Даслаць навіну
Знайсці
12.07.2019 / 16:58 22

«У Беларусі не любяць дзяцей». Дырэктар «Кінаконга» Андрэй Кім і жонка Надзея — пра выхаванне сына

Як змянілася выхаванне дзяцей за апошнія 30 гадоў? Ці стала бацькам прасцей са з’яўленнем мульціварак, інтэрнэту і гуру псіхалогіі? Якіх памылак стараецца пазбягаць новае пакаленне? «Наша Ніна» папрасіла маладых мам і тат параўнаць цяперашнія падыходы ў выхаванні з тым, як расіцілі іх саміх. Тры сям’і — тры розныя гісторыі.

Першай парай сталі Андрэй і Надзея Кім, вядомыя па праекце «Кінаконг». Іх сыну Янушу паўтара года.

«Адукацыйная сістэма ў нас бязглуздая, і гэта трэба прызнаць»

«Наша Ніна»: Успомніце сваё дзяцінства: якія ў вашай сям’і былі правілы?

Андрэй: Мне здаецца, у маёй сям’і іх не было ў прынцыпе. Пра гэта не задумваліся і выхоўвалі, як пойдзе. Мама старалася, але яна шмат працавала, таму ў яе асабліва не было часу… Думаю, асноўная памылка маіх бацькоў — адсутнасць сістэмнасці. Рашэнні больш прымаліся на эмацыйным узроўні, што, на мой погляд, глыбока няправільна.

Павялічыць выяву

Надзея: У нас крыху падобныя сітуацыі. Мяне і братоў-блізнятаў у першыя гады мама выхоўвала практычна адна, ёй ніхто не дапамагаў. Самая блізкая бабуля жыла ў Маладзечне, а тата вельмі шмат працаваў, бо былі 90-я. Па выхаванні амаль не было нікай інфармацыі. Адзіная кніжка, якая ляжала ў бацькоў, — гэта Бенджамін Спок.

Я не памятаю, каб у нас была нейкая сістэма выхавання. Здаецца, бацькі кіраваліся прынцыпам, што дзеці павінны расці самі і ім не трэба перашкаджаць. Не казалі, што правільна, а што не. Нават пра апазіцыю, існаванне іншага беларускага свету я даведалася ў 18 гадоў, калі з Андрэем пазнаёмілася, хоць дома былі кнігі Уладзіміра Арлова і мы шмат вандравалі па Беларусі.

Павялічыць выяву

«НН»: Што лічылася самай вялікай правінай? За што маглі моцна пакараць?

Андрэй: Калі важжа пад хвост трапіла, тады і каралі. Складаны дзень, апошняя кропля… У нас заўсёды быў павышаны эмацыйны фон у сям’і, крыкі вакол, бо там, дзе я вырас, жыло шмат праблемных сем’яў.

Надзея: Я памятаю толькі адзін раз у жыцці, калі тата мяне пакараў — калі ў гадоў 6—7 пасля размовы з мамай я бразнула дзвярыма. Ён тады даў зразумець, што нельга так абыходзіцца з мамай.

Мне здаецца, павінны быць зразумелыя для дзяцей правілы, што ёсць пэўныя рэчы, якія не дазволены ні ў якім разе. Напрыклад, ты не можаш павышаць голас на бацькоў.

Наогул, нам з братамі давяралі шмат у чым. Мы былі добрымі дзеткамі: не пілі, не палілі, асабліва не гулялі недзе. Таму нас не пільнавалі ўвечары і не абнюхвалі каля парогу.

Павялічыць выяву

Вясельнае фота Кімаў.

«НН»: Добрыя адзнакі былі важныя бацькам?

Надзея: Для маіх не вельмі. Хоць я заўсёды добра вучылася. Аднойчы, калі выстаўлялі адзнакі за чвэрць, мы ішлі з сяброўкай са школы, і я сказала, што за адну сямёрку мяне мама заб’е. Гэта абсалютна было ўзята з галавы — мяне не лаялі ніколі за адзнакі. Тата, які ішоў побач, зрабіў заўвагу, што я кажу няпраўду. Я тады зразумела, што, нават калі ты хочаш памалявацца перад сябрамі, ты не можаш гэта рабіць за кошт бацькоў.

