах на Кастрычніцкай, фудтракі з бульбай фры і хот-догамі ў «Пясочніцы» сталі новымі месцамі прыцягнення моладзевай тусоўкі. Хоць па форме гэта ўсё з 1990-х і 2000-х.

«Сталіца» пад зямлёй
У 2006-м шапаголікі трымцелі: у Мінску адкрыўся першы гандлёвы цэнтр. З буцікамі, кафэ, кіно, боўлінгам, да таго ж — падземны! «Сталіцу» будавалі тры гады. Падобны архітэктурны праект у горадзе рабілі ўпершыню.


Калі экспертыза зацвердзіла каштарысны кошт, кіраўніцтва горада спалохалася вялікай лічбы. Паўлаў даў прамое ўказанне: скараціць выдаткі на траціну, аж да таго, што прыбраць адзін падземны паверх. Але мы схітрылі, назвалі адзін узровень антрэсольным. Рызыкнулі, бо змяншаць не мела сэнсу – эканомія атрымлівалася нязначнай, а аб'ект страціў бы сваю ўнікальнасць. Пасля гэта негатыўна адбілася б і на яго акупнасці. Калі кіраўнік горада зразумеў наш выкрут, лаяўся страшна, але працэс ужо было не спыніць.
"
Галоўны архітэктар ГЦ «Сталіца» Міхаіл Гаўхфельд, «Мінскі кур'ер».
Плошча Незалежнасці змяніла свой выгляд. З'явіўся фантан (па задуме, дарэчы, іх мусіла быць дзевяць), вырас шкляны купал. Меркавалася яшчэ высокая аглядная пляцоўка з панарамным ліфтам, але чамусьці ад яе адмовіліся – замест гэтага ўпрыгожылі купал скульптурамі буслоў і гербамі абласных гарадоў. Трэба сказаць, што «Сталіца» стылістычна вельмі нагадвала рэалізаваны на 5 гадоў раней у Маскве гандлёвы цэнтр «Ахотны рад». «Інтэрнацыянальны» архітэктурны стыль у Беларусь прыходзіў з аглядкай на Маскву.

«Сталіца» доўгі час заставалася галоўным шопінг-цэнтрам, але сёння яе гандлёвыя плошчы збольшага пустуюць. Моладзь пераманілі новыя молы – з вялікімі фудкортамі і добрай вентыляцыяй. Не вытрымалі канкурэнцыі і іншыя сталічныя гандлёвыя астравы – «Імпульс», «Люстэрка», «Паркінг».

Плошча Незалежнасці, 2002 г.
Фота: Bymedia.net
Сваё тэлебачанне
Гэта сёння модна жыць без тэлевізара, а ў нулявыя ТБ глядзелі ўсе. Тады ў сетцы вяшчання з'явіліся беларускія тэлеканалы СТБ, ЛАД. Замест ОРТ 25 чэрвеня 2002 года на экраны беларусаў прыйшоў тэлеканал АНТ. Пачыналася новая эпоха для беларускага тэлебачання. Водгукі на першыя праграмы былі розныя. «Шчыра кажучы, я думаю, што калі АНТ далей не разаўе думку, то можа не вытрымаць канкурэнцыі з навінамі БТ. Іх сюжэтам не хапае вастрыні. Мне не вельмі спадабалася, як аформлена студыя», – ацаніў эфір адзін з тагачасных дэпутатаў Уладзімір Дзялендзік.
У 2002-м з'явіўся Першы музычны канал, дзе завісала ўся моладзь. Акрамя музыкі, тут быў інтэрактыў: віншаванні, знаёмствы, замова кліпаў (тым, хто часта прасіў паставіць любімага спевака, потым прыходзіў унушальны рахунак за тэлефон). Дзякуючы Першаму музычнаму на ўсю краіну сталі вядомыя віджэі Каця Пытлева і Люся Лушчык Люцыя Герашчанка.
Відэа: Міс Беларусь 98 / Svetlana Kuznetsova
Канцэртная афіша Русі і Каці Пытлевай, 2005 г.
Фота: Архіў «Нашай Нівы»
Спачатку эфір парвала праграма «За шклом». Гледачы кругласуткава сачылі, як шэсць звычайных чалавек жывуць у гасцініцы. Ім прыдумлялі заданні і за іх вырашалі, каму застацца. Потым нас захапіла гульня на выжыванне «Апошні герой» (усе ж памятаюць выпрабаванне, дзе ўдзельнікам давялося есці тлустых белых лічынак?). Ну а пасля прыйшоў «Дом-2» з яго інтрыгамі, плёткамі, бясконцымі разборкамі і «лобным месцам».
Беларускага кантэнту на ТБ у нулявыя паболела, але ён патанаў у вале замежнага. Бюджэты нашых каналаў былі абмежаваныя і не дазвалялі здымаць маштабных праектаў. Пакаленне расло на расійскіх праграмах і трэшовых перадачах MTV. Найбольшыя рэйтынгі мелі рэаліці-шоу.

