Знайсці
12.07.2019 / 17:142РусŁacБел

Змены ў закон аб дзейнасці партый і грамадскіх аб'яднанняў: разбіраемся, у чым пазітыў, а ў чым негатыў

На грамадскае абмеркаванне быў выстаўлены праект закона «Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў». Юрысконсульт Асамблеі няўрадавых арганізацый Юрый Чавусаў кажа, што дакумент мае як пазітыўныя змены, гэтак і негатыўныя.

«Найперш адзначу, што дзейнасць палітычных партый гэтыя змены закрануць у значна меншай ступені, чым грамадскія арганізацыі. Так, цяпер партыям будзе трэба публікаваць фінансавую справаздачнасць за год, але наўрад ці гэта будзе выклікаць вялікія праблемы», — кажа Чавусаў.

Іншы значны момант: цяпер для рэгістрацыі палітычнай партыі будзе патрэбна не 1000 чалавек, а 800. Гэта якраз такі можна разглядаць як пазітыўную змену.

Нашмат большая колькасць зменаў закране грамадскія аб'яднанні.

«Некаторыя нормы, якія раней тычыліся толькі палітычных партый, цяпер будуць пераносіцца і на грамадскія аб'яднанні. Напрыклад, раней толькі партыі былі павінны мець офісы ва ўсіх абласных цэнтрах, цяпер жа тое будзе патрабавацца і ад рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў. Канечне, гэта выклікала вялікае абурэнне ў рабочай групе, таму рэформа будзе распаўсюджвацца толькі на новыя арганізацыі. Напрыклад, Руху «За Свабоду» не давядзецца рэгістравацца ва ўсіх абласных цэнтрах», — расказвае Чавусаў.

Аднак гэты момант крыху нівелюецца тым, што мясцовым грамадскім аб'яднанням дазволяць дзейнасць на тэрыторыі ўсёй краіны, а не толькі ў сваім рэгіёне. На справе гэта прывядзе да таго, што пры рэгістрацыі абсалютная большасць будзе падаваць дакументы на рэгістрацыю мясцовых арганізацый, а не рэспубліканскіх.

«Такая сітуацыя ў Беларусі ёсць з фондамі. Калі паглядзець, то рэспубліканскіх фондаў амаль няма, а ад мясцовых яны розняцца толькі назвай», — тлумачыць Чавусаў.

Ён лічыць, што вельмі негатыўна на працы грамадскіх аб'яданняў адаб’ецца неабходнасць публікавання фінансавай справаздачы. «Улічыце, што ў нас усяго 15 палітычных партый, але 3 тысячы грамадскіх аб'яднанняў. Гэта істотна абцяжарыць іх працу, яны валодаюць большымі фінансавымі рэсурсамі за палітычныя партыі, атрымліваюць замежнае фінансаванне. Шмат каму ў статуты давядзецца ўносіць змены», — лічыць юрыст.

Але самыя негатыўныя наступствы будзе мець норма, што на заробкі супрацоўнікам грамадскага аб'яднання павінна сыходзіць не болей за 40% ад даходаў. «Напрыклад, арганізацыя, якая займаецца прадстаўленнем сядзелак. Яна ўсе свае грошы пускаюць на гэтых сядзелак. А цяпер яны нават сабраўшы вялікую суму грошай, будуць вымушаныя выдаткоўваць іх не на сваю статутную дзейнасць, а на нейкую іншую». Спачатку планавалася, што гэта доля ўвогуле будзе складаць 30%, але пасля была павялічана. Ёсць спадзяванне, што Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства працы не пагодзяцца з такім квотамі.

Яшчэ адзін цікавы момант, што цяпер юрыдычны адрас партыі ці грамадскага аб'яднання можа знаходзіцца па месцы працы кіраўніка пры згодзе працадаўцы. Зрэшты, Чавусаў мяркуе, што зроблена гэта не для апазіцыйных партый і арганізацый, а для чыноўнікаў, якія адначасова ўзначальваюць якое-небудзь грамадскае аб'яднанне.

Пазітыўным момантам з’яўляецца таксама ўвядзенне прынцыпу «раўнапраўя грамадскіх арганізацый». Калі перакласці на простую мову, то цяпер любая моладзевая арганізацыя можа спытаць, чаму грошы з бюджэту накіроўваюцца БРСМ, а не размяркоўваюцца на конкурснай аснове, альбо Партыя БНФ можа спадзявацца на льготныя ўмовы арэнды, як у «Белай Русі», альбо КПБ.

Зрэшты, застаецца парадак, пры якім Міністэрства юстыцыі можа адмовіць у рэгістрацыі фактычна любой арганізацыі.

Анекдатычны выпадак адбыўся пры працы рабочай групы па падрыхтоўцы гэтых зменаў. Алег Гайдукевіч з ЛДПБ прапаноўваў забараніць удзел у выбарах партыям, якія атрымліваюць фінансаванне з-за мяжы. На гэта Гайдукевічу адказалі, што паводле беларускага заканадаўства такія партыі ўвогуле ліквідоўваюцца.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031