Знайсці
10.07.2019 / 17:479РусŁacБел

У Беларусі з’явілася восем новых генералаў: хто яны?

Аляксандр Лукашэнка 10 ліпеня ўручыў генеральскія пагоны адразу васьмярым прадстаўнікам сілавога блоку. Магчыма, ужо найбліжэйшым часам хтосьці з іх пойдзе на павышэнне. 

Уладзіслаў Будзік: разбіраўся з дзедаўшчынай у Печах

Фота «Мінск-навіны».

Гвардыі палкоўнік Уладзіслаў Будзік атрымаў вядомасць пасля таго, як у кастрычніку 2017 года ўзначаліў 72-і гвардзейскі аб'яднаны навучальны цэнтр падрыхтоўкі Узброеных сілаў у Печах пад Барысавам. Адбылося гэта акурат пасля таго, як у межах вайсковай часці быў знойдзены павешаным шараговец Аляксандр Коржыч. Гэта справа атрымала вялікі розгалас у грамадстве і прыцягнула ўвагу да праблемы дзедаўшчыны ў нашых Узброеных сілах.

Да гэтага Будзік быў начальнікам упраўлення службы войскаў Узброеных сілаў. Фактычна Будзік замяніў офісную працу на палявую. Наваспечанаму генерал-маёру 50 гадоў.

Што зрабіў Будзік у Печах? Першым чынам ён правёў атэстацыю афіцэрскага і сяржанцкага складу, тыя, хто не прайшлі атэстацыю, былі адпраўленыя ў іншыя вайсковыя часці. У задачу Будзіка ставілася навядзенне дысцыпліны ў Печах. Цікава, што новы начальнік перанёс час пад’ёму салдатаў з 6:00 на 7:00.

Леанід Касінскі: ідэолаг войска

Фота mil.by.

47-гадовы Леанід Касінскі апошні год з’яўляецца памочнікам міністра абароны па ідэалогіі. Касінскі родам з Гродна, вучыўся ў Екацярынбургскім вышэйшым артылерыйскім вучылішчы (1992) і Вайсковай акадэміі (2006).

Адзначым, што Касінскі папрацаваў ідэолагам у той самай Печынскай вучэбцы. На працу ў Міністэрства абароны Касінскі трапіў у 2014 годзе. На сёння ў падначеленні Касінскага знаходзіцца галоўнае ўпраўленні ідэалагічнай работы Мінабароны, інфармацыйнае агенцтва «Ваяр», Драматычны тэатр Беларускай арміі, Цэнтральны дом афіцэраў, тэлекампанія «ВаенТБ» і шмат іншага.

Сам Касінскі ўвагу да сябе прыцягнуў выказваннем пра георгіеўскія стужкі. «Абсалютна слушна, што ў апошнія гады выкарыстанню георгіеўскай стужкі спрабуюць надаць некаторыя іншыя сэнсы. Але гэта спрабуюць зрабіць перадусім тыя, хто хоча сказіць гістарычную праўду і прынізіць значэнне Вялікай Перамогі, унесці расколіну між народамі, якія яе атрымалі. Упэўнены, што ў нашай краіне чорна-аранжавая стужка асацыіруецца не з чым іншым, як з гэтай вялікай падзеяй», — адказаў Касінскі на зварот журналіста Аляксандра Тамковіча.

Алег Мішчанка: галоўны сувязіст Мінабароны

Апошнія два гады Алег Мішчанка з’яўляецца начальнікам сувязі Узброеных сілаў. Мішчанку 50 гадоў, а родам ён з Чарнігаўскай вобласці Украіны (як і дзяржсакратар Рады бяспекі Станіслаў Зась). Вучыўся Мішчанка ў Кіеўскім вышэйшым вайскова-інжынерным вучылішчы (1990), Вайсковай акадэміі Беларусі (1999).

Быў камандзірам батальёна сувязі, камандзірам асобнага палка сувязі. У цэнтральным офісе Мінабароны Мішчанка ад 2014 года. Палкоўнік (а цяпер ужо генерал-маёр) Мішчанка шмат ездзіць па вайсковых частках краіны, каб правяраць дзейнасць сувязістаў.

Па словах Мішчанкі, сувязісты ў Беларусі — гэта «высокамабільны род спецыяльных войскаў, які здольны забяспечваць вышэйшаму вайскова-палітычнаму кіраўніцтву краіны кіраванне Узброенымі сіламі і іншымі вайсковымі фарміраваннямі».

Ігар Бурмістраў: наступнік Караева?

Першы намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі МУС Ігар Бурмістраў таксама стаў генерал-маёрам. Пасля таго як былы камандзір УВ Юрый Караеў стаў міністрам унутраных спраў, менавіта Бурмістраў выконвае абавязкі камандуючага. Мяркуецца, што якраз Бурмістраў у найбліжэйшай перспектыве ўзначаліць унутраныя войскі.

Пра Бурмістрава вядома нямнога. Ён вучыўся ў Арджэнікідзэўскім вышэйшым вайсковым камандным чырвоназнамённым вучылішчы імя Кірава МУС СССР. Пра вучобу ўспамінаў, што давалася няпроста, бо даводзілася прывыкаць і да вялікіх фізічных нагрузак, і да высакагор’я.