У 2000-я кумірамі моладзі станавіліся наваспечаныя выканаўцы з «Фабрыкі зорак». З беларусаў на музычным рэаліці-шоу засвяціліся Наталля Падольская, Дзмітрый Калдун і Рыта Дакота.
Культавыя перадачы
«Падарожжа дылетанта» і яго нязменны вядоўца Юрый Жыгамонт – у круглых акулярах, капелюшы і з сакваяжам. Кожны выпуск – расповед пра адметную беларускую вёску ці незвычайнае мястэчка. Этнаграфічныя праграмы зазвычай саступаюць па папулярнасці забаўляльным шоу, але гэтая пратрымалася ў эфіры 15 гадоў і працягвае выходзіць у сеціве.
«5х5». Сапраўдны хіт БТ – моладзевае ток-шоу, якое выходзіла (!) у жывым эфіры. Самыя гарачыя выпускі прыпадалі на сераду, калі ў студыі ладзілі дыскусіі. Падлеткі абмяркоўвалі патрэбу фізкультуры ў школе, стасункі з настаўнікамі, сужэнскія здрады і месца жанчыны ў сям'і. З гэтага ток-шоу, дарэчы, пачыналі кар'еру Дзмітрый Шэпелеў і Дзяніс Кур'ян.
«Выбар». У ток-шоу ўдзельнічалі не толькі запрошаныя эксперты, але і тэлегледачы: яны маглі патэлефанаваць у студыю і выказаць сваё меркаванне. Перадача задумвалася як грамадска-палітычная, дзе госці абмяркоўваюць вострыя тэмы. Спачатку вядоўцам быў Ягор Хрусталёў, пасля – Сяргей Дарафееў. Апошняму ўдавалася на працягу эфіру трымаць высокі градус дыскусіі.
Сацыяльная рэклама
Сацыяльная рэклама на ТБ у нулявыя была асобным відам крэатыву. Суровая і бязлітасная, знятая быццам на хатнюю «мыльніцу», сваімі мэсэджамі яна біла ў самае сэрца. «Сплаці падаткі і спі спакойна», «Жыві без наркотыкаў», «Трымайся на адлегласці – СНІД»... Змрочнасці дадавалі кадры са шпрыцамі і россыпам даміно. МНС заклікала ўсталёўваць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі і хаваць запалкі ад дзяцей, міліцыя – зачыняць дзверы і вешаць святловяртальныя элементы на гужавыя павозкі (а што вы хацелі, 2000 год на дварэ!). Браў за душу сацыяльны ролік пра эканомію вады: кропельку ў кране ледзь не разлучылі з мамай. Што адметна, сацыяльная рэклама нулявых часта была беларускамоўнай.
Легендарная сацыяльная рэклама 2000-х ад беларускай мытні. Рэжысёрам выступіў Андрэй Кудзіненка, а галоўную ролю выканаў Раман Падаляка – цяперашняя зорка Купалаўскага тэатра. Ну і музыка Prodigy таксама ўражвае. Уявіце сёння па ТБ сацыяльную рэкламу пад якую-небудзь Лэдзі Гагу.
Беларуская ж камерцыйная рэклама ў 2000-я толькі пачынала развівацца. Адметнасць таго часу – проста зашкальванне сэксізму. Тады гэта ўспрымалася абсалютна натуральна.