Андрэй: У школе я быў разумнейшым за многіх, але не быў выдатнікам. Прачытваў усе падручнікі ў першы тыдзень навучальнага года, і пасля мне станавілася нецікава. Плюс я многа не хадзіў у школу, паколькі займаўся гастролямі, таму адзнакі падалі. Але ў маёй сям’і яны не былі важныя, і гэта, я думаю, правільна.

Адукацыйная сістэма ў нас бязглуздая, і гэта трэба прызнаць бацькам — чым раней, тым лепш. Добрыя або кепскія адзнакі ў школе не значаць абсалютна нічога. А вось стаўленне да вучобы мусіць быць сур’ёзным.

Павялічыць выяву

«Трэба займацца дзіцем, але не рабіць з гэтага культу»

«НН»: Чым выхаванне дзяцей сёння адрозніваецца ад таго, што было 20—30 гадоў таму?

Надзея: Наша пакаленне больш замарочваецца. З маленства імкнуцца развіваць дзіця — ужо з года яно вучыць ангельскую мову, ходзіць на танцы, фартэпіяна, тэніс і гольф адначасова. Цяпер шмат інфармацыі па выхаванні. Бацькі спрабуюць розныя падыходы, хоць яшчэ не ведаюць іх вынікаў.

«НН»: Якія шляхі вы шукаеце для сябе?

Андрэй: Добра, што ў нас ёсць шмат часу, але трэба трымаць баланс і, з аднаго боку, займацца дзіцем, з другога — не рабіць з гэтага культу. На мой погляд, самае важнае — каб сын бачыў здаровую, нармальную сям’ю. Нам усе кажуць: такое ў вас спакойнае дзіця. Мне здаецца, гэта ў тым ліку таму, што яно ніколі не чуе крыкаў дома, не бачыць скандалаў. Атмасфера, у якой расце малеча, — вельмі істотны момант, пра які не многія думаюць.

Павялічыць выяву

«Януш ідзе на БНР-100. А вы?» — жартаўліва падпісаў гэта мінулагодняе фота Андрэй.

Таксама важна пастаянства. Мусяць быць правілы, і словы бацькоў павінны нешта значыць. Раздражняе, калі кажуць: малому ў гэтым ўзросце нельга нічога забараняць. Дзеці паводзяць сябе як маленькія жывёлы, а бацькі на гэта ніяк не рэагуюць.

Ясна, што дзіця будзе гучным, будзе раскідваць рэчы, але ёсць пэўныя межы, і бацькі, якія іх не ставяць, памыляюцца, самі сабе падкладаюць міну. Якія гэта межы, кожны мусіць вырашаць сам. Калі яны ёсць, малому значна прасцей і спакайней. Трывожнасць у яго ўзнікае, калі ён не разумее, што будзе.

Я не згодны з тымі, хто імкнецца абараніць дзіця ад любой праблемы. Калі яно пачне расці, гэта будзе бяда. Усё, што Януша не траўмуе, мы даём яму паспрабаваць. Такім чынам ён не лезе ніколі да гарачай гарбаты, бо адзін раз яму далі дакрануцца да кубка.

Надзея: Мы не лаем Януша за тое, што ён выпадкова разліў нешта, адарваў. Але калі ён робіць гэта наўмысна, трэба пакараць. Бо потым будуць праблемы. Ты выйдзеш на вуліцу, і дзіця не паслухаецца і паляціць на дарогу.

Павялічыць выяву

«НН»: Ці карыстаецеся падказкамі нейкіх гуру?

Надзея: Так. Я прычытала кніжку «Як быць пастарам свайго дзіцяці?» амерыканскага аўтара Тэда Трыпа. Яна мяне ўразіла. Там расказваецца пра сям’ю вернікаў, якая, здаецца, восем пакаленняў выхоўвае дзяцей аднолькава і з аднолькавым вынікам. Ёсць традыцыя, якая працуе. Сэнс кнігі ў тым, што мы не мусім выпраўляць паводзіны — мы павінны глядзець на тое, што матывавала дзіця да іх. Трэба звяртаць увагу на ўнутраны стан, яго сэрца. Добрымі паводзіны ніколі не будуць, калі чалавек кепскі.