«Два гады мы выконвалі задачы ў «гарачых пунктах»: пачынаўся развал Саюза, масавыя беспарадкі — Сумгаіт, Ерэван, Тбілісі…» — згадваў Бурмістраў.

Ужо пасля развалу СССР Бурмістраў апынуўся ў Беларусі, служыў у Полацку, Гродне, Гомелі. Узначальваў вайсковую частку 5448 у Мінску. «Служба ва ўнутраных войсках — справа майго жыцця. Гэтай службай я ганаруся і даражу ёй», — адзначаў сілавік.

Сяргей Паско і Андрэй Ліс: кіраўнікі СК усходніх абласцей

Генерал-маёрамі юстыцыі сталі начальнікі ўпраўленняў Следчага камітэта па Гомельскай і Магілёўскай абласцях Сяргей Паско і Андрэй Ліс.

Сяргей Паско. Фота gp.by.

Сяргею Паско 44 гады, ён мінчук. Вучыўся ў недзяржаўным інстытуце правазнаўства. Ад 1996 — на розных пасадах у пракуратуры Завадскога раёна Мінска. Ад 2008 — у Генеральнай пракуратуры. У Следчым камітэце ад моманту ўтварэння структуры (2012 год). Быў намеснікам начальніка упраўлення СК па Мінску. У 2016 — пераведзены ў Гомель.

Што тычыцца Андрэя Ліса, то яму 43 гады. Ён паходзіць з вёскі Ліскава Клецкага раёна. У Следчы камітэт прыйшоў з органаў МУС, а не пракуратуры. Таксама, як і Паско, у СК з моманту стварэння.

Андрэй Ліс. Фота sb.by.

Андрэй Ліс быў намеснікам начальніка ўпраўлення СК па Мінскай вобласці. «За перыяд работы ў следчых органах Андрэй Іванавіч назапасіў значны вопыт і прафесійныя веды, якія ў поўнай меры рэалізуе ў сваёй службовай дзейнасці. Ён мае ўсе дадзеныя для таго, каб паспяхова арганізаваць працу ўпраўлення», — казаў пра Ліса старшыня СК Іван Наскевіч пры прызначэнні ў Магілёў у 2016 годзе.

Аляксандр Васільеў: памяняў закладнікаў на сябе

Фота sb.by.

У міліцыі таксама з’явіўся новы генерал-маёр, ім стаў 44-гадовы начальнік упраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Васільеў. Ён сам родам з Магілёва, там жа вучыўся на мясцовым факультэце Акадэміі МУС. Ад 1994 — опер у Кастрычніцкім раёне Магілёва.

Ад 2009 да 2014 узначальваў міліцыю ў Бабруйску. Ад 2014 — быў начальнікам крымінальнай міліцыі ў Магілёўскай вобласці. У Гомелі ад 2018 года.

Вядомасць і пашану Аляксандр Васільеў здабыў у 2017 годзе, калі ў Магілёве злачынца ўзяў у закладнікі 14 наведнікаў банка. Тады Васільеў прыняў рашэнне памяняць сябе на закладнікаў. У выніку злодзей выводзіў Васільева з банка з пісталетам ля скроні. «У той момант быў спакойны як удаў, усведамленне прыйшло ўжо потым», — казаў ён.

Сын Аляксандра Васільева вучыцца таксама ў Акадэміі МУС.

Анатоль Даўгалявец: пажарны з Салігорска

Фота lidanews.by.

Урэшце генерал-маёрам унутранай службы стаў намеснік міністра надзвычайных спраў Анатоль Даўгалявец. Яму таксама 45 гадоў, а родам з вёскі Заўшыцы Салігорскага раёна. Дзяцінства прайшло ў самім Салігорску, бо кватэру там атрымала мама, якая працавала сігналісткай на шахце.

Вучыўся ў Салігорскім горна-хімічным тэхнікуме на аддзяленні «Пажарная бяспека», пасля — у вышэйшым пажарна-тэхнічным вучылішчы МУС. Кажа, што пайсці ў пажарныя параіў дзядзька.

Папрацаваў у Салігорску, Клецку, Лідзе, Мінску, Гомелі. Быў намеснікам старшыні Салігорскага райвыканкама. Апошнія паўтара года з’яўляецца намеснікам міністра.

«Да гэтага часу з болем ўспамінаю першы выпадак. Адбыўся ён у вёсцы Клецкага раёна. Бацькі пакінулі чатырохгадовае дзіця аднаго, а ў доме здарыўся пажар. Пажарныя каравулы і я з участковым інспектарам прымчаліся на месца здарэння. Да гэтага часу сусед выцягнуў малога, які ўжо надыхаўся прадуктамі гарэння з палаючага дома. Я пачаў рабіць дзіцяці штучнае дыханне, падаспела хуткая, але выратаваць яго так і не атрымалася… А так, за час працы ўсякае бывала. Пажары, аварыі… У ліквідацыі іх прымаў і непасрэдны ўдзел», — успамінаў Анатоль Даўгалявец.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930