З пачатку нулявых сусветныя брэнды пачынаюць камунікаваць з беларускай аўдыторыяй на мове тытульнай нацыі. Адным з першых гаварыць па-беларуску стаў і партнёр гэтага праекта – Samsung Electronics.
Рэклама Samsung у часопісе «Даберман», 2007 г.
Заўважнай з'явай на рынку беларускай рэкламы, якой у нулявыя ўжо было даволі шмат, стаў фестываль ADNAK. З 2010 года журы штогод падводзіла вынікі і абірала найлепшыя прыклады беларускамоўнай рэкламы і камунікацыйных кампаній.
На пачатку нулявых аснову гарадскіх аўтапаркаў складалі «Ікарусы». Па маршрутах курсіравалі мадэлі, выпушчаныя 30 гадоў таму. Многія з іх – патрыманыя бусы, прыгнаныя з Расіі, Польшчы і Чэхіі пасля капітальнага рамонту. Вылічыць такія можна было па інструкцыях у салоне на замежнай мове.
«Ікарусы» былі сталічным бестселерам. Аўтапарк любіў іх за вялікую ўмяшчальнасць, добрую вентыляцыю і зручную планіроўку. Але і мінусаў хапала. Гараджане добра памятаюць вузкія дзверы, высокія прыступкі, парваныя «гармонікі», праз якія залівала, і дрэнныя печкі – узімку ў салоне было дужа халодна. На асобных маршрутах Мінска можна было таксама сустрэць аўтобусы Лікінскага завода – ЛіАЗы. Галоўным недахопам гарадскога транспарту была яго моцная зношанасць. У старых аўтобусах здараліся паломкі, а ў тралейбусах перагарала праводка, з-за чаго ўзнікалі пажары.
Айчынны транспарт
МАЗ спрабаваў выпусціць свае аўтобусы яшчэ ў 1992-м, але першыя мадэлі, зробленыя па тыпу нямецкіх Neoplan, былі занадта дарагімі для бюджэту – кожная каштавала каля 200 тысяч даляраў. Толькі праз 15 гадоў, прайшоўшы некалькі мадэрнізацый, МАЗы цалкам замянілі замежны транспарт. Апошнія «Ікарусы» ездзілі па сталіцы ў 2007-м і пасля былі перададзены будаўнічым арганізацыям – вазіць рабочых на аб'екты. Яркія, адносны бясшумныя, з нізкімі падлогамі і шырокімі дзвярыма аўтобусы мінскага завода выглядалі сучасна. А яшчэ на новых МАЗах былі такія ж фары, як на Lamborghini. Ніякага плагіяту: проста закупляліся яны ў аднаго нямецкага вытворцы.
Аўтобус у Мінску, 2002 г.
Фота: Bymedia.net
Грамадскі транспарт у Брэсце, 2007 г.
Фота: Архіў «Нашай Нівы»
Метро ў нулявыя адкрывае новую старонку ў сваёй гісторыі. Эканамічны ўздым дазваляе будаваць чарговыя станцыі. Дабірацца з аднаго канца Мінска ў другі становіцца зручней. У 2001-м запрацавалі «Магілёўская» (калісьці яе збіраліся назваць «Сацыялістычнай», але, дзякуй богу, перадумалі), у 2005-м – «Спартыўная», «Кунцаўшчына» і – та-дам! – «Каменная Горка» (гэта, дарэчы, самая заходняя станцыя метро ў СНД і былым СССР).
У 2007-м – «Барысаўскі тракт» і «Уручча». Цікавы факт: станцыі любілі адкрываць у Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Станцыі ж трэцяй лініі цяпер будуць адчыняць да 3 ліпеня. Ужо тады метро штодзень карысталіся 800 тысяч чалавек. Дарэчы, менавіта ў нулявыя ў падземцы з'явіліся тэлевізары. На іх меркавалася круціць выпускі навін і сацыяльную рэкламу. Па факце ж тады эфір сталічнай падземкі запоўнілі кліпамі беларускіх артыстаў.
Метро
Народнае адкрыццё станцыі «Спартыўная», 2005 г.
Фота: Андрэй Лянкевіч
Латарэйны бізнэс
Нулявыя не назавеш багатымі – асабліва для работнікаў бюджэтнай сферы. Паверыць, што кватэру ўдасца выйграць у латарэю, было куды прасцей, чым у магчымасць на яе зарабіць. Таму «прадаўцы ўдачы» былі надзвычай папулярныя.