Адна з парадаў, якая даецца ў кнізе, — першыя пяць год трэба навучыць малога з радасцю жыць пад аўтарытэтам бацькоў. Для мяне гэта было адкрыццём. Бо часта ў інтэрнэце чытаеш: навошта вам паслухмянае дзіця, у яго будзе рабскае мысленне.

Але я бачу іншыя прыклады. Працую зараз з маладымі людзьмі, якіх выхоўвалі ва ўсёдазволенасці, — яны некантраляваныя, з імі складана, бо яны не разумеюць, што ты хочаш. Даеш заданне, а яны пачынаюць самавыяўляцца.

Андрэй: Для нас у першую чаргу аўтарытэтам з’яўляецца Біблія. Мы евангельскія хрысціяне — і я, і Надзея свядома зрабілі гэты выбар. Мы хацелі б, каб наш сын пазнаёміўся з Богам. І ведаем, што, калі ён вырасце, ён сам зробіць выбар. Мы верым, што Біблія дае законы, якія добрыя для чалавека. Гэта кніга, правераная мноствам пакаленняў.

Павялічыць выяву

Вы вось кажаце пра гуру. Як правіла, гэта людзі, чыйго досведу дастаткова, каб напісаць кнігу. І ўсё. Той жа Спок, якога пры Савецкім Саюзе многія чыталі, — уласныя дзеці хацелі здаць яго ў дом састарэлых. Затое ён стаў мільянерам — прадаў столькі кніжак.

Думаю, што зараз 99,9% кніг і гуру — яны такія. Адзін з папулярных сайтаў пра маладых бацькоў робіць маладая жанчына. Яна, паспяховы журналіст, незапланавана зацяжарыла, вырашыла не рабіць аборт, а выйсці замуж. Нарадзілася дзіця, і яна раптоўна стала экспертам па выхаванні. Для мяне сумніўна, што такі чалавек можа штосьці добрае параіць. Гэты сайт прасякнуты незакрытым гештальтам. Чытаеш і бачыш, што мара жанчыны была — рабіць кар’еру.

Павялічыць выяву

Чалавек можа быць дыпламаваным псіхолагам, і гэта наогул нічога не кажа. Памятаю, што ў падлеткавым узросце вывучаў Фрэйда. Аргументам супраць практычнай карысці яго тэорый у выхаванні стала гісторыя пра дзіця, якога бацькі выхоўвалі па Фрэйдзе, і па выніку ў таго была шалёная колькасць псіхалагічных праблем. Таму мне падабаецца ідэя досведу. Бо тэорыю выхавання немагчыма праверыць цягам аднаго пакалення.

«Калі нашы сябры зацяжарылі трэцім, бацькі фактычна адмовіліся ад іх»

Надзея: Цяпер модна паказваць «жахлівую праўду» пра бацькоўства: маўляў, насамрэч гэта ўсё кашмарна, родавыя траўмы, постродавыя дэпрэсіі. Яно таксама ёсць, але гэта не ўся праўда. Як і суцэльнае «мімімі». Ты любіш сваё дзіця, але пры гэтым модна рабіць выгляд, што табе некамфортна быць мамай ці татам.

Заходзіш у дарагую краму — і там дзіцячая майка з надпісам «Маленькі монстр». Не ўяўляю, як можна свайму дзіцяці такое купіць. То-бок ты лічыш яго монстрам — і як ты хочаш тады, каб яно сябе паводзіла?

Часам чытаеш топ-5 праблем маладых бацькоў, і нумар адзін — «я не магу больш глядзець любімыя серыялы».

Андрэй: Гэтыя спісы — проста жах. Глядзіш і думаеш: чаго? А што за жыццё ў цябе, калі галоўная каштоўнасць — глядзець серыялы?

Бацькі выстаўляюцца адначасова героямі і пакутнікамі. «Ваў, ты нарадзіў дзіця!» А калі дваіх… Калі траіх, то ўжо пачынаецца агрэсія на вуліцах, у дзяржаўных установах, транспарце. «Панараджалі дзеля кватэры» і ўсё астатняе. І гэта пры тым, што бацькі будуць цудоўна выглядаць.

Павялічыць выяву

У Беларусі ёсць сур’ёзная праблема: у нас не любяць дзяцей. Мы шмат вандруем з Янушам (былі з ім у Грузіі, Украіне, Грэцыі), і там стаўленне да малечы іншае. Цябе заахвочваюць: як класна, што ты бацька. У нас ёсць сябры, ад якіх, калі яны зацяжарылі трэцім, бацькі на нейкі час фактычна адмовіліся — вельмі раззлаваліся і сказалі: «Навошта вы пладзіце галоту!» І такое можна пачуць паўсюль: у фэйсбуку прасунутыя людзі будуць пісаць вам, што шматдзетнасць — гэта жахліва.

Шматдзетная сям’я ў Беларусі як праказа. У нас нездаровае стаўленне да малых як да цяжару. Бацькоўства — адзін з самых старажытных заняткаў, як мінімум тысячы год досведу. І казаць зараз, што выхаваць дзіця — нерэальная задача, — дурноцце, нават з гістарычнага пункту гледжання.

Надзея: Думаю, гэта праблема адукаваных і паспяховых жанчын. Ім укладаюць у галаву, што немагчыма рэалізавацца з дзіцём. І нават калі ты спраўляешся, усё роўна застаецца нейкая незадаволенасць, адчуванне, што нешта не так.

Павялічыць выяву

«У нас няма задачы вырасціць змену ў «Малады фронт»

«НН»: А што наконт патрыятычнага выхавання і ўплыву на палітычныя погляды дзіцяці?

Андрэй: Мы будзем выхоўваць дзіця ў духу таго, у што самі верым. Інакш гэта крывадушнасць. Падыход «сынок, я бухаю, каб ты бачыў, як гэта кепска, і не бухаў» ніколі не працуе. Для нас арганічна, што мы будзем выхоўваць дзіця ў хрысціянскіх, нацыянальных каштоўнасцях і любові да свай Бацькаўшчыны, мовы.

Павялічыць выяву

Надзея: У нас няма задачы вырасціць змену на дапамогу Дашкевічу ў «Малады фронт», але мы будзем займацца патрыятычным выхаваннем. Трэба інтэрпрэтаваць гісторыю правільна, чытаць не толькі тое, што напісана ў школьных падручніках.

Андрэй: Неабходна тлумачыць, чаму мы патрыёты і размаўляем па-беларуску. Патрыятычнае выхаванне ў нашай краіне нельга пускаць на самацёк. Дзіцяці трэба будзе расказаць, чаму мы шануем адзін герб і сцяг, а дзяржаўныя сімвалы — іншыя.

Мы ўжо зараз праводзім з ім шмат часу, я яму распавядаю пра Беларусь, называю шляхціцам, рыцарам, каб выхаваць у ім годнасць, з аднаго боку. А з другога — стараемся выхаваць сціпласць, каб ён не адчуваў сябе лепшым за астатніх.

Павялічыць выяву

Наталля Лубнеўская, фота Волі Афіцэравай

5
M113 / адказаць
18.07.2019 / 14:36
Рэлігійныя фанатыкі. Спадзяюся, дзіця падрасце, і пачне жыць сваёй галавой, а не як розныя Севяранцы і іншыя абмяжоўцваць ў правах і дыскрымінаваць.
3
Максим Дизайнер / адказаць
18.07.2019 / 18:54
M113 , Только советов им твоих не хватало. Сам живи своей головой, и не лезь к праведникам, повелитель падающих на голову кирпичей.
1
Andrej Kažemaks / адказаць
18.07.2019 / 23:56
Прыемныя людзі. У большасьці адказаў згодны зь іх думкамі.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30 31