Латарэйкі куплялі ўсе: школьнікі і пенсіянеры, лекары і пажарныя, рабочыя завода і настаўнікі. Адныя бралі квіткі ў якасці рэшты ў касах, іншыя адмыслова адкладалі грошы з заробку і нават прадавалі машыны, каб паўдзельнічаць у розыгрышы. Была традыцыя дарыць білеты і на сямейныя святы. Сапраўднай удачай лічылася сарваць джэк-пот. У 2009-м прыз склаў рэкордныя 255 тысяч даляраў! Дастаўся ён пяцікурсніку Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта. Хлопец пералічыў частку сумы дзіцячым дамам, купіў сабе кватэру ў сталіцы і новенькую БМВ, а яшчэ збіраўся набыць вінаграднікі ва Украіне.

Латарэйны бізнэс – зрэшты, як і цяпер – цалкам належаў дзяржаве. Заснавальнікамі самых буйных латарэй былі Кіраўніцтва спраў прэзідэнта і Міністэрства спорту і турызму. Па законе палова выручкі ад розыгрышу накіроўвалася ў прызавы фонд, палова – у бюджэт: напрыклад, на развіццё фізкультуры і спорту. Да Дажынак і Дня Перамогі выпускалі спецыяльныя тыражы.
Продаж латарэй у Мінску, 2006 г.
Фота: Андрэй Лянкевіч
«Краіна Замкаў»
і агратурызм
Турыстычны імідж краіны пачаў фарміравацца акурат у нулявыя. Трэба было прыцягнуць да мясцовых славутасцяў не толькі замежнікаў, але і ўласных грамадзян, многія з якіх былі ўпэўнены, што нічога цікавага тут няма, і ехалі на «ўсё ўключана» ў Турцыю і Егіпет. Стаўку зрабілі на замкі і ўнікальную прыроду. У 2000-м у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ўключылі Мірскі замак. Праз пяць гадоў туды ж патрапіў палац Радзівілаў у Нясвіжы. Яны саступалі замежным палацам па пампезнасці і старажытнасці, але былі важныя для беларускай культуры памяці – як аб'екты, праз якія можна дакрануцца да вялікіх князёў і сярэднявечных легенд.
Палац у Нясвіжы, 2005 г.
Фота: Юля Дарашкевіч
Турысты і рэканструкцыя, Нясвіж, 2009 г.
Фота: Сяргей Гудзілін
Чытай яшчэ

Беларускія нулявыя
Частка 3
У 2005-м Беларусь увайшла ў Сусветную турыстычную арганізацыю. Чыноўнікі верылі, што ў краіны ёсць усе шанцы стаць новым цэнтрам прыцягнення падарожнікаў: тут табе і зручнае геаграфічнае становішча, і спакойная палітычная абстаноўка, і багатая культура. Але, што хаваць, ад турыстычнай інфраструктуры хацелася большага. Ні нармальных прыдарожных кафэ, ні сеткі танных хостэлаў, ні сувенірных магніцікаў на халадзільнік. У 2009 годзе на ўсю краіну быў адзін (!) пяцізоркавы гатэль – «Еўропа».
Моладзь у Мінску, 2007 г.
Фота: Юля Дарашкевіч
Нацыяльнай ідэяй у тыя часы стаў аграэкатурызм. У 2006-м быў прыняты знакаміты прэзідэнцкі ўказ, які мусіў удыхнуць у вёску другое жыццё. Гаспадарам сядзіб далі падатковыя льготы (у год трэба было плаціць у бюджэт толькі адну базавую велічыню) і крэдыты пад 5% гадавых. Уяўленне малявала, як замежнікі пацягнуцца ў Беларусь па вясковую рамантыку: даіць коз, есці дранікі і ляпіць гліняныя збаны. Але сядзібы карысталіся большай папулярнасцю сярод сваіх грамадзян – яны складалі 70% гасцей. Магчыма, развіццё агратурызму стала адным са штуршкоў, дзякуючы якім беларусы адчулі ўсю магію даўншыфтынгу і пачалі мяняць сталічныя кватэры на вясковыя хаты.

Улетку адпачывалі на пляжах Нарачы, дзе прапаноўвалі пакаштаваць вэнджанага вугра, і Браслава, дзе вада была цяплейшая, чым у Балтыйскім моры. Узімку ездзілі на свае першыя гарналыжныя курорты. Менавіта ў нулявыя адкрыліся «Якуцкія горы» і трасы ў «Лагойску» і «Сілічах». «Так, не Альпы, але і цэны ніжэйшыя», – парыравала тады ў адказ на крытыку кіраўніцтва снежных курортаў.

Менавіта ў 2000-х Беларусь становіцца турыстычнай Меккай для расіян. Менавіта яны складалі асноўнае ядро турыстаў, для якіх інфраструктура адпачынку рабіла ўсё, што ўмела на той час. У «дзясятыя» трэнд зменіцца і ўся краіна будзе рабіць спробы адкрыцца глабальнаму свету.

Баль у Нясвіжы, 2009 г.
Фота: Bymedia.net
Нулявыя падарылі нам першыя вялікія фестывалі. У Лагойску запусцілі свой «Актобэрфэст» – «Кубак піва». За два дні тут выпівалася 10–15 тысяч літраў пеннага напою! Удзельнікі змагаліся за драўляны кубак ручной работы, галасавалі за самыя смачныя кілбаскі і падпявалі «Палацу» і «Крамбамбулі».
Фестывалі
Фестываль «Бітлз назаўжды» ў САК «Лагойск» / another.by
Фэст у Наваградку, 2002 г.
Фота: Андрэй Лянкевіч
Прыхільнікі «бітлоў» збіраліся на оўпэн-эйр «Beatles-Forever!». Фестываль, дзе можна было паслухаць каверы на легендарныя хіты ліверпульскай чацвёркі, таксама праходзіў пад Лагойскам і, нягледзячы на статус міжнароднага, быў бясплатным.

Тады ж папулярнасць набіралі святы сярэднявечнай культуры – з рыцарскімі турнірамі і гарадамі майстроў. З 2007-га аматары гістарычнай рэканструкцыі з'язджаліся на фэст у Мсціславе. Праз два гады старажытная музыка загучала і ў Гальшанах. Многія тады спадзяваліся, што гэта стане штуршком да адраджэння палаца Сапегаў. Але рэзідэнцыя магнатаў павольна пачала паўставаць з руін ужо ў «дзясятыя»…
Фэст у САК «Лагойск», 2005 г.
Фота: Сяргей Гудзілін
2000 - 2009
Да сустрэчы на экранах
Тэкст
Наталля Лубнеўская
Дызайн і тэкст
Сяргей Гудзілін
ТАА «Самсунг Электронікс Рус Компані», ІНН 7703608910